logo piligrymka





Што шукае пілігрым?


Odnoklassniki VKontakte Facebook Twitter Mail.ru ← падзяліцеся ў сацыяльных сетках з сябрамі

         Апостал Павал – галоўны герой шуканьня пілігрымам сьлядоў апостальскіх на зямлі старажытнай Эллады. Апостал Павал зацікаўлівае кожнага, хто імкнецца да пазнаньня Бога, каб праз гэтае пазнаньне пазнаць самога сябе. Але хто ён, апостал Павал і чаму ён так прываблівае да сябе кожнага, хто пачынае знаёміцца зь ягоным жыцьцём, ягоным навяртаньнем і ягоным служэньнем? Менавіта такія думкі-пытаньні кранаюць кожнага разважлівага і зацікаўленага пілігрыма, які хоча ня толькі ведаць празь Пісаньне дзейнасьць апостала, але і бачыць тую краіну, у межах якой здарыліся найбольш выдатныя падзеі ягонай місіянерскай дзейнасьці.

  1.     “Саўле, Саўле, што ты гоніш Мяне”.

 Ён нарадзіўся праз год пасьля Раства Хрыстова ў горадзе, які раскінуўся паміж гарамі і морам. Галоўны горад Кілікіі, Тарс – гэта пладародная мясьціна паўднёва-заходняй часткі Малой Азіі. Бераг Міжземнага мора знаходзіўся ў некалькіх кілометрах ад горада. Рака Кідон, якая праходзіла праз горад, упадала ва ўтульную штучную гавань, якую пабудавалі старажытныя майстры. Горы Таўра ў сьнежным велічным пакрыве агароджвалі гэтую цудоўную мясціну, ствараючы цудоўны мяккі клімат. Велічная прыродная прыгажосьць безумоўна адбілася на юнацкіх уражаньнях Паўла. Горад шмат што бачыў у сваім жыцьці. Клеапатра сустракала тут Антонія і ўвесь Тарс дзівіўся срэбранымі вёсламі яе караблёў. С пачаткам навігацыі горад напаўняўся камерцыйнай мітусьнёй, у выніку якой па паўночным рымскім шляху цягнуліся караваны з рознымі таварамі.

Насельніцтва Тарса – збор розных народаў, якія суіснавалі пад уладаю Рыма. Абарыгены кілікійцы, хетэі, грэкі, асірыйцы, персы і македонцы, што прыйшлі сюды разам з Александрам Македонскім. Габрэі, якія прыйшлі сюды ўжо пасьля развалу імперыі Александра, мелі ў горадзе даволі значную групоўку і валодалі істотнымі правамі і прывілеямі. Продкі Паўла былі іўдэямі гэтай калоніі і паходзілі з Галілеі.

Бацька будучага апостала займаўся вытворчасьцю намётаў, якія гатаваліся са скуры і знакамітай асобнай “кілікійскай воўны”, якую давалі чорныя авечкі і якія па сёняшні дзень пасьвяцца на схілах Таўра. Кіроўцы караванаў, ваяры і качэўнікі – вось няпоўны спіс людзей, якія маглі карыстацца вырабамі сям’і Паўла. Сям’я не была беднай і больш таго, яна мела права быць грамадзянамі горада Рыма. Вялікі прывілей для падданых Кесара, бо рымскае грамадзянства ставіла сям’ю Паўла ў даволі высокае грамадзянскае становішча і давала нашчадкам прывілеі ва ўсіх кутках вялікай імперыі.

