logo piligrymka





Мае адказы часопісу “Наша Вера”. Пытанні Ірыны Жарнасек.


Odnoklassniki VKontakte Facebook Twitter Mail.ru ← падзяліцеся ў сацыяльных сетках з сябрамі

І.

–Пачнем з таго, ксёндз Юры, што ідэя гэтай размовы з’явілася ў мяне пасля аднаго Вашага казання ў нашай парафіі, у якім Вы гаварылі пра падмурак хрысціянскай веры. Мне тыя думкі, як кажуць, ляглі на сэрца, і вось мы ўжо з Вамі гутарым для чытачоў «Нашай веры» пра тое ж самае – пра падмурак хрысціянскай веры.

Зразумела, што калі будаўнік не зробіць напачатку моцнага, надзейнага падмурка, то дом, які ён будуе, раней ці пазней можа рухнуць. І прычынай гэтай бяды будуць не прыродныя катаклізмы ці напад нейкага ворага, але галоўная прычына будзе ў тым, што сам ён, бедачына, не парупіўся ў свой час надзейна зладзіць падмурак таго дому. Чалавек, які ступіў на шлях веры і пачаў рабіць упэўненыя альбо не вельмі крокі на гэтым шляху, вядома, не хацеў бы апынуцца ў ролі такога нягеглага будаўніка. Дык якім жа павінен быць падмурак веры, каб «наш дом» устояў?


Падмуркам нашай веры мусяць быць нашы ўласныя пошукі праўды, свабоды, Бога. Ёсць рацыя ў тым, што на пэўным этапе жыцця нам прывіваюць гэтыя жаданні пошукаў, але пазней яны павінны стацца нашымі. Яны павінны ўжыцца ў нас. Гэтыя жаданні пошукаў не могуць застацца воляй бацькаў, парадамі настаўнікаў ці сяброў, заклікам асяроддзя. Яны павінны стацца нашымі. Гэта па-першае.

Па-другое. Звяртаю ўвагу, што, прынамсі для мяне, падмуркам веры ёсць пошук, ёсць само пытанне, якое мучае нас, штурхае наперад і не дазваляе супакоіцца. Трэба мець пытанні і не спяшацца замяніць іх на адказы. Пытанні нараджаюцца ў нас самім жыццём, сусветам. Бог праз нашыя пытанні спрабуе навязаць дыялог з намі. Таму пытанні, што паўстаюць у нас ёсць такімі цікавымі, складанымі, глыбокамі. У сваю чаргу было б вялікай памылкай добрае і глыбокае пытанне замяніць на кепскі і павярхоўны адказ. Лепш жыць з добрым пытаннем чым  з кепскім адказам. Нажаль, людзі баяцца жыць з пытаннямі, бо часта гэта прыймаецца за слабасць і недасканаласць, за няздольнасць будаваць сваё жыццё. Таму так часта мы здраджваем свайму пытанню і хапаемся за адказ. Аднак, Хрыстос нам кажа, што той хто шукае абявязкова знаходзіць. На ўсё свой час. Трэба мець цярпенне. На пэўныя нашы пытанні мы знойдзем адказ толькі стоячы перад Госпадам твар у твар. Ён убачыць той цэлы мех пытанняў з якім мы прыйдзем да Яго. Часам нават мудрыя і мілыя людзі, якіх мы ведаем, размаітыя інстытуцыі з касцёлам узятыя не ўстане заспакоіць нашыя аспірацыі тут на зямлі. Хто шукае аднак па-сапраўднаму і не спяшаецца абмяняць пытанні на павярхоўныя чалавечыя адказы, той знаходзіць валадарства нябеснае. Гэта падаецца не так і мала. Карацей падмуркам веры мусіць быць адчыненае пытанне. Чалавек – пытанне. Адказ – Бог. Гэта формула веры, якая не перамінае.

