logo piligrymka





36-ая Еўрапейская сустрэча моладзі ў Страсбургу: як ідзе падрыхтоўка?


Odnoklassniki VKontakte Facebook Twitter Mail.ru ← падзяліцеся ў сацыяльных сетках з сябрамі

З 28 снежня 2013 года па 1 студзеня 2014 года ў Страсбургу ў Эльзасе (Францыя) і ў прыгранічным рэгіёне Артэнау ў Бадэніі (Германія) адбудзецца 36-ая Еўрапейская сустрэча моладзі. Па запрашэнні каталіцкіх дыяцэзій і пратэстанцкіх Цэркваў  з абодвух бакоў Рэйна яе падрыхтоўвае супольнасць з Тэзэ. Чакаецца, што прыбудуць дзясяткі тысяч маладых людзей, якія жадаюць  удзельнічаць  у наступным этапе сустрэчы, ініцыятарам якой стаў брат Ражэ напрыканцы 70-ых гадоў мінулага стагоддзя. Каталіцкае інфармацыйнае агенства (kai.pl) падрыхтавала пытанні да брата Марка — першага паляка, які з 1977 года з’яўляецца членам гэтай экуменічнай супольнасці. Увазе чытача прапаноўваецца частка гэтай размовы, якую праводзіў а. Станіслаў Тасемскі ОР:

 

Напрыканцы гэтага года еўрапейская моладзь спаткаецца ў Страсбургу. Як выглядае падрыхтоўка да гэтай падзеі?

— Падрыхтоўка да Еўрапейскай сустрэчы моладзі пачынаецца вельмі рана. У Страсбург ужо з сярэдзіны верасня прыбыла каманда маладых валанцёраў. Зразумела, там  ёсць браты, сёстры з Тэзэ, якія супрацоўнічаць з намі, у парафіях адбываюцца сустрэчы па абодва бакі Рэйна. Нас запрашаюць усе Цэрквы: каталіцкі Касцёл і пратэстанцкія. Гэта сустрэча не будзе мець гарадскі характар, бо Страсбург не такі вялікі. У падрыхтоўцы ўдзельнічае ўвесь рэгіён як з боку Францыі, так і з боку Германіі.

Страсбург з’яўляецца адной са сталіц еўрапейскіх інстытутаў. Ці мае гэта  значэнне для характару правядзення сустрэчы ў гэтым годзе?

— Гэта таксама месца, дзе блізка паміж сабою суіснуюць разнастайныя рэлігійныя супольнасці, што, безумоўна, будзе мець практычнае прымяненне ў пытаннях экуменічнасці.Да падрыхтоўкі сустрэчы далучыцца вельмі актыўная  габрэйская супольнасць. Таксама гэта той горад, дзе маюць свае сядзібы еўрапейскія арганізацыі, і мы б хацелі, каб маладыя людзі мелі магчымасць сустрэцца з людзьмі, якія там працуюць, яны б маглі падзяліцца сваімі пытаннямі, хваляваннямі, звязанымі з будаўніцтвам Еўропы, якая заўсёды імкнецца да аб’яднання. Гэтае будаўніцтва не пазбаўлена  цяжкасцей і неабходнасці пераадолення перашкод.

Падчас кожнай сустрэчы шмат часу прысвячаецца малітве,  як у парафіях, якія  прымаюць маладых, так і ў цэнтры горада-гаспадара. Але будуць таксама сустрэчы, так званыя, майстэрні, якія будуць дапамагаць расплюшчваць вочы на хрысціянскае жыццё на нашым кантыненце. Ці вядома, хто і пра што будзе гаварыць? Каго запрасілі браты?

— Сапраўды, і на гэты раз будзе захаваны традыцыйны рытм сустрэчы. З раніцы — малітва ў парафіях Страсбурга і яго ваколіцах, як ужо прыгадвалі, па абодва берагі ракі. Супольная сустрэча будзе адбывацца ў гандлёвых залах і ў дзвюх святынях: каталіцкай і пратэстанцкай. Усе маладыя людзі будуць мець магчымасць прынамсі адзін раз папрысутнічаць у кожнай святыні. Калі казаць пра пасляабедзенныя тэматычныя сустрэчы, то яны рыхтуюцца зараз, таму дакладна не магу паведаміць, якія праблемы будуць закранацца, але з упэўненасцю скажу, што будзе еўрапейская тэматыка. Будзе сустрэча ў Еўрапейскім парламенце, а таксама на штаб-кватэры  Еўрапейскага суда па правах чалавека. Адбудзецца сустрэча з равінам Страсбурга. Яшчэ не ведаю, ці атрымаецца арганізаваць сустрэчу з мусульманамі. Іншыя прапановы стараюцца выпрацаваць браты, якія знаходзяцца ў Страсбургу на дадзены час.

Пасля столькіх гадоў вопыту якое маюць значэнне еўрапейскія сустрэчы для супольнасці братоў з Тэзэ?

— Для нас гэта падзея, якую мы перажываем кожны год. Мы прысвячаем ёй шмат энэргіі. Частка з нас амаль на паўгода з’язджае з Тэзэ, каб падрыхтаваць сустрэчу. Для нас гэта нагода, каб маладыя людзі мелі магчымасць адкрыць прыгажосць Касцёла, той супольнасці хрысціянаў, якая ў паўсядзённым жыцці павінна быць сведкам Хрыста і Яго Евангелля. Мы ніколі не хацелі прывязваць маладых людзей да сябе. Мы прымаем маладых на тыдзень малітвы, каб падзяліцца думкамі на тэму веры, адкрываць паўсюднасць Касцёла, але не затрымліваем іх у сябе. Мы не хочам іх прывязваць да сябе. Заахвочваем, настойваем на тым, каб яны вярталіся да сваіх мясцовых Касцёлаў. Для нас гэта вельмі канкрэтны спосаб, каб якім-небудзь чынам дапамагаць маладым людзям вяртацца да мясцовых парафій, да сваіх супольнасцяў. Безумоўна, мы таксама маем вельмі важны досвед, бо, дзякуючы  сустрэчам, кожны год маем кантакт з рэчаіснасцю Касцёла. У мінулым годзе быў вельмі прыгожы вопыт сустрэчы з Каталіцкім Касцёлам, на самым пачатку якой была малітва са Святым Айцом, гэта надало асаблівы характар, каларыт усёй сустрэчы. У гэтым годзе Страсбург — зусім іншая сітуацыя, іншы досвед. Таму для нас гэта з’яўляецца няспынным заклікам да адкрытасці, да пазнавання, да адкрыцця багацця Касцёла ў Еўропе.

(AYU)

Напісаць каментар

Адправіць каментар


три − = два

Апошнія артыкулы