logo piligrymka





Што шукае пілігрым?


Odnoklassniki VKontakte Facebook Twitter Mail.ru ← падзяліцеся ў сацыяльных сетках з сябрамі

Што шукае пілігрым? Здаецца,  адказ на гэтае пытаньне лёгкі і просты – пілігрым найперш шукае Бога. Пілігрым шукае новыя мейсцы пакланеньня адзінаму Богу, ахвярнаму Божаму сыну Езусу Хрысту. Пілігрым прагне пабачыць шэдэўры дойлідзтва, прысьвечаныя Богу, Марыі Маці Божай, іх сыну Езусу, створаныя шчырымі вернікамі каб на вякі праславіць Імя Божае.

Цяперашні пілігрым шматаблічны. Ён хацеў бы пабачыць новыя краіны, новыя гарады, па магчымасьці пагутарыць з людзьмі ў розных краях нашай цудоўнай і такой шматпакутнай Маці-Зямлі. Сёньняшні вандроўнік ня супраць дакрануцца і да здабыткаў сусьветнай цывілізацыі, безумоўна створанай на грунце хрысьціянскай культуры. Да тых здабыткаў, што пакуль недаступныя беларусам на Радзіме. Набыць для сябе , родных і сяброў тыя прадметы , як духоўнай, так і матэрыяльнай культуры, да якіх няма доступу дома.

Але, на погляд аўтара гэтага допісу пілігрым прагне, як гаворцыцца,  “пабачыць сьвет”.

Што ж давялося пабачыць аўтару – пілігрыму-вандроўніку зь немалым досьведам у апошняй пілігрымцы? Што пілігрым адшукаў?

У гэтым эсэ аўтар адмовіўся ад строгай храналёгіі на карысьць эмацыйнага, асацыятыўнага ўспрыняцьця той рэчаіснасьці, што раскрывалася нашым вачам  з другога па шаснаццатае кастрычніка 2011года.

 Праехалі мы за гэтыя два тыдні Польшчу і Нямеччыну, Францыю і Гішпанію, Партугалію і Італію, Аўстрыю і Славаччыну. Закранулі краем  Бельгію І Чэхію.

Чаравікі нашыя добра такі пацерліся на брукаванках Кёльна і Парыжа, Сант-Яга дэ Кампастэла і Лісабона, Барсэлёны і Падуі, Браціславы – колішняга Прэшбурга. 

Тыя з нас, хто адчуваў патрэбу ў малітвах, маліліся ў новай, велічнай базыліцы Ліхэня, сусьветна вядомым Кёльнскім саборы, ня меней знакамітым Нотр-Дам дэ Пары, фантастычнай прыгажосьці сьвятыні Люрда, грандыёзным саборы Сьвятога Якуба ў Сант-Яга дэ Кампастэла, перад стромай вежай Фацімы, у касьцёлах Сьвятой Юстыны і Сьвятога Антонія Падуанскага – этнічнага партугальца, усё сваё сьвятарскае жыцьцё правёўшага ў італьянскай Падуі, перад Чорнай Мадоннай – абразом Маткі Боскай Чэнстахоўскай у легендарнай Яснагурскай Сьвятыні.

Акрамя таго малітвы ладзіліся штодзённа падчас працяглых пераездаў паміж гарадамі.

Аўтар гэтага допісу і яшчэ некалькі чалавек жадаючых аглядалі ваколіцы Ліхэня і Чэнстаховы з вышыні больш чым стомэтровых вежаў гэтых сьвятыняў.

Таксама пілігрымы маглі свабодна бавіць свой час і траціць грошы ў крамах, супэрмаркетах і на рынках вышэйназваных местаў, набываючы сувеніры для сваіх блізкіх і неабходныя пакупкі для сябе. Ксяндзы-арганізатары не пярэчылі і такому баўленьню часу, што, на погляд аўтара ёсьць дадатковым плюсам . 

