logo piligrymka





Артыкул канкурсанта №2.


Odnoklassniki VKontakte Facebook Twitter Mail.ru ← падзяліцеся ў сацыяльных сетках з сябрамі

Мая пілігрымка

– Куды прэш, пута калгасная! – вітае мяне сталіца праз самаўпэўненых хамаватых маладых людзей, якія перамяшчаюцца па прывакзальнай плошчы ў пошуках ці то нажывы, ці то прыгод, ці то яшчэ чагосьці невядомага мне. Я упершыню ў Менску. Што гэта за горад такі, хто тамака жыве? Гэтыя пытанні прымусілі мяне сысці з цягніка на запляваны асфальт у самым сэрцы нашай шматпакутнай радзімы. Я яшчэ не ведаў, што менавіта тады пачалася мая індывідуальная пілігрымка, мой бясконца доўгі шлях да Бога. Ззаду беднае, але сонечнае дзяцінства ў бедным, але сонечным усходне-беларускім мястэчку, бацькі-камандзіры, бесказырка, чыстка гальюноў (прыбіральняў па-берагавому) і дурная муштра на чужым і халодным плацу…. Зусім нядаўна – пачатак маёй працоўнай дзейнасці, апырсканы сцюдзёнымі хвалямі Белага мора, напоўнены суровымі бескампраміснымі людзьмі, першай чаркай спірту “Раяль” і першым каханнем.… Наперадзе – адпачынак дома ў тым самым бедным ўсходне-беларускім мястэчку. Толькі зараз яно ўжо па-сапраўднаму беларускае – не эсэсэсэраўскае. Усё самае цікавае, здаецца, я прапусціў – спачатку ў казарме за высокім плотам, затым пасярод Атлантычнага акіяна. Шмат што змянілася – і людзі, і гарады, і душы… Я не паспяваю за ўсім гэтым! Сонца слепіць вочы, вакол гамоняць нейкія людзі, шмат людзей, кіёскі, кіёскі, кіёскі…

Да цягніка яшчэ некалькі гадзін – трэба пазнаёміцца з Менскам, спазнаць яго. Які няветлівы горад. Людзі, шэрыя дамы, шмат машын. Вось плошча нейкая – ці то Леніна, ці то Незалежнасці. А гэта што, чырвонае такое? Дамок нейкі лялечны. Нічога сабе. Ды не, гэта царква. Але дзіўная нейкая…

Пытанне рэлігіі ў БССР вельмі спецыфічнае. Як гэтае пытанне выглядала на Гарадзеншчыне нам, жыхарам малюсенькіх мястэчкаў Магілёўшчыны, што ганарыліся сваёй блізкасцю да мары любога правінцыяла-беларуса – Маскве, мала што было вядома. У нас жа было ўсё да смешнага проста. На богаслужэнне ў адзіную драўляную цэркаўку прыходзілі звычайна 3-4 бабулі. Усе ж іншыя, у большасці сваёй, лічачы сябе праваслаўнымі, бывалі ў храме ўсяго адзін раз – падчас хрышчэння. Ды і то, з вельмі прагматычнай мэтай, вызначанай бацькамі – каб здаровенькі быў. Праўда, былі яшчэ фарбаваныя яйкі на вялікдзень, якімі так любіла “ваяваць” дзятва. Але якія гэта мела адносіны да рэлігіі, не ведаў, мусіць, абсалютна ніхто. Проста старая традыцыя. Каталікамі жа ў нашым разуменні былі выключна палякі. Ды і хто такія каталікі, мы мелі абсалютна размытае ўяўленне. У асноўным па песеньцы з фільма “Д‘Артаньян і тры мушкецёры” (той, дзе каталік з гугенотам…).

Чырвоная царква, сапраўды аказалася вельмі ўжо дзіўнай. Я так і не рашыўся ў яе ўвайсці. І толькі падчас паўторнага прыезду ў Менск, літаральна, прымусіў сябе пераступіць парог Чырвонага касцёла. Мусіць, гэта быў вельмі важны ўчастак майго шляху, маёй пілігрымкі. Вакол усё аказалася вельмі незвычайна і таямніча: і інтэр’ер, і адзежа святара, і яшчэ нешта няўлоўнае, эфемернае. Я ніяк не мог зразумець што. Не ведаю, можа быць менавіта як раз гэта нешта няўлоўнае прымушала мяне, з года ў год перасаджваючыся ў Менску з аднаго цягніка на іншы, зноў і зноў прыходзіць да Майго храма (так я стаў зваць пра сябе Чырвоны касцёл). Я стаў купляць у кіёску пры касцёле тэматычныя брашуркі (яны захоўваюцца ў мяне дагэтуль), цікавіцца некаторымі аспектамі хрысціянства, спрабаваў разабрацца ў пытаннях, якія мяне сталі не проста цікавіць, а, калі так можна сказаць, мучыць.

