logo piligrymka






Што шукае пілігрым?


Odnoklassniki VKontakte Facebook Twitter Mail.ru ← падзяліцеся ў сацыяльных сетках з сябрамі

Для мяне пілігрымкі – гэта этапы на шляху да Бога.

Першая пілігрымка стала самай галоўнай падзеяй майго жыцьця. 2000 год, мне – 35. Пілігрымка да Маці Божай Меджугорскай. Ехала туды разам з пілігрымамі – латышамі і амаль што нічога не ведала пра Меджугор’е, пра аб’яўленьні. Толькі ў сэрцы сваім чула, што мяне кліча Маці. Як? Праз словы сьвятара, які аб’яўляў пра пілігрымку ў касьцеле. З усяго, што ен расказваў, пачула толькі, што там – Марыя… І усе: адразу ўзьнікла жаданьне паехаць туды; зьнешнія абставіны склаліся так, што ўсе атрымалася, і, нават, адсутнасьць візаў не перашкодзіла, а трэба было пераязджаць 3 ці 4 мяжы. А там, у 50-градусную сьпеку, былі сьлезы пакаяньня і дзівоснае, звышнатуральнае перажываньне спакою і радасьці ў душы. Перажываньне, якое немагчыма адчуць без ласкі Божай. І першае пасланьне, якое Марыя перадала людзям яшчэ у 1981 годзе: «Бог есьць» – вось! Яго пачула, прыняла мая душа. Бог есьць – гэта напаўняе мае жыцьце праз увесь час пасьля той пілігрымкі. Бог міласэрны, любячы, магутны – Ен усе стварыў і ўсе сабою напаўняе у кожнае імгненьне часу, у кожнай кроплі прасторы. Слава Табе, Госпадзе!

Потым, праз год, была пілігрымка ў Будслаў. Пасьля яе Бог дазволіў мне ўбачыць бездань маіх грахоў. Гэта было вельмі моцнае падзеньне. І не дзіва: 35 гадоў без Бога ў душы, без Веры, без Слова Божага, без споведзі, без Сьвятой Камуніі, а толькі ў пакутлівых пошуках праўды. Колькі там, у душы, накапілася ўсялякага бруду. А каб у душы, якая есьць домам Божым, жыў Дух Божы, яна павінна быць чыстай. Любая гаспадыня ведае, што каб дом быў чысты, прыбіраць яго трэба рэгулярна. А паспрабуй ты адмыць, адскрэбці сваю душу ад грахоў у 35 год. Яго ж, гэты грэх, яшчэ трэба убачыць… Але праз увесь гэты вельмі доугі (амаль 10 гадоў) і пакутлівы шлях майго навяртаньня Бог моцна трымаў мяне Сваімі рукамі і Матуля Наймілейшая была заўседы побач, цяпер я ведаю гэта дакладна. І доугі час словы вядомага сьпеву гучалі ўва мне так:

«Езус, у сэрцы Ты маім

Радасьць цярпеньня мне адкрыў…»

І вось нядаўнія пілігрымкі у Росіцу, да месца пакутніцкай сьмерці блаславеных Антонія і Юрыя. Начное чуваньне. Начная працэсія да пляцу мучаніцтва. Інтэнсіўная малітва, роздумы, разважаньні, фізічныя цярпеньні (змаганьне са сном) – гэта ўсе складае як-бы моцную духоўную церапію, якая нам неабходная дзеля абуджэньня нашай веры, дзеля аднаўленьня духоўнага здароўя; каб наша душа не “атлусьцела” ад дабрабыту, не зьмярцьвела ў звыклым коле турбот.

Што шукае пілігрым? Аднаго вабіць разнастайнасьць сьвету, другі шукае аднаўленьня Духа, новых духоўных перажываньняў, можа, хтосьці адчувае патрэбу пераменаў і гатовы ехаць “на край сьвету” проста ад скукі. Так. Але ўсіх нас, пілігрымаў,  чакае Бог. Бог шукае кожнага пілігрыма, каб адкрыцца яму ў момант малітвы, пакланеньня, назіраньня, разважаньня, слуханьня і г.д. Каб адкрыць нам, пілігрымам, Сябе – найвялікшую Радасць, каб скіраваць нас на шлях адвечнай Праўды, разуменьня бясконцасьці свайго існаваньня, каб праз разнастайнасьць і дзівосную прыгажосьць Зямлі паказаць нам Сваю дасканаласьць.

 

г.Мінск, Смыковіч Людміла

Напісаць каментар

Адправіць каментар


девять + = одиннадцать

Апошнія артыкулы