logo piligrymka





Ксёндз Вячаслаў Барок: жаданне пілігрымаваць закладзена ў сэрцы чалавека


Odnoklassniki VKontakte Facebook Twitter Mail.ru ← падзяліцеся ў сацыяльных сетках з сябрамі

Урачыстасці ў Будславе распачынаюцца прыходам пешых пілігрымак. Гледзячы на сотні пілігрымаў, узнікае пытанне: а што кліча іх у такі далёкі і ахвярны шлях? Адкуль узнікала традыцыя пілігрымавання? На гэтыя і іншыя пытанні мы папрасілі паразважаць каардынатара пілігрымак Віцебскай дыяцэзіі кс. Вячаслава Барка.

 Адкрыць у новым акне  Download  (7Мб)

— Распавядзіце, калі ласка, пра ўзнікненне традыцыі пілігрымавання.

— Жаданне пілігрымаваць закладзена ў глыбіні сэрца чалавека. Бо ўсё яго жыццё – гэта пілігрымка, і чалавек створаны такім чынам, што ён ад Бога выходзіць і праз усё жыццё ідзе да Бога.

Канечне, пілігрымаванне звязана з наведваннем святых месцаў. Першыя пілігрымкі былі ў народзе абраным: яўрэі наведвалі святыню ў Іерусаліме. Гэта было месца, дзе прабывае Бог, дзе жыве Бог. Хрысціяне ж пачалі наведваць Святую Зямлю пасля таго, як святая Алена накіравалася з Рыма ў Канстанцінопаль і Святую Зямлю, каб шукаць крыж Хрыста, і гэты крыж знайшла. І пасля традыцыя пілігрымавання развіваецца – хрысціяне пачынаюць наведваць святыя месцы, а калі не было магчымасці наведаць Святую Зямлю, пачалі пілігрымаваць да месцаў асаблівага культу святых (напрыклад, трэцяе па важнасці месца пілігрымавання для хрысціянаў – Санцьяга дэ Кампастэла).
У нашай каталіцкай традыцыі ёсць тры важныя месцы пілігрымавання: Іерусалім, Рым, Санцьяга дэ Кампастэла. Але ж апрача гэтага ў кожным народзе ёсць святое месца, дзе знаходзіцца цудадзейны абраз Маці Божай ці іншае праяўленне Божай дабрыні, куды людзі імкнуцца.

Трэба сказаць, што неабавязкова шукаць святыя месцы, важна зразумець, што святое месца будзе святым тады, калі будзе святым чалавек. Святая Зямля – гэта, канечне, і тая, дзе хадзіў Хрыстус, але і тая, на якой ходзіць чалавек, які верыць у Бога.

— Ці можна сказаць, што пілігрымаванне пэўным чынам паўплывала на гісторыю, свядомасць еўрапейцаў?

— Так, адназначна. Гэта заўважылі вялікія еўрапейскія мысляры. Напрыклад Гётэ казаў, што Еўропа збудавалася на шляхах пілігрымавання. Ён меў на ўвазе акурат шляхі св. Якуба, якія вядуць у Санцьяга дэ Кампастэла. І сапраўды, так і было, бо побач з гэтымі шляхамі фарміравалася свядомасць еўрапейцаў, рэлігійная і не толькі. На гэтых шляхах будавалася цэлая інфраструктура: гатэлі, крамы. Будаваліся не толькі святыні і прыстанкі, дзе пілігрымы маглі адпачнуць, але і самі дарогі ствараліся там, дзе ішлі пілігрымы.

Канечне, традыцыя пілігрымавання мяняе свядомасць, нават у нашай краіне. Пілігрымаванне развівае нашу культуру, бо адбываецца не толькі культурнае ўзбагачэнне, але культурны абмен. Бо пілігрымы на сваім шляху дзесьці затрымліваюцца, з кімсьці дзеляцца сваёй радасцю.

— Чаму вы вырашылі займацца арганізацыяй пілігрымак?

— Пілігрымкі блізкія майму сэрцу. Такі запал да пілігрымавання мне даў ужо памерлы кс. Уладзіслаў Пятрайціс, калісьці мой пробашч. Ён быў лёгкім чалавекам на пад’ём, які акурат быў адным з першых арганізатараў пілігрымак у Будслаў, менавіта ён стаяў ля іх вытокаў. І ва ўсім гэтым я, будучы юнаком, прымаў удзел.

