logo piligrymka





Што шукае пілігрым?


Odnoklassniki VKontakte Facebook Twitter Mail.ru ← падзяліцеся ў сацыяльных сетках з сябрамі

Упершыню я ўбачыла пілігрымаў летам 26 чэрвеня 1992года, якія з песнямі, прайшлі каля нашага дома.  Гэта была самая  першая пешая пілігрымка з Баранавічаў у Будслаў. Для нас гэта быў сапраўдны  цуд. Помню тыя доўгачаканыя хвіліны, калі мы з групай радасных дзяцей, з кветкамі ў руках віталі першых пасланцоў да Будслаўскай святыні. З натхненнем, неабсяжнай радасцю мы ўпрыгожвалі  нашыя вокны  дарагімі сэрцу абразамі, драўляныя агароджы – рознакаляровымі стужкамі, свежымі кветкамі, вуліцу абсыпалі  пялёсткамі ружаў і лісцямі дрэў. Мне, яшчэ маладой жанчыне на тыя часы, было толькі 33 гады, узрост Ісуса Хрыста, калі ён ахвяраваў сваё жыццё за нас. Мне  здавалася, што прывітанне пілігрымаў раўназначна ўваходу Пана Езуса ў Ерусалім, калі  ізраільскі народ яго  радасна вітаў, кідаючы пад ногі галінкі вярбы. Мы прадаставілі начлег пілігрымам: знямоглым фізічна, але  узнесеным духам, накармілі, абагрэлі. За некалькі хвілін дзеці  для нас сталі як быццам  родныя, бо, сапраўды, нас ядналі адзін нябесны Айцец і адна Маці.
   Яшчэ ў тыя далёкія часы я задавалася пытаннем, што шукае  пілігрым. Чаму гэтая моладзь, дзеці, манахі такія вясёлыя і радасныя ?  Гэтыя словы  хвалююць мяне ўжо 20 гадоў.  Але на яго я  так і не знайшла адказ. Я не змагла зразумець і сваю сямігадовую дачку  Таццянку, якая  хацела пайсці ў пілігрымку, але мая духоўная свядомасць яшчэ толькі нараджалася. Думаю, што мы часта аберагаем  дзяцей, нават залішне, і не ўяўляем сабе, што лішаем іх сваёй самастойнасці, баімся аддаць у апеку Маці Божай. Гэта мне было цяжка зразумець доўгі час. Я не падтрымала  сваю дачку, калі яна захацела пайсці ў пілігрымку з Баранавіч у Будслаў, прайсці трохсоткіламетровы шлях, бо  Таццянка часта хварэла, мела слабае здароўе. Але праз пару гадоў я  асэнсавала, што як бы ні было цяжка, калі ёсць вера, нішто не памяшае дайсці да мэты: ні дождж, ні град, ні непераносная спякота, бо цябе аберагае Той, каго  шукаеш на сваім жыццёвым шляху. А  тыя мазалі нішто ў параўнанні з пакутамі  Ісуса Хрыста, якія ён мужна перанёс, аддаўшы жыццё за нас, паказаў шлях да вечнага збаўлення. На наступны год, ужо ўпэўненая ў бязмежнай Божай міласэрнасці, я падтрымала  сваю Таццянку пайсці  ў пешую, самую доўгую пілігрымку на Беларусі – 16-дзённую, 500 – кілетровую, з Брэста ў Будслаў.
  Для мяне пешая пілігрымка ў тыя часы была недасягальнай .  Кожны год  я бывала ў Будславе, прыязджала аўтамабілем да  сваёй матулі, якая зразумее і  папросіць за цябе ў Сына свайго адзінароднага і дапаможа…  Не магла дачакацца моманту, каб убачыць пілігрымаў: дачку  і тых, хто для мяне за адну ноч праз адзінства веры сталі блізкімі і роднымі. У марах я ішла з пілігрымамі, але ў рэальнасці гэта аказвалася немагчымым.  Не хапала часу: васьмічасовы рабочы дзень, а потым – да цямна праца на агародзе.  Але радавала адно, што знаходзіла час для Святой імшы ў нядзелю і  святы, на дапамогу бліжняму, да ўдзелу ў  касцёльных мерапрымствах. Такая штодзённасць  ў кожнай  вясковай жанчыны.