Начавалі мы, акрамя чатырох начных пераездаў у добрых гатэлях, дзе нас кармілі вячэрамі і сьняданкамі, а ў Гішпаніі і Партугаліі да вячэраў падавалі і віны, што уваходзіла ў агульны кошт паездкі. А ў Чэнстахове нас прытуліў  Начлежны дом рэкалекцый пры жаночым кляштары Уршулянак. Пакоі вельмі сьціплыя, але вячэра і сьняданак па польску шчодрыя.

Храмы!  

Ліхэнь. Веліч дабудаванага пасьля 1999 года, калі я быў там упершыю, уражвае. 130м вышыня, такая ж даўжыня, 50м шырыня, 30 м дыямэтар купала.

Гучыць прыемны арган. Ёсьць і другі ў малым алтары.

Імша у адным з малых алтароў. Служаць ксяндзы Юрый Барок, Вадзім і Францішак.

У ніжнім ярусе па колу безьліч таблічак з імёнамі палякаў, тых –  хто ахвяраваў на пабудову санктуарыя – сёмага ў сьвеце па велічыні. І табліца з імёнамі аўтараў праекта і будаўнікоў гэтай велічнай базылікі.

Схадзілі пешшу на вежу на вышыню 118м. адтуль здымкі панарамы. Схадзілі у стары касьцёл Св. Тэрэзы

                     Кёльнскі Сабор. Шэдэўр гатычнага храмавага дойлідства.  Веліч, багацьце і прыгажосьць гэтай Сьвятыні ўражваюць. Асабліва тое, што пабудаваны на беразе шырачэннага, паўнаводнага Рэйна сабор не падмываўся і не разбураўся за такую бездань часу – будавацца храм пачаў у 12-м стагодзьдзі. Сакрэт у будаўнічым рашэньні дойліда Герарда фон Рылэ, яго нямецкім інжынерным геніі. Падмурак сабора па масе роўны яго надземнай частцы. А вышыня храма 157, шырыня 147м. Лёс дойліда Герарда фон Рылэ трагічны Ён загінуў, упаўшы з вышыні каля 30 –ці мэтраў з рыштаваньняў недабудаванага храма. Па нейкай містычнай сувязі такі, ці падобны лёс напаткаў як яго геніяльных папярэднікаў, так і наступнікаў. Так стваральнік першага гатычнага храма – сабора ў французкім Нансі Гіём з Санса загінуў такім жа чынам – упаўшы з рыштаваньняў.

 Цудоўна глядзяцца вітражы. Унутры разьмешчаны фрагмэнт упаўшай зьверху архітэктурнай дэталі. І дзіва дзіўнае! Зусім побач з храмам, сярод камяніц, спачатку прынятая за галюцынацыю песьня салаўя! Прышлося доўга ўглядацца, каб заўважыць маленькага пяюна на даху пяціпавярховіка, на  самым яго  вільчыку.  

.Нотр-Дам-дэ Пары  Сабор Парыскай Божай Маці.

Збудаваны ў гатычным стылі, але мае крыху іншае аблічча, чым Кёльнскі сабор, сабор Сьвятога Віта ў Празе, касьцёл Сьвятога Войцеха ў Вене. Дзьве, ня вельмі высокія вежы з плоскімі дахамі. Поўная сыметрыя. Цудоўныя вітражы, гаргульлі, як у пражскім саборы Сьвятога Віта. Нажаль да апісаных В. Гюго хімераў дайсьці не атрымалася.

Храм у Люрдзе.

Выключна прыгожа ўпісваецца ў краявід перадгор’яў Пірэнэяў. Зьлева пагорак па якому віецца Крыжовы шлях Езуса, справа хуткая горная рака Паў, у якой аўтару гэтага допісу удалося пабачыць і нават сфатаграфаваць вялікую рыбіну – вясёлкавую стронгу.

 Нэаготыка. Высокая, завостраная кверху цэнтральная вежа. Па баках сыметрычна дзьве вежы значна ніжэйшыя. Зьлева па ходу пакаты ўваход на галерэю. Цэнтральны неф увенчаны залатой каронаю з крыжам. Справа зроблены вадаправод са сьвятой вадою, каля кранаў заўсёды натоўп пілігрымаў, якія гэтую ваду набіраюць. Крыху далей, у скальным схіле грот, дзе па легендзе ў сярэдзіне 19-га стагодзьдзя Сьвятой Бэрнардэце некалькі разоў зьяўлылася Маці Божая. У гонар гэтай падзеі і пабудаваны храмавы комплекс.

