logo piligrymka





Што шукае пілігрым?


Odnoklassniki VKontakte Facebook Twitter Mail.ru ← падзяліцеся ў сацыяльных сетках з сябрамі

“I ненадаесць жа табе хадзіць у гэтыя пілігрымкі? Колькі можна ўжо? 10-ты? 12-ты раз? Хіба нешта зменіцца да таго, што цябе там у гэтым годзе не будзе? Лепш ба дома чым дапамагла, а ў нядзелю сходзіш ў наш касцёл – ці там моляцца неяк па-іншаму?” – што год чую ад родных, сяброў тое ж самае – “Што там такое, што цягне цябе як магніт?”

Затое з іншымі сябрамі наступную пілігрымку абмяркоўваем яшчэ падчас папярэдняй. Шмат ў каго з нас нават адпачынкі на працы і паездкі да бабулі ўпісваюцца ў “графік” – каб ўсё добра супала, іншыя адпачынку на турэцкіх ці грэцкіх пляжах выбіраюць палячае сонца і змазоленыя да крыві ногі пілігрыма. “Ідзеш?” – пытаюся ў сябра. “Інакш не магу” – чую ў адказ.

Дык што ж цягне ў гэтую нелёгкую дарогу малых і старэйшых. працоўных, студэнтаў, школьніка? Што шукае пілігрым?

… Ранак. Сонца яшчэ не ўстала. Хіба ўстаеш так рана? Напэўна ж не. Заплечнік складзены яшчэ звечара. Лёгкі, невялічкі. Толькі самае неабходнае – малітоўнік, ружанец, бутэлька з вадой, капялюш… Калі ішла ў пілігрымку ўпершыню – набрала ўсяго чаго, што ледзь несла той заплечнік. Большасць з рэчаў не тое, што не спатрэбілася пад час дарогі – яны былі проста былі не да месца, так як бы ўзяць з сабой на пляж вечаровую сукенку. Усё прыходзіць з часам – і склад заплечніка, і разуменне для чаго табе гэтыя дні, што наперадзе. Зараз застаўляю дома не толькі не патрэбныя мне рэчы, але таксама і паўсядзеннасць, справы, праблемы. З сабой – толькі самае неабходнае – сябе самога. Такім якім ёсць, не сябе выдуманага, не намаляванага, а таго, які губляецца ў штодзённасці.

Так, штодня прачынаючыся ты ведаеш што і як: праца, вучоба. У малога парваўся бацінак, трэба адведаць бацькоў, сяброўку, здаць справаздачу. Канец месяца. Значыць хутка заробак. Ізноў налічаць гэтыя капейкі. Як пражыць? Забягаеш на хвіліначку ў касцёл. Стаеш на калены. “Божа! Дзякуй табе за сённяшні дзень! За тое, што ёсць побач. За тое што вядзеш за руку і атуляеш сваёй бязмернай любоўю!”. Але хвіліначка хутка скончваецца і трэба вяртацца да штодзённасці…  І вось нарэшце! Дачакалася. Я вазьму з сабой толькі сваё сэрца, каб Ты, Пане, дапамог навесці там парадак. Каб дапамог раставіць кропкі над “і”. Усё ж астатняе застаўлю за межамі пілігрымкі…

Да касцёла падцягваюцца пілігрымы. Іх бачна здалёк – заплечнікі, торба з рэчамі, што паедзе на суправаджальнай машыне, доўгія спадніцы, сандалі, капелюшы… Штодня іх не заўважаеш на вуліцы, хоць яны  жывуць побач. Штодня гэта здаецца зусім іншыя людзі –  настаўнікі, лекары, студэнты і школьнікі, працоўныя і чыноўнікі. Штодня яны спяшаюцца на працу. Хіба могуць яны так прыйсці працу? Не, на працы, вучобе яны лекары, настаўнікі, чыноўнікі, прагульшчыкі і выдатнікі. Тут жа яны такія якія ёсць. Пілігрым – гэта той, хто  перад Табой, Пане, такі як ёсць. І знутры, і знешне. Хоць бы на гэтыя некалькі дзён.