   І так пралятаюць гады, усё жыццё… Калі маёй меншай дачушцы Марыне споўнілася дванаццаць, яна захацела ўпершыню пайсці ў пілігрымку. І  тады  вырашыла пайсці з ёй, толькі не хапіла рашучасці папрасіць дазвол у мужа, які далёкі ад веры, Бога і не ўяўляе духоўнай каштоўнасці пілігрымкі. Як і большасць  несвядомых людзей лічыць пілігрымку уцёкамі ад штодзённых клопатаў  і адпачынкам, дзе можна лёгка правесці час і  не разумее,  што ў пілігрымцы можна атрымаць духоўную падтрымку, спагаду, міласэрнасць Бога і Яго Маці, звярнуцца да іх непасрэдна са сваімі просьбамі. Тут ёсць магчымасць праслаўлення яе вялікасці і Яго міласэрнасці, складання падзякі за шматлікія ласкі, атрыманыя намі: нараджэнне на свет, мірнае жыццё, за веру, за нашых бацькоў, братоў, сясцёр, дзяцей і за нашу краіну – вольную, незалежную Беларусь.
 І толькі ў пілігрымцы я зразумела, што  пілігрымка для мяне – гэта не адпачынак для душы, а разважанне над сваімі ўчынкамі, жыццём, пошукі самой сябе. Хто – я сама?
   У дзяцінстве  мая бабуля Агата часта задавала мне пытанне:” Як цябе завуць?” Я павінна была адказаць:”Хрысціянка”. Калі я памылялася, то яна прадаўжала зноў і зноў задаваць тое ж пытанне. Я завучыла на памяць правільны адказ. Але сэнс гэтых слоў я зразумела пазней, праглядзеўшы фільм пра першых хрысціянаў, якія аддалі жыцё за веру, пастаянна ўдзельнічаючы ў сакрамэнце еўхарыстыі. На прыкладзе  жыццця Св.Агаты, нябеснай заступніцы бабулі, якая перацярпела мукі, але так і не адказалася ад хрысціянства, я прыйшла да веры асвядомлена амаль у 30 гадоў.
 У пілігрымцы мы размышлялі над сэнсам слоў з Пастырскага ліста Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі :” Ідучы ў кірунку святасці, гэта значыць да збаўлення, неабходна ўспрымаць сваё зямное жыццё як экзамен на здольнасць кіравацца вераю і як час для назапашвання добрых спраў”. Разважанні над пастырскім пасланнем заставілі мяне задумацца чарговы раз аб сваім жыцці.  Як выбраць правільную жыццёвую дарогу?  Можа ў пілігрымцы я і шукаю яе, глыбей пазнаю сябе.  Тут мае праблемы, клопаты адыходзяць на другі план. Ёсць я і мы, Маці Божая і яе Сын.  Тут можам папрасіць, нізка схіліўшы галовы, апекі над намі – у Маці Божай Будслаўскай, у яе Усемагутнага Сына. Частыя супольныя малітвы, песні, такія як “Ты за сабою нас вядзеш…”, “Тваёй праўдаю я багаты”, “Будь всегда светла дорога”, “Наша пілігрымка” – паднімаюць настрой пілігрыма, яднаюць паміж сабой. Са свайго жыццёвага вопыту  магу сказаць, што не  трэба баяцца ісці ў пілігрымку, бо тут заўсёды адчуеш  сапраўдную братэрскую падтрымку  паломнікаў.  Мазалі хутка праходзяць, а светлая памяць пра людзей  застаецца назаўсёды. Тут атрымаеш сапраўдную радасць, сапраўдную дапамогу Езуса Міласэрнага і Яго маці. Толькі трэба поўнасцю даверыцца Богу і падтрымцы  Найсвяцейшай Марыі.  Праз заступніцтва Маці Божай Будслаўскай пілігрымы просяць Бога  у розных інтэнцыях: аб узмацненні веры, здароўі, аб вучобе дзяцей, шчасці ў сямейным жыцці, моляцца  за касцёл, Папу Рымскага, біскупаў, жывых і памерлых… Часта ў дарозе пілігрымаў сутракаюць мясцовыя людзі, часцей старыя бабулі, якія  ўжо не маюць магчымасці хадзіць, а да пілігрымаў  маюць просьбу і  надзею, каб данеслі яе да Будслаўскага  санктуарыя. Кранае сэрца радасць,  калі  абяцаеш  тым знямоглым вернікам, што іх просьбы Маці Будслаўская  абавязкова пачуе і  дапаможа. А можа пачуць тыя  просьбы знямоглых матулей  і ёсць галоўны сэнс пілігрымкі?
