logo piligrymka





У касцёлах Віцебшчыны мода на фрэскі


Odnoklassniki VKontakte Facebook Twitter Mail.ru ← падзяліцеся ў сацыяльных сетках з сябрамі

У Віцебскай дыяцэзіі касцёлы ў Полацку, Ахрэмаўцах і Расонах аздоблены фрэскамі мастака Уладзіміра Кандрусевіча. Пра сакральную эстэтыку і майстэрства сценапісу чытайце ў гэтым інтэрв’ю.

 

– Спадар Уладзімір, адкуль у Вас зацікаўленасць фрэскамі?

– Я вучыўся ў Акадэміі мастацтваў. Вывучэнне сценапісу было часткай праграмы. Маёй дыпломнай працай было таксама выкананне фрэсак у полацкім касцёле. Потым удалося выйграць грант і трапіць на стажыроўку ў Фларэнцыю, каб там удасканаліць свае веды менавіта ў сценапісе.

– А колькі часу трэба, каб намаляваць фрэску?

– Цяжка адназначна сказаць. Неабходна ўлічыць час падрыхтоўкі, калі робіцца сам эскіз. У падрыхтоўцы да выканання фрэскі схаваны і адказ, чаму мне падабаецца займацца фрэскамі, і маё мастацкае крэда. Сама тэхніка вымагае пільнай падрыхтоўкі і вельмі хуткага выканання. Спачатку малюецца так званы кардон – эскіз у натуральную велічыню на паперы. Пасля з яго здымаецца калька. І далей малюнак пераносіцца на сцяну. Закладваецца кавалак тынкоўкі, які мастак паспее зрабіць за адзін дзень. Гэты кавалак называецца “джарната” – ад італьянскага “giorno”, што значыць “дзень”. Праваслаўныя сценапісцы называюць гэта “днёўкамі”. Пасля перанясення малюнка на сцяну мастак працуе фарбамі, выкарыстоўваючы пэндзаль.

– А як жа быць са швамі, што паўстаюць паміж джарнатамі?

– А гэта і ёсць асаблівасць сапраўднай фрэскі – малюнка, які паўстае на сырой тынкоўцы. Нават у альбомах мастакоў Адраджэння – таго ж Мікеланджэла – побач з рэпрадукцыямі падаецца маленькая схемка, каб паказаць, якімі кавалкамі ён працаваў дзень за днём. Візуальна гэта можна заўважыць на фрэсцы.

– Як уплывае ацяпленне на фрэскі? Ці ёсць тут нейкія асаблівасці?

– Калі ў касцёле сапраўдныя фрэскі, то яны не баяцца ніякіх маразоў і перападаў тэмпературы. Тэхніка фрэсак даказала, што яна доўгатрывалая. Фарбы становяцца часткай тынкоўкі. Таму мы сёння можам захапляцца творамі мастацтва, якія паўсталі 500 гадоў таму. Чаго нельга сказаць пра акрылавыя фарбы, якія былі вынайдзеныя адносна нядаўна. Яны яшчэ не прайшлі праверкі часам. Адзінае, чаго трэба асцерагацца, – гэта каб фрэскі не залівала вадой. Бо калі раптам фрэска прамерзне, то лёд можа панішчыць тынкоўку, а разам з ёй і фрэску. Калі мы ўжо загаварылі пра сцены, то варта ўзгадаць, што алейныя фарбы робяць шкоду для сценаў у касцёле. Яны не даюць ім дыхаць, што можа прывесці да назапашвання кандэнсату на сцяне, а затым і з’яўлення цвілі… А наогул, я лічу, чаго найбольш баіцца фрэска – гэта чалавечага глупства.

– Вы маеце на ўвазе, каб ніхто не лез папраўляць фрэскі, рэстаўраваць іх, не маючы адпаведнай кваліфікацыі?

– Не толькі. Давялося чуць, як у адным з беларускіх храмаў прыбіральшчыца заўважыла, што фрэскі становяцца больш выразнымі, калі іх змачыць вадой. Таму яна кожную раніцу працірала іх анучай з самых найлепшых намераў. Вядома, карысці для фрэскі тут не было ніякай, а наадварот.

– Скажыце, чаго не хапае сёння беларускім касцёлам у плане эстэтыкі?

– Думаю, ёсць у нас праблема з пераемнасцю. Гэта значыць, калі кожны новы гаспадар хоча прыўнесці нешта сваё ва ўнутранае ўбранства святыні, не звяртаючы ўвагі на тое, што ўжо зроблена ў касцёле. Атрымліваецца, што няма нейкай агульнай канцэпцыі. Напрыклад, вернікі найбольш дбаюць пра бакавы алтар. Робяць яго стракатым, яскравым, выразным. А як ён упісваецца ў агульны хор – не задумваюцца.