А чаму цяпер займаюся арганізацыяй пілігрымак не толькі пешых, а і да святых месцаў? Гэта звязана з тым, што біскуп Уладзіслаў Блін прызначыў мяне каардынатарм пілігрымак Віцебскай дыяцэзіі.

— Неяк Вы казалі, што галоўная мэта пілігрымак – адказаць на рэлігійныя патрэбы чалавека. Якім чынам гэта ажыццяўляеце?

— Мы, як арганізатары пілігрымак, прапануем чалавеку пазнаёміцца з іншай рэчаіснасцю – духоўнай і рэлігійнай. Але ж чалавек сам, беручы ўдзел у пілігрымках, прыбліжаецца да Бога і знаходзіць адказы на тыя пытанні, якія яго клапоцяць у рэлігійнай сферы.

— Ці ёсць прынцыповыя адрозненні пешых і аўтобусных пілігрымак? У чым спецыфіка пешых?

— Прынцыповага адрознення няма. Канечне, сутнасць тут адна: чалавек адпраўляецца ў шлях, каб наблізіцца да Бога і знайсці сваё месца пад сонцам і ўзмацніць свае адносіны з Богам. І гэтаму спрыяе як аўтобусная, так і пешая пілігрымка.

Але пешая пілігрымка мае непаўторны характар, які заключаецца ў тым, што акурат падчас яе чалавеку прасцей даць з сябе пэўную ахвяру. Ён прыносіць яе праз цярпенні, якія свядома на сябе прымае. Пераносіць спякоту дня, холад начы, і калі дождж яго змочыць, павінен быць задаволеным з гэтага ўсяго. Перашкодаў тут непараўнальна больш і яны прасцей намацваюцца, чым у аўтобуснай пілігрымцы. Калі чалавек штосьці ахвяруе, гэта, канечне, спрыяе таму, каб ён мог ачысціцца і наблізіцца да Бога.

— Пілігрымка заўсёды мае на ўвазе ахвяру ці можа быць лёгкім падарожжам?

— Кожная пілігрымка —  гэта, канечне, ахвяра. Калі хтосьці хоча лёгкага падарожжа, не можа пайсці ў пілігрымку. Пілігрым, які выбіраецца ў шлях, павінен разумець, што ідзе ўжо не сваім шляхам, а шляхам, які яму накрэслівае Бог. Пілігрым свядомы свайго падарожжа. Ад звычайнага турыста пілігрым акурат адрозніваецца тым, што свядомы свайго падарожжа і ідзе да канца. На шляху яго не можа спыніць нейкае выпрабаванне, цяжкасці, цярпенне. Пілігрым не можа спыніцца на палове шляху, ён не можа задаволіцца чымсьці мінімальным. А калі ідзе да канца, то абавязкова знойдзецца і той, хто пойдзе за ім.

— Кім з’яўляецца сучасны пілігрым? Ахарактарызуйце яго.

— Яго акурат характарызуюць вышэйсказаныя словы. Пілігрымам можа быць кожны: і малое дзіця, і чалавек, які дажыў да ўзросту Абрагама, і працоўны і беспрацоўны, і дырэктар, і той, хто выконвае загады, і банкір, і жабрак. Ніякі стан чалавека, род яго дзейнасці не перашкаджаюць стаць яму пілігрымам. Але ўсіх пілігрымаў характарызуе жаданне знайсці штосьці лепшае; кожны, свядома ці падсвядома, шукае Бога. Пілігрым — гэта той, хто не спыняецца ў сваіх пошуках, які ўвесь час шукае Бога і да Яго прыходзіць. І не спыніцца, пакуль Бога не знойдзе. І жаданне гэтых пошукаў, дзякуй Богу, ёсць у сучасных людзей.

— Цяпер вы праводзіце конкурс творчых прац на тэму “Што шукае пілігрым?”. А як бы самі адказалі на гэтае пытанне?