 

З мехам пытанняў – у вечнасць, да Пана Бога? Нас у дзяцінстве вучылі сапраўды трохі інакш: што мы павінны прыйсці да Яго, самае найменшае, з мехам добрых учынкаў. Але, думаю, Ваш мех не пярэчыць таму, другому. Колькі ж іх у нас тады будзе? Ці толькі два? Хапіла б рук…

А ў сувязі з тым, што Вы кажаце, прыгадаліся словы моладзевай песенькі:

Прачытай у маім сэрцы, Пане,

На ўсе пытанні дай мне адказ, мой Бог,

Бо з усіх дарог Твая адна – мая…

Ды ў жыцці сапраўды неяк не выходзіць атрымаць на ўсе пытанні адказ. І калі ведаеш, што яшчэ да таго. як тваё пытанне з’явіцца на тваіх вуснах, у Яго ўжо ёсць адказ, але Ён не спяшаецца яго табе даць, то, прызнацца, робіцца вусцішна, адразу неяк адчуеш сваю мізэрнасць, слабасць, прамінальнасць. І настрой тады, як у псальміста: «…(дні нашы) хутка мінаюць, мы ж адлятаем». Адлятаем, так і не атрымаўшы адказаў.

Як, ксёндз Юры, не надламацца, не загубіцца, як вытрываць на шляху веры з гэтымі пытаннямі без адказаў?

 

Можам быць надламанамі, нажаль. Толькі памятаем, што Бог надламанай трысціны не пераломе, і тлеючы кнот не загасіць. Бог скрушаным і надламаным сэрцам не пагарджае, а прагнучым і шукаючым праўды прыналежыць Валадарства Божае. Слова Божае нас так часта суцяшае і падбадзёрывае ў гэтым плане. Калі ж мы знаходзімся на шляху пошукаў, то не думаю што згубім веру. Губляем хутчэй нашыя ранейшыя ўяўленні пэўных рэчаў, залатыя рамкі, у якія месцілі Бога і тым самым Яго абмяжоўвалі да межаў нашай міласэрнасці, дабрыні і мудрасці. Бог – гэта заўсёды глыбей, шырэй, багацей. Ці не Хрыстос, волат веры, кажа, што дастаткова мець веру з гарчычнае зерне. Вера можа быць маленькай, але хай гэта вера будзе ў вялікага Бога. Сапраўдныя праблемы паўстаюць тады, калі людзі маюць вялікую веру ў маленькага Бога. Тады нараджаюцца чалавечыя суды, бо чалавеку падаецца, што ён цудоўна разумее дзе ёсць праўда. Яшчэ цар Давід казаў, што лепш аднак патрапіць пад суд Божый чым людскі. Мудры быў цар Давід.

 

–Магчыма, гэтае пытанне здасца Вам парадаксальным і ўсё ж… Даводзілася Вам сустракаць у сваёй святарскай практыцы хрысціянаў, якія не будуюць сваё жыццё на Хрысце?

 

–Мы ўсе часам выступаем у ролі такіх хрысціянаў. Не тыя, хто кажа Госпадзе, Госпадзе уваходзяць у новае жыццё, але тыя, хто выконваюць волю Айца. Дух Хрыста жыве ў тым чалавеку, хто чыніць дабро, хто любіць, хто ненавідзіць зло. Усё вельмі проста. Я памятаю, як некалькі год таму разам з маім братам і яшчэ адным сябрам, які сёння служыць святаром у Гішпаніі, мы выправіліся ў пілігрымку да Вострай Брамы што ў Вільні. Мы вырушылі з Мёраў і пад вечар недалёка ад Шаркаўшчыны шукалі начлег. Мы былі стомленыя, галодныя, вымакшыя на дажджы. Звярнуўшыся да гаспадароў у некалькі хатах з просьбай пра начлег, мы атрымалі адмоўны адказ. Тыя, хто адмовілі нам былі каталікі і праваслаўныя. Зрэшты, не мусілі нас прынімаць і мы не мелі крыўды. Нас прыняла і накарміла сціплая жанчына, якая мела двох дзяцей, мужа, лічыла сябе баптысткай і чытала часопіс сведкаў іеговы. У яе было шмат пытанняў да нас наконт веры, жыцця, Бога. Прайшло ўжо больш за дзесяць гадоў з моманту таго спаткання і размовы, таго добрага ўчынка, які яна зрабіла нам, незнаёмым людзям і я не магу забыцца пра гэтага чалавека. Хіба яна не ёсць хрысціянкай? Хіба яна не вучыцца будаваць жыццё на Хрысце? Няхай не спяшаецца адказаць на гэтыя пытанні той чалавек, які хоча сказаць – так, але… Пэўныя пытанні хай застануцца лепш толькі пытаннямі.

 

–І ўсё ж, ксёндз Юры, я рызыкну. Хіба можна аўтаматычна ставіць знак роўнасці паміж добрым чалавекам і хрысціянінам?

