logo piligrymka






Што шукае пілігрым?


Odnoklassniki VKontakte Facebook Twitter Mail.ru ← падзяліцеся ў сацыяльных сетках з сябрамі

Благаслаўлёны ты, пілігрыме, калі шукаеш праўды і робіш свой шлях жыццём, а жыццё – шляхам, шукаючы таго, хто сам з’яўляецца Дарогаю, Праўдаю і Жыццём.

           – Алехандро Фернандэс Баррахон

 

Галоўная мэта пілігрымкі – удзел чалавека ў богаслужэнні. Людзі едуць дзеля таго, каб памаліцца ў святых мясцінах, пакаяцца, трапіць да цудадзейных абразоў, астанкаў святых і благаслаўлёных угоднікаў Божых, ачысціцца ў святых вытоках. Мы едзем маліцца да святынь, а экскурсіі на другім плане.

Людзі, якія трапляюць у такую паездку ўпершыню, як правіла, успрымаюць яе з вялікай цікаўнасцю. У іх з’яўляецца многа пытанняў пра хрысціянскія традыцыі, правілы паводзін у храме. Погляд веруючага чалавека некалькі іншы: чалавек нікуды не трапляе выпадкова, асабліва ў святыя мясціны, дзе адбываюцца цуды вылечвання, знаходзяцца вялікія святыні каталіцкага касцёла, абразы, непарушныя астанкі святых.

Калі ў чалавека ў душы ёсць Бог, калі чалавек верыць, што яго жыццё мае вышэйшы сэнс, то кожнае яго дзеянне, пачынаючы з дому, адухоўлена. Мне хочацца верыць, што пілігрымка дапамагае чалавеку прыйсці да веры, асэнсаваць духоўныя ісціны і зрабіць новы крок да касцёла. Але гаварыць, што пілігрымка ставіць мэтай прымусіць чалавека быць хрысціянінам, няправільна. Гэта цуд, які адбываецца ў чалавечай душы. Нездарма людзі здзяйсняюць пілігрымкі. Там, каля святых абразоў, машчэй, яны вылечваюцца ад хвароб. Пілігрымка – гэта першы, а для кагосьці ўжо далёка не першы, крок да духоўнасці і веры, сустрэчы з Богам.

Паміж тым, кожны чалавек, які адпраўляецца ў пілігрымку, павінен задаць сабе два пытанні: што такое пілігрымка ўвогуле і для чаго асабіста я адпраўляюся да святых мясцін? І пастарацца даць сабе на іх сумленны адказ.

Паломніцтва па святых мясцінах уяўляе сабой адно з вялікіх праяўленняў набожнасці, жадання ўбачыць вялікія святыні, памаліцца ў мясцінах, асабліва значных для хрысціянскага сэрца, аддаць такім чынам Пану Богу, Божай Маці, святым бачнае пакланенне. З глыбокай даўніны хрысціяне адпраўляліся ў падарожжа, каб убачыць месцы, звязаныя з зямным жыццём Езуса Хрыста, памаліцца каля Труны Збаўцы. Таксама з першых стагоддзяў хрысціянства зараджаюцца і становяцца месцам паломніцтва веруючых манаскія мясціны Палесціны, Егіпта, Сірыі. У далейшым з’яўляюцца і атрымліваюць вядомасць іншыя месцы паломніцтва. Гэта і Рым, і Афон, і Бары, куды накіроўваюцца пілігрымы з усяго свету.

У Беларусі з часоў хрышчэння паломніцтва таксама становіцца вельмі папулярным. Розныя людзі здзяйснялі пілігрымкі ў Іерусалім і іншыя святыя мясціны. Адсутнасць сучасных сродкаў перамяшчэння рабіла такія падарожжы подзвігам, вельмі цяжкім і небяспечным для жыцця пілігрыма. Зімой 1173 года Еўфрасіння Полацкая са стрыечнай сястрой Еўпраксіей і братам Давідам адправілася ў Святую Зямлю. І толькі ў маі яны прыбылі ў Іерусалім. Еўфрасіння шчыра малілася і дзякавала Пану Богу, прасіла прыняць яе ў Нябеснае Валадарства. 23 мая 1173 года яна мірна адышла да Стварыцеля і была пахавана ў Іерусалімскім манастыры.

Тысячы пілігрымаў самага рознага грамадскага статусу і матэрыяльнага становішча адпраўляліся на фэст у лепшым выпадку вярхом на кані, а часцей за ўсё пешшу, з катомкай сухароў за плячыма. Гэтыя пілігрымы не толькі самі далучаліся да святынь, але і давалі магчымасць многім людзям даведацца пра гэтыя мясціны.

