logo piligrymka





Артыкул канкурсанта №1.


Odnoklassniki VKontakte Facebook Twitter Mail.ru ← падзяліцеся ў сацыяльных сетках з сябрамі

Тры рэчы

Сонца толькі-толькі пачало ўваходзіць у полудзень. Гарачыня будзе панаваць гадзіны да пятай-шостай, але яна яшчэ не набрала поўнай сілы, таму трэба спяшацца, каб самы сквар не заспеў у дарозе. Але ў нас ёсць яшчэ хвілін дзесяць, можна адпачыць, апусціць стомленыя ногі ў халодную ваду ручаіны, што цячэ адтуль, з гор, увабраўшы ў сябе іх крышталёвую, чыстую моц. Здаецца, што гэтая моц перадаецца і тваім нагам, і ўсім цягліцам, знову напаўняючы іх свежасцю, здымае стому.

Мы сядзім амаль пад самым мастком, выгнутым над гэтай безіменнай горнай рачулкай, крыху ўбаку ад дарогі. Недалёка нахіліўся, нібы таксама прыгнечаны дзённым скварам, невысокі каменны, увесь паедзены лішайнікам слупок, на якім выбіта ракавінка і лічбы: 75. Яшчэ семдзесят пяць кіламетраў дарогі, семдзесят пяць кіламетраў Вялікага Шляху, калыскі ўсіх пілігрымак, Каміно дэ Сантьяга… Яго выпаленая стужка цягнецца далёка, да самай Фіністэры, да самага краю зямлі – finis terrae

Вялікі Шлях сцірае нацыянальнасці, узросты, пасады. Хто гэтая жанчына ў шырокім капелюшы–абароне ад палкага сонца – італьянка ці чэшка? А гэты мужчына – настаўнік або банкір? Хто вось гэтая пара, што крочыць павольна, трымаючы адно аднаго за рукі – ім па дваццаць або па шэсцьдзесят?

Усе мы – адно, peregrinos, пілігрымы, і ўсе крочым да адной мэты. Не, не да Сант’яга дэ Кампастэла, “зорнага поля”, на якім калісьці вандроўнаму манаху быў аб’яўлены цуд: месца, дзе спачыў святы апостал Якуб. Гэта толькі крок на тым шляху, які кожны з нас павінен прайсці.

Аднак цяпер – кароткі роздых, час аднавіць страчаныя сілы, аджывіцца, адпачыць. Ёран з асалодаю выцягвае ў вадзе стомленыя ступакі і працягвае: “Дык вось, з таго часу я ўжо чацвёрты раз тут”… Ёран – швед, невысокі, сівы ды ўсмешлівы. Амаль штодня мы сустракалі яго на шляху, віталіся, як і з усімі: “Buen Camino!”, а сёння прыселі разам адпачыць. Ён распавядае нам пра сваё жыццё, надта ж падобнае да жыцця таго старазапаветнага прарока, – у іх нават імёны пачынаюцца з адной літары – які меў усё, і ўсё страціў. “Навошта дадзена няшчаснаму святло, а жыццё тым, хто ў горычы душэўнай; хто чакае смерці, а яна не прыходзіць; хто шукаў бы яе ахвотней, чым скарб; хто ўзрадаваўся б і вельмі ўсцешыўся б, што знайшоў магілу? Навошта дадзена святло чалавеку, якому шлях закрыты і якога Бог ахінуў змрокам?” (Ёв 3, 20-23). Яго жыццё падобнае да жыцця таго старазапаветнага прарока, які ўсё атрымаў удвая…

– Я шукаў і не мог знайсці, і не меў спакою. Як у тым сне, калі бяжыш у тумане або брыдзеш па змрочным лесе, і падганяе цябе журба па нечым недасяжным, чаго ты не маеш, але, калі б зразумеў, што гэта, паклаў бы ўсё сваё жыццё на тое, каб знайсці.

У апошні дзень сваёй пілігрымкі, на гары Радасці, убачыўшы дахі старажытнага горада ў промнях сыходзячага ў ноч сонца і вылучыўшы сярод іх стромкія шпілі катэдры святога Якуба, я зразумеў, што маю тое, да чаго ўсёю сваёю істотаю імкнулася, рвалася мая душа. Тры рэчы, якія я заўжды меў, але адшукаў толькі цяпер, ідучы шляхам пілігрыма. Тры рэчы, дадзеныя нам у рукі і не ўбачаныя намі сярод таго нязначнага, што загрувасціла нашыя дні. Тры рэчы – адзіныя, што маюць вартасць. Тры рэчы знайшоў я ў сваёй пілігрымцы: сябе, гэты свет і Бога.

