logo piligrymka





Што шукае пілігрым?


Odnoklassniki VKontakte Facebook Twitter Mail.ru ← падзяліцеся ў сацыяльных сетках з сябрамі

Запрашэнне

1.
І тады я рушыў.

2.
Але да гэтага шмат, вельмі шмат гадоў я сядзеў у сваім пакоі на сорак сёмым паверсе самага высачэзнага шклянога гмаху нашага горада. Тут было маё жытло і мая работа. Недзе ў куточку стаяў маленькі ложак, з якога я ўскокваў штодня, прыбіраўся, чысціў зубы, апранаўся і пачынаў займацца ўсялякімі справамі.
Трэба сказаць, што тых спраў было болей, чым паверхаў у шкляным гмаху. Хтосьці прыходзіў і прасіў, каб я выклаў каменьчыкамі на марскім беразе імя ягонай каханай, якая болей не вернецца. Я рабіў. Некаму тэрмінова не хапала спадарожніка злётаць у Космас, і лепей за маю кандыдатуру скласці кампанію касмічнаму самотніку не знаходзілася. Для кагосці трэба было зладаваць цыркуляр з грыфам “толькі для службовага карыстання”, які рэгламентаваў бы, як паводзіць сабе ў выпадках захрасання ўказальнага пальца ў левай наздрыны ў моманты начных калупанняў у носе падчас бяссоння і спарадычных трывожных узрушэнняў – і я кідаўся распісваць цыркуляр па раздзелах, графах і пунктах.
Так цягнуліся дні, месяцы, гады, дзесяцігоддзі. Я добра еў, мне няблага плацілі, а за якія-небудзь пазаплананыя распрацоўкі альтэрнатыўных знакаў адрознівання тылавых войскаў стратэгічнага прызначэння нават належалі прэміяльныя і дадатковы выхадны.

Але з нейкага часу мне пачаў сніцца амаль штоночы аднолькавы сон. У гэтым сне я, чалавек, які ніколі не меў вадзіцельскіх правоў, на шыкоўным аўто невядомай мне маркі еду заўсёды назад. Пры гэтым хачу спыніцца, але ўсе мае спробы націснуць на тармазы і спыніць машыну – дарэмныя. Мяне пранізвае халодны, жудасны пот, мне страшна. Страшна не ад таго, што, не дай Бог, урэжуся ў іншую такую ж дарагую машыну. А страшна ад таго, што зараз наеду на чалавека, расцісну яго насмерць, за што мяне потым пасадзяць у турму.
Так у сне і здаралася. Калі мая чарговая спроба спыніць машыну заканчавалася безвынікова, раптам задні бампер аўто адчуваў глухавата-ванітны ўдар, хтосьці нягучна ўскрыкваў, і тут машына спынялася. Я хутка з яе выскокваў, але пад заднімі коламі аўтамабіля ніхто не ляжаў, не курчыўся, не зыходзіў крывёю. Толькі выразная маленькія сляды цягнуліся некуды прэч ад машыны. “Я забіў дзіця?!” – і з гэтай жахлівай думкаю я прачынаўся.

Урэшце, калі гэты сон пачаў мне сніцца нават у тыя кароткія прамежкі часу, што выпадалі паміж складаннем камуніке аб праблемах ліфтавых спалучэнняў і правілаў паводзін ваяўнічых атэістаў падчас Вялікадня і я ў такія хвіліны меў магчымасць крыху падрамаць у сваім крэсле, мне стала зразумела, што ўсё гэта нездарма.
І з гэтым трэба было разабрацца. А тут яшчэ смалы ў агонь падліла невялічкая зацемка на першай паласе штодзённай гарадской газеты, у якой было сказана, што на вачах шматлікіх сведкаў сярод белага дня шыкоўным аўто з нумарамі “ДБЛ 1313” было збітае маленькае дзіця, якое, аднак, знікла з месца здарэння ў невядомым напрамку, нібы яго не было.
Пасля гэтага я ўрэшце пакінуў свой гхам.