Сам Павал, ужо ў сталым узросьце, казаў пра сябе наступным чынам: “абрэзаны на восьмы дзень, з роду Ізраілева, калена Веньямінавага, Габрэй ад Габрэяў, паводле закону – фарысей”. Пад час абразаньня, на восьмы дзень ад свайго нараджэньня, ён атрымаў юдэйскае імя Саўл, што азначае “той, пра каго прасілі”. Так клікалі яго ў сям’і і гэта значыць, што юдэйская культура мела вялікі ўплыў на ягонае выхаваньне. Але язычнікі жылі побач і Павал не ўсьведамляючы таго быў выхаванцам Эліністычнага Ўсходу. Павал не ўсьведамляў гэтага, бо бацькі Паўла былі фарысеямі, самай нацыяналістычна настроенай часткі габрэяў, якая безумоўна падпарадкоўвалася закону Майсея. Бацькі Паўла з усёй строгасьцю ахоўвалі сваіх дзяцей ад заганаў язычнікаў і таму сяброўства зь нявернымі Паўлу было забаронена. Філасофскія думкі і разважаньні грэкаў не прымаліся фарысеямі, але тым ня меньш Павал зь дзяцінства свабодна размаўляў па грэцкі і таксама вывучаў лацінскую мову. У сям’і Пала размаўлялі па арамейску, які быў блізкі да старажытнага габрэйскага. З маленства Павал старанна вывучаў тэксты Сьвятога Пісаньня ў школе пры тарсійскай сінагоге. Больш таго, пісьмовыя практыкаваньні дазволілі яму перапісаць свой асабісты тэкст Сьвятога Пісаньня. Ва ўзросьце трынаццаці гадоў, ён ужо добра ведаў гісторыю габрэйскага народу, разумеў паэзію псальмаў і прозу прарокаў. Юнак меў вельмі ўспрымальны розум і здольнасьць памятаць гучаньне тэкстаў Пісаньня.

Універсітэт Тарса быў даволі “знакаміты” сваімі выхаванцамі-язычнікамі і таму бацька, існы фарысей, накіраваў сына да духоўнага настаўніка Гамалііла ў Ерусалім. Пяць ці шэсьць гадоў Павал вывучаў сьвятыя тэксты так, каб разумець першапачатковы сэнс Пісаньня і захоўваць габрэяў ад магчымых парушэньняў Закону. Вучыўся ён і мастацтву кароткага і яснага выкладаньня. Усе гэтыя веданьні патрэбныя былі Паўлу для таго, каб стаць сьвятаром і па сумяшчальніцтву судьдзёю сярод габрэйскай грамады. Пасьля вучобы Павал вяртаецца дадому ў Тарс, каб набыць гандлёвыя навыкі, бо гэта была абавязковая ўмова для будучых раввінаў. Павал працаваў у хатнім бізьнесэ па вырабу намётаў і жыў у тым звычайным рытме гарадскога жыцьця, к якім праходзілі ягоныя дзяцінства і юнацкія гады. Ён прапаведаваў у сінагоге і нават імкнуўся навяртаць богабаязных язычнікаў з прымусам шанаваць усе юдэйскія традыцыі. Трэба ўяўляць, што бацька Паўла быў вельмі задаволены сынам, бо бачыў, што ён ідзе па ягоных сьлядах і становіцца сапраўдным фарысеям. І вось, трыццацігадовы адукаваны юдэй вяртаецца ў Ерусалім, каб у далейшым прымаць актыўны ўдзел у зьнішчэні руху, які быў выкліканы пропаведзю Ісуса Хрыста.

Пачалася Ерусалімская старонка фарысейскага служэньня будучага апостала Ісуса Хрыста. Павал меў чорную бараду і апранаўся ў доўгі з блакітнай каймою плашч, які вызначаў ягоную прыналежнасьць да касты фарысеяў. Ён паводзіў сябе так, як і павінны былі сябе паводзіць фарысеі. Павал вельмі старанна выконваў усе неабходныя рытуалы і ў правільнай пасьлядоўнасьці прамаўляў неабходныя малітвы. Ён добра ведаў, што паважлівыя прывітаньні габрэяў, высокае становішча у грамадстве, асобнае месца ў сінагоге – гэта ягоны здабытак і ўсё гэта прыналежыць яму па праву. Павал выконваў афіцыйныя абавязкі і гатаваў свой дух да ўзьнясеньню на нябёсы. У яго не было асаблівага спачуваньня да жабракоў і тых, хто шукае спачуваньня. Павал быў упэўнены ў тым, што добры чалавек павінен трымацца як мага далей ад дурных. Прыпавесць Ісуса Хрыста пра фарысея і мытніка ў поўнай меры тычылася фарысея Паўла, бо Павал быў упэўнены, што заслугоўвае дабраславеньня Бога і што ён стаіць вышэй за іншых.