Я знайшоў свет, калі ўрэшце расплюшчыў на яго вочы. Я ўбачыў дасканаласць створанага Богам і змайстраванага чалавекам, натхнёным Яго стваральніцкім імпульсам. Я ўпершыню агледзеўся і адчуў, як вецер лагодна дыхае на мой твар, апалены гарачымі пацалункамі сонца. Я ўпершыню ўбачыў таямнічыя перапляценні сцяжынаў і рэк на мяккіх спінах пагоркаў, упершыню заўважыў, як горныя пікі голкамі працінаюць блакітны нябесны шоўк і вышываюць на ім аксамітам аблокаў адвечнае прызнанне ў любові ад Стварыцеля сусвету.

Я ўпершыню разгледзеў і ацаніў прыгажосць. І найперш – прыгажосць і вартасць самога чалавека, кожнага чалавека, які жыве на зямлі. Я нарэшце пазнаёміўся з тымі людзьмі, што ішлі поруч са мною ўсё маё жыццё. Толькі цяпер я сапраўды ўбачыў іх: не іх моц і слабасць, дасягненні і паразы, не іх статус і грамадскую пазіцыю, не іх дамы, машыны і штодзённы цяжар абавязкаў і забаваў – іх саміх… Зляцела тугое шкарлупінне і вось маім вачам з’явіўся дзівосны, нябачаны светам матыль, затрапятаў крыламі, заіскрыў усімі магчымымі фарбамі…

Я ўпершыню ўбачыў іх, і тады палюбіў. А пасля сярод іх я ўбачыў сябе. Стрэўся з сабою на гэтым шляху тварам у твар, вачыма ў вочы. З такім сабою, якога ніколі не ведаў. Я зразумеў, што люблю апошнюю гадзіну ночы перад світаннем і надзею, якую яна дае; даведаўся, што баюся гулкіх крокаў у цішыні і трывожнасці навальніцы. Я прыняў усё, што нясу ў сваіх руках і на плячах і прыняў рашэнне адкінуць тое, што замінае крочыць. Я вырашыў пакласці самыя патрэбныя рэчы наверх, а другасныя – на дол свайго жыццёвага заплечніка. Я зразумеў, без чаго не здолею дыхаць, і без чаго дыхаць будзе лягчэй, без чаго проста абысціся, варта толькі пакінуць усё гэта ззаду, на дарозе, і больш не азірацца.

Цьмянае люстранае шкло, праз якое я глядзеў на сябе і навакольны свет, пачало раз’ясняцца нязвыклым, не маім святлом. І гэта было Яго святло, побач з каторым усе зоркі сусвету адразу сталі падобнымі да слабога мігцення свечкі, што вось-вось згасне. І я зразумеў, што толькі ў гэтым святле маім вачам адкрылася тое, пра што я згадаў тут.

Знік мітуслівы вэлюм, які дагэтуль засцілаў мне зрок, я нарэшце сустрэў Таго, Хто ўвесь час быў побач, нават тады, калі мяне яшчэ не было. Тут, на гэтым шляху я сустрэў Бога, які пілігрымуе ў свеце, як і я, і ўпершыню пачаў гаварыць з Ім…

“Я ведаю, што Ты ўсё можаш і што ніводнай задумы Тваёй не стрымаць. Хто той, хто хавае параду, нічога не ведаючы? Таму без разумення я кажу пра цуды, якія пераўзыходзяць маё пазнанне. Я чуў пра Цябе са слыху вушэй; цяпер жа мае вочы бачаць Цябе” (Ёв 40, 1-3, 5).


One Response to "Артыкул канкурсанта №1."

  1. Валер пишет:

    Тры рэчы знайшоў я ў сваёй пілігрымцы: сябе, гэты свет і Бога.

    Заклікаю аўтара яшчэ раз прачытаць і асэнсаваць гэтыя словы, бо парадак разьмяшчэньня гэтых слоў безумоўна павінен быць адваротным. Бог, гэты сьвет і толькі потым – “я”. Бог – першакрыніца. Ён стварыў гэты сьвет і толькі потым Ён стварыў аўтара, як і ўсіх нас. Гэта першае.
    Якім бы ня быў чалавек таленавітым (дарэчы таленты даюцца толькі Богам), ён ня здольны пазнаць самога сябе праз сузіраньне прыроды ці іншых людзей. Гэта памылка людзей, якія сваімі грахамі бунтуюць супроць Госпада. І гэта было ад Адама. Сузірай Бога, пазнавай Яго веліч у тым усім, што бачыш ты на свае ўласныя вочы і праз пазнаньне Бога, ты пазнаеш сябе самога. Гэта другое.
    Бог існуе па за часам і па за прасторай. Ён не пілігрым, але стварыў цябе – пілігрыма, каб ты, дзякуючы свайму розуму і тым здольнасьцям, што даў табе Бог, здолеў убачыць Яго і пакланіцца Яму, як свайму Творцы і свайму Збаўцы. Амэн.

Напісаць каментар

Адправіць каментар


семь × четыре =

Апошнія артыкулы