logo piligrymka





Кракаў


Odnoklassniki VKontakte Facebook Twitter Mail.ru ← падзяліцеся ў сацыяльных сетках з сябрамі

На працягу стагоддзяў, Кракаў не перажываў ні моцных падзенняў, ні уздымаў. Трымаючыся залатой сярэдзіны, яго абыйшлі тыя падзеі, што нясуць за сабой жорсткія змены. Кракаўскі Стары горад амаль цалкам захаваў сваё гістарычнае аблічча, перамены ж, якія рабілі змены моды і стыля, ніколі не былі глабальнымі. Горад не разбураўся з часоў татарскага нашэсця ў 1241 г. і па сённяшні дзень здзіўляе сваёй прыгажосцю і гармоніяй.
А першыя пісьмовыя сведчанні пра яго з’явіліся ў летапісах VІІІ-ІХ стст.; так, напрыклад, арабскі купец-падарожнік Ібрагім ібн-Якуб, упамінаючы пра горад “Карока”, пісаў, што яго гандлёвыя сувязі цягнуліся аж да “ русаў і Канстантынопаля ” (і сапраўды ў тыя часы Кракаў гандляваў з усёй Еўропай, і на яго вуліцах можна было сустрэць нават багдацкіх купцоў і сарацынаў). Але яшчэ значна раней (у ІІ ст.) у адным з запісаў александрыйскага навукоўца Клаўдзія Пталемея фігуруе горад Карродунум над Віслай. І найноўшыя археалагічныя дадзеныя падцвярджаюць, што ўжо ў той час на схілах Вавельскага пагорка было шмат пячор і існавала ўмацаванае паселішча.
Імклівае развіццё горад атрымлівае з 1000 г., пасля ўсталявання Кракаўскай епархіі. У 1038 г. кароль Казімір зрабіў горад сталіцай сваёй дзяржавы. З гэтага часу на вавельскім халме ўзнікае мноства каменных пабудоў. Кракаў робіцца адной з галоўных рэзідэнцый польскіх каралёў з дынастыі Пястаў. Ужо тады ён быў ажыўлённым, высокаразвітым паселішчам: валодаць ім азначала валодаць усёй краінай. У ХІІІ ст., падарожнікі, што ехалі да новай рэзідэнцыі, бачылі, што “ Кракаў абнесены падвоеннымі умацаванымі мурамі з вежамі; ёсць у ім шмат прыгожых дамоў і вялікіх храмаў ”.
Першая каранацыя князя Уладзіслава Лакетка ў 1320 г. у Вавельскім кафедральным саборы замацавала за Кракавам статус сталічнага каралеўскага горада. Найбольшы росквіт горада прыпадае на часы праўлення апошняга караля з дынастыі Пястаў Казіміра Вялікага. Пра гэтага караля кажуць, што ён атрымаў Польшчу драўлянай, а пакінуў каменнай. У першую чаргу гэта тычыцца і Кракава. Казімір пашырыў Вавель і ўзвёў на халме новыя кафедральны сабор і каралеўскую рэзідэнцыю. Амаль адначасова пашыраліся і ўмацоўваліся гарадскія муры, будаваліся Сукеніцы, 9 новых касцёлаў, Ратуша.
У XV і XVI стст. Ягелоны стварылі ў Цэнтральнай Еўропе моцную дынастыю, а Кракаў атрымаў статус галоўнага горада ўжо гэтай дынастыі. У сталіцы наступіла імклівае развіццё рэнесанснай культуры. Па запрашэнню караля Жыгімонта І і яго жонкі Боны з рода Сфорца тут працавалі выбітныя архітэктары і скульптары – Франчэска Фларэнціна, Барталамеа Берэччы, Джаванні Марыя Падавана. Вынікам дзейнасці гэтых дойлідаў была перабудова папярэдняга гатычнага замка ў новую рэзідэнцыю, якая захавала свой рэнесансавы выгляд да сённяшняга дня.
А самым каштоўным дасягненнем эпохі Адраджэння ў Кракаве, а, можа, і найбольш знакамітым будаўніцтвам ва ўсёй Паўночнай Еўропе, робіцца ўзвядзенне Барталамеа Берэччы капэлы Жыгімонта Вавельскага кафедральнага сабора.
Са смерцю Жыгімонта Аўгуста, апошняга караля з дынастыі Ягелонаў, падыходзіць да свайго заканчэння эпоха росквіту і магутнасці Кракава. Пасля заключэння Люблінскай уніі паміж Каралеўствам Польскім і Вялікім княствам Літоўскім у 1569 г. Кракаў, аказаўшыся на ўскрайку вялікай Рэчы Паспалітай, губляе сваё ранейшае гістарычнае значэнне, саступаючы месца Варшаве, што знаходзілася ў цэнтры дзяржавы. Канчатковы перанос сталіцы завершыў у 1609 г. Жыгімонт ІІІ Ваза. Прычынай для гэтага стаў пажар, які здарыўся на Вавеле. Пасля яго кароль вырашыў не аднаўляць замак, а проста пераехаць у Варшаву.
Аднак Кракаў не згубіў да канца сваю славу сталічнага горада. Вавельскаму кафедральнаму храму был нададзены ранг каранацыйнага сабора ўсіх польскіх каралёў і іх пахавальнай капліцы, бо вавельскі замак па-ранейшаму заставаўся ў іх уладанні.
Не стараціў горад і сёння сваю пазіцыю важнага навуковага і культурнага цэнтра. Ён – радзіма двух нобелеўскіх лаурэатаў па літаратуры – Чэслава Мілаша і Віславы Шымборскай. У Кракаве пражыў большую частку свайго жыцця і Станіслаў Лем. Менавіта ў інтэлектуальных колах Кракава фармавалася асоба Яна Паўла ІІ.

Напісаць каментар

Адправіць каментар


× восемь = сорок восемь

Апошнія артыкулы