   Аб цудатворнай сіле будслаўскага абраза  сведчаць летапісцы, якія налічылі больш сарака вылечванняў ад хваробаў. Я думаю, што дабрадзействаў было значна больш. Проста мы не агучваем ўсе цуды і даброты, якія сыпляцца на нас кожны дзень, кожную часіну.
    Ніколі пілігрыму не забудзецца гара скупення. Па дарозе да яе ты ўспамінаеш усё  жыццё, грахі… Немагчыма знайсці столькі каменняў, каб імі змерыць усе дрэнныя ўчынкі… Чыста сімвалічна ты бярэш самы  вялікі камень… А можа дзеля асэнсавання грахоў мы і выбіраемся ў  дарогу? Колькі слёз праліта да гары скупення пад час пілігрымак…  Не пералічыць…  Столькі дабра мы павінны прынесці людзям у сваім жыцці…  І тут ты адчуваеш сваю еднасць з пілігрымамі, еднасць з Богам, які аддаў жыццё Сына свайго адзінароднага за нашы грахі.
   З кожным годам  усё больш  пілігрымаў ідзе да Будслаўскага санктуарыя. Слёзы радасці на вачах многіх вернікаў, што прайшлі доўгія дарогі, праехалі сотні  кіламетраў, каб дакрануцца да будслаўскай святыні, пакланіцца  Маці Божай Будслаўскай і яе Сыну за атрыманыя ласкі. Я думаю, што гэта вялікая радасць убачыць слёзы на вачах  пілігрымаў. Гэты момант і ёсць самы чаканы, самы жадаемы для паломніка, галоўны матыў  пілігрыма. Радасць  на сэрцы, радасць на тварах тысячы людзей. Дайшлі! Мы тут! Можа пошукі радасці і ёсць тое кодавае слова, якое шукае пілігрым.
   Як тыя ластаўкі, што вяртаюцца з далёкіх краёў на радзіму ў сваё роднае гняздо, так і мы, пілігрымы, кожны год вяртаемся да сваёй  Маці. Пілігрымы кажуць:”Калі адзін раз тут пабываў, то абавязкова зноў вернешся сюды. Будслаўскі фэст каштуе  таго, каб збіць ногі да крыві і нацерці мазолі.” А супольная  святочная імша, працэссія са свечкамі пакідаюць у памяці  незабыўнае ўражанне, калі ў цемры ночы рухаюцца тысячы свечак-аганькоў, запаленых  пілігрымамі за сябе і блізкіх. І калі, нават начны холад пранізвае да касцей, вернікаў гэта не пужае. Іх сагравае любоў да Бога, шчырая малітва і запаленая свечка – вобраз Маці Божай Будслаўскай і Яе Сына.
   Кожны дзень мая сям’я  прадаўжае маліцца аб патрэбных ласках. Дзякуючы нябесным заступнікам мае дзеці падраслі. Старэйшая дачка атрымлівае другую  вышэйшую адукацыю і, магчыма, з Божай дапамогай  знойдзе сваю другую палавінку, добрую работу, а меншая – выдатна закончыць сярэдне-спецыяльную адукацыю і выбярэ свой далейшы  жыццёвы шлях. А для гэтага яна плануе  ў 2012 годзе пешую  пілігрыму  з Івянца ў Будслаў. Знайсці  ў дарозе сябе і Бога…
  Для мяне пілігрымка ў Будслаў і Рым сталі жаданымі марамі…

Галіна Сабалеўская,  г.Івянец

One Response to "Што шукае пілігрым?"

  1. Марына пишет:

    Выпадкова трапіла на сайт пілігрымкі, вельмі дайстойныя эссэ. Пасля гэтага, я таксама захецела схадзіць у пілігрымку. Бо мае дзеці таксама хацелі ісці да Маці Божай, але я не бачыла сэнсу у гэтым.. Прачытаўшы увесь артыкул, я зразумела, што не толькі у жыцці ўсе вырашаюць матэрыяльныя справы, але сам Бог благаслаўляе людей…дзякую усім людзям , якія прымалі ўдзел у гэтым конкурсе,і дапамагаюць нават невераючаму чалавеку, сабрацца з сіламі і вырушыць у далёкую дарогу да Езуса

Напісаць каментар

Адправіць каментар


− семь = один

Апошнія артыкулы