Два гады прайшло ад укрыжаваньня Ісуса Хрыста, але ў Ерусаліме заставалася шмат людзей, якія бачылі, чулі Хрыста і якія верылі, што Ён уваскрос зь мёртвых. Адным зь іх быў Стэфан. Павал ведаў яго не адзін год, як чалавека адукаванага і здольнага да пропаведзі, але яго раздражняла ягоная дабрачынная дзейнасьць зь імем Ісуса Хрыста. Паўла паважалі і баяліся, а Стэфана паважалі і любілі. Павал заўважаў, што калі Стэфан тлумачыць Пісаньне, дык заўсёды імкнецца прывесьці слухачоў да Ісуса з Назарэту, які ёсьць Хрыстос і Якога чакалі габрэі як Месію. Стэфан казаў, што Ісус жывы і што ён ведае Яго. Але фарысей Павал так не лічыў. Ён лічыў, што доказы Стэфана сьмешныя, бо Хрыстос Збаўца яшчэ не прыйшоў. Ён ня мог паверыць, што ўкрыжаваньне аднаго маладога чалавека можа выкупіць грахі ўсіх людзей. Павал ня верыў у васкрэсеньне Ісуса і людзі, якія верылі ў гэта выклікалі ў яго пагарду і жаль.

Новае сутыкнулася са старым. Павал, як і Стэфан разумелі, што гэта рэчы не сумяшчальныя, бо для адных чалавек набываў збаўленьне праз абрады ў храме, а другія збаўляліся празь веру ў Ісуса Хрыста. Паўстала прынцыповае пытаньне. Старое павінна зьнішчыць новае ці загінуць самое. Павал паўстаў на абарону старога і выклікаў Стэфана на дыспут. Ён выказваў сьцьвярджэньне, што не было ніякага ўваскрэсеньня і што цела Ісуса было скрадзенае Ягонымі вучнямі. Больш таго, сьцьвярджаў ён, Месія павінен прыйсьці ў славе Гасподняй, прыйсьці пераможцай, а ня быць кінутым Богам для ўкрыжаваньня. Стэфан, у сваю чаргу, спасылаўся на Майсея і прарокаў, якія казалі, што Збаўца ня прыйдзе пераможцам, але аддасьць Сябе на пакуты і будзе забіты, каб уваскрэснуць зь мёртвых. На гэтым дыспуце перамог Стэфан і Павал напэўна зразумеў, што яму процістаяў ня толькі Стэфан, але яшчэ нейкая невядомая сіла, якую адолець ня так проста. І Павал, у “лепшых” фарысейскіх традыцыях, пачаў перасьледаваць Стэфана. Не па закону, не. Употай ён скаваў на Стэфана слухачоў, прыносячы ў адносіны юдэяў да Стэфана варожасьць і хлусьню, намагаючыся тлумачыць словы Стэфана як багахульства. Стэфан не адказваў яму тым жа, праяўляючы волю і прыгажосьць сэрца. Павал дасягнуў свайго. У горадзе пачаліся хваляваньні і ўлады вырашылі за лепшае арыштаваць Стэфана, каб аддаць яго на суд Сінедрыёна.

Выступ Стэфана на судзе, як і рэакцыя слухачоў пасьлядоўна падзялілася на дзьве часткі. Першая частка выступу захапіла іх, бо яны пачулі цудоўнае веданьне габрэйскай гісторыі, аргументаваныя доказы сваёй невінаватасьці. Яны ўбачылі цьвёрдасьць і спакой у паводзінах Стэфана. Павал ніколі не забудзе гэты выступ і аднойчы, праз шмат гадоў, ён амаль што паўтарыць ў Афінах словы Стэфана: “Бог, Які стварыў сьвет і ўсё, што ў ім, Ён будучы Госпадам неба і зямлі, не ў рукатворных храмах жыве”. Другая частка выступу Стэфана раз’юшыла судьдзяў і слухачоў, бо яны пачулі папрок за забойства Сына Божага. Павал ня мог зразумець словы Стэфана пра тое, што ён бачыць Самога Бога і Сына Чалавечага, Які знаходзіцца праваруч Айца. Усе прысутныя ведалі, што Стэфан Сынам Чалавечым называе Ісуса з Назарэту. Усё гэта скончылася забіцьцём Стэфана пад Скалою Пакараньняў. Павал ня кідаў камяні забойства, але сьцярог адзеньне забойцаў. Павал чуў апошнія словы Стэфана: “Госпадзе! Ня лічы ім грэху гэтага!”, але не пагадзіўся зь імі, бо ведаў, што гэтыя словы заклікаюць да Госпада ўзяць іхнія грахі на Сябе, каб гэтыя людзі паверылі і палюбілі Яго.

