logo piligrymka





Падуя


Odnoklassniki VKontakte Facebook Twitter Mail.ru ← падзяліцеся ў сацыяльных сетках з сябрамі

Падуя – вельмі старажытны горад, які паўстаў з рыбацкай вёсачкі. Першыя пасяленні людзей па дадзеным археалогіі з’явіліся тут прыблізна ў ХІ-Х стст. да н.э.
Пачынаючы з 226 г. да н.э. горад уступіў у саюз з Рымам супраць Цызальпінскай Галіі. Гэты саюз был падцвержаны шмат разоў, калі Падуя змагалася разам з рымлянамі, а ў 45 г. да н.э. яна перайшла і пад муніцыпальнае кіраўніцтва Рыма, стаўшы часткай так званага дзесятага каралеўства. Пры імператары Аўгусце Падуя дасягнула высокага эканамічнага ўзроўня: горад з’яўляўся важным транспартным цэнтрам і разбагацеў дзякуючы вытворчасці шэрсцяных вырабаў.
У сярэднявеччы Падуя становіцца свабоднай камунай, а ў 1405 г. горад робіцца часткай Венецыянскай рэспублікі. У гэты час Падуя губляе сваю палітычную значнасць, але менавіта на працягу XIII-XIV стст. горад уступіў у перыяд развіцця культуры і мастацтваў, стаўшы лідэрам у гэтай сферы.
Прыблізна ў гэты час у Падуі сфармаваўся і архітэктурны комплекс, які да сённяшняга дня лічацца цэнтрам горада. Складаецца ён з трох плошчаў, што амаль не сутыкаюцца: дэлле Эрбэ, дэлла Фрутта і дэй Сеньёры. Самай вялікай плошчай у горадзе становіцца Прата делла Валле. Канфігурацыя якой была вырашана, як эліптычная, вакол цэнтральнай часткі былі размешчаны канал з падвойным колам статуй, якіх налічвалася 78. Большай часткай скульптуры паказваюць прафесараў універсітэта, артыстаў, вайскоўцаў і былых кіраўнікоў гораду. У сярэдзіне плошчы ў 1218 г. супольнасцю Падуі для паседжанняў суда быў узведзены Палац Розуму. Верхні паверх займала адзіная вялікая заля, цалкам упрыгожаная фрэскамі на астралагічныя і рэлігійныя тэмы. На сценах можна было ўбачыць больш за 300 фрэсак Мікола Мірэтта і Стафана дэе Феррара. Роспісы падзяляліся на 12 зон: кожная была прысвечана аднаму з месяцаў году. Евангельскія і біблейскія сюжэты перакрыжоўваліся са сцэнамі працы з сялянскага жыцця.
Каля Палаца Розума узнік і Падуанскі універсітэт – адзін з самых старых у Еўропе. Заснаваны ён быў у 1222 г., стаўшы адным з цэнтраў навукі эпохі Адраджэння. Тут вучыліся ці працавалі такія дзеячы першай велічыні эпохі Адраджэння, як Піка дэлла Мірандола, Мікалай Кузанскі, Капернік, адзін з заснавальнікаў італьянскай літаратурнай мовы П’етра Бэмба, Таркапта Тассо, Галілей, Францыск Скарына, беларускі першадрукар і асветнік.
У XІV ст. узводзіцца і капела Скравеньі, якая ўяўляе сабой маленькую каменную пабудову невядомага архітэктара. Яна была закладзена ў 1300 г., аб’яўленым папам Рымскім юбілейным, і асвечана ў дзень Дабравесця ў 1303 г., які стаўся галоўным яе святам у наступныя гады. Назву капела Скравеньі атрымала ад імя яе фундатара – Энрыка Скравеньі, які замаўляў капэлу для выратавання душы свайго бацькі ліхвяра. У 1305 г. заказчык даручыў Джотта распісаць капліцу, і мастак стварыў цэлы цыкл з 37 фрэсак на тэмы жыцця Ісуса Хрыста і Марыі. У мастака атрымалася стварыць новы тып жывапіснага мыслення. Рашэнні, знойдзеныя Джота ў гэтай працы, актыўна выкарыстоўваліся майстрамі наступных пакаленняў.
З заняпадам у 1797 г. Венецыянскай рэспублікі, якая апекавалася Падуяй, горад перажывае марудны эканамічны ўпадак, адлюстраваны ў сціплай архітэктуры прыватных і дзяржаўных будынкаў таго часу.
У 1815 г., пасля кароткага перыяда валадарства Напалеона Банапарта на тэрыторыі Італіі, Падуя ўваходзіць у склад Ламбарда-Венецыянскага каралеўства, якое з’яўлялася часткай уладанняў Аўстрыі.
У склад Італьянскага каралеўства горад уваходзіць толькі ў 1866 г., пасля вайны за незалежнасць Італіі.
Новы перыяд эканамічнага роста пачаўся ў першыя гады ХХ ст., дзякуючы развіццю прамысловасці, гандлю і сферы паслуг; у перыяд паміж дзвюмя сусветнымі войнамі рост яшчэ паскорыўся, а за апошнія трыццаць гадоў Падуя стала адным з важнейшых эканамічных і культурных цэнтраў Паўночна-Усходняй Італіі.

Напісаць каментар

Адправіць каментар


семь × = двадцать один

Апошнія артыкулы