3.
Пакінуў, каб разабрацца і знайсці адказы на наступныя пытанні ці хоць бы на частку з іх.
Чаму мне так нудна і так упарта сніўся адзін і той жа сон?
Што за дзіця, і што рабіла яно ў маім сне? Штосьці хацела сказаць? Некуды клікала? Аб нечым папярэджвала? І чаго я ехаў назад і не мог спыніцца? Чаму яго зачавіў? І калі насамрэч зачавіў, то чаму не пабачыў расціснутавга цельца, а толькі маленечкія сляды? Куды вялі ці вядуць гэтыя сляды?
Урэшце, лагічна прыйшоўшы да высновы, што седзячы за чарговай інструкцыяй тэрміновай утылізацыі мабільных тэлефонаў падчас нашэсця цунамі адказы на ўсе мае пытанні знойдуцца наўрад ці, я нахабным чынам загарнуў у тытульны ліст “Правілаў паводзін насельнікаў і работнікаў шклянога гмаху” канапку з кансерваванай вяндлінай і выйшаў за дзверы, нават не папярпэдзіўшы нікога, навошта  і куды.

4.
Такім чынам, я рушыў.

За горад я выбраўся без вялікіх цяжкасцяў.
Але не паспеў ступіць на адмысловую дарожку для пешаходаў, якая цягнулася ўздоўж простай і шырокай, нібы гладкая дошка, шашы, як раптам падэшвы маіх чаравікаў пачалі плавіцца. З кожным чарговым крокам нагам рабілася так горача, нібы я ішоў не па каменным тратуары, а па раскаленым сталёвым лісту.
Урэшце, калі я адчуў, што болей не вытрываю гэтага пякельнага агню ў падэшвах і вось-вось закрычу дзікім крыкам, я мусіў сысці з дарожкі.
Пастаяў на траве, адчуваючы, як паступова ахалоджваюцца мае ступні, як ліхаманкава-узмакрэлыя думкі пераходзяць у болей спакойныя і разважлівыя. Іншыя людзі ідуць тут спакойна, значыць, нічога такога ў іх не гарыць пад нагамі. Чаму ж не магу ісці я? Можа, якая скураная хвароба? З непрывычкі нацер ногі?
Я сеў на збочыну, расшнураваў чаравікі. Уважліва агледзеў пяткі, пальцы і ступні. Не, ўсё ў парадку. Ні мазалёў, ні нацёртых мечцаў. Зноў абуўся, ляпнуў па кішэні, дзе ляжала завернутая ў тытульны ліст “Правілаў паводзін насельнікаў і работнікаў шклянога гмаху” канапка з кансерваванай вяндлінай да рушуча ступіў на дарожку.  

І адразу мае ногі нібы прабілі наскрозь ці то цвікі, ці то вострае шкло, ці металічныя зубы. Другога кроку я зрабіць так і не здолеў, паколькі закрычаў уголас. Ужо адскочыўшы на траву, з жахам адчуў, як у чаравіках захліпала нешта ліпкае і гарачае, а калі садраў чаравікі, пабачыў, як са шматлікіх дзірак на нагах цюрчыць густая, малінава-барвовая кроў. Дрыжачымі рукамі выцягнуў з кішэні папяровы скрутак, канапка з кансерваванай вяндлінаю паляцела ў пясок (аб чым я потым вельмі пашкадаваў), разадраў ліст з “Правіламі…” на два шматочкі. Адзін так-сяк прымацаваў на адной акрываўленае нагі, другі – да другой, нейкі час моцна прыціскаючы іх да ступняў далонямі. Калі кроў крыху спынілася, я ўзняў голаў і кінуў пагляд наперад.
Тыя людзі, якія даўно мяне абмінулі, маленечкімі кропачкамі віднеліся ўдалечыні, некаторых не было ўжо бачна. Я ж сядзеў на траве амаль на тым самым месцы, з якога распачаў шлях.
-Пайду, калі нават адваляцца ногі! – выгукнуў я ледзь чутна, аднак парачка маладзёнаў, якая рушыла з заплечнікамі насустрач, здзіўлена павярнулі галовы ў мой бок.
-Вам дапамагчы? – спытаў юнак.
-Не трэба, – я знайшоў сілы ўсміхнуцца ім і махнуў рукой, каб не спыняліся.