Чаму комплекс? Перад асноўным храмам пабудаваны велізарны падземны храм, плошчаю прыкладна ў два футбольныя полі. Кажуць, там могуць зьмясьціцца дваццаць тысячаў вернікаў. Алтар у гэтым храме, у адрозьненьне ад наземных, разьмешчаны ў цэнтры.

Асаблівае ўражаньне у Люрдскім компексе пакідаюць вячэрнія шэсьці са сьвечкамі па колу перад галоўным храмам. Людзей зьбіраюцца дзесяткі тысячаў. У кожнага ў руцэ запаленая сьвечка. І пад хрысьціянскія сьпевы павольная працэсія рухаецца пад вячэрнім небам. Уперадзе сьвятары нясуць статую Божай Маці. За ёю хворыя людзі на інвалідных вазках, пасьля усе астатнія пілігрымы. І так штовечар.

Сабор Сьвятога Якуба . Сант-Яга дэ Кампастэла. Пабудаваны ў 11 – 13 стагодзьдзях. На працягу некалькіх вякоў быў цэнтрам хрысьціянскага сьвету і мейсцам паломніцтва. Пілігрымы з усёй Эўропы зьбіраліся ў Памплёне і 811 кілямэтраў пешшу ішлі да гэтага храма.

Архітэктура  храма безумоўна гатычная. Найперш уражваюць яго памеры, як зьнешнія, так і ўнутраныя. Дзьве гіганцкія гатычныя вежы над уваходам, асыметрычна ззаду яшчэ дзьве, прычым   купал на адной з іх нагадвае візантыйскую царкву, а на другой мусульманскі мячэт. Унутры велізарныя залі, над цэнтральнай кадзіла вагою ў 80 кіляграмаў. Запускаюць яго ў работу 8 спецыяльна падрыхтаваных асобаў. 

Па паданьню, ў гэтым храме пахаваны апостал Якуб. Да крыпты зь яго мошчамі заўсёды чарга пілігрымаў. Не прамінулі магчымасьці дакрануцца да гэтай крыпты і нашыя пілігрымы. 

Фаціма. Строгая, стромкая вежа над будынкам у форме паралелепіпеда ня мае тых рознастайных архітэктурных дэталяў, характэрных для готыкі і барока. Храм пабудаваны на пачатку дваццатага стагодзьдзя, дзе зноў жа па легендзе , Маці Божая зьявілася тром сялянсккім дзецям. Перад храмам велізарная плошча з дарожкай зь лінолеуму, да бляску выцертая каленямі. Пілігрымы, хто жадае, праходзяць  гэты “шлях” на каленях . У канцы плошчы высачэзны драўляны крыж на фоне воблака дыму ад недалёкага ляснога пажару.

Кляштар Сэн Джэранімуш. Лісабон. У цэнтральным саборы гэтага кляштара, дзе пару год назад была падпісана Лісабонская Дамова – па сутнасьці першая канстытуцыя Эўразьвязу, найперш кідаюцца ў вочы два каменныя саркафагі. У адным спачывае прах Васка да Гамы – падарожніка, адкрыўшага ў пятнаццатым стагодзьдзі Эўропе марскі шлях у Паўднёвую Азію. У другім сьпіць вялікі Камоэнс, які праславіў у шаснаццатым стагодзьдзі ў сваёй паэме “Лузіяды” плаваньне Васка да Гамы ў Індыю. Творчасьць Камоэнса, асабліва яго санэты лічацца найвялікшымі здабыткамі лірычнай паэзіі позьняга сярэднявечча ўровень з паэзіяй Дантэ, Пертаркі і Шэкспіра.  

