logo piligrymka





Артыкул канкурсанта №3.


Odnoklassniki VKontakte Facebook Twitter Mail.ru ← падзяліцеся ў сацыяльных сетках з сябрамі

Прафесар і не заўважыў, як апынуўся ў альбоме ў К. Туды неўзабаве трапілі перавернутае адбіццё пазалочаных купалоў сабора і сухі шолах крылаў успуджаных галубоў. З дзяўчынкай прыйшлося цяжэй. Яна сядзела на каменным бардзюры фантана, апусціўшы ў ваду босыя ступні і перакінуўшы цераз плячо пышную касу. Але як толькі К. сабраўся перанесці яе ў свой альбом, яна раптам усхапілася і паляцела прэч, тоненькая, лёгкая. К. ледзь паспеў схапіць яе за край чырвонай сукенкі, яна закружылася вакол яго, заляцела ў альбом і засталася на пажаўцелай старонцы.

К. цяжка апусціўся на прыступкі перад вялізным саборам. Ён і не ведаў, што настолькі стаміўся. Яму здавалася, што ён быў у дарозе цэлую вечнасць, хаця насамрэч ён дабіраўся да горада не больш за тыдзень. І шырокая плошча, і пыльныя кроны каштанаў, і неахопны сабор, што засланіў сабою паўнеба – ўсё было дакладна такім, якім ён бачыў у сне. К. верыў у сны, як верыў у тое, што ягонае жыццё ёсць, па сутнасці, адзін доўгі заблытаны сон, пасля якога непазбежна настане абуждэнне. Ён зразумеў гэта яшчэ тады, калі хлопчыкам здзіўлена зазіраў у ласкавы твар нябожчыка і штосьці салёна – пякучае паднімалася знутры, напаўняла яго да краёў і вылівалася праз вочы. Пасля пахавання ён зайшоў у бліжэйшую краму, набыў альбом і пачаў збіраць у яго жыццё. Тут быў дзіцячы смех, пах скошанай травы, свечка на падваконні, снег, ружовы на світанні; сонца, якое заблыталася ў вільготных прасцінах; рукі жанчыны, гарачая кава, герань у вокнах маленькіх домікаў. Тут былі летнія дажджы, цёплае кацяня, якое засынае, скруціўшыся ў клубок на каленях, шум мора, пах дыму, пах восеньскага лесу. Ён пераносіў у свой альбом танцоўшчыц, зяленіўшчыкаў, вадзіцеляў, інжынераў, пераносіў школьнікаў, старых, беспрацоўных і закаханых. Ён пачаў падарожнічаць, і, як іншыя збіраюць паштоўкі ці маркі, паўсюль збіраў жыццё. Дзесяткі гарадоў імпэтна ўзносіліся ўвышыню, вёскі сонна ўсміхаліся яму пыльнымі ртамі дарог, а ён заносіў у альбом плаўныя лініі мастоў і скульптур, лавіў рухі людзей. К. падсвядома адчуваў, что гэтыя падарожжы крок за крокам набліжаюць яго да разгадкі нейкай таямніцы, а якой – ён і сам не мог вызначыць дакладна. Ён ніколі не планаваў свае падарожжы зараней, але часам бачыў цудоўныя месцы ў сне, і калі прачынаўся, быў упэўнены ў тым, што павінен чаго б гэта ні каштавала дабрацца туды – ў краіны сваіх сноў.  

К. амаль не здзівіўся, калі не прыступкі побач з ім сеў чалавек з зямлістым тварам і вачыма такімі цёмнымі, што ў іх можна было патануць. “Гэтая дзяўчына памрэ праз год у страшэнных пакутах”, – сказаў ён, ткнуўшы пальцам у пажаўцелую старонку, па якой смеючыся ляцела дзяўчынка. К. прамаўчаў. Гэты тып у цёмным касцюме пачаў з’яўляцца хутка пасля пахавання. З’яўляўся заўжды нечакана: то падсядзе да К. у метро, то стане побач з ім у чаргу ў касу, то падпільнуе яго каля пад’езду і дасць прыкурыць. Калі ён набліжаўся, К. адчуваў тлетворны подых смерці. Ён нашэптваў К. розныя гадасці, шчыра высмейваў ягоную прагу да жыцця і ўсяму жывому і прыгожаму, што К. старанна заносіў у свой альбом, супрацьпастаўляў гнілое і выродлівае. “Кацяня трапіць пад колы машыны, – шаптаў ён, – прафесар – чокнуты самазабойца, а ў жанчыны ўсе рукі ў кравападцёках: учора п’яны сужыцель збіў яе да паўсмерці”. К. стараўся не паддавацца адчаю, але мімаволі прыслухоўваўся да таго, што казаў гэты дзіўны чалавек. Ягоныя доказы цяжка было абвергнуць. Ягоны шэпт укалыхваў. Ён не прасіў аддаць яму альбом, не спрабаваў адабраць яго сілай, але кожны раз пасля таго, як чалавек знікаў, К. адчуваў неадольнае жаданне падраць альбом на шматкі, спаліць, затаптаць у гразь. “Навошта ён табе, – мякка ўгаворваў чалавек. – Нікому ты не патрэбен са сваім альбомам. Людзі – стрварэнні эгаістычныя, яны думаюць толькі аб сабе, яны толькі і шукаюць, як бы выкарыстаць адзін аднаго”. “Збіраешся ў чарговае падарожжа? –спачувальна пытаўся ён у К. – Навошта ісці так далёка? Выгляні ў акно, і ты ўбачыш, што жыццё паўсюль аднолькавае. Паусюль бруд, голад і гвалт. Гарады, на выгляд абсалютна здаровыя, гніюць знутры. Людзі, з выгляду вясёлыя, згінаюцца пад цяжкасцю чорных думак”.

