logo piligrymka





Што шукае пілігрым?


Odnoklassniki VKontakte Facebook Twitter Mail.ru ← падзяліцеся ў сацыяльных сетках з сябрамі

             ***

Чаго шукае пілігрым?

А што рассеецца, як дым,

Калі сам пешкі дападзе

Да тых святынь, куды вядзе

 

Жаданне –новае спазнаць,

Душу шацункам наталяць,

Сяброўства добрае знайсці,

Падзяку Богу узнясці.

 

Шукае веры пілігрым,

А што за ім , у ім самім?

Адказ складаны будзе там,

Дзе сам сябе ўвядзеш у зман.

 

Якія вочы будзеш мець?

Ці зможаш з любатой глядзець,

Каб бачыць Божыя сляды

Паўсюль, дзе позірк кінеш ты?

 

Шукае цуда пілігрым,

А цуда ёсць у ім самім,

Напоўніць сэрцы хай любоў,

Каб аддаваць яе ізноў.

 

Шукае Бога пілігрым,

А перш за ўсё ў сабе самім

Падтрымку Неба хоча мець,

 І каб самому не гібець.

 

Чаго жадае пілігрым?

З’яднання ў сабе самім,

Каб права Божае прызнаць,

Свае правіны выпраўляць.

 

Аб чым спявае пілігрым?

Маленні ўсе яго аб чым? –

Свае патрэбы вырашаць,

За родных, блізкіх прамаўляць

 

Малітвы, ў Неба што ляцяць

З тых сэрцаў, дзе няма тугі,

Дзе не трымаюць берагі

Матэрыяльнага быцця.

 

Старанна ладзіць цішыню,

Каб думкі ўверх, у вышыню

Спакойна так накіраваць

І Волю Боскую спазнаць!

 

 

 

    ПЕСНЯ  ПІЛІГРЫМА

Мы з Божай дапамогай

Ідзём саёй дарогай,

Дарогаю да Бога,

Дарогай да сябе

Прыпеў:

          Нясі, перадавай любоў

          Зямлі і Небу,

          Небу і Зямлі

          Перадавай любоў

Цудоўная прырода,

У душах ёсць лагода,

Ды ногі ўжо гудуць,

І пяткі зноў пякуць.

            Прыпеў

А песня ажыўляе,

Каронкі ды літаніі

Над намі ўзлятаюць,

Наперад нас завуць.

            Прыпеў

Бо Матачка Святая

У Будславе чакае      (і Гудагай чакае)

Да Сына запрашае,

Заве нас да сябе.

            Прыпеў…

 

 

                  

                                 НА  СВЯТОЙ  ЗЯМЛІ     

Вяршыняй сваіх пілігрымак лічу наведванне Святой Зямлі ў кастрычніку 2011 года Менавіта наведванне, а не падарожжа, бо не па дарозе мы туды дабіраліся, а ляцелі на самалёце. Не прайшло й чатыры гадзіны, а замест асенняй слаты нас ахінула цёплае паветра ў Тэль-Авіве. Крыху затрымаліся ў аэрапорце Бен Гурыон, бо праверка была не групавая, а кожнага паасобку. Нас прапусцілі, мы змянілі вопратку, абутак і адчулі сябе як улетку.

 Адразу паехалі ў Віфлеем, там уладкаваліся ў гатэлі “Парадыз”. Атрымліваю ключы ад пакоя №422 – складаю лічбы 4+2+2=8 (лічба пераўтварэння, альбо вертыкальны знак бясконцасці),  – настрой цудоўны! Ноччу добра быў чутны спеў муэдзіна, але гэта не замінала адпачынку, а стварала уражанне сапраўды нечага незвычайнага.

У першы дзень нашай пілігрымкі наведвалі памятныя мясціны нараджэння Езуса Хрыста – мы ж у Віфлееме! Цікавае адчуванне было, калі ў царкве Раства Хрыста (першапачатковая пабудова была ў 326 годзе) наш экскурсавод Саід адкрыў люк і мы ўбачылі мазаіку падлогі чацвёртага веку – як быццам стаіш у незвычайным патоку і праз цябе праходзяць стагоддзі. Грот Нараджэння, Малочны Грот, Зорка Віфлеема – цяпер для мяне гэта не проста словы, а выявы, што будуць са мной назаўсёды!