У канцы 1990-х я вярнуўся на радзіму ў сваё мілае соннае мястэчка. З галавой акунуўся ў атмасферу звыклую для мяне з дзяцінства, у атмасферу, якая снілася мне па начах і напаўняла маё жыццё цеплынёй. Крыху пазней я сустрэў яго. Ён – гэта ксёндз Сяргей – досыць малады беларускі хлопец, які служыў у найбліжэйшым да майго горада касцёле. Касцёл гэты, нядаўна пабудаваны, размяшчаўся ў такім жа, як і мой, малюсенькім населеным пункце, размешчаным у 60 км на захад. Я стаў прыязджаць да ксяндза. Мы гутарылі. Часта ні пра што, часам пра нейкія бытавыя пытанні, часам пра веру, пра касцёл. Я доўга не мог зразумець, што вабіла мяне да яго. Да канца не разумею і зараз. Можа быць, яго невымоўна журботныя і нейкія бяздонныя вочы, можа быць упэўненасць у правільнасці абранага шляху, а можа то самае нешта няўлоўнае, што я ўпершыню адчуў у Маім храме. Я стаў наведваць святую імшу. Прыязджаў адзін, з жонкай, з пляменніцай. Хутка яны пайшлі да споведзі і ўпершыню прынялі камунію. Стаў рыхтавацца да споведзі і я. Шлях да Бога здаваўся такім прамым і такім лёгкім…

Ён з’ехаў. Айца Сяргея перавялі з нашых няўдзячных для Касцёла месцаў кудысьці на захад. А разам з ім знікла тое самае нешта няўлоўнае. Тое, што дапамагала мне ў маёй жыццёвай пілігрымцы. Для мяне гэта было сур’ёзнае выпрабаванне. І я не вытрымаў яго. Спатыкнуўся аб невялікую купіну на шляху да Бога, збіў нагу, расплакаўся і стаў жаліцца, што не магу ісці далей. Паказаў сваю праўдзівую сутнасць…

Неўзабаве з’явілася капліца і ў маім родным горадзе. Я спрабаваў хадзіць на імшу, шукаў дапамогу і апору, спрабаваў зноўку адправіцца ў шлях. Але…  апынуўся на запляваным менскім пероне ў пачатку 1990-х. Дрэнны я, мусіць, пілігрым. Хліпкі. Мэты, якую ставіў перад сабой, не дасягнуў. Праўда ў мяне ёсць маленькае апраўданне – я дапамог прыйсці да Бога сваёй жонцы і пляменніцы. Ім дапамог, а сам? А сам усё яшчэ ў пачатку шляха, шукаю нешта няўлоўнае, эфемернае

2 Responses to "Артыкул канкурсанта №2."

  1. Валер пишет:

    Прарок Ісая кажа: “Гора тым, якія зло называюць дабром, а дабро злом, цемру лічаць сьвятлом, і сьвятло – цемраю, горкае лічаць саладкім, і салодкае горкім” (Іс 5:20). Гэта пра нас і нашую сучаснасьць. Ці ведаеце вы першыя словы маніфэста камуністычнай партыі Маркса і Эглельса? Вось яны: “Прывід ходзіць па Эўропе – прывід камунізму”. Прывід – гэта нячыстая сіла і гэтая сіла ёсьць той падмурак, на якім мацуюцца ўсе “каштоўнасьці” камунізму. Менавіта пра гэтыя “каштоўнасьці” у роспачы распавядае аўтар. Шчырая споведзь. Вельмі плённа папрацаваў нячысты прывід у нашым грамадстве, зрабіўшы краіну бязбожнай і па сёньня.
    І таму, разам з аўтарам гэтага апавяданьня, давайце памолімся за нашую краіну – Беларусь.
    Госпадзе, дабраславі нашую краіну. Адкрый, Госпадзе, вочы тым, хто ходзіць у цемры і лічыць гэта сьвятлом, хто каштуе горкае і лічыць гэта салодкім і хай яны ўбачаць сапраўднае сьвятло – Тваё сьвятло, хай пакаштуюць яны Тваёй прысутнасьці і пазнаюць салодкае. Збаў нас, Госпадзе, збаў краіну нашую ад заняпаду і хай яна квітнее ў Тваім сьвятле. Дай нам, Госпадзе руку Тваю для абуджэньня веры, абароны ісьціны і праслаўленьня імя Твайго. Ад усяго сэрца, шчыра памолімся пра тое, каб Госпад наш выхаваў новых дабравесьнікаў і абудзіў тых, якія ў нас ужо ёсьць. Слава Госпаду нашаму на векі вякоў. Амэн.

    Асабіста я галасую за гэтага аўтара, бо ён небезнадзейны для Госпада, бо скараецца перад Ім і шукае Яго. Божага дабраславеньня табе, аўтар.

  2. Сяргей пишет:

    Кранае…

Напісаць каментар

Адправіць каментар


пять + три =

Апошнія артыкулы