logo piligrymka





Што шукае пілігрым?


Odnoklassniki VKontakte Facebook Twitter Mail.ru ← падзяліцеся ў сацыяльных сетках з сябрамі

Ведаеце, чалавек гэта пілігрым. Ён пілігрым свайго жыцця, кожнага дня, які пражывае. Што шукае пілігрым , тое шукае і чалавек.

Можа шукае праўду?

Чаму не? Пілігрым-падарожнік едзе у якое-небудзь месца, каб на ўласныя вочы пераканацца, што нешта існуе такім, якім намалёвана і як выглядае на фотоздымках. Падарожнік едзе да людзей, з якімі можа пагаварыць і даведацца аб рэчах, якія яго цікавяць – знайсці праўду. Пілігрым-чалавек у сваім штодзённым жыцці таксама шукае праўду, здараецца, што нават сам гэтага не заўважае. Шукае ці то у малых рэчах, ці ў вялікіх. Пераканана, што не раз чулі як Вас пыталі: “Сапраўды”?  Для сучаснага чалавека гэта нармальна: жаданне ведаў, пераканання, праўды. Нават Бенэдыкт XVI сказаў, што і любоў без праўды сляпая. Чалавек вучыцца кожны дзень і не толькі ў метафарычным сенсе, маю на ўвазе адукацыю ў вышэйшых установах і даследчых інстытутах; людзі па ўсім свеце прагнуць ведаць, ведаць усю праўду. Усё жыццё чалавека гэта пошукі той праўды. А каб шукаць – трэба ісці, а каб ісці – трэба быць падарожнікам; а падарожнік, хто ён… Ён пілігрым.

Можа шукае розум?

Здараецца, што прачынаешся раніцаю і не ведаеш ці правільна жывеш. У такі момант хочацца набыць розуму, але адкуль жа?  Можа мудрыя кнігі? Ды не, гаворыш сабе, што пісалі іх іншыя людзі, якія не ведаюць ні тваіх клапот, ні абавязкаў. І што ж застаецца: малітва і… дарога. Тады збіраеш рэчы, глядзіш на бліжэйшыя рэйсы і проста едзеш. Згодна, не заўсёды так можна зрабіць, сучаснасць і абавязкі не заўсёды дазволяць. Але ж калі з’яўляецца нагода ехаць не проста як вандроўніку, а як пілігрыму знаходзіцца час. Бо ведаеш… Праз некалькі дзён будзеш стаяць на каленях у святым месцы і маліць аб той розум, якога часам так не хапае. І з поўным сэрцам надзеі атрымаеш тое, аб чым з такой гарачай вераю просіш.

Можа шукае жыццё?

Якое жыццё? Тое, якое траціш па малой кроплі кожны дзень. Якое у імгенне вока раствараецца ў вечнасці. Тое, якое варта ўсяго і нічога… Якое часам бяздумна выпускаеш з далоняў. Тое жыццё, якое не вернецца назад, бо яно толькі ў адным экзэмпляры. І ўсё ж… Бывае так, што едзеш у пілігрымку, якая не з’яўляецца аж так вельмі важнай у тваім жыцці, і нешта здараецца. Нібы ламаецца і адбудоўваецца наноў дзесьці у глыбіні душы. І здаецца што ты новая асоба, далей усё будзе не так, як раней. І так будзе… Усё пачнецца адтуль, адкуль пачынаецца кожны новы этап жыцця.

Можа проста шукае прыгоды? 

Часам пілігрым жадае проста чагосьці іншага. Не, не гаварыце толькі, што гэта дрэнна. Мы нават не можам уявіць сабе які глыбокі філасофскі сэнс заключаецца у прыгодзе менавіта для пілігрыма. Гэта больш чым весела правесці час або “выйграць марафон” па колькасці фотаздымкаў каля вядомых палацаў і мясцін. Прыгода для пілігрыма гэта людзі, якіх ён спаткае на сваім шляху. Так, гэта тыя ж самыя мясціны і палацы ў якіх ён, пілігрым, будзе адчуваць дух мінулых стагоддзяў, і ў яго душы нешта паляціць, як вясенняе пташаня, у вышыню, да неба. Ці ж не варта гэта шукаць?

Можа шукае любоў?

Яна ўсім патрэбна. Яна варта таго, каб за ёю на крылах веры і надзеі ўзносіцца вышэй і вышэй. Гавораць, любоў гэта паветра. Так і ёсць. Ці то любоў да сястры або брата, ці да бацькоў, ці да каханай або каханага, ці да Бога. Без яе нельга. На працягу вякоў і стагоддзяў любоў давала сілы і мужнасць, пабуджала і натхняла. Проста падніміце свае вочы, ці не створана ўсё з нагоды любові? Безумоўна, так. Любоў бескаштоўная, яе нельга купіць, можна толькі шукаць і дзяліцца, калі ўжо знайшоў.  Здаецца гэта так проста, але так складана.

Не, пачакайце, ён проста шукае сябе. Пілігрым хоча знайсці сябе. А ў ім, у гэтым пілігрыме, праўда, розум, жыццё, прыгода і любоў. І калі аднойчы ўсё ж такі знойдзе сябе, ён перадасць сваю мудрасць дзецям, унукам, усім іншым пілігрымам, якіх спаткае на сваім шляху.

 

Буркас Божена.
Мінскі р-н.

Напісаць каментар

Адправіць каментар


пять × два =

Апошнія артыкулы