Зусім недалёка ад Віфлеема  зараз стаіць невялікі своеасаблівы храм францысканцаў на гары пастушкоў. Чатыры вялікія белыя сцяны аб’яднаны белым купалам у выглядзе шатра з маленечкімі вокнамі наверсе. Храм новы, пабудаваны ў 1954 годзе на руінах кляштара 4-га стагоддзя. Калі мы ішлі да аўтобуса, то звярнула увагу на расліны – многія з іх растуць у нашых кватэрах на падваконніках, толькі яны у нас маленькія.

Пасля наведвання Гары пастухоў паехалі ў Ерусалім, горад з пяцітысячагадовай гісторыяй. У старой частцы, якую акружае чатырохкіламетровая сцяна, амаль нічога не змянілася з 16 стагоддзя, там суіснуюць чатыры кварталы: яўрэйскі, хрысціянскі, мусульманскі, армянскі. Цераз Львіныя вороты (у іх яшчэ назвы: вароты Дзевы Марыі, вароты Св.Сцяпана) наш экскурсавод Каця павяла групу ў стары горад. Менавіта яна сустрэла нас у аэрапорце, але ў Віфлеем паехаць з намі не магла – там другая дзяржава. Кацярына нарадзілася ў Ленінградзе, вырасла, атрымала вышэйшую адукацыю – археолаг, а напрыканцы 20 стагоддзя з сынам з’ехала на сваю этнічную Радзіму. Так што гід у нас быў адмысловы. Мы пабачылі адноўленую частку галоўнай вуліцы Ерусаліма часоў рымскага кіравання – вуліцу Кардо. Яна бачна была ў нізе адносна нас і ў мяне з’явілася адчуванне, быццам зазіраеш у глыбіні сваёй памяці.

 У другой палове дня адбылася самая адказная падзея – мы прайшлі Віа Далароза – Крыжовы шлях Езуса. Напластаванне стагоддзяў у будынках, мільгаценне людзей, дзеці на роварах, а мы ідзем за сваімі святарамі, спыняемся на кожнай стацыі, молімся. Вочы разбягаюцца ад размаітасці акаляючай прасторы (хоць вуліца вузенькая), вуха ловіць словы святара ці экскурсавода, а ў сэрцы – вялікае спачуванне да мук Езуса. У нашай групе тры святары і два біскупы: Антоні Дзем’янка і Казімір Велікаселец. Усе яны выдатна дапаўняюць экскурсавода сваім веданнем тэалогіі.

     Потым, калі вярталіся ў Віфлеем, падумала: вось яно якое, сучаснае імклівае жыццё зараз – раніцай нараджэнне, вечарам – завяршэнне зямнога шляху Госпада нашага Езуса Хрыста мы перажывалі ўсё ў адзін дзень.

На другі дзень адбылася падзея, дзеля якой, менавіта, я й выбралася ў такую далёкую паездку.

Асвячэнне табліцы “Ойча наш” адбывалася 25.10.11 у кармеліцкім храме Pater Noster у Ерусаліме. Наша табліца сто шэсцьдзесят другая, такі далі адказ нашы святары. Калі першыя табліцы месцяцца ў храме ды потым у крытых галерэях, то цяпер іх ладуюць ужо на сцяне на двары храма. Падчас урачыстай імшы, якую ўзначаліў мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, стан прысутных адзначаўся трапяткім хваляваннем добра зробленай працы, вялікай радасцю, адкрытасцю сэрцаў… Вялікая Божая дапамога садзейнічала гэтай справе!

 Потым, калі выйшлі да табліцы, асвяцілі ды знялі покрыў з яе, радасць перапаўняла нашы сэрцы, узрушана-узнёслыя пачуцці цераз хваласпеў замацоўваліся ў нашых душах. Зрабілі агульны фотаздымак. На заканчэнне набажэнства міртапаліт Кандрусевіч сказаў, што табліца гэтая будзе даваць падтрымку тым, хто стане маліцца каля яе, а таксама няхай яна праслаўляе беларускую культуру і нашу Бацькаўшчыну. Мы, беларусы, займелі сваё годнае мейсца сярод усіх моў свету.