– Мне падаецца, што шмат каму з нас уласціва перакананне ў валоданні праўдаў. Нам падабаецца валодаць, мець. Любім, калі нам прыналежыць. Больш слушным аднак будзе такі падыход, калі пытанне загучыць – не наколькі мы валодаем праўдай а наколькі праўда валодае намі, Бог валодае намі, Хрыстос валадарыць у нас і мы прыналежым Яму. Такі падыход навучыць нас разважлівасці, пакоры і большай любові ды цярпімасці да людзей, якія моцна адрозніваюцца ад нас. Межы Божага валадарства і дзе яны цягнуцца, ведае хіба толькі Хрыстос. У адзіным ёсць пэўнасць – там дзе няма любові да іншага, няма і Хрыста, няма хрысціянства. “Бог – гэта любоў” – словы апостала Яна, чалавека, які ўбачыў на свае ўласныя вочы і дасведчыў Божую любоў у Хрысце.

 

–Евангелле – найважнейшы падручнік для хрысціяніна. І зноў жа, хіба што, пра тое ж самае: ці ведаем мы, сучасныя хрысціяне, католікі, Святое Пісанне? Неяк давялося пачуць кпіны па адрасе адной верніцы, якая ўвесь час носіць з сабою Евангелле. Часам можна ўбачыць, як яна чытае Яго ў аўтобусе, на праходцы ў парку, на пілігрымскім шляху ў Будслаў альбо, адпачываючы на возеры. Аднойчы пасля набажэнства ў касцёле, калі ўсе ўжо выходзілі з яго, мая знаёмая адгарнула Евангелле і зазірнула туды. Здавалася б, нармальная рэч: чалавек шукае адказ на нейкае сваё пытанне, якое, магчыма, узнікла ў часе слухання Божага слова, ці то з казання святара, ці з нейкай малітвы на Літургіі. Ды мае думкі перапыніла саркастычнае з натоўпу, што выходзіў з дзвярэй святыні: «А гэтая ўсё ніяк не начытаецца!» Ну і далей можна сабе ўявіць, ды не абавязкова тут пераказваць.

Ці чытаюць, ксёндз Юры, сучасныя католікі Евангелле?

 

–Калі працаваў у Зімбабвэ, калі з праграмай быў у Індыі, я заўважаў, што тамтэйшыя каталікі, ідучы да касцёла, неслі з сабой Біблію. Яны чытаюць яе, вывучаюць яе. Для іх насамрэч Біблія выступае ў ролі падручніка жыцця. Інакш справа выглядае ў Эўропе. Хаця на сённяшні момант у Эўропе ў каталіцкім касцёле ёсць вельмі шмат біблійных малітоўных груп, якія збіраюцца разам, чытаюць Біблію і моляцца яе словамі. Вельмі добрыя ўражанні ў мяне склаліся ад Бэлфаста, што ў Паўночнай Ірландыі, дзе сам наведваў такія біблійныя колы і браў удзел у малітвах. На вялікі жаль, у Беларусі католікі яшчэ мала чытаюць Біблію. Асабліва гэта назіраецца на Гарадзеншчыне, дзе вера ў каталіцкім касцёле часам мае такі фальклёрны характар. Тобок, вера перакрыжавалася з лакальнай местачковай фальклёрнай рэлігійнасцю. Такога не назіраецца ў цэнтральнай і ўсходняй частцы Беларусі. Мажліва ў сілу таго, што вельмі часта эвангелізацыя чалавека адбываецца з нуля. Таму святар не баіцца эвангелізаваць, выкарыстоўваючы Біблію. Нельга забывацца, што Божае Слова – гэта фундамент веры. Вера ад слухання Слова Божага. Так кажа апостал Павал сваім братам па веры. Таму калі нехта прыходзе да мяне на размову, альбо да сповядзі, то часта раю пачытаць канкрэтны ўрывак з Бібліі. Вызначаю яго ў залежнасці з якой праблемай чалавек звяртаецца.

Я не зуім разумею біблійны фундаменталізм нашых братоў з пратэстанцкіх цэркваў, дзе ёсць жаданне абмежаваць Бога выключна да Ягонага слова ў Бібліі. Бог большы за сваё слова ў Бібліі. І з другога боку нельга прыймаць няведанне Бібліі, якое часта назіраецца ў нашым каталіцкім касцёле. Бог жыве ў сваім слове, бласлаўляе, пацяшае, аздараўляе.