Павал накінуўся на хрысьціянаў, як раз’юшаны дзікі зьвер і шмат чаго дасягнуў ў гэтым. Кіраўнікі хрысьціянаў разьбегліся, а сам Павал прымушаў вернікаў Хрыстовых адракацца ад Яго пад пагрозай вельмі цяжкага пакараньня бічамі іх саміх і членаў іх сямей па ліку ўдараў “сорак без аднаго”. Дарэчы, хутка і сам Павал адчуе “смак” гэтага пакараньня за веру ў Ісуса Хрыста. Але зараз ён сьвядома выконваў фарысейскія абавязкі па вынішчэньню гарчычнага зерня веры ў Ісуса Хрыста, якая намагалася вырасьці ў моцнае дрэва. Пад час пераследаваньня і катаваньняў, Павал даволі шмат даведаўся пра жыцьцё і служэньне Ісуса Хрыста і гэтае веданьне – хацеў гэтага Павал ці не – адкладаліся ў памяці будучага апостала. Але на гэты час ён ня мог зразумець, чаму юдэі ледзь не паміралі ад сораму пасьля пакараньня ў сінагоге, а пасьлядоўнікі Ісуса былі шчаслівыя, што пакутавалі за Ягонае імя і больш таго, нават маліліся за сваіх катаў.

Павал патрабаваў ад першасьвятара пісьмы да сінагогаў Дамска, каб арыштаваць хрысьціянаў і прывесьці іх на суд Сінедрыёну. Ён атрымаў іх. Дарэчы Дамаск быў у планах Паўла пад нумарам адзін, бо быў у ягоных планах і працяг. Фінікія і Антыохія – вось далейшая геаграфія тэарэтычна вызначаных карных паходаў Паўла. Ён асабліва не сьпяшаўся, бо ў яго наперадзе было ўсё жыцьцё.

На пачатку вясны, калі няма яшчэ вялікай сьпёкі, Павал у суправаджэньні памочнікаў выехаў зранку ў накірунку Дамаска. Паўночныя вароты выводзілі Паўла на шлях да Дамаска, але гэты шлях ійшоў праз тое месца, дзе быў забіты камянямі Стэфан і гэта прыпамятала Паўлу перадсьмяротныя словы пакутніка. Ён пранёс іх празь усе сваё далейшае жыцьцё. Шлях Паўла пралягаў праз Самарыю зь яе камяністымі халмамі і стракатымі дыванамі разнастайных кветак. Гара Гэрмон сустракала падарожнікаў сьнежнай сваёй веліччу. Яна была бачная здалёк і дэманавала над вялікай прасторай гэтага шляху. На пяты дзень падарожжа Павал дасягнуў Галілейскага мора, дзе здавалася кожны камень казаў пра Ісуса жывога, бо гэтая зямля поўнілася ўспамінам пра Яго, пра Ягонае жыцьцё і Ягонае служэньне. Павал ня чуў знакамітую Нагорную пропаведзь Ісуса Хрыста, але шмат хто мог расказаць яму сапраўдныя словы вучэньня Ісуса. Ніхто ня мог прайсьці па гэтаму шляху абыякавым. Здаецца, што і сэрца Паўла ўздрыганулася, а розум апынуўся ў роздуме і сумненьні. Павал ужо даволі падрабязна ведаў справы Ісуса і шмат ведаў пра Чалавека, Які толькі на адзін год быў старэйшы за яго.

Раку Ярдан Павал пераехаў па масту, што быў пабудаваны рымлянамі і набліжаючыся да гары Гэрмон, ён быў у роспачы ад думак пра Таго, Якога ён гнаў. Ня трэба, аднак, думаць, што каля гары Гэрмон ён узважыў усе “за” і “супраць” Ісуса. Не, бо Ісус заставаўся для яго падманшчыкам, які ніколі не паўставаў з труны. Гара Гэрмон засталася ззаду і вандроўнікам адкрыўся дол, на якім стаіць Дамаск. Фруктовыя дрэвы, алівы і вінаграднікі складаліся ў адзінае зялёнае возера. Павал і ягоныя памочнікі пайшлі пешкам. Шлях быў пусты.

