logo piligrymka





Артыкул канкурсанта №4.


Odnoklassniki VKontakte Facebook Twitter Mail.ru ← падзяліцеся ў сацыяльных сетках з сябрамі

Via est vita,

альбо Ў пошуках таго, што заўсёды з табою

 

…Пераадольваючы прастору, чалавек пераадольвае час. Каб адчуць гэта, не абавязкова валодаць спецыяльнымі ведамі аб прасторава-часавым кантынууме ў выкладзе Пуанкарэ ці эйнштэйнавай тэорыі адноснасці. Гэтае адчуванне знаёмае без перабольшання кожнаму, хто трапляў у “світ за очі”, – такімі іранічна-глыбокімі словамі зазвычай вызначала маршрут у нязведанае мая бабуля-ўкраінка, назіраючы за спантанічнай падрыхтоўкай унука да чарговай выправы па навакольных мясцінах.

Тры вядомыя нам прасторавыя вымярэнні ды вымярэнне, што завецца часам, паяднаныя міжсобку трапяткімі нябачнымі сувязямі. І кожны крок па нашай зямлі – адначасова падарожжа ў вечнасць…

 

…Прахалода летняй раніцы – празрыстая і пяшчотная – дазваляе крыху падоўжыць працэс абуджэння. Нібыта яшчэ і не прачнуўся, аднак ужо і не спіш. Пад моцна напампаванымі коламі ровара, ці, выбачайце, веласіпеда, шпарка ўцякаюць за спіну чарговыя асфальтавыя метры знаёмай бетонкі. Яшчэ не прачнуліся волаты-белазы, што возяць маім шляхам нейкія падазроныя рэчывы з хімічнага камбінату, не бачна і апантаных аматараў рыбалоўлі, якія таксама часцяком тут трапляюцца (“ці чуў, Косцік, у Дуброве карпа запусцілі?”). Яшчэ два ўзгоркі, і танюткая сцяжынка, што неўзабаве аддзеліцца ад шашы, быццам нараджаючыся з яе, павядзе крыху ўбок, каб яшчэ праз узгорак згубіцца сярод буйнага летняга разнатраўя.

Мэта маёй выправы – старая груша, што расце сярод невялікай лагчыны, атуленай з усіх бакоў лесам. Вось і яна, добрай раніцы! Сну ў галаве ўжо няма (перамагла ўтома), аднак няма і той звыклай дзённай свядомасці, што неяк пакрыёма, але ўпэўнена кіруе кожным зрухам, кожнай эмоцыяй, аўтаматычна падстройваючы пад кожны крок ці з’яву чарговую (заўсёды такую дарэчную) інтэнцыю. Няма нічога. Ёсць толькі трапна ўпісаная ў смарагд лагчыны груша. І бясспрэчная самадастатковасць гэтай лакальнай сістэмы каардынат не патрабуе аніякіх матэматычных выкладак.

Услухваючыся ў цішыню, разлітую навокал і адцененую шчэмлівым дрыжэннем лістоты, адчуваю татальную недарэчнасць у гэтай грушавай сістэме каардынат усяго таго, што настойліва звінела актуальнасцю яшчэ ўчора. Няма ніякіх “учора”. Каб адшукаць іх, трэба было б, напэўна, разбурыць тую трапяткую цішу, скрышыць у порах зіхатлівы, бліскучы смарагд, аднак ці ўдалося б, натбы захацеў? Смешна. І цішыню песціць усмешка, што незнарок ледзь кранае вусны…

“Чую ў цішы, як расце трава”, піша Багдановіч. Здаецца, таксама ў цішы чую, як расце нешта ўсярэдзіне. Яно не паддаецца рацыянальнаму аналізу, не хоча ведаць ніякіх канцэпцый, не імкнецца быць усвядомленым. Проста расце. І калі ўвечары ровар дамчыць мяне дамоў, буду ведаць адно: вельмі карысна выходзіць час ад часу па-за мяжу ўпарадкаванай штодзённасці. Вялікае бачыцца на адлегласці. А пераадольваць адлегласць – прыемна…

*        *        *

 

У кожнага з нас свая “груша сярод лагчыны” і свае “асфальтавыя метры па ўзгорках”. Зрэшты, ўсё нашае жыццё – пілігрымка. Пілігрымка, ў якой ёсць месца і для працы ў поце твару, і для радаснага адпачынку, для спазнання новых гарызонтаў і асэнсавання назапашанага вопыту. У фантазіях ды літаратурных творах, праз радыёхвалі ці экран тэлевізара, пехатою ці ў аўтобусе, чалавек ва ўсе часы імкнуўся зазірнуць за мяжу, што аддзяляе ягоную жыццёвую прастору ад таго, што звонку. Кожны новы крок на гэтым шляху – штораз новы ўзровень адчуцця нейкай невымоўнай тоеснасці паміж шматлікімі праяўленнямі светабудовы. Можа, менавіта таму, колькі разоў не выходзь на, здавалася б, знаёмы шлях, кожны раз гэта будзе спатканне з нязнаным.