К. маўчаў. Чалавек знікаў заўсёды так жа непрыметна, як і з’яўляўся. Вось і цяпер ён растварыўся ў шолаху лісця, пакінуўшы на душы горкі асадак. К узняўся з прыступак і паволі накіраваўся ў сабор, сціскаючы пад пахай альбом.

Цішыня сабора аглушала. Скрозь вітражы сеялася чырванаватае святло, шэрагі пустых лавак убягалі наперад і спыняліся перад алтаром, у ног укрыжаванага Хрыста. Ён сеў на апошнюю лаўку і паклаў галаву на рукі. Ён так даўно не слухаў цішыню. Гэтая мяккая цішыня накатвала на яго хвалямі і адносіла з сабою роспач і ваганні, што пасеяў у душы незнаёмец. Шэпт чалавека з зямлістым тварам яшчэ гучаў у галаве, але ўсё цішэй, а калі ён сціх, К. раптам пачуў слабы голас. Спачатку слоў не было чуваць, але голас набіраў сілу, і неўзабаве К. разабраў: “У цябе цудоўны альбом. Не слухай таго, хто сее смерць”. К. азірнуўся: адкуль гэты голас? Побач з ім нікога не было. Прыслухаўся яшчэ і ўцяміў: голас быццам бы гучаў унутры самога К., гэта быў ягоны ўласны голас, які ён не чуў раней, таму што яго заглушаў змяіны шэпт таго чалавека. К. разгарнуў альбом, і са старонак палілася сонечна – мядовае святло. Там, у альбоме, была герань на падваконні, і кацяня, і жанчына з мяккімі рукамі. Хлопчык ляцеў на веласіпедзе з гары, стары рыбак драмаў з вудой на беразе ціхай ракі, у якой адбівалася неба. “Зірні на іх, – гаварыў голас. – “Яны не злыя, хутчэй слабыя, няшчасныя. Але ўнутры кожнага з іх – насенне праўды і прыгажосці, якое выкрадае той, з зямлістым тварам і чорнымі вачыма. Прыходзь сюды, каб спыніцца і паслухаць цішыню. Ты заўсёды ў дарозе, ты збіраеш жыццё, але крыніца жыцця і прыгажосці – ўнутры цябе, не давай чалавеку з зямлістым тварам патушыць тваё святло. Злучы тое, што ты бачыш, з тым, што ты знойдзеш унутры сябе, і ніхто не зможа адабраць гэта ў цябе”. “Але я слабы, – падумаў К. – Кожны раз, калі я чую таго чалавека, у мяне апускаюцца рукі і жыццё больш не вабіць мяне. З усіх бакоў навальваецца адзінота, а побач нікога няма”. “Ідзі наперад, – гаварыў голас. – І паўсюль, дзе б ты не апынуўся, шукай жыццё. Не паддавайся чалавеку з зямлістым тварам, і ўрэшце рэшт ты знойдзеш саюзніка, які пойдзе побач з табой. А калі ты стомішся, прыходзь сюды, і ты атрымаеш сілы, каб працягваць сваё падарожжа”.

Калі К. выйшаў з сабора, сонца ўжо садзілася. Гарачыня спала. Неба над плошчай было ружовым, чулася соннае журчанне хрустальных струмянёў фантана. К. схіліўся над вадой і тут жа адхіснуўся: з вады ўтаропіўся ў яго чалавек з зямлістым тварам, чорныя вочы гарэлі так, што маглі прапаліць душу. З хвіліну К. глядзеў на яго, як заварожаны. Потым асцярожна падняў з зямлі камень і з усяе сілы запусціў ім у ненавісны твар. Пачуўся ўсплёск, вада ў фантане пацямнела і закалыхалася. А калі яна супакоілася, у ёй зноў адбівалася неба.  

11 Responses to "Артыкул канкурсанта №3."

  1. Валер пишет:

    Чалавек ня можа камянём забіць д’ябла ці нават пазбавіцца ад яго. Ці можа ў містычным сьне, адчуўшы сябе звышчалавекам? Ня трэба для гэтага камень, але пакаяньне і прыняцьце ў сэрца сваё Ісуса Хрыста, як Збаўцу, Які ёсьць наш Камень і Абарона ад нячыстага. Толькі ў Ім нашае збавеньне ад кашмару і спакусаў пякельных дарадцаў. Толькі ў Ім мы здольныя бачыць прыгажосьць і сьвятло нашага жыцьця. Толькі ў Ім нашая перамога на сьмерцю духоўнай і нараджэньне ў новае і вечнае жыцьцё. Амэн.

  2. Карына пишет:

    Трэба ісці. Трэба змагацца.

  3. Елена пишет:

    Тема с глубоким смыслом.Нам всем есть о чём задуматься.

  4. Евгений пишет:

    Вот и сбывается, то что пророчится,
    Уходит поезд в небеса, счастливый путь.
    Ах, как нам хочется, как всем нам хочется,
    Не умереть, а именно уснуть. Смысл………….

  5. Нина пишет:

    Лучшее из всех прочитанных.

  6. Юрий Юрьевич пишет:

    соглашусь с Ниной

  7. Наталья пишет:

    Читала на одном дыхании……

  8. ольга пишет:

    отлично 10+

  9. Natasha пишет:

    Действительно есть над чем подумать.

  10. Елена пишет:

    Очень понравилось… глубокий смысл.

  11. Maya пишет:

    Молодец, так держать!!! Ясно, внятно, никакой “воды”

Напісаць каментар

Адправіць каментар


× шесть = тридцать

Апошнія артыкулы