logo piligrymka





У Віцебску – новы біскуп. Яго параўноўваюць з папам Францішкам.


Odnoklassniki VKontakte Facebook Twitter Mail.ru ← падзяліцеся ў сацыяльных сетках з сябрамі

У віцебскім кафедральным касцёле Езуса Міласэрнага 18 студзеня адбылася вялікая ўрачыстасць – біскупскае пасвячэнне. Новым кіраўніком і духоўным пастырам Віцебскай дыяцэзіі з гэтага дня стаў адзін з самых маладых каталіцкіх біскупаў у свеце – 41-гадовы Алег Буткевіч, былы пробашч парафіі Святога Антонія Падуанскага ў Віцебску. 

Навіна аб тым, што папа Францішак прызначыў яго біскупам Віцебскім, прыйшла 29 лістапада. Нагадаем, што папярэднік Алега Буткевіча – 59-гадовы біскуп Уладзіслаў Блін– сышоў у адстаўку па стане здароўя. 

Як толькі вестка дайшла да вернікаў, многія пачалі тэлефанаваць адзін аднаму з віншаваннямі. Людзі выказвалі вялікую радасць і задавальненне: “Новы біскуп – надзвычай моцны вернік, сапраўдны прыклад для іншых. А да таго ж ён малады, энергічны і свой, тутэйшы. Ён жа наш зямляк, браслаўскі, беларускі чалавек. Родную мову выдатна ведае і размаўляе толькі на ёй. А якія ён цудоўныя пропаведзі прамаўляе! Проста ў самае сэрца б’е сваім словам!”

А ў святарскім асяродку пра біскупа-намінанта гаварылі, што гэта надзвычай сціплы чалавек. “Гэта — беларускі эквівалент папы Францішка. Невялікі пакойчык (нават не кватэра!) — гэта ўся ягоная “плябанія”; ксёндз Алег вельмі просты і непасрэдны ў кантактах з людзьмі, дужа ўразлівы на патрэбы бедных, з добрым сэрцам і добрым вухам (адораны музычнымі і вакальнымі здольнасцямі). Апроч таго — рэгулярны госць ва ўніверсітэце імя Машэрава і ў Старасельскай школе пад Віцебскам (яго выступы заўжды карысталіся вялікім попытам у студэнтаў і вучняў), удзельнік тэле- і радыёперадач, і гэта пры тым, што ўвесь час на яго плячах была цяжкая праца па адбудове касцёла Святога Антонія. Наскрозь беларускамоўны і прасякнуты любоўю да Беларусі”, – так пра яго выказаўся святар і вядомы публіцыст Пётр Рудкоўскі.

Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці

Сціпласць як адну з асноўных чалавечых якасцей новага біскупа сёння вылучыў і апостальскі нунцый у Беларусі Клаўдыё Гуджэроцці. Ён узначаліў імшу, падчас якой адбылося біскупскае пасвячэнне. Іерарх, звяртаючыся да Алега Буткевіча, сказаў: “Ты узяў тую машыну, якую хацелі выкінуць. Жыў у такім пакоі, што, каб дайсці да яго, трэба было выклікаць хуткую дапамогу. І таму менавіта цябе і абралі. Шмат хто са святароў убачыў у гэтым незвычайнае. Бо ты выбраў беднасць – дзеля любові. Вядома, колькі ўвагі папа Францішак надзяляе беднасці. Спадзяюся, што ты станеш у гэтым добрым прыкладам для іншых”.

“Ты станеш тварам, розумам, сэрцам віцебскага касцёла. І асаблівая сувязь з Хрыстом будзе ўжо не толькі тваёй асабіста, а будзе як у чалавека, які стаіць на чале лакальнага касцёла. <…> Ты станеш наступцам апосталаў. І гэта вялікая таямніца. <…> Дарагі брат! Нічога не бойся! Хаця ты зараз нават не ўяўляеш, якія цяжкасці цябе чакаюць. Каб ты ўсё гэта ведаў, то самлеў бы. Аднак Бог шматкроць узмацніць твае сілы”, -сказаў падчас гаміліі галоўны пасвячаючы біскуп. 

Бацькі біскупа Алега Буткевіча

Алег Буткевіч паходзіць з веруючай каталіцкай сям’і, дзе трое дзяцей. І ўсе сталі служыць Богу. Абедзве ягоныя сястры – манашкі-эўхарысткі.

Таму сёння многія з прыемнасцю адзначылі, што арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці ўзгадаў падчас гаміліі бацькоў новага біскупа: “Я ведаю, наколькі твая мама занепакоена тваім пасвячэннем. Бо яна ведае, як можа ведаць толькі маці, што значыць мець адказнасць. Дзякуй ёй за тое, што яна падарыла такога сына. Мама – гэта як беларуская зямля. Яна дала свайму сыну жыццё, малако, мову і культуру. Ваш сын не шукаў гэтага месца. Вялікімі высілкамі нам удалося вырваць яго з парафіі, дзе ён служыў раней і дзе была яго сям’я. Калі мы абвясцілі яму волю папы, то не заўважылі, каб ён скакаў ад радасці. Але прыняў гэта і абраў сваім біскупскім дэвізам словы з малітвы “Ойча наш” – “Няхай будзе воля твая”.    