 

–Што Вы маеце на ўвазе, калі кажаце пра фальклорнасць? Я, дарэчы, звярнула ўвагу на гэта ў часе таго самага Вашага казання, якое давялося слухаць у Наваполацку. Значыць, усё ж ёсць гэтыя праявы фальклору ў веры і на ўсходзе Беларусі?

– Фальклёрнасць у хрысціянстве – гэта простая прывязанасць да вонкавасці формаў выяўлення веры без самой веры, без глыбіні веры, гэта абраднасць. Да гэтай фальклёрнасці можна далучыць і звычайнае захапленне эстэтыкай хрысціянства, яе мастацка-выяўленчым момантам. Нельга сказаць, што гэта катэгарычна кепска. Праблема пачынаецца тады, калі ёсць жаданне замяніць сапраўдную веру ў Хрыста, пошукі Божай праўды і свабоды тут і цяпер на вонкавую абрадную прывязанасць, на эстэтыку і на захапленне выключна мастацка-выяўленчым праяўленнем хрысціянства. Калі гэта адбываецца, то хрысціянства губляе сваю моц. Яно робіцца музейным. Ад яго тхне нафталінам. Хрысціянства, аднак мусіць прэтэндаваць на тое каб змяняць свет, гісторыю, вызначаць адносіны ў грамдстве, уплываць на размеркаванне дазеных і здабытых дабротаў, рабіць асяроддзе больш чалавечным, справядлівым.  Хрысціянства не кансервуе праявы жыцця, а правакуе ісці туды, дзе мы яшчэ не былі, прыймаць рашэнні, якія не былі прынятыя нашымі продкамі па прычыне маладушнасці і страху. Наша вера, наша хрысціянства заклікае да росту, да развіцця. Наша задача заключаецца дацягнуцца да той меры, якая выявілася ў васкролым Хрысце, які падняўся і стаў ва ўвесь рост. Таму мы мусім стаць ва ўвесь рост, выпрастацца, бо толькі так Бог можа ўбачыць нашу велічыну.

 

–З чытаннем зразумела. І, як вынік сказанага, а як у жыцці? Ці жывем мы, католікі Беларусі ХХІ стагоддзя, так, як тое наказаў нам Хрыстос? Зразумела, што мы, людзі, звычайныя, грэшныя, зусім не анёлы – блытаемся на сваіх жыццёвых сцежках, губляем накірунак, падаем. Але хоць бы ці імкнемся жыць, як наказвае Хрыстос, пра што кажа ў нядзельным казанні святар, як абяцалі тое, напрыклад,  мы самі на апошняй споведзі? Ці шукаем выйсця на пераблытаных сцежках, ці спяшаемся падымацца пасля падзенняў? Словам, ці адрозніваецца штодзённае жыццё верніка католіка ад чалавека, які не знаёмы з Хрыстом?

 

–Чалавек увесь час імкнецца спадабацца асяроддзю дзе жыве і працуе, другому чалавеку, самому сабе. Важна аднак умець спадабацца Богу. Ведаеце, у Барселане засталася цудоўна архітэктурная спадчына Антоніё Гаўдзі з якой мне пашчасціла пазнаёміцца бліжэй. Шматлікія пілігрымы і турысты прыязджаюць у гэты горад каб на ўласныя вочы пабачыць тую прыгажосць, якую ўзводзіў архітэктар 20 ст. Парк Гуэль, Каза Міла, Бальё…

Сябры Гаўдзі часта пыталіся Антоніё чаму ён так шмат прыкладае высілкаў і аддае шмат свайго часу на праектаванне дахаў у сваіх палацах, бо людзі гэтага ўсё адно не бачаць. Антоніё, будучы веруючым чалавекам, адказваў, што для яго важным ёсць тое, што гэта бачыць з нябёсаў Бог. Чалавек імкнуўся спадабацца Богу. Гэта падаецца мне вельмі важным. Ёсць сэнс спрабаваць жыць менавіта так.  Ці так мы жывем тут на Беларусі? Я ведаю такіх людзей і гэтае натхняе.

