logo piligrymka





Беларускія пілігрымы вярнуліся з Рыма


Odnoklassniki VKontakte Facebook Twitter Mail.ru ← падзяліцеся ў сацыяльных сетках з сябрамі

Завяршылася чарговая пілігрымка беларускіх вернікаў да месца пахавання св. Язафата Кунцэвіча — Рым (Ватыкан). Малітоўнае падарожжа працягвалася з 10 па 18 жніўня 2009 г.

Арганізатар гэтай і іншых пілігрымак кс. Вячаслаў Барок, пробашч парафіі Святога Язафата Кунцэвіча ў Расонах (Полацкі дэканат), распачаў сваю сістэматычную дзейнасць у галіне рэлігійнага турызму ў мінулым годзе. За гэты час пілігрымы з розных куткоў Беларусі больш дзесяці разоў наведвалі святыя месцы ў Францыі, Чэхіі, Польшчы, Італіі, Аўстрыі, Германіі.

За дзевяць дзён падарожжа ў Рым пілігрымы праехалі праз чатыры еўрапейскія краіны. Першы прыпынак адбыўся ў польскім мястэчку Чэнстахова, якое славіцца цудоўным абразом Маці Божай Чэнстахоўскай. Штогод тысячы пілігрымаў з усяго свету збіраюцца тут 15 жніўня, ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Увечары ў марыйным санктуарыі арганізатары малітоўнага падарожжа кс. Вячаслаў Барок і кс. Юры Барок цэлебравалі для пілігрымаў святую Імшу на беларускай мове.

Пасля начнога пераезду пілігрымы апынуліся ў аўстрыйскай сталіцы Вене — горадзе славутых кампазітараў. Перш за ўсё Вена лічыцца радзімай В. Моцарта. Вобраз кампазітара, які з вялікай пашанай захоўваецца ў памяці гараджанаў, стаў турыстычным сімвалам аўстрыйскай сталіцы. Дзевяцігадзінная экскурсія па горадзе ўключала наведванне знакамітага сабора святога Стэфана, парламента, нацыянальнай бібліятэкі, гарадской ратушы і інш.

Сапраўднай кампенсацыяй за доўгі пераезд стала трохдзённае прабыванне ў Італіі — краіне сонца, віна і старажытнай культуры. Наведванне Ватыкана на самым світанні, калі горад яшчэ толькі прачынаўся, а плошча Святога Пятра адпачывала ад турыстаў, святая Імша ў базыліцы святога Пятра каля магілы мучаніка беларускай зямлі св. Язафата, які загінуў за ідэю паяднання Цэркваў, — сталі кульмінацыйнымі падзеямі падарожжа. Вечны горад сустрэў пілігрымаў жнівеньскай спёкай, якая, аднак, не сапсавала экскурсійнай праграмы. Пілігрымы ўбачылі сусветна вядомыя цуды архітэктуры: Пантэон, найпрыгажэйшы фантан горада дэ Трэві, Калізей, рымскі Капітолій, старажытны Рым (Forum Romanum).

Апошнім пунктам пілігрымкі стала рамантычная Венецыя з наведваннем сабора святога Марка і палаца Доджаў. Пілігрымы любаваліся прыгажосцю наваколля, стоячы на славутым мосце Рыальто, перакінутым праз Гранд Канал, па якім ужо з самага ранку віравалі шматлікія гандолы.

«Я вельмі ўзрушана шчырымі ўзаемаадносінамі ў групе, — кажа ўдзельніца пілігрымкі Святлана Васіленка, выкладчыца БДУ у Мінску. — Цешуся, што падчас нашага пажарожжа заўсёды гучала беларуская мова. Дзякую за гэта. Я ехала ўбачыць Ватыкан, каб у сценах базылікі сказаць нешта запаветнае. Я гэта зрабіла».

Многія з пілігрымаў выказалі жаданне здзейсніць падобнае падарожжа яшчэ раз.

Яна Шыдлоўская,  catholic.by

Напісаць каментар

Адправіць каментар


девять − восемь =

Апошнія артыкулы