Галоўнаму пасвячаючаму біскупу – арцыбіскупу Клаўдыё Гуджэроцці падчас абраду дапамагалі мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і старшыня Канферэнцыі біскупаў Аляксандр Кашкевіч

Сведкамі гэтай падзеі сталі каталіцкія іерархі з Беларусі, Польшчы, Літвы, Латвіі, Украіны, святары Віцебскай праваслаўнай епархіі, а таксама прадстаўнікі дыпламатычных місій розных краін, мясцовай свецкай улады і вернікі. Увесь, далёка не маленькі, касцёл Езуса Міласэрнага быў запоўнены людзьмі. 

У пэўны момант біскупскага пасвячэння выбраны кладзецца ніцма 

Да канца малітвы пасвячэння над галавою выбранага трымаюць Евангелле 

 

Галоўны пасвячаючы біскуп ускладае на галаву новаму біскупу мітру

Новаспечаны біскуп атрымлівае пацалунак ад усіх прысутных біскупаў

Цырымонія была надзвычай прыгожай і ўзвышанай – касцёльныя вітражы адлюстроўвалі сонечныя промні, арганная музыка і цудоўныя спевы хору краналі кожнае сэрца. 

Камунія

На цырымоніі таксама прысутнічалі намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Цярэнцьеў і начальнік аддзела па справах рэлігій і нацыянальнасцей Віцебскага аблвыканкама Міхаіл Даніленка. У. Цярэнцьеў зачытаў віншаванне новаму кіраўніку каталіцкай дыяцэзіі ад імя старшыні аблвыканкама Аляксандра Косінца.   

На сваёй першай прэс-канферэнцыі ў якасці біскупа Алег Буткевіч прызнаўся, што яму нялёгка казаць пра свае пачуцці:

– Гэта цяжка акрэсліць адным словам, я не магу яго знайсці. Вялікія ўражанні… Адчуваю вялікую ўдзячнасць Богу, папе Францішку. Тое, што я стаў біскупам, – нечакана для мяне. Тым не менш гэта падзея сталася – Віцебская дыяцэзія мае біскупа. І будзем спадзявацца, што Бог, які здзяйсняе ў жыцці ўсе справы, сам прызначыў гэтага чалавека. Канешне, я разлічваю на дапамогу святароў, малітву людзей, супрацоўніцтва з уладамі і проста з добрымі людзьмі.  

Новы біскуп мае свой герб, які складаецца з выяў абраза Маці Божай Браслаўскай “Валадарка азёраў” і герба Віцебска, а таксама подпісу Fiat vountas tua (“Няхай будзе воля твая”). 

– Калі ўзяць пад увагу маё паходжанне – я з Браслава, то не было пытанняў, што мае быць на гербе. Зразумела, гэта Маці Божая Браслаўская. І другі момант – Віцебская дыяцэзія. Гэта герб з выявай Езуса Хрыста. Злучыўшы іх разам, я думаю, мы атрымалі добрую сімволіку нашай Віцебскай дыяцэзіі, над якой Божая прадбачлівасць паставіла мяне пастырам, – патлумачыў біскуп Алег Буткевіч. 

Наконт сваіх далейшых планаў кіраўнік дыяцэзіі адзначыў: “Рэвалюцый не планую. Але, як і ў кожнай справе, у кожным доме, у нас ёсць свае пытанні, якія патрабуюць вырашэння. Маю вялікую і шчырую ўдзячнасць майму папярэдніку – ксяндзу-біскупу Уладзіславу Бліну – за тое, што я не прыходжу на пустое месца. Бо касцёл на Віцебшчыне мае 15 год існавання. І гэта заслуга біскупа Уладзіслава Бліна. А ўсе пытанні будуць вырашацца з цягам часу, з Божай дапамогай”.  

Даведка TUT.BY:Біскуп Алег Буткевіч нарадзіўся 18 сакавіка 1972 года ў вёсцы Герасімова Браслаўскага раёна. Скончыў Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт. Дваццаць год таму, у 1994 годзе, паступіў у Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне. 

Святарскае пасвячэнне прыняў у 2000 годзе. Выконваў абавязкі вікарыя парафіі ў Наваполацку і Міёрах, пробашча парафіі ў Бешанковічах і Уле. Напрацягу дзесяці гадоў, з 2003 года, быў пробашчам парафіі Святога Антонія Падуанскага ў Віцебску і дэканам дэканату Віцебск-паўночны.

 
 
 
 
арыгінал:   www.news.tut.by/society/382984.html

Напісаць каментар

Адправіць каментар


девять − = шесть

Апошнія артыкулы