Адносна памылак і падзенняў, то ўсе мы памыляемся і падаем. Інакш хіба не бывае. Чытаючы, вучымся чытаць. Пішачы, вучымся пісаць. Кіруючы машынай, вучымся ёй кіраваць. Любячы нашых родных і сяброў, вучымся любіць. Жывучы, вучымся жыць. Я не ведаю іншых шляхоў, як можна навучыцца жыць. Гэта проста становішча чалавека і яно падаецца мне вельмі інтрыгуючым, цікавым. Увесь час адкрываецца перад намі нешта новае, робім тое, чаго не ўмелі рабіць раней. Без памылак тут не абыйсціся, але ў лесе выпрабаванняў нельга згубіць мэту, накірунак, куды імкнуся. Ёсць італійская прымаўка, якую часта чуў з вуснаў прапаведнікаў, працуючы ў Італіі. Сутнасць яе ў тым, што кожны заўважае ў лесе дрэва паваленае ці надламанае пад ціскам ветру, буры, але амаль ніхто не заўважае як гэты лес расце. Нешта падобнае адбываецца і ў нашым жыцці.

Усе бачаць і кажуць пра нашыя няўдачы, памылкі, падзенні з прычыны розных акалічнасцяў. У той жа час зусім нешматлікія звяртаюць увагу на нашы намаганні гадаваць дзяцей, на нашу стомленасць ад працы, на нашу любоў да сваякоў і сяброў, на ўсе нашы маленькія крокі і высілкі ў штодзённым жыцці, здзяйсняючы якія мы жывем і ідзем наперад, спадзеючыся на лепшае.

Жыццё – гэта не зусім тое, што бачаць іншыя, але, перш за ўсё гэта тое, што мы самі жывем, адчуваем, думаем і верым.

Дык вось я перакананы, што Бог бачыць як расце лес, як расцем мы.

Бог верыць у кожнага з нас, у высілак кожнага з нас. Кожны наш высілак, самае непрыкметны і схаваны, але зроблены з любоўю мае сэнс і працяг.

 

–Хрыстос сказаў сваім вучням: «Вы святло свету… вы соль зямлі…» Ці з’яўляецца сучасны хрысціянін гэтым святлом і соллю?

– Лічу, што мы хрысціяне дастаткова неахвотна рэалізуем той патэнцыял, які схаваны ў нас. Такога меркавання трымаюся, сыходзячы з аналізу сітуацыі ў Беларусі. Нас хрысціян у Беларусі значна больш чым той рэзананс, які паўстае ад нашай дзейнасці ў грамадстве. Праблема, хіба, у тым, што яшчэ няма моцнага ўсведамлення гарызантальнага вымярэння веры. Мы акцэнтуем увагу на асабістым вертыкальным перажыванні веры. Я, Бог і мая малітва. Аднак калі вера не трансфармуецца ва ўчынак, то яна робіцца пустой, мёртвай. Няма веры без учынкаў. Слова Божае гэта кажа вельмі выразна і катэгарычна. Таму наша вера і хрысціянства ёсць крыху кульгавым. Чаму так адбываецца? Шмат у чым гэта наступствы камуністычнай ідэалогіі, якую мы перажылі, якая імкнулася знішчыць веру і цалкам зліквідаваць бачныя формы ўплыву веры людзей на жыццё ў грамадстве. Таму, натуральна, захаваць веру, так бы мовіць, у сэрцы, на ўзроўні таямнічасці лічылася ўжо добрым пунктам. Цяпер жа гэты спосаб верыць, які нам прывіўся, стаўся часам выгодны дзеля прыхавання нашай абыякавасці, альбо сухасці. Жаданне замяніць добры ўчынак на веру ў сэрцы – гэта памылка. Адно другое дапаўняе і дасканаліць. Зрэшты, такая вера ёсць выгоднай і для тых сіл у грамадстве, якія зацікаўленыя ў захаванні сённяшнага стану рэчаў, бо яны разумеюць, што сапраўдная жывая вера можа памяняць многае. Мяне моцна здзіўляе, калі пад уплыў такога тыпу веры, які дарэчы моцна культывуецца, трапляюць, як яны самі сябя называюць, шчырыя каталікі. Нават на заклік маліцца за людзей, якія апынуліся абвінавачванымі ў розных злачынствах і змешчанымі ў вязніцы, яны даводзяць, што за іх маліцца не трэба, бо яны не хадзілі да касцёла і не падзяляюць афіцыйнага навучання касцёла ў розных сфэрах, а таму не трэба падстаўляцца. Хрыстос жа заклікае нас маліцца нават за нашых ворагаў, не кажучы ўжо пра тых, хто думае і бачыць свет інакш. Праявіць міласэрнасць, дапамагчы чалавеку ў патрэбе, падтрымаць у цяжкой сітуацыі ў незалежнасці ад таго ці падзяляем мы ягоныя перакананні – гэта і абазначае быць святлом свету і надаваць смак жыццю.