Дарога вымагае ад чалавека пэўных вырачэнняў, перамог над сабою. Шлях – ці то жыццёвы, ці то “па бетонцы” – часта атаясняецца з ахвяраю, пакутай. Не выпадкова адбыць пілігрымку да святынь ва ўсе часы і ва ўсіх культурах лічылася справай вельмі самаадданай, калі не сказаць самаахвярнай. Чалавек, што выпраўляўся ў прошчу (так называюць паломніцтва ва Ўкраіне), развітваўся (“прашчаўся”) быццам назаўсёды, просячы прабачэння за ўсе крыўды. І не таму, што падарожнік баяўся нейкіх прыгод – прыгода можа стацца і без падарожжа, – а таму, што дарога, шлях – гэта таямніца. Таямніца новага нараджэння…

Чаго ж шукае пілігрым? Напэўна, сябе самога. І ў гэтым пошуку – шляхетная веліч, а таксама шмат цудаў. Ці не дзівосы: кіламетр пераадоленага шляху адначасова і аддаляе, і набліжае. Аддаляе ад таго “Я”, што было ўчора і трэцяга дня, з ягонымі ўстойлівымі стэрэатыпамі, рэакцыямі, хваравіта-зманнай самаздаволенасцю. Набліжае ж – да таго “Я”, якое кшталтуецца. Праз прызму фізічна перажытага, ўвабранага, ўпітанага ў сябе кіламетра з яго непаўторным, толькі яму ўласцівым – рукатворным ці прыродным – ландшафтам, чалавек фармуе ўласную ўнутраную “сакральную геаграфію”, потам выціскаючы з сябе ўсё, што відавочна страціла сэнс ды перспектыву, і падмацоўваючы засяроджанай увагай тое, што, як выдаецца, заўсёды было побач, толькі чамусьці не заўважалася. Ці не аб гэтым і словы “патрэбна нам нарадзіцца наноў”?

Адлегласць, такім чынам, адкрывае тое, што разгледзець сярод надзённых клопатаў ды абавязкаў не хапала часу. І зноў мы апыняемся перад велічнаю таямніцай жывых рэляцый паміж часам і прасторай, іх натуральнага (ці мо звышнатуральнага) ўзаемаперацякання. Часта даводзіцца чуць: не згубіўшы, не атрымаеш. Дык, можа, сапраўды варта нешта згубіць? Не абавязкова, каб атрымаць большае. Карысна ўжо страціць меншае – што ў кожным імгненні жыццёвай пілігрымкі замінае адчуванню жывой прысутнасці той адзінокай грушы ў смарагдавым адзенні. Ціхай Прысутнасці Невымоўнага…


2 Responses to "Артыкул канкурсанта №4."

  1. Валер пишет:

    Шлях ад “Я” учорашняга стэрэатыпу да “Я” сеньняшняга, сакральна геаграфічнага – гэта не нараджэньне наноў, бо гэта ня больш чым перамены пачуцьця ад сузіраньня навакольля. “Я” – гэта тое апошняе, пра што павінен думаць чалавек, калі ён сузірае наш цудоўны сьвет, які падараваў нам Бог для нашага жыцьця і існаваньня. Ён даў нам гэты сьвет, каб мы нарэшце ўбачылі цудоўнае блакітнае неба, цудоўную зямлю і ўсё, што ў іх, як веліч Госпада. Каб зразумелі, што ўсё гэта стварыў Ён, дзеля нас з вамі. І калі мы здолем убачыць гэта, дык нашае вялікае “”Я” ператворыцца ў такое, якім яно і павінна быць – маленькім “я”. Бо ня можа гаршок быць роўным з гаршэчнікам. Нараджэньне наноў – гэта калі вялікае “Я” скараецца перад Госпадам, прымае Ісуса Хрыста і становіцца простым “я”. Але гэтае “я” у прысутнасьці Хрыста і Сьвятога Духа ў мільён разоў вышэй за вялікае “Я” – стэрэатыпнае і сакральнае, бо мае найвялікшую славу – жыцьцё вечнае. Амэн.

  2. Karyna пишет:

    Пазбавіцца стэрэатыпаў і нанова нарадзіцца – цалкам з Вамі згодная. Вельмі спадабалася…

Напісаць каментар

Адправіць каментар


шесть × девять =

Апошнія артыкулы