 

Табліца сто шэсцьдзесят другая                    ( гэтыя словы для мяне зараз як пароль, і я зноў          

На Божыя справы нас натхняе.                        пражываю тыя хвіліны, калі  словы “Ойча

Сярод  моў усяго чалавецтва                            наш…” былі адкрыты ўсяму свету)

Маем падтрымку на шляху ў вечнасць.

 

А на другі дзень быў Іярдан, нешырокая рака з зеленаватай вадой, на самой справе вада зусім чыстая, але мае выразна зялёнае адценне. У Ізраілі ва ўсіх святых мейсцах вельмі многа людзей, і там, на Іярдане, калі мы, апрануўшы белыя кашулі, стаялі на беразе і спявалі песні на сваёй мове, то выклікалі цікавасць у прысутных. Любоў Божая не ведае граніц! Усе абменьваліся прыязнымі усмешкамі.

 

Аднаўленне хросту у Іярдане

 

У белых кашулях стаялі ля рэчкі

Мы з назвай такой – Іярдан.

З вуснаў ляцелі ў прастору, у вечнасць

Родныя словы, што Бог нам даў.

 

Матчына мова ляцела ў неба,

Сэрцы лагодай і шчасцем цвілі.

Пэўна зрабілі тое, што трэба:

Божыя сцежкі сюды прывялі.

 

Песні хвалебныя Богу Магутнаму

Лёгка ў нябёсы плылі.                                                         

Божаму слову, калісьці пачутаму,

Мы тут адпаведны былі.

 

27.10.11 – дзень перад ад’ездам, але пра гэта яшчэ не думаецца, ёсць толькі радасць, што мы на Святой Зямлі. Усе мясціны, якія мы наведалі, незабываемыя, але гара Кармель для мяне застанецца своеасаблівай вяршыняй. Там мірна суіснуюць іудзеі, хрысціяне і прадстаўнікі самай маладой монатэістычнай рэлігіі – бахаі. Побач – прыгожы горад Хайфа, паўночная сталіца Ізраіля, галоўны порт дзяржавы. З аднаго боку – гара, з другога – Сяродземнае мора, прыгажосць неверагодная.

На кожным новым мейсцы, куды прыязджалі ці прыходзілі, мы збіраліся купкай каля сваіх святароў і маліліся на роднай мове: частку ружанца альбо літанію адпаведную, вяночак да Божай міласэрнасці альбо Анёл Панскі і асабістыя пацеры. Кожны дзень нашы святары ладзілі ў розных умовах святую літургію і мы мелі моц і Божую падтрымку на цэлы дзень. Вялікі дзякуй за гэта нашым святарам!

   

Святая Зямля

 

Я была на Святой Зямлі,

Дзе калісьці хадзіў Хрыстос,

Галілейскія хвалі плылі,

Іярдан свае воды нёс.

 

Там Кармель на зялёных пагорках

Даў прытулак для бахаі.

Там наверсе пячора прарока,

Дзе мессія з’явіўся Іллі.

 

І адтуль кармеліты босыя

Разыйшліся па ўсёй зямлі,

Ды на нашы палеткі росныя

Будаваць Божы дом прыйшлі.

 

Свет Фавора нам ззяе здалёку,

Паказаў дарогу Хрыстос.

Толькі ў сэрцы сваім, не звонку,

Затрымай на шчаслівы лёс.

 

Там заўсёды многа людзей

Хочуць праўду сваю адшукаць:

Ты з Аллахам, з Хрыстом альбо іудзей –

Усе асновы дагэтуль стаяць.

 

Там пакровы Нябеснай Матулі

Над святынямі ціха ляжаць.

І мы, да Матулі прытуленыя,

Маглі годна, прыстойна спяваць.

 

 

Малітоўныя песні ляцелі

З нашых сэрцаў на ўвесь небакрай,

Атрымалі мы ўсё, што хацелі,

На Зямлі там сапраўдны рай.

 

Там прыйшло адчуванне такое,

Што святая –уся Зямля!

Горнім Небам спатоленыя,

Мы змяняемся спакваля.

 

Кожная паездка нечым узбагачае чалавека. Гэта пілігрымка дала магчымасць кожнаму з нас лепш спазнаць сябе, адчуць падтрымку Неба. І я жадаю кожнаму – хай збываюцца ва шы мары!

 

Ядвіся Рай,  жыхарка Мінска

Напісаць каментар

Адправіць каментар


+ три = одиннадцать

Апошнія артыкулы