“…Хто ня любіць брата свайго, якога бачыць, як можа любіць Бога, якога ня бачыць?” 1Ян 20. Вера мусіць быць скіраванай не толькі ўгару, але і на брата, які церпіць на адлегласці выцягнутай рукі.

 

–Не магу не задаць пытання, улічваючы, як шмат давялося Вам паслужыць у іншых краінах. Дзе Вы атрымлівалі найбольш святарскай радасці ад свайго служэння?  І чаму?

– Я ганаруся, што меў мажлівасць прапаведваць Божае слова ў Індыі, Зімбабвэ, Ізраілі, Чэхіі, Італіі, Бельгіі, Ірландыі, Нямеччыне і інышых краінах. Я заваўважыў, як прапаведваючы Божае валадарства, я сам вельмі моцна ўзбагаціўся ад спатканняў з гэтымі народамі, іх культурай, гісторыяй, светаўспрыняццем. Выдзяліць нейкую асобную краіну ў гэтым кантэксце вельмі складана. У кожным народзе і культуры адкрываў для сябе тое, што нельга так яскрава ўбачыць у іншым. Напэўна ёсць сэнс спыніцца на Зімбабвэ, краіне, дзе мне давялося працаваць на працягу года. Менавіта там я вынайшоў для сябе нешта вельмі важнае, пра што мы павольна забываемся з прычыны нашага хуткаснага жыцця. Гаварока ідзе пра фундаментальны момант іх культуры – панятак “убунту”.

На мове nDbele (адгалінаванне zulu), мова на якой размаўляе частка насельніцтва, ёсць такі выраз як “umuntu ng umuntu nabantu”. Перакласці убунту  на нашу мову,  не ёсць справай лёгкай. Лягчэй бачыць і дасвядчаць убунту,  чым знайсці адпаведныя словы для яго тлумачэння. Umuntu ng umuntu nabantu – гэта і ёсць убунту, чалавецтва. Імкнучыся зразумець літаральны сэнс гэтага выразу з мовы зулу, то атрымліваецца прыкладна так, што я ёсць тым кім ёсць, дзякуючы таму, чым мы ёсць разам. Другімі словамі кажучы, што я чалавек з тае прычыны, што мы людзі, што мы народ. Я стаюся чалавекам праз другога і дзякуючы другому чалавеку. Атрымліваецца такі камунітарны пэрсаналізм. Нашыя міжасабовыя сувязі, яны вызначаюць і акрэсліваюць нас. Убунту, як зыходная кропка, вядзе нас не да адзіноцтва і саліпсізма, да адарванасці ад супольнасці, сям’і, крэўных і знаёмых, але да нашай прыналежнасці, нашай залежнасці ад іх, нашай рэалізацыі ў іх. Убунту – адвечная, непадлягаючая крытычнаму пераасэнсаванню, вера ва ўзаемапрыналежнасць і ўзаемаакрэсленне.

Убунту выступае як першасны крытэр у пабудове адносінаў і заарганізавання жыцця, як ідэя, каторая надае форму сацыяльнаяму жыццю. Сямейная салідарнасць, адсутнасць культу канкурэнцыі, спадзяванне на дапамогу – гэта вытворныя “убунту”.

У супрацьвагу Дэкартаўскаму “cogito ergo sum”, якое апелюе да індывідуальнага мыслення (сведамасці самога сябе) як пачатку чалавечае экзыстэнцыі, самога чалавека, да чаго мы так прывязваліся ў пабудове філасоўскай думкі ў Эўропе, убунту гэта адказ на крызу аўтэтычнай камунікацыі, адкрытага дыялогу нашага грамадства. Чалавек не тлумачыцца ў сваім “cogito”. Чалавек тлумачыцца ў сваім “sum” (essere), “быць” – быць разам.

Калі адкрываеш такія рэчы, то разумеш, як Бог крупінкі свай мудрасці раскідаў па ўсім свеце. І так прыемна іх збіраць у розных культурах і расці, і ўзбагачаць іншых.

Напісаць каментар

Адправіць каментар


один × четыре =

Апошнія артыкулы