Калі парачка адышла далёка, я узняўся з травы і, паклікаўшы на дапамогу Усявышняга, зноў ступіў на дарожку. Электрычны ўдар страшэннай сілы працяў маё цела з галавы да пятаў, дакладней, ад пятаў да галавы. Тузаючыся ў канвульсіях, я здолеў яшчэ зрабіць некалькі крокаў. Пакуль чарговым ударам бязжальнае электрычнасці мяне проста не выкінула прэч у траву, дзе ляжаў нейкі час хліпаючы носам, узмакрэлы, ніякі. Калі валасы на галаве ўлягліся, я раптам адчуў суцэльную яму ў страўінку, якую трэба было тэрмінова нечым запоўніць. (Вось калі я сапраўды пашкадаваў аб выкінутай канапцы).  

Лежачы на спіне, я пачаў абмацваць траву абапал сябе: а раптам пад рукі трапіцца нешта ядомае?

І тут я нешта адчуў.

Расплюшчыў вочы і пабачыў, як побач са мной у маўчанні замерла нечая постаць. Чалавек у светлым з цікаўнасцю і ледзь прыхаванай усмешкаю разглядваў мяне. Калі яго разглядванне падалося мне занадта нахабным, я варухнуўся і ўжо хацеў раскрыць абпаленыя свае вусны.
-Не гавары нічога, – падарожны ўзняў руку. – Я ведаю, што ты шукаеш. Але ты ідзеш не тым шляхам.
-А якім мне яшчэ ісці? – я перавярнулся на жывот, збіраючы сілы, каб узняцца. – Тут іншых няма і не было ніколі.
-Ты думаеш? – усміхнуўся чалавек і працягнуў мне руку.
Я апасліва зірнуў на яе – падзеі апошніх гадзін прымушалі падазрона ставіцца ледзь не да кожнага руху. Аднак у постаці падарожнага было нешта такое, што не давяраць яму ані не давала прычыны.
-На гэтай д’яблавай дарозе са мной такое вычвараецца, што ўжо і сам не ведаю, што думаць, – адказаў я і ўсё-такі ўзяўся за працягнутую  руку.
Калі я падняўся і ўгледзеўся ў твар незнаёмца, дык міжволі здзівіўся, колькі святла, смеху і адначасова крыху жорсткай мудрасці могуць утрымліваць чалавечыя вочы.
-А навошта табе гэта дарога? – зноў усміхнуўся мой субяседнік. – Вунь поле. Па полі вядзе адзіны шнурочак слядоў. Не пабачыш яго або абмінеш – правалішся ў багну! Але ты пабачыш. І тады ідзі. І прыдзеш дакладна туды, куды хацеў, і дзе чакаюць цябе ўсе адказы.
Я зірнуў туды, куды паказваў падарожны. Ніякага шнурочка слядоў я нідзе не бачыў.
-Ты здзекуешся? – ад крыўды і роспачы я незаўважна перайшоў таксама на “ты”.
-А ты ўгледзься лепей, – пасуравеў незнаёмец. – Сваю сцяжыну ўбачыць нават і сляпы. Калі ўгледзіцца…

Я зноў пачаў узірацца ў поле. Хацеў яшчэ нешта спытаць у гэтага дзіўнага падарожнага. Але, павярнуўшыся туды, дзе толькі што ён стаў, пабачыў толькі зыбкае калыханне паветра, якое мела да болю знаёмы пах, аднак чаго – я пакуль так і не мог успомніць…

5.
Я падышоў да поля. Пастаяў, разглядваючы ўсё, што разварочвалася перада мною, як і раіў гэты дзівак. Суцэльнае, падазрона-цёмнае, шэра-залёнае поле, нават балота, без дарожак, сцяжынак і нават шнуркоў слядоў.
Я апусціў галаву. І толькі тут заўважыў каля самага ўскрайку маленькія сляды, якія наўрад ці маглі належаць даросламу чалавеку. Я крыху спужаўся: ці гэта не сляды таго самага малога, з майго кашмарнага сну?.. Як жа магу ступіць на іх? Мая вялізная падэшва ў такую маленечкую і не ўмесціцца. Яна дакладна яе прачавіць, а значыць, барухацца мне ў чорнай, халоднай багне. А ўсялякіх прыгод на сёння з мяне даволі.
“Не, тут павінен быць нейкі іншы шлях. Паспрабуем!” – і з гэтай думкай я ступіў побач з маленькім слядком. Думаю, вы ўжо зразумелі, што адбылося потым. Так, “хрр-гэум-чвах!” – адказала багна, і праз імгненне я ўжо па пояс быў у палоне атрутна-глеістай жыжы, якая не марудзячы пачала засмоктваць мяне ўсё глыбей і глыбей.
Але ўсё-такі знайшоў сілы не паддадцца, выбрацца на паверхню, дзякуючы Бога, што мае моцна зашнураваныя чаравікі не засталіся недзе там, на глыбіні.

