logo piligrymka





Што шукае пілігрым?


Odnoklassniki VKontakte Facebook Twitter Mail.ru ← падзяліцеся ў сацыяльных сетках з сябрамі

Прызнаюся, я надта замаркоціўся па спакоі – хачу адасобку і салодкага   зацішша…

Прагну вырвацца са штодзённай гарадской мітусні з чэргамі і даўкамі,  аглушальнага шалу з трызненнем пра павышэнне заробкаў,  галашэннем па пенсіях і бубненнямі па новых цэнах.  Падобныя рэаліі дораць спусташэнне душы, зашкаліваюць розум і тады, варта прызнацца, мутнее свядомасць. Хочыцца забыцца і ўцячы ад надакучлівых   праблем, якія ўжо дасталі…

Жадаю  спазнаць сваю веру больш, абшырней, паспрабаваць зазірнуць туды, бліжэй да Бога, душой спахапіць тое, што аніяк нельга зрабіць у звыкла дакучлівым жыцці. Бо толькі ў веры бачу збаўленне, паратунак і суцяшэнне. Ад чаго? Ад бедаў, нядолі, крыўд і няшчасцяў. Няма сумніву, што мы, хрысціяне, павінны адчыніць дзверы Госпаду нашаму. Але мае дзверы ва мне – гэта мая душа, чым Усявышні надарыў мяне, пасылаючы на зямлю. І ў такіх падарожжах, збегшы ад надакучлівага тлуму, я шырэй расчыняю яе для Бога, бо ведаю, што Той здольны прынесці і падарыць праз расчыненыя дзверы толькі радасць, суцяшэнне і дабро. Благое прабіцца туды не ў сілах.

У пілігрымаўскіх вандроўках адчуваю  найбольшае паяднанне і паразуменне  з Усявышнім, цягу да веры, чаго больш не вышукаю нідзе і ніколі. Нават нядоўгія ранішнія гутаркі  ў аўтобусе  пра нашу веру, храсціянства і зачытка асобных  месцаў з Бібліі мяне нахняюць і суцяшаюць. Застаўляюць верыць і спадзявацца. На самае лепшае. Што ўсё-такі светлае дабро пераможа чорнае зло, а сапраўды чыстая праўда атрымае верх над хлуснёй, якая сёння стала філасофіяй нашага жыцця. Нам трэба адолець  зло і дапамагчы дабру атрымаць перамогу, але вечную, каб зло з хітрымі выкрутасамі зноўку не праскочыла праз нашы дзверы.

Чаго так нясцерпна чакаю я, чакаем усе мы…

Падобныя падарожжы застаўляюць часцей думаць – усе мы роўныя перад Богам і Ён нікога не адкідае на абочыну жыццёвага шляху, а нас любіць, шануе і паважае. Ці ж не можа ўміляць сэрца малюнак, калі на ранішняй імшы ў Храме Гасподнім бачыш амаль усю суполку сваіх добра знаёмых пілігрымаў, і з вялікай увагай слухаюць пранікнёныя словы святара  мама-мусульманка з невялікай дачушкай, і два іўдзеі з задуменнымі тварамі  і мудрона заплеценымі кароткімі коскамі  на плячах.

Не ведаю, хто яны, два задуменныя стрыманыя  юнакі з густымі чупрынамі на галовах, толькі перакананы, што гэта людзі творчыя  і разумныя, можа музыканты, а мо мастакі. Але іх зацікавілі шчырыя хрысціянскія пропаведзі і разважанні пра зямное  існаванне і чысціню душы,  яны вырашылі хоць трошкі спазнаць гэту веру, бо ўсё разумнае на зямлі душа кожнага прымае бездакорна. Калі гэтыя два іўдзеі, спачатку застыўшыя каля парога, пасля, паслухаўшы словы святара, шматзначна пераглядаюцца  паміж сабой і кіруюць у залу, каб прысесці і паслухаць далей, — ты разумееш – cловы пра дабро і  праўду  добра знаёмыя ўсім і   заўсёды збліжаюць.

Тут мы  роўныя сярод роўных, дзеці нашага Госпада, і таму гэта застаўляе паразуміцца аднаго з другім.

Тады я, хрысціянін, гляджу на іх і ўспамінаю тоўстую Тору, якую некалі сам штудзіраваў днямі, тыднямі і месяцамі, перапоўніўшы ейнымі    філасофскімі  выкладкамі  аж два тоўстыя агульныя сшыткі.