Пасля Імшы вырушаем. Наперадзе калоны ўздымаецца Крыж – знак Збаўлення. Падзеленыя штодзённымі клопатамі становімся адной сям’ей. хоць бы на гэтыя некалькі дзён. Пакуль выходзім з мястэчка (гораду, вёскі), насустрач па сваіх раніх справах спяшаюцца мясцовыя. Хтосьці апускаючы вочы пераходзіць на іншы бок дарогі, іншыя вітаючы просяць: “Памятайце пра нас ў дарозе!” Хіба гэта цяжка кінуць ўсё на некалькі дзён – і пайсці ў дарогу. Не. Але спыняюць абавязкі, праца, сям’я, хвароба. Знайдзецца найменш мільён прычын, чаму гэты мінак не можа зараз змяніць свой шлях, і пайсці за крыжом, так як гэтыя адважныя людзі. А цябе ж напаўняе бязмерная радасць. Адкуль яна сказаць цяжкае. Але гэта пачуццё перапаўняе сэрца і рвецца на волю…

Першыя кіламетры – і ты бачыш што сярод пілігрымаў шмат знаёмых. Вось маці з гадавалым дзіцём – год ці 2 таму вы бачылыліся ў гэтай жа дарозе. І бабуля, якой ўжо за 70, але яна год ад году вырушае ў шлях. А як за год падраслі дзяўчынкі-блізняшкі, што так файна спявалі ў мінулагодняй пілігрымцы. Што прымушае чалавека заставіць ўсё і рушыць ў шлях?

… У дарозе так шмат людзей – далёкіх і блізкіх, старых знаёмых і тых, каго бачыш упершыню. але дзіўным чынам ты сам насам з сабой, з сваім нутром. Сам насам з Богам. У гэтыя дні Ён найбліжэй цябе. З кожным крокам ўсё больш і больш чуеш яго голас, заглушаны ў звычайным жыцці паўсядзеннасцю.

Наперадзе паказалася вёска. Для яе жыхароў ваш праход раз нагод сапраўднае свята. Да яго рыхтуюцца як да сустрэчы самых дарагіх гасцей. Астатні тыдзень, калі не месяц, ўсе мясцовыя былі занятыя толькі пілігрымамі. Колькі прыйдзе ў гэтым годзе? Мясцовыя бабулі старанна выпякаюць булкі і печыва, а малыя робяць канапкі і разводзяць морс. І справа не ў тым, ці хопіць гэтага пачастунка для пілігрымаў. Проста хочацца хоць як паўдзельнічаць ў гэтым шляху-сведчанні. Хочацца дакрануцца да таго Святла, якое нясуць гэтыя падарожныя, ад якога атрымоўваем нейкую незвычайную сілу і ласку, якая  дае сілы да жыцця і ўзмацняе нашу веру.

Пілігрымка – гэта не паход і спеў ля кастра пад гітару, хоць мы ідзем і спяваем пад гукі гэтага цудоўнага інструмента, а вечарамі часам таньчым ля кастра. Гэта не вясёлая прыгода, хоць шмат з тых, хто зараз побач, пайшлі бо ішлі сябры і казалі што будзе весела. Бо калі хацелася вясёлай прыгоды дастаткова было б ўзяць гітару і ў бліжэйшым ляску вясёлай кампаніяй раскласці касцер. Пілігрымка – гэта пустыня, у якой ты вучышся быць ішным, быць лепшым, быць бліжэй Бога… Святар пачаў казаць канферэнцыю. “Спакусы Хрыста… Зрабіць з камня хлеб… Спрыгні са скалы – твае анёлы  падхопяць цябе… Пакланіся…” Хіба не бачыш гэта ў сваі жыцці? Колькі разоў ты хацёў зрабіць прасцей? Колькі разоў намагаўся грабіць так, каб ўсе сказалі “Ваў!”? А можа і рабіць нічога не трэба ўсё і так для цябе прыгатавана. Ну падумаеш адзіна маленькая дробязь. Нават ты яе незаўважаеш, не тое што іншыя. Быць большым, чым ёсць. Ці прыходзіла калі табе ў галаву, што не па-божаму гэта? Шукаеш сабе апраўданн, мільен таму што, але, а я ж. Праца, вучоба. У паўсядзеннасці не задумвашся пра нешта большае – не хапае часу. Так, не хапае часу каб быць побач блізкага чалавека, каб  адведаць хворую бабулю. Каб быць бліжэй Яго. Тут, заставіўшы ўсе клапоты па-за, есць час каб навесці парадак ў галаве, сэрцы. Каб раставіць прыярэтэты. Каб быць бліжэй Яго.