У нашы дні традыцыя паломніцтва адраджаецца, але часцей дух гэтых паездак кардынальна адрозніваецца ад тых, якія здзяйсняліся ў мінулыя часы. І справа не ў тым, што змяніліся ўмовы жыцця і сучасны чалавек стаў карыстацца хуткасным транспартам. Калі б у мінулым была такая магчымасць аблегчыць перамяшчэнне, людзі б яе таксама выкарыстоўвалі. Асноўнае адрозненне, на мой погляд, у тым, што ў той час пілігрымка ўспрымалася як праца, як служэнне Богу. Хрысціянін успрымаў і сям’ю, і працу, і адносіны з роднымі як поле дзейнасці, на якім чалавек павінен чымсьці ахвяраваць і праз гэта духоўна ўзрастаць, станавіцца бліжэйшым да Бога.

Чалавек, адпраўляючыся ў пілігрымку, перш за ўсё павінен спытаць сябе: “А ў якіх адносінах я знаходжуся з Панам Богам, з Касцёлам?” Паломніцтва – гэта адна з формаў хрысціянскага жыцця. Але духоўнае жыццё хрысціяніна пачынаецца не з пілігрымкі, а з пакаяння. Як гаворыцца ў Евангеллі: “Кайцеся і верце, бо настаў час і наблізілася Валадарства Божае”. Пачынаць трэба з чытання Святога Пісання, з пакаяння, са споведзі. У такім выпадку чалавек можа правільна зразумець усё тое, што ўбачыць у паломніцтве.

Паміж тым, паломніцтва – гэта адзін са сродкаў духоўнай дасканаласці чалавека, які дазваляе не толькі наведаць новыя мясціны ці пакланіцца святыням, але і ўбачыць свае недахопы, а таксама сілу Боскую, Яго дапамогу і падтрымку. Калі чалавек у паездцы церпіць бытавыя нязручнасці, добраахвотныя лішэнні, ён пачынае глыбей адносіцца да жыцця, адчуваць удзячнасць за самыя простыя рэчы. Гэта бясцэнны вопыт, і чалавек, які не набыў яго, не зможа па-сапраўднаму ацаніць, што такое паломніцтва.

І менавіта па гэтай прычыне пілігрымка да Божай Маці Будслаўскай – мая самая любімая. Мы пяць дзён у дарозе, і за гэты час праходзім пешшу 150 кіламетраў. Фізічна гэта цяжка, але духоўна ты лунаеш… Больш за ўсё захапляе мужнасць пажылах пілігрымаў і вельмі радуюць дзеці, іх усмешкі. Я заўсёды тут сябе адчуваю маральна вельмі камфортна, паколькі мяне акаляюць добрыя, сумленныя людзі, якія гатовы дапамагчы кожную хвіліну. А як чакаюць нас у вёсках! Як шчыра вітаюць і смачна частуюць! І здаецца, што сустракаюць не пілігрымаў, а каралёў.

У штодзённым жыцці не хапае часу на малітву, а тут гучыць сумесная малітва на працягу ўсяго шляху. Увечары я малюся: “Усемагутны вечны Божа, дзякую Табе за ўсе ласкі і дабрадзейнасці сённяшняга дня; за радасць і смутак, за дасягненні і няўдачы. Прымі ўсё на хвалу Тваю. Хачу таксама перапрасіць Цябе за ўсе мае сённяшнія правіны, вольныя і нявольныя. Божа, будзь літасцівы да мяне, грэшнай! О мой Езу, будзь для мяне не Суддзёю, але Збаўцам!”

Вельмі ўражвае Святочная Імша ў Будслаўскім нацыянальным санктуарыі, дзе моляцца некалькі тысяч пілігрымаў, якія любяць Бога і жывуць па Яго Запаведзях. І я цвёрда ведаю, што я тут не таму, што так вырашыла, а мяне паклікала Божая Маці! А Будслаў – гэта не канец шляху, а пачатак новай старонкі майго жыцця.

Хрысціяне вандруюць па святых мясцінах дзеля падзякі, пакаяння, абнаўлення свайго духоўнага жыцця, малітвы да Пана Бога аб вылечванні душы і цела, а калі-нікалі дзеля выканання дадзеных Богу абяцанняў. У любым выпадку, здзяйсняючы пілігрымку, чалавек імкнецца дакрануцца да іншага свету, рэальна існуючага як у вечнасці, так і ў фізічнай прасторы і часе. А Пан Бог, бачачы наша жаданне прыблізіцца да Яго, адорвае нас супакоем і вялікімі ласкамі.

Правільна кажуць некаторыя святары, што людзі ездзяць далёка, а ў свой храм не заходзяць. Тут таксама ёсць цудадзейныя абразы, а галоўнае – Цела і Кроў Хрыста. Трэба пачынаць з маленькага: тут табе і Іерусалім, і Святая Зямля, у тваім родным касцёле. Кожную нядзелю ў цябе пілігрымка ў храм.

 

Аксана Хаданёнак,  г.п.Расоны

Напісаць каментар

Адправіць каментар


+ пять = тринадцать

Апошнія артыкулы