Паважайце і шануйце пілігрымаў, бо гэта пазнавальнікі і асветнікі!     Вось і я хачу спазнаць паболей свету, сваімі вачыма ўбачыць цуда-святыні рук чалавечых –  велічныя саборы, што дыхаюць гісторыяй, і яны заўсёды наталяюць мяне нейкім  узнёслым аптымізмам.   Я так жадаю, каб навечна ў памяці    пазаставаліся падуанская базіліка Святога Антонія з грабніцай, абвешанай тысячамі фоткаў, венскі сабор Святога Стэфана, які паражае рэдкай веліччу і непаўторам  сваіх скульптур. Пасля, па прыездзе,  можна кожнаму знаёмаму з захапленнем вяшчаць, што ездзіў па  Еўропе там, дзе пакояцца мошчы аж двух удумлівых складальнікаў  нашай Бібліі, Святога Марка і Святога Лукі, гэта значыць у Венецыі і той самай Падуі…І гэта не для таго, каб з пыхлівым выглядам  пахваліцца, мол, я там быў, а толькі  таму, каб вяшчаць  пра ўбачанае і данесці масам тое, чаго яны, на жаль, зусім не ведаюць.

Бывае, пілігрымаўская доля мяне часам засмуціць. Бо змучаюся, наезджуся і нацягаюся па доўгіх еўрапейскіх дарогах, калі пасля бяссоных начэй  тлумее позірк, а нудная ломка касцей  ад лежні ў аўтобусе  выдаецца карай Боскай, што ўжо не адпусціць. Але пасля даходзіш розумам – гэта такая мізэрная і часовая нязручнасць. Не варта дзьмуцца і крыўдліва тапырыць сваю ніжнюю лупу, калі ў паездцы давядзецца пахаваць мары пра штодзённы жыдзенькі булёнчык – можна   злёгку і перацярпець, не за тым ехаў. Божа мілы, думаецца, гэта такая жыццёвая дробязь! Вунь некалі ў спакусе патрапіць у Ерусалім стомленыя пілігрымы  пераадольвалі тысячы вёрст, і ў якіх умовах! Ішлі на Святую зямлю  з  адным лёгкім хатульком за плячыма, у якім ляжалі скарыначкі счарсцвелага пагрызенага хлеба і біклажка з вадой, але такога харчу ім хапала і яны не скуголілі. А кіравалі, між іншым, пешшу, пераадольваючы высокія горы, бяскрайнія мёртвыя стэпы і перасохшыя пустыні, ішлі ў пяцідзесяціградусную жару, і ніколі  не думалі пра свой зямны камфорт.    

У падобнай вандроўцы з Божай дапамогай стома  лёгка праходзіць, а наперадзе чакаюць новыя ўражанні  і незабыўныя відовішчы.

Нейкая доля  пілігрымаў,  вядома, імкнецца ў далёкія шляхі з надзеяй на збаўленне ад немачы і розных хваробаў, каб папрасіць за сябе і, напэўна, сваіх сваякоў.   Такія ўчынкі – жыццём апраўданыя, так было спокан вякоў, і тут нікуды не дзенешся. Мяне таксама, прызнаюся,  абступалі падобныя задумы, але яшчэ ў еўрапейскім падарожжы  я Збаўцу прасіў…О-о, каб вы зведалі, чаго я плакаўся! Але не, не маліце і не ўгаворвайце, не прыціскайце мяне  ў кут, усё роўна не скажу ні слова. Дабаўлю толькі, што падобнымі просьбамі я трывожыў Госпада яшчэ там, на далёкай Святой зямлі, каля Сцяны плача. Помню, тады мяне моцна заінтрыгаваў  малады барадаты ізраільцянін у шыракаполым капелюшы, абвешаны па грудзях  тоўстымі ланцугамі. Прымасціўшыся каля сваёй самаробнай перанасной трыбуны, той апантана маліўся Ўсявышняму і пры кожным рыўку рук у неба на ім бразгацелі цяжкія ланцугі-вяроўкі. “Артадаксальны беларус павінен знайсці месца толькі каля артадаксальнага іўдзея!” – раптам пранізала мяне нечаканая думка, і, вычакаўшы момант, злаўчыўся пад локцем у апантанага малебніка і спрытна шмыгнуў у вузенькую шчэлку паміж драўлянай трыбункай і Сцяной плача, засунуўшы сваю цыдулку з просьбай да Усявышняга  туды, паміж камянёў.

Таму я ўпэўнены – мае пілігрымаўскія спадзяванкі спраўдзяцца, а  настойлівыя  просьбы будуць пачутымі там, на нябёсах.

Вячаслаў ЛАПЦІК,

г. Мінск

                                                                        

 

Напісаць каментар

Адправіць каментар


девять − = четыре

Апошнія артыкулы