— Адказ на гэтае пытанне просты: пілігрым шукае Бога, пілігрым шукае самога сябе. Хоць я не прэтэндую на тое, каб адказ быў адзінаправільным. Я, як пілігрым, увесь час шукаю Бога, шукаю сябе. Шукаючы, пілігрым не павінен спыняцца. І важна нават не тое, каб знайсці, а тое, што ён шукае.

— Да вашых пілігрымак часта далучаюцца некатолікі, нехрысціяне. Як думаеце, што прываблівае іх?

— Тут скажу тое, што чую ад людзей іншых светапоглядаў. Іх прываблівае ў першую чаргу наша адкрытасць і павага іх поглядаў. Я лічу, што мы абсалютна не здраджваем духу Каталіцкага Касцёла, калі падарожнічаем у пілігрымках разам з праваслаўнымі, пратэстантамі, атэістамі. Мы ў прынцыпе не можам здрадзіць, бо Хрыстус нас вучыць адкрытасці. Мы павінны выйсці па-за сябе. Мы застанемся католікамі тады, калі выйдзем па-за сцены нашых храмаў да іншага чалавека. І наколькі мы ўмеем, спрабуем праз пілігрымкі выходзіць да іншых людзей. Гэта не значыць, што мы хочам мяняць светапогляды свае ці іншых. Мы хочам сустрэцца і ісці разам, бо мы дзеці аднаго Бога.

— Ці вядомы вам выпадкі, калі праз удзел у пілігрымцы хтосьці знаходзіў сваю дарогу да Бога?

— Так, вядомы. І я вельмі рады, калі непрактыкуючы католік (“квазікатолік”) пасля пілігрымкі ў Рым знайходзіць свой шлях да храма, становіцца практыкуючым католікам.

Неаднойчы чуў з вуснаў пратэстантаў і праваслаўных, што пасля пілігрымкі яны знаходзяць новы сэнс жыцця. Чуў сведчанне некатолікаў, што пасля вяртання са Святой Зямлі яны перачыталі ўсю Біблію. Ці ж гэта не добры плён пілігрымкі?

Мы не ставім перад сабой задачу рабіць з іншых католікаў. Гэта не наш прынцып. Але маё сэрца радуецца, калі з вуснаў праваслаўнага чую, што за тры месяцы пасля пілігрымкі ён прачытаў усю Біблію. Ці ж гэты чалавек не стаў бліжэй Бога?

— А што Вы ўлічваеце пры арганізацыі новых маршрутаў?

— Мы радуемся і ганарымся тым, што захоўваем традыцыю і ездзім у тры галоўныя каталіцкія святыні: Святая Зямля, Іерусалім, Санцьяга дэ Кампастэла. Ну і канечне, бяром пад увагу тое, што Бог сам паказвае месцы Яго асаблівай прысутнасці. Таму ездзім і ў Люрд, Фаціму. Бяром пад увагу і прапановы пілігрымаў, якія пілігрымуюць з намі (за пяць гадоў з намі падарожнічалі ўжо каля пяці тысяч чалавек).

— Назавіце 5-7 мясцінаў, якія б раілі наведаць кожнаму католіку

— Канечне, тры галоўныя хрысціянскія святыні. Нездарма кажуць, што Святая Зямля мяняе людзей. Адказваючы на гэтае пытанне, хацелася б звярнуць увагу на тое, што нельга думаць так прымітыўна, што чалавек мусіць ляцець на самалёте, ехаць на аўтобусе, ісці за сотні кіламетраў, каб сустрэцца з Богам, каб наведаць Святую Зямлю. Не гэта важна.

Я б вельмі раіў кожнаму на тым месцы, дзе ён жыве, працуе, любіць, дзе змагаецца, дзе не здаецца, адчыніць сваё сэрца на Бога. Святая зямля не недзе далёка, недасяжная. Святая зямля там, дзе ёсць я, веруючы чалавек, і дзе ёсць мой Бог. І калі я хаджу па гэтай зямлі, то яна ўжо святая. Бо я хаджу не адзін – са мной мой Бог. Месца, дзе Бог цябе чакае і хоча ісці разам.

— Дзякуй за размову!

Святлана Жылевіч

catholic.by

Напісаць каментар

Адправіць каментар


− два = пять

Апошнія артыкулы