Саборы Сьвятога Антонія і Сьвятой Юстыны ў Падуі. Архітэктура абодвух заўважна эклектычная. Візантыйскія і мусульманскія купалы, венецыянскія аркады, статуі сьвятых. У саборы Сьвятой Юстыны па паданьню пахаваны эвангеліст Лука.  

Сабор Сьвятой Юстыны уражвае і сваёй вялікай унутранай прасторай, не надта заўважнай звонку.

Яснагурскі кляштар. Велічны духоўна-абарончы комплекс. Магутныя муры, высачэзная, бачная здалёк гонкая вежа. Прасторныя, разам з тым заблытаныя ўнутраныя пераходы, у якіх няпроста і заблукаць. Пастаянны шчыльны натоўп, не, не натоўп – хутчэй грамада вернікаў перад абразом Маці Божай Чанстахоўскай – знакамітай на ўвесь сьвет Чорнай Маданнай – галоўнай хрысьціянскай сьвятыняй Польшчы. Вялізарныя пано з выявамі і кароткімі жыцьцяпісамі ўсіх польскіх урадоўцаў, загінулых у жудаснай авіякатастрофе пад Смаленскам.

 Барсэлёна!

 Відаць не буду надта арыгінальным, калі скажу: “Калі б гэтага места не існавала ў рэчаіснасьці, яго абавякова трэба было б прыдумаць”. А прыдумаўшы, з пакаленьня ў пакаленьне стагодзьдзямі рупліва адбудоўваць. Ня дзіва, калі болей за 22 стагодзьдзі таму так  і адбылося.  Барсэлёна! Залатая казка над блакітнай затокаю цёплага і ў кастрычніку мора.

   Вядома  дванаццаці адведзеных для агляду гэтага горада гадзінаў непараўнальна мала! Але што пасьпелася пабачыць ?

          Тварэньні геніяльнага дойліда-аскета Антоніё Гаўдзі. (націск на апошні склад)  (А. Гаўдзі-і –Карнэт 1852 – 1926).  Гэта парк Guell, дзе калёны выкананыя ў выглядзе пальмавых ствалоў, дзе цудоўная акустыка ў зале “ста калёнаў”. На самай справе калёнаў 86. Дзе самая вялікая ў сьвеце лава на вяршыні агляднай пляцоўкі. Сядзеньні гэтай лавы дойлід вырабіў у формах зьлепкаў чалавечых целаў, загадваючы рабочым садзіцца на незастылы цэментны раствор, а пасьля выкладаючы лаву аскепкамі парцалянавага посуду, які разьбіты зьбіралі па ўсім горадзе. Гэта велічны храм La Sagrada Familia, які да гэтага часу дабудоўваецца ў тым жа характэрным для дойліда стылі. Сам дойлід, як і яго геніяльныя папярэднікі, трагічна загінуў, пра што сказана вышэй. Толькі Майстар Антоніё, які ведучы аскетычны лад жыцьця, апранаўся вельмі бедна, патрапіў пад трамвай. І яго траўмаванага, з-за беднасьці вопраткі прынялі спачатку за вулічнага бадзягу-бяздашніка і своечасова не завезьлі ў шпіталь. А там, магчыма яго б і выратавалі.

          Ад стомэтровага помніка Калюмбу цэнтральная вуліца  LA RAMBLA. Пляц Каталёніі, гатычны квартал з вузенькімі вулкамі, катэдральным Саборам Сьвятога Эўлампія, віянанчэлісткаю на скрыжаваньні вузенькіз вулачак.

І нарэшце, купаньне ў блакітнай затоцы пад заходзячым сонцам і ўзыйшоўшым месяцам, разам з жонкай аўтара, адзначаючы такім чынам яе дзень народзінаў. І пляшка чырвонага віна, расьпітая  з гэтай нагоды на шырокай лаве каля пляжа. І ветлівая падзяка  відавочна мусульманскай сям’і, за пачастунак іх маленькай дачушцы. Цікаўнае дзіця падбегла да нашай лаўкі і нешта прашчабятала па свойму – пачаставалі цукеркамі.