Болей эксперыментаваць у мяне не было ахвоты.
Усё яшчэ не разумеючы, як мая вялізная нага можа дакладна ўмясціцца ў дзіцячы след, я ўсё-такі ступіў на яго. І раптам убачыў, што адбітак маёй нагі дакладна паўтарае адбітак дзіцячы, а падэшва чаравіка абапіраецца на трывалае, цвёрдае і грунтоўнае. Наступны крок я рабіў ужо не так апасліва. І зноў адбіткі супалі, нібыта гэта я сам калісьці праклаў гэту бачную сцяжынку сярод багністага поля, толькі назаўсёды забыў, калі.

6.
Я смела ішоў наперад. Лавіў наздрынамі і ўсім целам пахі, гукі і шоргаты, і нават у нейкі момант пачаў спяваць. Нешта накшталт “І да Бога, і да сябе самога – Адзіны шлях і адна дарога! Так, дарога адна, хоць вабіць дарог так многа!”
І калі мне зараз хто-небудзь сказаў, што недзе далёка за спінаю ў вялізным шкляным гхаму мне належыць распрацаваць маршрутную карту інвентарызацыі засмечаных марсіянскіх упадзінаў, я б шчыра здзівіўся: няўжо калісьці я мог займацца такім дурноцтвам?!

7.
І раптам поле заканчваецца. Шнурок маленькіх слядкоў абрываецца, а я выходжу на ўскраек зялёнага лесу. Проста перада мною стаіць маленькая хатка. Дзверы ў яе шырока расчыненыя, і адтуль вонкі вырываецца магутны струмень яркага, нейкага фантатычнага святла.

Я крыху вагаюся, але потым узнімаюся на парог і ўваходжу ў дзверы.

За чыстым сталом, на якім ляжаць кніга, пяро, хлеб і свечка, сядзіць дзіця. Яно проста глядзіць на мяне. Спачатку я думаю, ці гэта не дзіця з таго самага сну.., але раптам дзіця усміхаецца мне і маша рукою, нібы запрашаючы да стала.
-Дзе ты быў? Я так доўга цябе чакала!
Я адказваю на ягоную ўсмешку падабенствам сваёй, выступаю крыху наперад, і тут… І тут ўспамінаю, дзе бачыў калісьці гэта дзіця. Я бачыў калісьці яго ў сваім далёкім, басаножным дзяцінстве, і гэтым непасрэдным і чыстым дзіцём быў… думаю, вы ўжо здагадаліся што да чаго.
Я ступаю яшчэ адзін крок да стала. І раптам і без таго светлы пакой узрываецца, напаўняецца яркім, нясцерпным, пранізлівым святлом. Сцены, задрыжаўшы, разыходхяцца, ад’язджаюць некуды ў бясконцасць. З недасяжнае вышыні праліваецца дзіўнай магутнасці сонечны дождж, і прыемная гарачыня кудлатым сабачкам зварочваецца ў маім сэрцы.

Час скручваецца ў пружыну ці ў тугую спіраль, мінулага і будучага болей не існуе.

Я сяджу за сталом, на тым самым месцы, дзе за імгненне да гэтага сядзела маленькае ўсмешлівае дзіця. Бяру кнігу, раскрываю яе і бачу цнатлівае чысціні старонкі. Я ўсміхаюся той самай усмешкай, якая гуляла на вуснах дзіцяці, што так доўга чакала мяне, уцягваю наздрынамі пах свежага хлебу і запальваю свечку.

І хоць мне дастаткова напісаць адно толькі слова, я ведаю, што цяпер магу Усё.

 

Ігар Сідарук
г. Кобрын

Напісаць каментар

Адправіць каментар


четыре − два =

Апошнія артыкулы