logo piligrymka





Што шукае пілігрым?


Odnoklassniki VKontakte Facebook Twitter Mail.ru ← падзяліцеся ў сацыяльных сетках з сябрамі

Светлавы дзень хіліцца да захаду. Мы, стомленыя, ледзь брыдзем па дарозе пад пякучым сонцам. Але ніхто з нас не ные, не скардзіцца на стомленасць і не наракае на цяжкі пераход. Ведама ж, пачынаючы пілігрымку, мы ведалі, куды і чаго ідзем, як ведалі і тое, што шлях наш будзе нялёгкім і не кароткім. Але ж перад кожным з нас прыклад Пана Бога, які прайшоў свой крыжовы шлях на Кальварыю дзеля выратавання нас, зямных, грэшных.

Паабапал дарогі на нас пазіраюць людзі – хтосьці з захапленнем, хтосьці са здзіўленнем, а ёсць і такія, у чыіх вачах чытаецца непрыкрытае непаразуменне: што ім трэба, гэтым пілігрымам, чаго чакаюць яны, адпраўляючыся ў вандроўкі па святых мясцінах?

Я думаю, кожны з нас, пачынаючы пілігрымку, дакладна адказаў сабе на пытанне: чаго ён шукае?

Такое пытанне задавала сабе і я, адпраўляючыся ў пешую пілігрымку да Маці Божай Будслаўскай некалькі гадоў таму.
Што шукала я, ідучы ў калоне такіх жа, як я, пешых пілігрымаў? Перш за ўсё, хацела выпрабаваць сябе, сваю моцу і сваю волю. Бо калі атрымлівалі спакой спрацаваныя за дзень ногі, душа працягвала без стомы працаваць, узносячы хвалу Пану Богу за яго літасць да нас, да ўсіх пілігрымаў. І яна, гэтая душа, радавалася, што дасягне святых мясцін. І мая душа імкнулася туды, дзе ў сукупнай, агульнай малітве можна папрасіць заступніцтва і апякунсьтва Маці Божай для сваіх родных, свайго горада, сваёй Айчыны. І можна ў сукупнай малітве звярнуцца да Пана Бога з удзячнасцю і любасцю.

Калі ўзносіш свае словы да Бога, а побач з табой у такой жа шчырай малітве звяртаюцца да Ўсявышняга твае паплечнікі, верыцца, што Езус пачуе нашу  малітву і разгорне сваю апякуючую далонь над нашай Айчынай, над яе працавітымі і богалюбівымі людзьмі, над зямлёй нашай, змарнаванай Чарнобылем, над гэтым святым месцам, у якім сышліся для таго, каб адчуць сваю еднасць перад Богам пілігрымы і вернікі, над маім родным домам, дзе чакае мяне, нязменна моліцца за маё здароўе старэнькая матуля.

Вось таму, каб пазнаёміцца са святымі мясцінамі, выпрабаваць сваю волю, узнесці шчырую малітву за сваю радзіму і яе людзей адпраўляецца ў дарогу пілігрым.

І няхай наш шлях не лёгкі і не просты, але заўсёды радасна ад таго, што ты не адзін, што побач з табой шчырыя людзі, што хцівасць, зайздрасць і недаброты засталіся там, у вялікім свеце, а тут, паміж намі, пілігрымамі, пануе толькі любоў і дапамога. А на месцах, куды імкнуцца пілігрымы, заўсёды адчуваеш сябе больш абароненым і моцным.

Наталія Валынец, г. Вілейка

Напісаць каментар

Адправіць каментар


− три = шесть

Апошнія артыкулы