А што не пасьпелі пабачыць, але пабачыць вельмі хацелася.  Стадыён “Камп Ноў” базу знакамітай “Барсэлёны”  – ці ня лепшага футбольнага клюбу ў сьвеце. Той самай Барсэлёны, якая перамагла беларускага чэмпіёна “Батэ”. І трэнер пераможцаў Хасэп Гвардзіёла, які ня гледзячы на маладосьць, стаў легендай, на пасьля матчавай прэсканферэнцыі даваў інтэрв’ю на сваёй роднай каталянскай мове. Гэта стварыла праблемы ў перакладзе. А таксама добрую зайздрасьць да каталёнцаў, якія могуць, у адрозьненьні ад нас – беларусаў, чуць сваю мову з вуснаў такога папулярнага ў краіне чалавека. Вучыцеся, беларускія трэнеры і каментатары!

Апоўначы наш аўтобус пакідае гасьцінную Барсэлёну.

Жоўтая зямля Гішпаніі. Пасьля спуску з зялёных адрогаў Пірэнэяў пачынаецца цэнтральная Гішпанія. І амаль да Бургасу зямля мае суцэльны жоўта-карычневы колер. Здавалая, што нейкім чароўным чынам наш аўтобус перанёсься на дарогу на расійска-казахстанскім памежжы. Як і там у арэнбуржы і паўночным Казахстане, тут жоўты, сухі іржэўнік, што натуральна для кастрычніка і жоўтая ў карычневае адценьне узараная, а мейсцамі і не, глеба. Здаецца на гэтай зямлі ніколі нічога ня вырасьце. Суха, але на добрым асфальце пыл не паўстае. Часам такі краявід на многія кілямэтры, да самага далягляду. А часам пагоркі пакрытыя гаямі, а то і суцэльным лесам вялікіх дрэваў, уперамежку з меней высокімі ці то дрэвамі, ці то высокім кустоўем. З вакна аўтобуса так і не ўдалося вызначыць, што ж гэта за дрэвы. Мяркую, што высокія дрэвы – гэта коркавыя дубы. Гішпанія – адзін з буйнейшых экспарцёраў коркаў. А меншыя дрэвы – відаць алівы. Пра гэта сьведчыць тыя алівы, якія растуць на добра палітым газоне каля прыдарожнага гатэля перад Сарагосаю, дзе быў  начлег перад Барсэлёнаю, дзе ў кавярні на запраўцы нас, акрамя смачнай вячэры, шчодра частавалі зусім ня кепскімі вінамі. А навокал тая ж жоўта-карычневая паўпустэльня. Але не. Нашая спадарожніца, што ўстала раней, у прыцемку пабачыла на зялёным газоне цэлую чараду даўгавухіх зьвяркоў – ці то мясовых зайцоў ці трусоў, якія ласаваліся сакавітай травой газону. А са світаньнем некуды пахаваліся. Так што жоўта-карычневая зямля Гішпаніі зусім ня бясплодная. Уразілі памеры краіны. Ад Гішпана-Партугальскай мяжы да Барсэлёны ехалі 15 гадзінаў па добрых, дзьвюхпалосных дарогах.

Лісабон. Акіян.   Першае, што адразу ўсьведамляецца ўсёю істотай пры выхадзе з аўтобуса ў кастрычніцкім Лісабоне – гэта трыццаціградусная сьпёка і незвычайна яркае сонца. Здаецца гэтае сьвятло ўспрымаецца ня толькі вачыма, але ўсім, да апошняй клетачкі целам, пранікае ў галаву і адчувальна цісьне на мазгі. Для нас , жыхароў умеранага клімату, такое пераносіць ня проста. Здаецца такога зыркага, усёпранікаючага сьвятла не адчувалася нават у высокіх гарах Таджыцкага Паміра. А мо тое сьвятло не так успрыймалася таму, што ў маладосьці ўсё даецца лягчэй і прасьцей?

