logo piligrymka






Што шукае пілігрым?


Odnoklassniki VKontakte Facebook Twitter Mail.ru ← падзяліцеся ў сацыяльных сетках з сябрамі

Што шукае пілігрым? Кожны нешта сваё … Хтосьці накіроўваецца да святых месцaў, каб сваiмi вaчымa ўбачыць тое, пра што даўно ведаў, чытаў, марыў дакрануцца. Хтосьці проста хоча павандраваць больш танным спосабам і толькі ў працэсе пілігрымкі пачынае разумець, куды ён прыехаў. Хтосьці шукае новых яркіх уражанняў, новых сустрэч  з аднадумцамі. Хтосьці прагне духоўнага росту і, прыслухоўваючыся да струнаў  душы сваёй, збіраецца ў дарогу.  Хтосьці , стаміўшыся ад штодзённай мітусні, шукае магчымасць спыніцца і падумаць … адчуць … зразумець …

    А хтосьцi  едзе да святых месцaў  за дапамогай, за апошняй надзеяй.У кожнага з нас     свая прычына. І ў мяне была свая.

    Ёсць такая хвароба – скаліёз. Падступства яе ў тым, што не гледзячы на ўсе высілкі хворага, у падлеткавым узросце яна вельмі часта прагрэсуе. Змагацца прыходзіцца ўсляпую. Толькі раз у годзе на кантрольным здымку ты бачыш хто каго. У мінулым годзе мы прайгралі. Стараліся з усіх сіл, але прайгралі. І зноў год лячэння і трывожнага чакання.

     … На гэты раз да лекара я не пайшла. Проста не знайшла ў сабе смеласці. Сядзела на працы і напружана чакала званка ад мужа. Хвіліна за хвілінай, гадзіну за гадзінай. Званок і голас мужа: «Марына, з табой хоча пагаварыць ўрач». Стала вельмi страшна. А потым словы лекара: «Марына Барысаўна, мы зрабілі здымак.   У вашай дачкі ўсё добра ». Нервы здалі, і я плакала  за працоўным сталом на вачах у супрацоўнікаў. Ад шчасця. А пасля працы панеслася ў Чырвоны касцёл і малілася, і дзякавала Госпада. Выходзячы з касцёла, я звярнула ўвагу на маленькую брашурку, якая ляжала на стале каля дзвярэй і, амаль машынальна, прыхапіла яе з сабой.

«Расклад пілігрымак». Пілігрымка на Святую Зямлю …  Па-мойму, я нават не дала сабе часу падумаць. Я проста адразу цвёрда зразумела, што еду туды, туды, бліжэй да Бога, каб стаць на калені і бясконца дзякаваць. Патэлефанавала. «Збор ўжо быў, ёсць яшчэ месца, але аплаціць трэба заўтра». Дзякуй мужу, у той жа вечар пазычыў у прыяцеля патрэбную суму, дачка аддала ўсё, што назапасіла на новы мабільнік. Я еду!

    … Мне ніколі не выказаць словамі веліч і прыгажосць тых месцаў, якія пашчасціла наведаць.  Старажытны Яффа з яго маленькімі старымі вулачкамі і неверагоднай  прыгажосці раслінамі. А па суседстве раскінуўся ўздоўж ўзбярэжжа Тэль-Авіў. Адчуванне, быццам ты быў тут шмат разоў. Мы з маёй новай знаёмай  спакойна гулялі па яркіх начных вуліцах Тэль-Авіва, быццам па сваім родным горадзе.

Ізраіль – краіна кантрастаў. З раніцы ты блукаеш па развалінах Кейсарии, акунаючыся на тысячагоддзя ў мінулае, а ўвечары ва ўтульным мястэчку Цверы з захапленнем любуешся спяваючымi фантанамі.

 

А далей … далей здавалася, што рэальнасць пераплялася з уяўленнем … Назарэт і яго галоўная святыня, Храм дабравешчання. Кана Галілейская, дзе Ісус стварыў свой першы  цуд. Гара Фавор. Святы горад Віфлеем,  дзе Храм Нараджэння Хрыста. Дзень за днём нашаму погляду адкрываліся месцы, такія знаёмыя са старонак Бібліі, але чамусьці уяўныя недасяжнымi, амаль нерэальнымi.

Вельмі запомнілася, як стаялі на Гарэ Бласлаўленняў, дзе Ісус вымавіў сваю нагорную пропаведзь. «Блажэнны ўбогія духам …» Ксёндз Юры Барок вельмі пранікнёна гаварыў з намі, і з кожным яго словам душа напаўнялася радасцю і надзеяй. Трэба сказаць, адчуванне радасці і надзеі не пакідала мяне на працягу ўсёй пілігрымкі. Галілейскай возера … На сваім невялікім карабліку нас сустракала вельмі каларытная габрэйка. Мы плылі па возеры, дзе Ісус плаваў са сваімі вучнямі, затаіўшы дыханне, слухалі ксяндза Вячаслава, а гаспадыня карабля добразычліва назірала за намі. «Я бачыла, як вы слухалі свайго ксяндза»,-сказала яна. «Вы глыбокія  вернікі, і я вельмі паважаю вашу веру. А цяпер я хачу праспяваць для вас нашу малітву ». Яна заспявала на іўрыце. Нізкім моцным голасам. Немагчыма апісаць песню, немагчыма апісаць малітву. Мы плылі па ціхаму возеру, а вакол гучала Каханне. Напэўна, гэта было адно з тых імгненняў у маім жыцці, калі хацелася, каб час спыніўся.

У  Ізраілі я, баючыся разгубіцца ад чарады падзей і нарынуўшых  уражанняў, вяла маленькі сшытак, дзе перад сном апісвала пражыты дзень. Ёсць у тым сшытку старонка, на якой толькі адно слова – «СЧАСТЬЕ». У гэты дзень мы прыехалі ў Ерусалім. Via Dolorosa… Храм Гроба  Гасподняга. Калі мы ўвайшлі ў Храм, я пачала хвалявацца, што не змагу адчуць велічы і смутку гэтага месца – было вельмi шмат народа, шум, мітусня. І вось падышла мая чарга спускацца ў грабніцу. І як-быццам нічога не стала вакол, нічога і нікога. Я выйшла, стала на калені, каб памаліцца. І слёзы проста хлынулі з вачэй, але гэта не былі ні слёзы смутку,  ні слёзы радасці. Гэта зноў была Любоў. Я адчула гэта проста фізічна. Бог любіць мяне. З’явілася адчуванне, быццам я прачынаюся, хтосьці  ўнутры  мяне прачынаецца.  І гэты хтосьці – маленькая дзяўчынка, якой я была шмат гадоў таму. Пад грузам праблем, расчараванняў і бясконцай мітусні яна забілася глыбока-глыбока ў свой куток. А тут, на гэтай незвычайнай зямлі я зноў адчула сябе гэтай дзяўчынкай – лёгкай, радаснай і бясконца любiмай.

Што шукае пілігрым?  Кожны нешта сваё … Але ў адным я перакананая:  што б не рухала  чалавекам, што б ён не шукаў – знойдзе ён значна БОЛЬШАЕ.

 

Зинченко Марина,   г. Минск

Напісаць каментар

Адправіць каментар


− пять = два

Апошнія артыкулы