logo piligrymka





Больш развагі і менш забароны. Не залівайце вушы воскам.


Odnoklassniki VKontakte Facebook Twitter Mail.ru ← падзяліцеся ў сацыяльных сетках з сябрамі

Кожны раз, калі бачу альбо чую, што хрысціян абражае нейкая мастацкая інтэрпрэтацыя постаці Ісуса Хрыста, біблійнай сцэны і пры гэтым яны поўныя жадання заатакаваць гэты твор, мне ўспамінаецца пэўная сцэна з Новага Запавету, з Евангелля паводле Лукі (Лк 9.52-56).  Аднойчы жыхары самарытанскай вёскі адмовіліся прыняць у сябе чалавека з Галілеі, то-бок, Ісуса. Раз’юшаныя апосталы кажуць Яму, што калі хочаш, мы спашлем агонь з неба на іх. Рэакцыя Ісуса была катэгарычнай. Ён забараняе гэта рабіць і заклікае апосталаў памятаць пра тое, якога яны духа маюць.

Не ўсе прыймаюць Хрыста і не ўсе прыймаюць Яго такім, якім мы прыймаем Яго, як пасланніка ад Бога, Сына Божага. Зрэшты, кожны на гэта мае сваё права. Таму мне падаецца, што сілай і прымусам нельга навязваць веру ў Хрыста, альбо наш спосаб успрыняцця Яго. Мы хочам думаць, што Хрыстос прыналежыць нам, нашым цэрквам. Ён наша ўласнасць. Мы маем права на Яго і таму маем права абараняць Яго.  Аднак, насамрэч, усё выглядае інакш. Гэта мы можам прыналежыць Яму, калі жывем верай у Яго. Ён здольны абараніць нас. Карацей, нельга валодаць Хрыстом і мець манаполію на Хрыста. У Хрыста можна толькі верыць. Інакш усё выглядае досыць смешна.

Часта прыхільнікі такой манаполіі сцвярджаюць, што пэўныя адвольныя інтэрпрэтацыі забіваюць веру хрысціян. Дык дзеля гэтага і ёсць цэрквы каб чалавек рос у веры, у пазнанні Бога, Бібліі. Чалавек, якому дапамаглі ўбачыць і зразумець прыгажосць мэсыджа Хрыста, наўрад ці, ад Яго адмовіцца, паглядзеўшы “неадпаведны” фільм, прачытаўшы “не тую” кніжку, схадзіўшы на оперу. Замест таго каб заплюшчываць вочы, затыкаць вушы і не сустракацца з тым, што можа пазбавіць нас раўнавагі, лепш адкрываць моц і захапляльнасць сапраўднага жыцця, якім абдарыў нас Бог.

У Гамера, у ягонай Адысеі ёсць такая сцэна, калі дзеля свайго ратавання, маракі на караблі залівалі вушы воскам, каб не чуць чароўны спеў сірэн ды не скокаць у мора за сваёй смерцю. Сам Адысей загадаў сваім спадарожнікам прывязаць яго да мачты, каб не спакусіцца на зачараванасць марскіх істот. А вось у Арганаўтах ёсць падобная сцэна, калі маракі трапляюць у набліжаную сітуацыю да сітуацыі Адысея. Вырашэння праблемы зусім іншае. На караблі быў Арфей, які дзеля ратавання каманды пачаў граць на ліры. Яго музыка была настолькі прыцягальнай, што сірэны проста не маглі спаборнічыць з ёй. Мне персанальна больш падабаецца другое вырашэнне праблемы. Замест таго каб змагацца з эвентуальным злом, небяспекай, лепш мацней прывязвацца да праўды. Праўда і прыгажосць кажуць самі за сябе.

Праблема ў тым, што цэрквы часта прапануюць чалавеку фальклорную абраднасць, альбо вонкавасць формы: як паставіць свечку, як зрабіць знак крыжа і г. д.. Цэрквы не фармуюць людзей веры, перакананых у сваіх поглядах, ведаючых гісторыю хрысціянства, абазнаных у тэалогіі. Варта больш часу прысвячаць на паглыбленне сваёй веры, а не на змаганне з людзмі іншых светапоглядаў. Цэрквам і хрысціянам варта адкрываць свету і грамадству прыгажосць і захапляльнасць Хрыста.

Вышэй сказанае, ёсць пэўным ключом для выршэння праблем звязаных са спробамі забароны тога ці іншага твора, які можа абразіць перакананні пэўных хрысціянаў. Хрысціянам трэба спялець і сталець. Нельга увесь час заставацца недаспелымі. Недаспелая садавіна правакуе кепскі эфект. Кажу такія рэчы, бо я сам хрысціянін. Таму, як мяркую, магу быць досыць крытычным.

Я супраць усялякіх забарон. Мы жывем у грамадстве, дзе  і так ёсць шмат сумнеўных камісій з сумнеўнымі адмыслоўцамі і прафесіяналамі, якія забараняюць вельмі шмат. На слова трэба адказаць словам, а не проста прымусіць некага замаўчаць.

Прыклады неякіх забарон фільмаў, кніг з боку касцёла у Беларусі я не памятаю. Мажліва яны і былі. Толькі я добры кавалак часу правёў у служэнні за мяжой, таму цяжка нешта прыгадаць. Падаецца фільм Код Да Вінчы па кніжцы Браўна выклікаў у коле хрысціянаў неадназначную рэакцыю. Фільм дарэчы вельмі банальны і прымітыўны ў сваім змесце, як і сама кніга. Я памятаю, як упершыню з гэтай кнігай я сутыкнуўся на лётнішчы ў Ёханэсбургу, у Паўднёвай Афрыцы, чакаў свой самалёт на Лёндан. Я заўважыў, што шмат англамоўных чытае гэту кнігу. Пазнаёміўшыся з сціслым зместам кніжкі, я толькі пасмяяўся і, шчыра кажучы, не хацеў марнаваць свой час на чытанне такога прадукта. Свой час тады прысвеціў на падрыхтоўку біблійнага курса ў Рыме, дзе меў прадставіць свае напрацоўкі. Падаецца, калі чалавек заняты справай, то ён меньш займаецца глупотамі. Нешта забараняць, паводле мяне, няма сэнсу. Можна проста параіць устрымацца ад прагляду, ад чытання, калі лічым, што нешта можа прынесці шкоду тым, каго любім, за каго нясем адказнасць. Забарона ж мае супрацьлеглы эфект. Трэба займацца асветніцтвам. Гэта значна цяжэй, бо больш патрабуе нашых высілкаў ды крэатыўнасці, нашай сістэматычнай працы. Таму, невыпадкова, пра забарону выступае той, хто меньш мае жадання рэальна працаваць з людзьмі. Гэта мой пункт гледжання.

Напісаць каментар

Адправіць каментар


+ два = пять

Апошнія артыкулы