Вечарэе. Ужо бачны касцёл і натоўп вернікаў, якія чакаюць пілігрымаў. Запрасіць на начлег, каб пілігрым мог адпачыць – святая справа, праз якую далучашся да гэтых адважных людзей, аддаючы ім сваё сэрца. За плячыма досыць цяжкі і спякоты дзень.  І гэта дае пра сябе знаць апаленая скура і сцёртыя да крыві ногі. Хм.. Чамусці не адчувала іх падчас дарогі, толькі зараз, калі ў доме гаспадароў, якія ветліва запрасілі на начлег, калі зняла абутак і пабачыла сябе ў люстэрку.  Хіба дазволіла б сабе ў такім выглядзе прыйсці да кагосці ў госці? Вядома ж не. Але тут ты такі які ёсць. Тут ты той, хто нясе з Сабой нешта большае, ўзвышанае, чаго так не хапае тым, каго сустракаў сёння ў дарозе, за каго маліўся і перапрашаў…

Вечаровае чуванне ў касцёле – малітва за пройдзены дзень, праслаўленне Яго Хвалы. Дзесяткі галасоў зліваюцца ў мілагучным “Як дзякаваць Табе за УСЁ, Божа… І псальм спяваць Твайму Імя, Божа… І праслаўляць зранку Міласць Тваю, Божа… б вернасці Тваёй спяваць пад гукі гусляў, і лютні, і гучнай арфы…”  Божа!  Дзякуй табе за сёняшні дзень! За радасць спатканняў! За людзей, якія былі побач. За тых, хто сустракаўся на шляху… За тое, што паклікаў ў шлях. Дапамажы стаць лепшай, стаць бліжэй цябе! Прабач, за тое, што я, слабая, раблю твой крыж яшчэ цяжэйшым…

Ранак і новы дзень. На перадзе яшчэ некалькі дзён шляху і разам з тым дзён, праз якія магу падсумаваць сваё жыццё, ачысціць яго. Стаць лепшай.  Усмешкі пілігрымаў моцна кантрастуюць з хмурымі тварамі, якія бачыш штодня на вуліцы. Чамусці штодня мы зусім іншыя, чым ў гэтай дарозе. Як бы на некалькі дзён мы перанесліся ў іншы сусвет…

Час бяжыць і мэта   пілігрымкі ўжо блізка. Але разам з гэтым блізкі ўжо і час вяртання дадому, да штодзённасці. Сэрца перапаўняе радасць – за гэтыя некалікі дзён здаецца свет вакол цябе змяніўся. І ты змяніўся. Назаўсёды.  Божа!  Дзякуй Табе за гэтыя дні, якія дзякуючы Тваёй Ласцы змагла так плённа скарыстаць. Няхай кожны мой дзень будзе днём пілігрымкі…  Хіба можна параўнаць гэтыя некалькі дзён з нейкім валяннем на пляжы ці яшчэ якой ерундой? Хоць раз вярнуўся з падарожжа нестомленны? Тут жа негледзечы на спаленую скуру, якая дарэчы паспела згарэць, злезці, пасля зноў згарэць і ўжо злаціць па другому колу, нягледзечы на збітыя і змазоленыя ўнішто ногі, адчуваеш, што зараз толькі падпрыгнуць – і ў верх, узляціш да нябёсаў!

Вяртанне дадому – вяртанне да штодзённасці, праблемаў, рэальнасці… Ты ўжо не можаш быць дакладна такім як раней –  пілігрымка змяніла цябе назаўсёды. Але дзень па дню акунаешся ў застаўленную штодзённасць, эйфарыя праходзіць, усё вяртаецца на свае месцы. Чакай, не ўсё. Бо ты ўжо іншы.  І не важна, на пачатку пілігрымка была для цябе вясёлай забаўкай ці нечым большым.

Што шукае пілігрым? Натуральна, што колькі пілігрымаў – столькі і адказаў. Хтосьці суцяшэння, хтосьці падтрымкі, іншыя дапамогі, натхнення. Але ўсё разам шукаюць Таго,  каго ў штодзённасці губляюць. Таго, хто есць сэнсам жыцця. Таго Хто ёсць лекарам чалавечых душ. Таго, хто дае крылы, якія будуць узносіць цябе па-над светам у цяжкія хвіліны і ў хвіліны радасці. Таго, хто пакліча цябе ў пілігрымку ізноў, каб быць побач з Ім.


Ірына Губская
в. Савуткі, Шаркаўшчынскага р-н, Віцебская вобл.

One Response to "Што шукае пілігрым?"

  1. Ola пишет:

    Дзякуй за сведчанне. Пазнаю сябе….

Напісаць каментар

Адправіць каментар


девять + четыре =

Апошнія артыкулы