– А як змагацца з кічам* у беларускіх касцёлах? Можа, прычына тут у недахопе фінансаў?

– Думаю, што прычына тут не ў грошах. Трэба давяраць справу прафесіяналу, каб параіў нешта. Даводзілася бачыць, як у рамонт укідваюцца вялікія грошы, а без толку. Мне здаецца, што ўжо наспела ідэя стварэння нейкая мастацкай камісіі, каторая б зацвярджала праекты рамонтаў у касцёлах.

 

– Можаце сказаць, чаго не павінна быць у святыні?

– Сайдынгу адназначна не павінна быць. Але справа ў ментальнасці. Прыкра, калі ў будынку бачная задума архітэктара, а падчас рамонту паўстаюць нейкія штучныя шырмы. Хочацца шчырасці, сапраўднасці. Не зусім разумею, калі робяць прыгожую гранітную падлогу і потым засцілаюць яе дыванамі.

– Чаму, на Вашу думку, варта распісваць касцёлы сёння?

– Ведаеце, можа быць і нямецкі стыль у касцёле, дзе больш белых сцен. Ён больш рацыянальны. У Фларэнцыі, напрыклад, калі заходзіш у святыню, проста стамляешся ад мастацтва. Там касцёлы ім проста перанасычаныя. Але ў нас, у Беларусі, сёння на людзей уплывае шмат бруднай візуальнай інфармацыі. Таму мне здаецца, што важна, каб чалавек, прыйшоўшы ў касцёл, мог убачыць нешта добрае і прыгожае. Гэта датычыць пераважна дзетак, на якіх з маленства моцна ўплываюць карцінкі. Вядома, фрэскі не могуць быць заменай казанням ці катэхезам, але, думаю, яны добра дапамагаюць у выхаванні. Памятаю гутарку з адным нямецкім святаром, які пажартаваў, што сённяшні чалавек моцна падобны да чалавека з Сярэднявечча. У Сярэднявеччы малюнкі дапамагалі непісьменнаму чалавеку спасцігнуць ісціны веры. А сёння чалавек, хоць і ўмее чытаць, але не хоча гэтага рабіць, або не мае часу. Таму ён усё больш патрабуе відэаінфармацыі. І фрэскі тут з’яўляюцца вялікай дапамогай.

– Ці ёсць у Вас вучні?

– Я па шчырасці прызнаюся, што ў мяне самога больш пытанняў, чым адказаў. Я ўвесь час у пошуку. А вучыць таксама трэба ўмець. Бо справа нават не ў перадачы тэхнікі. Справа ў творчасці. Таму пакуль вучняў няма.

– Ведаю, што Вы выконваеце працы і па прыватных замовах. Якая праца Вам больш падабаецца: для касцёлаў ці для прыватных асоб?

– Адназначана больш люблю працаваць у касцёлах, таму што гэтая праца для людзей. У прыватным доме лёс фрэскі залежыць ад жаданняў гаспадара. Задумаецца яму зрабіць рамонт і ўсё змяніць – і фрэска, над якой столькі працаваў, можа знікнуць. У парафіях жа фрэскі не знікнуць, і іх змогуць пабачыць усе, хто захоча, а ў прыватным дамах – на жаль, толькі абмежаванае кола людзей.

 

– Ці бывае ў Вас дзень без мастацтва?

– Вядома, бывае. У мяне ёсць сям’я. Нядаўна быў дзень народзінаў сына. Мы ўвесь дзень з ім гулялі ў піратаў.

– Наколькі Вы заняты? Ці доўга трэба будзе чакаць пробашчу, які захоча вас запрасіць на працу ў свой касцёл?

– Ведаеце, праца ў касцёлах сезонная. Рэдка дзе бываюць такія ўмовы, што можна працаваць над фрэскай і зімой. Аднак, як я ўжо сказаў, фрэска – гэта агромністая папярэдняя праца ў майстэрні па стварэнні эскіза. Я максімальна выкарыстоўваю час, таму доўга чакаць святарам не даводзіцца.

– Жадаю Вам шмат замоў на працу ў беларускіх касцёлах і плённага творчага пошуку.

– Дзякуй.

 

 

Гутарыў кс. Віктар Місевіч

www.catholicnews.by

*Кіч – (ням.: Kitsch) – таннасць, безгустоўшчына

 

 

Напісаць каментар

Адправіць каментар


девять + девять =

Апошнія артыкулы