logo piligrymka





Віншуем са святам Пасхі!


Odnoklassniki VKontakte Facebook Twitter Mail.ru ← падзяліцеся ў сацыяльных сетках з сябрамі

Свята Пасхі дазваляе нам па-новаму ўзглянуць на наншае жыццё.

Дзякуючы Уваскрэсенню Хрыста, наша вера мае сэнс, а таксама і наша зямное жыццё набывае непаўторны сэнс. А таму традыцыйна гэтае вялікае свята Вялікадня, мы называем светлым святам. Сапраўды, перамога Хрыста над смерцю нясе чалавеку прасвятленне, ён бачыць жыццё па-новаму, хаця і надалей застаецца ў той самай рэчаіснасці, жыве ў тым самым быце, мае тыя ж самыя штодзённыя праблемы, але святло Хрыстовае асвятляе па-новаму гэтае жыццё і ў гэтым ёсць прыгажосць хрысціянскай веры.

Прыгажосць веры яшчэ ёсць і ў тым, што не толькі Хрыстос уваскрос, але і мы, дзякуючы ягонаму ўваскрашэнню таксама ўваскрэснем. І нас чакае галоўная перамога ў нашым жыцці: мы пераможам сваю смерць, а разам з ёй і ўсе свае слабасці, усе грахі. Урэшце, асягнем той стан у жыцці, у якім не будзе больш болю і непрыемнасцяў, а будзе толькі радасць, будзе жыццё вечнае. Таму ўвесь хрысціянскі свет з такім нецярпеннем чакае кожнага году свята Вялікдня, свята Уваскрэсення Хрыста.

Святкуючы Вялікдзень, хацелася б таксама, каб кожны з нас яшчэ раз задумаўся над сваім сэнсам жыцця, над тым, якое месца ў ім займае Бог. Сапраўдны хрысціянін шукаючы адказ на гэтыя пытанні, не баіцца крытычна ўзглянуць на той Касцёл, да якога прыналежыць. На тую супольнасць ў якой найбольш праяўляецца ягоная вера ў Бога. Хацелася б прыгадаць словы новаабранага Папы Рымскага Францішка. Акурат тыя словы, вельмі прыгожыя і вельмі глыбокія, якія ён сказаў у той момант, калі быў абраны, каб узначаліць Пятровы пасад: “Хачу, каб Касцёл быў бедны, і для бедных.”

 І сапраўды, задумаўшыся, мы прыходзім да такой высновы. Калі касцёл будзе бедны, убогі ў сродках сваёй дзейнасці, будзе спадзявацца выключна на Бога, на ягоную прадбачнасць, а не на свае матэрыяльныя магчымасці і дыпламатычную палітыку, якую цалкам добра праводзіць, то будзе яшчэ больш падобны да таго Касцёла і супольнасці вернікаў, пра якую можам прачытаць на старонках Святога Пісання ў Новым Запавеце. І гэта добра, калі Касцёл зразумее тое, што ён заснаваны Хрыстом быць для бедных. Можам прыгадаць, што да Хрыста ў першую чаргу прыходзілі тыя, хто больш ужо не меў да каго пайсці. Гэта былі людзі бедныя, яны апрача сваіх праблемаў ці то духоўных, ці то матэрыяльных нічога больш не мелі. І Хрыстос іх прымаў. Хрыстос дапамагаў людзям пакінутым і дазваляў убачыць ім па-новаму сэнс свайго зямнога існавання. Людзі прыходзілі з пустымі рукамі, але адыходзілі напоўненыя новым сэнсам свайго жыцця. Хрыстос даваў ім той скарб, які яны шукалі ўсё свае жыццё. Важна, каб Касцёл і ў сённяшні час выконваў тую самую місію Хрыста, дзеля якой ён і быў заснаваны – быць для бедных.

Уваскрослы Хрыстос дае чалавеку надзею. Чалавек можа сябе давесці да пэўнага жыццёвага тупіка, і больш не будзе бачыць ніякага прасвету і выйсця. Можа нават заўчасна загнаць сябе ў магілу. Але калі нават на парозе сваёй магілы ён звернецца да Бога, то зноў знойдзіць сэнс у жыцці. Дастаткова толькі прыгадаць пра пусты гроб Хрыста.

Часам чалавек баіцца паверыць у Хрыста, прыняць веру і быць добрым у гэтым свеце, жыць паводле свайго сумлення. Свята Вялікадня, Уваскрэсення Хрыста дапамагае чалавеку здабыць адвагу. Не баяцца пачаць жыць па-новаму, так, як гэтага хоча і сумленне чалавека, і сам Бог. Пасха Хрыста – Яго пераход ад смерці да жыцця, дазваляе хрысціяніну здзейсніць пераход ад несвядомага прабывыання ля сваёй магілы да паўнакроўнага жыцця прасякнутага глыбокім сэнсам зямнога вандравання.

А таму не трэба баяцца прыйсці да Бога нават у той час, калі ты сябе адчуваеш убогім, непатрэбным чалавекам. Не трэба баяцца прыйсці да Бога, калі ты планаваў будаваць сваё жыццё, спадзяючыся толькі на свой розум, свае сілы і здольнасці, а ў цябе нічога не атрымалася. І не трэба баяцца, паспрабаваць сёння,  разам з Ім распачаць жыццё нанова.

Хрыстос перамог смерць, перамог грэх, скарыстай з гэтай перамогі. Няхай добры Бог дазволіць кожнаму з нас гэта свята Вялікадня пражыць у непаўторнай атмасферы радасці. Я заахвочваю ўсіх вас дзяліцца гэтай радасцю. Дзеля гэтага Хрыстос і прыйшоў на гэты свет, каб зразумець, што мы тут не самотныя, мы ўсе з’яўляемся дзяцьмі аднаго Бога. Можам жыць шчасліва толькі ў той час, калі будзем бачыць побач з сабой іншага чалавека і будзем імкнуцца яму прынесці тую радасць, якую нам прыносіць свята Уваскрэсення Хрыстовага.

Хрыстос ўваскрос!

Сапраўды ўваскрос!

Кс.Вячаслаў Барок.

Напісаць каментар

Адправіць каментар


шесть − пять =

Апошнія артыкулы