logo piligrymka





Знайшлася карціна славутага мастака Яна Дамеля – абраз Святога Язэпа з Дзіцяткам Іісусам (1811 г).


Odnoklassniki VKontakte Facebook Twitter Mail.ru ← падзяліцеся ў сацыяльных сетках з сябрамі

Карціна належыць пэндзлю вялікага беларуска-польска-літоўскага мастака Яна Дамеля, а знайшоў яе вернік гомельскага касцёла.

У рэстаўрацыйнай майстэрні Гомельскага палацава-паркавага ансамбля вядзецца рэстаўрацыя карціны памерамі два на тры метры беларуска-польска-літоўскага мастака пачатку ХІХ стагоддзя, прадстаўніка класіцызму, прафесара жывапісу Яна Кшыштафа Дамеля. Унікальную абраз Святога Язэпа з Дзіцяткам Іісусам сюды даставіў вернік гомельскай рыма-каталіцкай царквы Анатоль Шчучко з вёскі Вішнева Смаргонскага раёна. Вернік родам з гэтай вёскі, у мясцовым касцёле ён знайшоў карціну і вырашыў арганізаваць яе рэстаўрацыю.

- Яна стаяла ў далёкім куце, цалкам пацямнелая, ніхто ўжо не ведаў, адкуль яна тут узялася. Але, вывучаючы архіўныя дакументы, я даведаўся гісторыю іконы, – распавядае gomel.catholic.by вернік Анатоль Шчучко. – Аказалася, што ў касцёле ў пачатку 19 стагоддзя было два абразы: Святога Тадэвуша і Святога Язэпа з Дзіцяткам Іісусам. Ян Дамель напісаў іх пад замову ў Вільні ў 1811 годзе. Пасля паўстання Кастуся Каліноўскага храм аддалі праваслаўным. А каталікі пабудавалі побач драўляны касцёл. Туды аддалі абраз Святога Тадэвуша. Але ў Першую сусветную вайну ён загінуў разам з храмам. Святы Язэп у гэты час быў недзе ў будынку ранейшага касцёла. Ужо пры польскай уладзе храм вярнулі каталікам і абраз Святога Язэпа з Дзіцяткам Ісусам павесілі над алтаром. Але з часам карціна стала цямнець, старэць, яе знялі, і многія гады яна проста пылілася. Падумаўшы, чаму не я, узяўся арганізаваць рэстаўрацыю абраза. І тут, пры дапамозе розных цудоўных выпадкаў, мне дапамагаў Бог. Бо, як вядома, выпадак – гэта Ягоны псеўданім. Да прыкладу, машыну для перавозкі карціны ў Гомель я знайшоў, але яшчэ для транспарціроўкі яе абавязкова трэба было запакаваць у пузырчатую паперу. Аб’ездзіў усе крамы – нідзе такой няма! Адна фірма прадавала гэтую паперу, але толькі за безнаяўны разлік. А я мог заплаціць выключна наяўнымі. Тады працаўнікі фірмы, зусім незнаёмыя мне людзі, проста далі бясплатна столькі матэрыялу, колькі было неабходна.

Рэстаўратара давялося Анатолю таксама пашукаць. У Мінску гэтая паслуга абышлася б вельмі дорага. І зноў выпадкова вернік знайшоў спецыяліста ў Гомелі – тут пагадзіліся выканаць працы за такі кошт, які касцёл зможа аплаціць. Займаецца абразом прафесійны мастак, рэстаўратар Яўгенія Фей:

- Карціну трэба праклеіць, цалкам выдаліць аўтарскі лак, бо з-за перападу тэмператур і дрэнных умоў захоўвання шматлікіх дэталяў на іконе наогул не было відаць, канчаткова ачысціць і старанна заладзіць апалыя фрагменты, пакрыць рэстаўрацыйным лакам.

Завяршыць усе работы плануюць у траўні. Тады, ў Ноч музеяў, карціну выставяць у Гомельскім палацава-паркавым ансамблі, а потым абраз адправіцца назад у вясковы касцёл і зойме там пачэснае месца над галоўным алтаром.

Знаходка карціны – гэта вялікая падзея ў духоўным і культурным жыцці Беларусі. Работы Яна Дамеля захоўваюцца ў нацыянальных мастацкіх музеях Літвы і Польшчы. Да гэтага часу было вядома, што ў Беларусі ёсць толькі адна праца Дамеля – абраз Святой Канстанцыі, які знаходзіцца ў Нацыянальным мастацкім музеі ў Мінску.

 

gomel.catholic.by

Напісаць каментар

Адправіць каментар


девять − восемь =

Апошнія артыкулы