logo piligrymka





Што шукае пілігрым?


Odnoklassniki VKontakte Facebook Twitter Mail.ru ← падзяліцеся ў сацыяльных сетках з сябрамі

 -Дзе яна, мая Аліна, дзе? Не магу яе знайсці! Ну нідзе яе не відаць! Куды мая Алінка схавалася, куды?
Для трохгадовай дзяўчынкі гэта была ўлюбёная гульня – шукаць Аліну. Калі надакучвалі і лялькі, і мульцікі, яна сцягвала з ложка стракатую посцелку, спрытна накідвала яе сабе на галаву і так нібыта хавалася ад мамы. Праз паўпразрыстую тканіну хітрыя вачаняты сачылі за тым, як мама шукае Аліну па пакоі: зазірае ў шафу, пад стол, правярае паліцы, перабірае скрыню з цацкамі. Хвілінку пасапучы пад посцелкай, малеча нечакана скідвала яе, зіхацела ад захаплення і, заходзячыся ад смеху, бегла да маці ў абдымкі. “А вось і Аліна!”  – радавалася дзяўчынка. І было, сапраўды, так радасна, і так светла, і так шчыра…і так правільна, так, як павінна быць…У Аліны ёсць мама, яна побач з мамай, Аліна больш не хаваецца, яна знайшлася, бо мама яе шукала, яны патрэбныя адна адной. І гэта шчасце.
 
                                                                          ***     
                                     
-Ужо амаль на месцы! Амаль прыйшлі! Ну што, заспяваем!..
Яшчэ ўчора быў звычайны працоўны дзень. Яшчэ ўчора Аліна рвала на ўсе жылы на сваім звыклым працоўным месцы, займаючыся звыклым для сябе пошукам кліентаў. Увечары, калі ўжо галава кіпела ад усяго таго, што было нагаворана за дзень – нагаворана дзесьці з маной, дзесьці з ліслівасцю, дзесьці з агідай – зазваніў тэлефон. Якой жа нечаканасцю для Аліны было пачуць у слухаўцы голас старой знаёмай і яшчэ большай нечаканасцю  стала прапанова пайсці ў пілігрымку ў Тракелі.
Яшчэ ўчора быў звычайны працоўны дзень, а сёння дзень зусім не такі. Гэта дарага, якая, на дзіва, не стаміла. Гэтыя незнаёмыя людзі, якія, на дзіва, такія светлыя і вясёлыя, і нібыта знаёмыя. Песні пад гітару, крыж, транспаранты…У жыцці Аліны такая прыгода была ўпершыню. Напачатку яна адчувала сябе няёмка, нават крыху самотна. Ёй здавалася, што ўсе ведаюць, што каталічка яна непрактыкуючая, што ідзе тут разам з усімі, так бы мовіць, выпадкова. І яшчэ было няёмка ад таго, што не было спакою на душы, нібы яна чагосьці недарабіла ў горадзе, нібы трывожыць нейкая праблема, нібы нечага карціць невядомага…Дарога пешшу варушыла ў душы згадкі, падштурхоўвала да разважанняў…
Аліна не адмовілася ад гэтай прапановы, бо для яе характару пошук прыгод быў даволі ўласцівы. Асабліва раней, у гады студэнцтва, яна часта заахвочвала сяброў да розных імпрэзаў, вандровак. З узростам імпрэзаў стала меней…З узростам усё змянілася. На першым месцы аказаўся пошук працы, пошук сродкаў да існавання, пошук свайго месца ў жыцці. Не абыходзілая без зайздрасці, нават варожасці. Многія сябры зніклі кудысці, а шукаць новых не было ахвоты… 
Прыгадаліся і няўдалыя пошукі асабістага шчасця. Дзяўчыне здавалася, што яна даўно стала абыякавай да таго, што не знайшла другой палоўкі. Так склалася…складваецца пакуль. 
        Дзяўчыну агарнуў сум: ” Я ўсё жыццё ў пошуку.І заўсёды здаецца, што калі знайду гэтае нешта, то здаволюся, то буду шчаслівая…Я магу заўзята шукаць патрэбнага колеру спадніцу або акуляры моднай формы, а, знайшоўшы, расчаравацца: спадніца не такая, акуляры не пасуюць, не мой стыль, свайго не знайшла, значыць…Маё жыццё – гэта пошук, гэта кругазварот пошуку, гжта кругазман… Шукаю патрэбную рэч, патрэбную інфармацыю, патрэбнага чалавека…Шукаю кахання, шчасця, спакою, паратунку, дапамогі, доказаў, уваходу, выйсця…Шукаю сябе…Свой стыль, свой ідэал, сваё месца ў свеце, сэнс жыцця…Саму сябе, у рэшце рэшт… Часам і ветру ў полі…А галоўнае – адказу: чаму ж так ненедоўга здавольваюся, калі, здаецца, знайшла?! Чаму неспакойна?.. Чаму няёмка неяк?..”  
                                                                                                                                                                                                                                                   ***
 
         Паглыбленая ў свае думкі, Аліна не зважала стомы ад дарогі. Нейкі незнаёмец абудзіў яе сваім вясёлым голасам:
         – Мы на месцы!
         Малады чалавек працягнуў Аліне бутэльку з вадой і падзяліўся ўсмешкай. Толькі цяпер яна заўважыла, колькі людзей сышлося вакол. Некалькі тысяч! Знікала пачуццё няёмкасці і самоты. І колькі шчасця навокал!..Які, сапраўды, незвычайны дзень. У адрозненне ад іншых дзён, сёння, як здавалася, дзяўчына нічога не шукала, але яна яскрава адчувала, што знайшла менавіта тое, што трэба – і падняла вочы да неба. Вечарэла, навокал ўсё іскрылася мільёнамі, не мільярдамі агеньчыкаў. І было, сапраўды, так радасна, і так светла, і так шчыра…і так правільна, так, як павінна быць…І гэта шчасце!..
 
Бялькевіч Ала,
г Ліда

Напісаць каментар

Адправіць каментар


× два = восемнадцать

Апошнія артыкулы