Сонца зьзяла ў блакітным небе і не было ніякіх падставаў для нейкага асаблівага прыроднага здарэньня. Але здарылася і гэтаму немагчыма знайсьці натуральнае тлумачэньне. Сам Павал казаў пра гэта: “Калі ж ішоў і набліжаўся да Дамска, раптам асьвятліла мяне зьзяньне зь неба” Павал і ягоныя памочнікі ўпалі тварам да зямлі. Адзін Павал застаўся ляжаць на зямлі нерухома. Зьзяючы сьвет усё больш і больш разьліваўся перад Паўлам. І вось голас, які прамовіў па арамейску: “Саўле, Саўле, што ты гоніш Мяне? “ І Павал паглядзеў у самую яркую кропку зьзяньня, што дарэчы каштавала яму часовага асьляпленьня. Ён убачыў чалавека прыкладна тых жа гадоў, што меў сам Павал. Гэты яркі сьвет зыходзіў менавіта ад Яго. Павал пачуў словы Госпада, але сумняваючыся ў відавочным, ён запытаў Яго: “Хто Ты, Госпадзе?”. І Гасподзь адказаў яму: “Я Ісус, Якога ты гоніш. Цяжка табе ісьці супраць ражна”.

Павал зразумеў усё. За тое імгненьне, што здалося яму вечнасьцю, ён пасьпеў разгледзець раны Хрыста. Ён бачыў жывога Госпада такім, як пра гэта казаў Стэфан і іншыя хрысьціяне. Павал зразумеў, што Госпад любіць ня толькі вернікаў Сваіх, але і яго, Паўла. Чалавека, які зьдзекваўся над хрысьціянамі і няславіў Госпада. Госпад ніяк не папракнуў яго, калі сказаў пра немагчымасьць супрацівіцца ражну.Ніколі Павал не адчуваў гэтага, нават калі зьдзекваўся над Стэфанам, але зараз нешта ўсё перакруцілася і яму стала зразумела, што ён усё жыцьцё быў у барацьбе. Ён змагаўся зь Ісусам, са сваім сумленьнем, са сваім бясьсільлем, зь цемрай і хаосам сваёй душы. Але вось гэты шчасьлівы момант, калі Госпад зьнішчае душэўны хаос і дае новае нараджэньне. Трэба толькі ўнутраная згода і Павал вырашаецца на гэта, бо добра ведае тое, што калі ты бачыш і чуеш Госпада, дык трэба павінавацца і згадзіцца зь Ім. “Госпадзе! Што загадаеш мне рабіць?” – запытаў Павал. Ён адчуў у гэты момант, што ўсе грахі ягоныя дараваныя і што Госпад любіць яго Сваёй непарушнай любоўю. Госпад сказаў яму: “устань ды ідзі ў горад; і сказана будзе табе, што табе трэба рабіць”. Павал паверыў Госпаду і пакорна падпарадкаваўся першаму, няхай і простаму загаду.

Сьляпы Павал пачаў свой невядомы шлях і было некалькі дзіўна, што цемра ў вачах асьвятлялася духоўным сьветам. Божае сьвятло напаўняла ўсю ягоную душу і ён ішоў наперад, выконваючы першы загад свайго Гаспадара.

Караван са сьляпым Паўлам прыйшоў да дому Юды, багатага юдэйскага купца і начальніка мясцовай сінагогі. Паўла чакалі. Чакалі з радасьцю мясцовыя фарысеі, але зь вялікім жахам чакалі Паўла і “назарэі”. Павал нічога не запрасіў у гаспадара дома. Ён адмовіўся ад ежы і застаўся ў адзіноцтве. Павал маліўся. Яму не патрэбны былі чалавечыя размовы, але ён жадаў быць разам з Госпадам сваім Ісусам Хрыстом – менавіта так з гэтага дня Павал называў Яго і так зьвяртаўся да Яго. Ісус Хрыстос асьвятліў усе куточкі ягонай душы і яна, як бы выварочвалася навыварат, каб усталявацца на сваім правільным месцы. Павал зьвярнуўся да пакаяннай псальмы Давіда, але з новым разуменьнем і ўсьведамленьнем грэху праз ахвярную сьмерць Ісуса Хрыста: “Зьлітуйся , Божа зь мяне ў вялікай ласцы Тваёй, і ў мностве шчадротаў Тваіх загладзь беззаконьні мае! Адмый мяне шматкроць ад беззаконьня майго, і ад грэху майго ачысьці мяне: бо беззаконьні мае я ўсьведамляю, і грэх мой заўсёды перада мною. Табе, Табе аднаму я зграшыў і прад вачыма Тваімі благое ўчыніў: таму справядлівы Ты будзеш у прысудзе Тваім, і чысты ў судзе Сваім” Павал адчуваў агіду да сябе, бо ён зьневажаў і гнаў Госпада, але ў адказ на гэта Бог выбраў яго сярод іншых і паказаў яму Сваю любоў, якая перабольшвае ўсё, што да гэтага дня Павал ведаў і разумеў. Празь сваю сьлепату і сьвятло Ісуса Хрыста, Павал усё больш ясна разумеў, як нізка ён упаў.

