logo piligrymka





Што шукае пілігрым?


Odnoklassniki VKontakte Facebook Twitter Mail.ru ← падзяліцеся ў сацыяльных сетках з сябрамі

Вядомае выказванне аб тым, што кожны чалавек толькі пілігрым на гэтым свеце, даўно ўжо не з’яўляецца новым сведчаннем або навачэсным адкрыццём. Калі мы хочам паразважаць аб сэнсе жыцця перад пэўным чалавекам, або нават канкрэтнай мэтавай аўдыторыяй, заўсёды варта выказаць гэтае меркаванне. Эфект пазітыўнага ўплыву на слухачоў і гледачоў гарантаваны…

Я таксама была не выключэннем. Заўсёды з захапленнем, нават нейкім запалам, гаварыла аб зямной пілігрымцы кожнага чалавека, разважала пра мэту існавання, упэўнена гаварыла пра магчымасць пераадольвання цярпенняў і цяжкасцяў дзеля пэўнага сэнсу. Цяпер нават не памятаю, ці верыла сама ва ўсе гэтыя “дэкларацыі”, тым больш – ці верылі мае суразмоўцы. Думаю, што верылі, бо бачылі мяне паспяховай асобай, шчаслівым чалавекам. Калі гаварыць шчыра, то на той час мяне не вельмі цікавіла, упэўніла я кагосьці ці не. Наперадзе ў маім жыцці было столькі планаў і перспектыў!

І вось цяпер, перажываючы раптоўную страту блізкага чалавека, разумею – што азначае  быць пілігрымам на гэтым свеце! Бо пілігрым, гэта чалавек, які не безсэнсоўна падарожнічае і блукае па вузкіх сцежках і шырокіх гасцінцах. Зямны пілігрым, гэта не той чалавек, які страціў сваіх спадарожнікаў, і прыкладае намаганні адшукаць іх нават у выпадковым чужым поглядзе. Пілігрым, гэта асоба, якая заўсёды ідзе, ідзе наперад… Хоць маленькімі крокамі, але ідзе, абапіраючыся на веру і надзею ў Бога, падсілкоўваючыся маленькімі радасцямі, адпачываючы на людской спагадзе і шчырасці.

Толькі цяпер я разумею, што быць пілігрымам – гэта вельмі не проста. Канешне, можна многа працаваць і атрымаць магчымасць  падарожнічаць па ўсёй планеце, спакойна назіраючы свет за акном цягніка, аўтобуса ці нават з ілюмінатара касмічнага карабля. Каб вандроўка была ўдалай і з усімі зручнасцямі – на гэта будуць працаваць пэўныя людзі. А мы тады будзем толькі аналізаваць іх працу і разважаць аб тым, ці варта было патраціць столькі фінансавых сродкаў  і высілкаў на гэты ваяж. А праз некаторы час зноў можна “купіць” асабіста для сябе, хоць на некалькі дзён, кавалак штучна створанага неверагоднага свету без цяжкасцяў і штодзённых турбот.

 А сапраўдны зямны пілігрым сам ідзе па жыцці са сваімі клопатамі і недасканаласцямі, сам атрымлівае таямнічую атмасферу ўражанняў ад новых краявідаў лёсу. Ён падарожнічае сам, “in vivo”, а не штучна існуе ў свеце, які ствараюць іншыя людзі, няхай і нават вельмі прафесійна.

 Які варыянт выбраць? Яшчэ два гады назад, я адназначна бы купіла зручнасці, выгоды і адпачынак. Цяпер жа я дакладна разумею, што гэта ўсё роўна не дае мне новых сіл для жыццёвай пілігрымкі. Мне здаецца, што для мяне важна знайсці сваё духоўнае “Я”, дакладней нават не знайсці, а проста зразумець сваю другую частку. Гэта дасць мне магчымасць  аднавіць сваю асобасную і асабістую цэласнасць. Цэласнасць, якую мне даў Пан Бог, але якую я сама не змагла зберагчы пад час жыццёвых выпрабаванняў. Але я ўпэўнена, што абставіны лёсу не змаглі ўсё знішчыць. Кожны пілігрым шукае сваё і канкрэтна для сябе. Я ХАЧУ ЗНАЙСЦІ СЯБЕ! Я веру, што ў мяне атрымаецца. Веру, што змагу зразумець сэнс майго зямнога вандравання, сэнс цяжкасцяў і адзіноцтва. Змагу, але праз некаторы час, не цяпер…

А цяпер я хачу адкрыць сябе, хачу сябе ўбачыць. Думаю, што аказаўшыся ў атмасферы такіх жа пілігрымаў, святароў і проста нераўнадушных людзей, я змагу ЗНАЙСЦІ СВАЁ.

 

Гардзей Валянціна, парафія Святога Юзафа, горад Маладзечна

Напісаць каментар

Адправіць каментар


три − один =

Апошнія артыкулы