logo piligrymka





Што шукае пілігрым?


Odnoklassniki VKontakte Facebook Twitter Mail.ru ← падзяліцеся ў сацыяльных сетках з сябрамі

«Што шукае пілігрым?» – пытанне, якое, як водгук хвалявання тысяч сэрцаў на працягу многіх стагоддзяў, як слабае рэха з даўніх часоў, моцна ўрэзалася ў маю свядомасць. Мноства думак не давалі мне спакою, яны мільгалі ў маёй галаве адна за адной. Засяродзіўшыся на пытанні, я паспрабавала ўявіць сябе пілігрыма. Дык што ж ён шукае і хто ён такі, пілігрым?

Хто такі пілігрым, як не … вандроўнік, які шукае дарогу да свайго сэрца, да сэрца, якое прагне разумець, навошта гэты вандроўнік прыйшоў у гэты свет, да сэрца, якое захоўвае адказы на ўсе пытанні, да сэрца, якое амаль не пачуць з-за шуму мітусні паўсядзённага жыцця. Хто такі вандроўнік, як не … звычайны чалавек, які валачыцца па лабірынце жыцця крок за крокам, то падаючы, то падымаючыся, то ўсміхаючыся, то смуткуючы, то свядома, то неўсвядомлена, як быццам, у нябыце, усляпую, але валачыцца…

 Але ці проста вандроўнік пілігрым ці, можа, пілігрым – гэта вандроўнік, які ўжо знайшоў сцежку да сэнсу жыцця, знайшоў той прамень, які асветліць яму ўвесь жыццёвы шлях. І калі ж, у які момант, чалавек з простага вандроўніка ператвараецца ў пілігрыма. Звязана гэта са сталасцю ці, можа быць, з узростам, з полам, з характарам, з розумам … не, хутчэй з адкрытасцю свядомасці, з бязмежнай гатоўнасцю суіснаваць з светам, быць яго неад’емнай часціцай і з ўстойлівай адвагай прыняць сваю незаменную ролю ў яго складаным механізме. Адкрытасць, гатовасць суіснаваць і смеласць прыходзяць тады, калі вандроўнік адкрывае вочы насустрач сонцу, якое спачатку асляпляе яго, абпальвае і палохае, але, калі ён не заплюшчывае вочы, то паступова вочы прывыкаюць да святла – і вось ужо сонца лашчыць сваім цяплом і накіроўвае нам, вандроўцам, прамень, той самы прамень, які і ёсць галоўны ў нашым жыцці. Менавіта ён і прывядзе нас да скрыжавання на дарозе жыцця.

Ці прадоўжыць вандроўнік свой шлях па старой дарозе, заплюшчыўшы вочы, ці ж, дайшоўшы да развілкі, спыніцца, задумаецца і зразумее, што ішоў ўсляпую не па той дарозе і звярне з яе, тым самым пачаўшы сваё паломніцтва, залежыць ад выбару чалавека. Бо ў нас ва ўсіх ёсць свабода выбару, мы кожны дзень робім выбар і такім чынам плецем ўзор свайго лёсу. Калі застанецца чалавек на старай дарозе, то будзе ён у жыцці ўсё ж толькі вандроўнікам. Ён таксама будзе шчаслівы, але мімалётна, ён таксама будзе ісці, але кідаючыся туды сюды, ён таксама будзе кахаць, але павярхоўна, ён таксама будзе бачыць сонца, але толькі водбліскі … У канцы шляху вандроўнік стомлена азірнецца назад, акіне позіркам увесь свой шлях і падумае, што ён прайшоў так шмат, што ён выдаткаваў столькі сіл, што ён выдаткаваў цэлае жыццё, каб прыйсці туды, дзе ён зараз знаходзіцца. І дзесьці глыбока ў ім, у тым самым сэрцы, да голасу якога мы так рэдка прыслухоўваемся, закранецца надзея на тое, што ў канцы свайго шляху, быць можа, вандроўнік ўсё ж такі адважыцца і адкрые вочы. І тады зразумее, што недзе на іншым шляху, на шляху паломніка, ёсць прамень, які агаляе прыгажосць свету, адкрывае шчырасць і дабрыню, дае сілы заняць сваё месца ў механізме жыцця і несці святло іншым. Бо, што можа быць важней, чым несці з сабою святло, асвятляючы шлях іншым, дапамагаючы ім распазнаць у цемры свой, асаблівы, хай часам і цярністы, але такі блізкі сэрцу шлях.

 Дык што ж шукаюць паломнікі, якія ідуць кожны сваім шляхам? Яны не шукаюць, яны ўжо знайшлі – свой прамень, яны проста ідуць за святлом, якога так просіць іх сэрца і якое дае ім сілы дзеяць дабро, сілы дараваць і дзякаваць, сілы быць патрэбным і карысным гэтаму свету, сілы бачыць усмешку ў вясёлцы, дасканаласць у кветцы, прачуць геніяльнасць мелодыі ветру і самае галоўнае – сілы кахаць … кахаць бясшумна і глыбока, кахаць аддана і свядома … проста кахаць гэты свет і яго Творцу.

 

Яўгенія Лазарэвіч

Напісаць каментар

Адправіць каментар


× пять = тридцать пять

Апошнія артыкулы