logo piligrymka





Быць з моладдзю — прынцып святара


Odnoklassniki VKontakte Facebook Twitter Mail.ru ← падзяліцеся ў сацыяльных сетках з сябрамі

16–18 жніўня ў горадзе, які знаходзіцца на ўзбярэжжы паміж двух блакітных азёраў Дрывяты і Навяты, праходзіла дыяцэзіяльная сустрэча моладзі. Сюды з’ехаліся юнакі і дзяўчаты з Віцебска, Паставаў, Расонаў, Гудагая і іншых гарадоў Віцебскай і суседніх вобласцяў. Пра ўдзел у мерапрыемствах распавёў пробашч парафіі ў Расонах ксёндз Вячаслаў Барок.

— Я лічу, што такія сустрэчы моладзі, якія ладзяць каталіцкія супольнасці, вельмі важныя. Касцёл з’яўляецца ў нашым грамадстве менавіта тым асяродкам, які дапамагае маладым людзям знаходзіць саміх сябе. На працягу гэтых дзён яны ўмацоўваліся духоўна, сустракаючыся на малітве, пазнаючы Святое Пісанне, гісторыю і традыцыі каталіцтва на Беларусі. Апроч гэтага, яны атрымлівалі інтэлектуальны скарб, дзяліліся сваім досведам, і гэта пакінула след у іх сэрцах, і будзе прыносіць плён у будучыні.

— Якая форма супрацоўніцтва моладзі Вам падаецца найбольш важнай?

— У праграме былі прадугледжаныя малітоўныя сустрэчы, адпачынак, былі сустрэчы ў групах, танцы, футбол. Кожны мог знайсці для сябе штосьці важнае і карыснае.

У Полацкім дэканаце, да якога мы належым, сістэматычна адбываюцца дэканальныя спатканні, дзе моладзь разважае на розныя тэмы. У мінулым годзе сустрэча праходзіла пад дэвізам «Не бойцеся!». На ёй гаварылася пра тое, як у сучасным свеце, складаным і неадназначным, не баяцца вызнаваць свае хрысціянскія перакананні, як заставацца верным і сваім маральным прынцыпам.

— Можа, у Вас ёсць і свой сакрэт, як перадаваць моладзі досвед веры, наблізіць да Касцёла ці Царквы, даць магчымасць праявіць актыўнасць?

— Тут адзін сакрэт: з моладдзю трэба быць. Калі святар будзе прысвячаць ёй не сваю плябанію і не грошы, а самае дарагое — свой час, сваё сэрца, тады моладзь будзе благаслаўлёнай. У гэтым увесь сакрэт. Як аддасі сэрца, тады і маладыя застануцца побач.

Існуе шмат суполак у сацыяльных сетках, на «фэйсбуку», «у кантакце», якія прапагандуюць хрысціянскі лад жыцця, і гэта трэба абавязкова выкарыстоўваць. Кажучы інакш, для мудрага чалавека ўсе магчымасці будуць спрыяць развіццю.

Цёплая атмасфера сустрэчы характарызуецца і тым, што ўсе маладыя людзі, а іх было больш за 300 чалавек, былі размеркаваныя па дамах добрых гаспадыняў, па хатах браслаўскай парафіі. Гэта значыць, што сустрэча сягнула за межы касцёла, людзі адкрыліся на моладзь, прымалі чужых людзей, дзяліліся тым, што маюць. Такі досвед ўзбагачаў і тых, хто карыстаўся гасціннасцю, і тых, хто ёю дзяліўся.
У Браславе такія сустрэчы кожны год папярэднічаюць вялікім урачыстасцям, звязаным з абразом Божае Маці Валадаркі Азёраў.

Дыяцэзіяльныя сустрэчы — форма дзейнасці, якую ўпадабала беларуская моладзь. Гэта ўлюбёная форма сустрэчаў пасля пілігрымак. Маладыя людзі любяць хадзіць у пешыя пілігрымкі ў Будслаў, у Росіцу. На спатканнях моладзь можа і адпачнуць крыху. Кожны год моладзевыя сустрэчы адбываюцца ў Івянцы.

 — Цяпер важна адрадзіць традыцыю, каб бабулі і дзядулі дзяліліся сваім досведам і, наадварот, каб маладыя людзі неслі святло веры тым бацькам, якія сумняваюцца. Можа ў Вашай сям’і ўжо існуе такая традыцыя?

— Для мяне непараўнальны дар, скарб, які я атрымаў, — рэлігійнае выхаванне ў сваёй хаце. Мае бацькі былі і ёсць сапраўднымі веруючымі людзьмі, католікамі. Яны не цуралілся сваёй веры, дэкларавалі яе. Гэта стала той асновай, на якой узрастала мая вера.

Мае бабуля і дзядуля кожны дзень маліліся, я гэта памятаю. Я вырас у сям’і, дзе гадавалася дзевяць дзяцей. Мой брат — таксама святар, ён прапаведуе хрысціянства. Я магу ганарыцца тым, што мае бацькі выхавалі мяне ў веры. Мая маці Валянціна і бацька Зыгмунт жывуць у Мёрах, і я ім бясконца ўдзячны за ўсё.

Эла Дзвінская

Напісаць каментар

Адправіць каментар


три × семь =

Апошнія артыкулы