logo piligrymka





Парыж


Odnoklassniki VKontakte Facebook Twitter Mail.ru ← падзяліцеся ў сацыяльных сетках з сябрамі

Сёння дакладна вядома, што Парыж узнік пасярэдзіне Сены на маленькай выспе Сітэ.

Першыя згадкі пра Парыж і гальскае племя парызееў адносіцца да 53 г. да н.э., калі Юлі Цэзар паклікаў сюды прадстаўнікоў падпарадкаваных народаў. Патрапіўшы пад уладу рымлян, Парыж увайшоў у склад Ліёнскай правінцыі, дзе часта гасцявалі імператары.
Пры каралях дынастыі Каралінгаў горад у сваім развіцці як быццам пайшоў да заняпаду. Карл Вялікі рэдка бываў тут і нават перанес адсюль сваю рэзідэнцыю. Пры яго пераемніках Парыж некалькі разоў разбураўся ў выніку нашэсцяў нарманаў. Але вельмі хутка да горада прыйшла слава, якая засталася з ім і да сённяшняга дня. У сапраўдную сталіцу Парыж ператварыўся ў 987 годзе, калі Гуга Капет заснаваў тут новую дынастыю.
Горад перажываў уздымы і падзенні, быў сведкам паўстанняў, захопаў і вызваленняў. Кожная эпоха пакідала свой адбітак на яго знешнасці, і зараз гісторыя паўстае перад вачыма ў выглядзе архітэктурных ансамбляў, якія складаюць непаўторны выгляд сучаснага Парыжу. Ён будуецца і сёння, выклікаючы выбухі спрэчак і жарсці. Караля Людовіка ХIV крытыкавалі за Версаль, Г. Эйфеля – за вежу.
Узведзеная для Сусветнай выставы ў 1889 г., Эйфелева вежа, вышыня якой складае 320 м., спарадзіла злосць адных і задавальненне іншых. З пратэстам супраць яе існавання выступілі вядомыя дзеячы французскай культуры (Гі дэ Мапасан, А. Дзюма-сын, Ш. Гуно і інш.). Жыхары кварталаў, блізкіх да аднаго з сённяшніх сімвалаў Францыі, нават падавалі ў муніцыпалітэт скаргу, абураныя “замахам на прыгажосць Парыжу”. Але Эйфелева вежа засталася і зараз сталася “самай знакамітай парыжанкай”.
Адной з выбітных дастапрыкметнасцяў Парыжа з’яўляецца і Трыумфальная арка. Яе пачалі ўзводзіць яшчэ ў 1806 г., а будаўніцтва зацягнулася на 30 гадоў. Пасля рэвалюцыі 1830 г. кароль Луі-Філіп вырашыў завершыць яе будаўніцтва і аб’явіў, што манумент будзе прысвечаны “Славе французскай арміі з 1792 г.” Трыумфальную арку ўпрыгожваюць барэльефы, якія сімвалізуюць Марсельезу, Трыумф, Супраціўленне і Мір.
Прыгажосць Парыжа бясконцая. Вось знакамітая вуліца Елісейскія палі, якую дакладней трэба было б назваць Элізейскімі. Каралю Людовіку ХIV спадабалася назва з грэцкай міфалогіі “Элезіум” – месца, дзе чыстыя душы праведнікаў знаходзілі супакой і радасць. Елісейскія палі – традыцыйнае месца вайсковых парадаў. Тут збіраюцца натоўпы парыжан, калі надыходзіць момант “нацыянальнага святкавання”. Штогод сюды прыходзяць ад 300 да 500 тыс. чалавек.
Знакамітая плошча Згоды яшчэ ў ХVІ ст. знаходзілася за горадам, а план яе быў зроблены толькі пры Людовіку ХVІ, імя якога яна і насіла першапачаткова. На плошчы стаяла і конная статуя караля, пра якую казалі: “Ён тут, як у Версале, без сэрца”. У 1792 г. паўстаўшыя парыжане скінулі гэтую статую, а плошчу перайменавалі ў Рэвалюцыйную. Праз год тут былі пакараны смерцю кароль Людовік ХVІ і Марыя-Антуанэтта. Тут скончылі жыццё Рабесп’ер, Дантон і іншыя рэвалюцыянеры: за два гады тэрора – каля 2 800 чалавек. У кастрычніку 1795 г. плошча атрымала сваю сённяшнюю назву. З плошчы адкрываецца цудоўны від у любы бок. На захад працягнуліся Елісейскія палі да самой Трыумфальнай аркі. На ўсходзе – сад Цюільры і знакаміты Луўр.
Луўр – гэта не толькі архітэктурны помнік, але і адзін з самых вядомых музееў свету. Тут сабрана багатая калекцыя, якая налічвае амаль 35 тыс. экспанатаў, якія размешчаны на 60 тыс. м ?.
Яшчэ ў XVI ст. Францыск І пачаў збіраць калекцыю мастацкіх твораў, якая стала ядром збору карцін, вядомага сёння на ўвесь свет. 10 жніўня 1793 г. галерэя была адчыненая для наведванняў і стала музеем. Менавіта тут знаходзяцца адны з самых знакамітых твораў мастацтва ў свеце, такія як Мона Ліза Леанарда да Вінчы, Клятва Гарацыя Жака-Луі Давіда, Свабода, якая вядзе народ Дэлакруа.
Гэтымі шэдэўрамі мастацтва, сваёй непаўторнай архітэктурай, грандыёзнымі будынкамі і жывапіснымі кварталамі Парыж прыцягвае і сёння. Ён адзін з нешматлікіх у свеце гарадоў, які быў удзельнікам вялікіх падзей, што змянялі ход гісторыі. У канцы ХІХ ст. горад быў прызнаны не толькі сталіцай Францыі, але і сталіцай свету. Ім захапляюца, у яго імкнуцца і кожны распавядае гісторыю “свайго” падарожжа ў Парыж, таму што, як казаў Э. Хемінгуэй, – гэта “ свята, якое заўсёды з табой ”.

Напісаць каментар

Адправіць каментар


два × шесть =

Апошнія артыкулы