logo piligrymka





Што шукае пілігрым?


Odnoklassniki VKontakte Facebook Twitter Mail.ru ← падзяліцеся ў сацыяльных сетках з сябрамі

Тэлебачанне, насамрэч, вялікая сіла.  Ну, сапраўды, каб не яно, то многае ў гэтым свеце прайшло б паўз маёй увагі. Таму што, мяркую сумна-аб’ектыўна,  наўрад ці калі давядзецца на свае вочы пабачыць выключныя па чысціні і прыгажосці вуліцы амерыканскага Портлэнда, неабсяжныя далягляды Новай Зенландыі і  пакаштаваць неверагодныя стравы ў эксклюзійным рэстаране Тайваня. А вось дзякуючы тэлебачанню “вочы накарміць” удаецца.

Сапраўды, тэлеперадач пра захапляльныя падарожжы зараз, на шчасце, дастаткова. Націснуў на кнопку пэўнага канала – і вандруй сабе, захапляйся прыгожымі архітэктурнымі забудовамі, шпацыруў па залах сусветна вядомых музеяў і галерэй, частуйся незвычайнай нацыянальнай ежай і за жыццём назірай, што цячэ за многія дзесяткі і тысячы кіламетраў ад цябе. Выдатная магчымасць эстэтычнага развіцця і задавальнення. Свет вялікі і цікавы, таму і падарожнічаюць па ім мільёны людзей.

Аднак ёсць падарожжы, сутнасць якіх наўрад ці калі здолее перадаць тэлебачанне. Гэта пілігрымкі – неверагодна моцныя па ўздзеянню вандроўкі па месцах, якія валодаюць незвычайнай, непатлумачальнай, дзіўнай сілай у першую чаргу на душу і сэрца. І не толькі і не столькі эстэтычнага задавальнення, не толькі і не столькі назапашвання новых ведаў і, тым больш, не  магчымасць здзейсніць “вар’яцкі” шопінг  клічуць пілігрымаў у дарогу. А ж што тады?

Не маючы пакуль што “пілігрымаўскага” досведу, узброіўшыся ўласнымі думкамі, развагамі і жаданнем усё ж калі-небудзь спрычыніцца, спрабую адшукаць адказ на вельмі цікавае пытанне. Гэта будзе абсалютна суб’ектыўная думка, вынік выключна, магчыма, у нечым няпоўных, у нечым памылковых маіх асабістых  разваг і растаноўка маіх асабістых прыярытэтаў.

…Дык ці не шчасце гэта, калі на ўсіх – адна мэта?

І мэта гэта калі не кардынальна, то даволі моцна адрозніваецца ад мэт заўзятараў захапляльных падарожжаў. Паглядзець краіны і гарады з іх адмысловай архітэктурай, з большага прадставіць сабе жыццёвы ўклад, паўзірацца ў твары насельнікаў, пашырыць уласны кругагляд – гэта далёка не ўсё, што кліча ў шлях пілігрыма. Пілігрым – вандроўнік адмысловы. Ён, не зважаючы на магчымыя нязручнасці, на дарожную стому, не наракаючы на надвор’е, пераадолее і тысячу кіламетраў, каб толькі ўбачыць і дакрануцца да святыні. Яна – яго мэта. А калі іх, святынь, намаганнямі арганізатараў на шляху некалькі… Проста дух захоплівае… І калі побач – спадарожнікі не са  звычайнай экскурсійнай разнамаснай групы, а аб’яднаныя агульнай ідэяй вандроўнікі?!. Дзіўна нават… Аўтобус напаўняецца людзьмі, у якіх аднолькавая мара, аднолькавая мэта, аднолькавае жаданне, якія куды больш глыбокія, куды больш сур’ёзныя, чым павярховае знаёмства з той ці іншай краінай ці, скажам, вельмі распаўсюджанае, як мне здаецца, імкненне многіх турыстаў  патрапіць на распродажы.

…Падарожжа са святаром? Пра гэта можна толькі марыць.

Прафесійны, вопытны, нераўнадушны да працы сваёй гід – гэта вялікая ўдача для тых, хто выпраўляецца ў вялікі шлях. Гадзіны, праведзеныя ў дарозе цікава, насычана і карысна, гарантаваны. Гід – святар таксама валодае грунтоўнай інфармацыяй і ўмее яе данесці да цікаўнага спадарожніка. Але ж не толькі і не столькі адказаў на пытанні наконт года забудовы таго ці іншага архітэктурнага помніка чакаюць ад святара вандроўнікі. Пілігрым мае ўнікальны шанец вабіць час у дарозе у змястоўных размовах са святаром, слухаць яго, выказвацца самому, агучваць пытанні, якія даўно хвалююць, і адказы на якія пакуль знайсці не ўдалося. Пілігрым, насамрэч, шчасліўчык…  

…Убачыць больш, чым прапаноўваюць турыстычныя буклеты…

Жаданне пазнаёміцца з цікавымі архітэктурнымі помнікамі, музеямі і галерэямі, паглыбіцца ў гісторыю краіны у тым ліку і праз слынныя гістарыяныя гарадскія забудовы ўласціва кожнаму. Паломнік тут не выключэнне. І ён гэта ўсё мае магчымасць убачыць. Аднак, думаецца, прыгожыя гістарычныя будынкі -  гэта, вобразна кажучы, дадатак да тых месцаў, куды пілігрым імкнецца зазірнуць у першую чаргу. Культавыя забудовы. Месцы, дзе адпачывае душа. Месцы, дзе можна звярнуцца да Усявышняга. Месцы, якія напаўняюць сэрцы супакоем і радасцю. Месцы, у якіх можна перапрасіць за сваіх родных і блізкіх, знаходзячыся ад іх за сотні кіламетраў… Звычайныя туры “галопам па Еўропе” значна прайграюць…

…Дакрануцца да нябёсаў…

Што можна адчуць, калі пераступаеш парог Храма Нараджэння Хрыста? Калі перад табой ва ўсёй сваёй велічы паўстае Сабор Святога Стэфана? Калі стаіш на зямлі, на якой жыў і прапаведаваў Апостал Павел? Пачашчанае сэрцабіццё? Так. Незвычайнае хваляванне? Так. Ні з чым не параўнальную радасць? Так. Толькі і застаецца, што дзякаваць Богу за ўнікальную магчымасць, вобразна кажучы, дакрануцца да нябёсаў, за Яго ласку і падтрымку, за тое шчасце, што дорыць Ён адным Сваім існаваннем…

Дык што ж шукае пілігрым?

Сцежку, якая, магчыма, зарасла густой травой, але якая ёсць, трэба толькі траву гэтую пакасіць, выкарчаваць на ёй увесь асот, вынішчыць крапіву – і ступіць на яе, і крочыць па ёй наперад з чыстым сэрцам і добрай душой, услаўляючы Усявышняга. Сцежку, якая дапаможа адшукаць самога сябе…

 

Святлана Аліферка, г.Мінск

Напісаць каментар

Адправіць каментар


восемь − четыре =

Апошнія артыкулы