Горад мае амаль дзьвюхтысячагадовую гісторыю, што адразу заўважна. Шмат добра захаваных і дагледжаных помнікаў архітэктуры. Вежа-сымбаль горда на беразе шырачэзнай затокі – вусьця ракі Тэжу. Некалікі замкаў на пагорках. Больш позьняй пабудовы велічны, строгі Помнік Першаадкрывальнікам. Вялізных памераў Камерцыйная плошча, старыя вулкі, гандлёвыя рады, шматлікія кавярні.

Над больш чым двухкілямэтровым мостам праз вусьце ракі Тэжу высачэнная бетонная скульптура Ісуса Хрыста.

Праз гэты мост праезд да Атлянтычнага акіяна.  Іменна да адкрытага акіяна, не да затокі, ці праліва. Неаглядная шырыня. Далей на захад толькі Амэрыка, да якой амаль шэсьць тысыч кілямэтраў!

Пакатыя, блакітна-зялёныя акіянскія хвалі акутваюць цела пяшчотнай цеплынёю. І гэта ў кастрычніку. Стаіш на мяккім пяску па грудзі ў вадзе. І чакаеш прыходу чарговай хвалі. І каб цябе не накрыла з галавою, проста падскокваеш, адштурхнуўшыся нагамі ад мяккага пяску. Хочацца так гайдацца на хвалях бясконца. Але, трэба ехаць! Выходзіш на невысокі бераг, пакрыты густой, амаль у твой рост сухой травой – быльнягом, каб пераапрануцца. І заўважаеш, што кожная сухая галінка ўсыпана, нібы кветкамі. дробнымі, з гарошыну, сухімі сьлімачкамі.   Бярэш пару такіх галінак. Дома нечакана заўважаеш, што некалькі падросшых гэтых сьлімакоў жывыя і поўзаюць па вакну. Так, міжволі ты становішся “экалягічным кантрабандыстам”. Тры гэтыя істоты жылі на тваіх вазонах да вясны, вырасшы да памераў сьлівы.

Падуя па італьянску гжэчная, ці, як кажуць украінцы, танд?тная. Вялізарная круглая цэнтральная плошча  Prato con Vista ў антычным стылі. Ратушная плошча, апісаныя вышэй храмы. Падуанскі універсітэт, памятная шыльда Францішку Скарыну. Пасьвячэньне выпускнікоў, а ў большасьці выпускніцаў у магістры. Кожнага прапускаюць праз строй такіх жа вясёлых калегаў, зьлёгку пляскаючы па сьпінах, а дзяўчат стараюцца плянуць ніжэй сьпіны. Усё гэта пад рогат і сьпевы. Капэла трынаццатага стагодзьдзя, расьпісаная геніяльным Джота.

Гароднінны рынак, дзе акрамя трапічных смакоцьцяў, заўважаеш тыпова беларускія баравікі, лісічкі коштам ад дванаццаці да трыццаці эўра. І нават кветкі –пустацьветы звычайных гарбузоў, коштам па два эўра за кіло.

Ад’езд. Шлях па паўночнай Італіі. Даламітавыя Альпы. Аўстрыйскія Альпы.  Дарогі па схеме: тунэль – віядук – тунэль. І так каля паўсотні паўтораў. Паўз залітую вячэрнімі агнямі Вену ў гасьцінную Браціславу. Начлег у знаёмым гатэлі “Плюс”.

Назаўтра, перад ад’ездам, дырэктар –уладальнік гатэля – зычлівы і кантактны пан Мілан Дворскі прэзэнтуе тым з пілігрымаў, хто спыняўся у яго гатэлі раней сярод якіх і аўтар гэтага допісу, па пляшцы віна з уласных вінаграднікаў.

Усяго ў такім кароткім эсэ апісаць немагчыма. Але нельга не сказаць пра адно: у чужым краю  далёка ад Роднае Беларусі міжволі ўзьнікае жаданьне пачуць ці пабачыць што небудзь блізкае, дарагое, сваё. Такое вось невыказнае жаданьне, хутчэй мара. Аб чым жа марыць пілігрым? Але гэта ў другім допісе.

 ВАДЗІМ БОЛБАС.

Напісаць каментар

Адправіць каментар


+ семь = четырнадцать

Апошнія артыкулы