Раней яму здавалася, што ён служыць Богу і гэтым набывае дабраславеньне. Павал ведаў, што яму вядомыя нейкія “нормы” дабрачыннасьці і ў гэтым ён параўноўваў сябе зь іншымі, каб адчуваць сябе дабрачынным. Але зараз, калі Сьвяты Дух увайшоў у яго волею Ісуса, ён зразумеў, што чыстата ягоная была ня болей за мярзоту ў параўнаньні з чысцінёй ісьціны. Ухваляючы Госпада вуснамі сваімі і спаўняючы рытуалы, ён у той жа час з зайздросным пастаянствам тварыў зло. Але Хрыстос ажыў і сустрэў Паўла не для таго, каб зьнішчыць яго, а каб напоўніць яго любоўю і прабачэньнем. Павал паверыў у тое, што Ісус ёсьць Месія, Хрыстос, Збаўца сьвету. Кожная гадзіна, праведзеная сьляпым Паўлам у доме Юды, як і кожны дзень наступнага жыцьця адкрывалі яму ўсё большую вышыню і глыбіню веры ў Ісуса Хрыста. Набываючы Хрыста, Павал набываў усё.

Ананія, пасланец Госпада да Паўла, прыйшоў да яго зранку, каб ускласьці на яго руку і па воле Божай вярнуць яму зрок. Гасподзь сказаў Ананіі: “ідзі, бо ён ёсьць Мой выбраны посуд, каб абвяшчаць імя Маё перад народамі і царамі і сынамі Ізраілевымі; і Я пакажу яму, колькі ён мусіць адпакутаваць за імя Маё” Ананія абвясьціў Паўлу волю Божую: “Бог бацькоў нашых наперад выбраў цябе, каб ты ўведаў волю Ягоную, убачыў Праведніка і пачуў голас з вуснаў Ягоных, бо ты будзеш Яму за сьведку перад усімі людзьмі ў тым, што ты бачыў і чуў; дык вось, чаго ж ты марудзіш? Устань, ахрысьціся і змый грахі твае, заклікаўшы імя Госпада Ісуса” Ананія ахрысьціў Паўла. І Павал, маючы характар гняўлівы і неспакойны, адчуў мір у сэрцы сваім. Ён па новаму адчуваў словы Давіда: “Добра зрабіў Ты рабу Твайму, Госпадзе, паводле слова Твайго. Добраму разуменьню і веданьню навучы мяне, бо запаведзям Тваім я веру. Пакуль я цярпеў, я блукаў; а сёньня слова Твайго трымаюся” Паўла перапаўняла любоў да людзей і ён памятаў, што ён пасланы Госпадам сваім Ісусам Хрыстом да ўсіх людзей, каб несьці да іх любоў, ісьціну, міласэрнасьць і пакору Ісуса Хрыста.

Ступаючы на зямлю Грэцыі, разважлівы і дапытлівы пілігрым пачынае шукаць пасярод гэтай рамантычнай прыгажосьці дух прысутнасьці апостала, які маючы даручэньне Ісуса Хрыста прыводзіць да Яго ўсе народы і адкрыў гэты місіянерскі шлях ў Эўропу. Але гэта адбылося не адразу, бо Паўлу патрабаваўся пэўны час, каб узрасьці ў веры і веданьні і каб адпакутаваць за імя Хрыстовае.

Першая спроба пропаведзі пра Ісуса Хрыста скончылася вынікам адмоўным і Павал адчуў сябе падобна Майсею, якога таксама па першаму выступу не зразумелі габрэі Егіпта. І Павал на тры гады зьязджае ў Аравійскую пустыню, каб вучыцца – вучыцца ў васкросшага Ісуса Хрыста. Не душой і сэрцам слухаў цяпер Павал Ісуса, але ўсёй істотай сваёй успрымаў Яго. Шлях да Дамску выявіў імкненьне волі і адчуваньня Хрыста, а ў Аравіі – розуму.

Вяртаньне Паўла ў Ерусалім ня даў нейкіх значных вынікаў у пропаведзі, але вельмі значным было тое, што ён на працягу пятнаццаці дзён амаль безперапынна слухаў апостала Пятра пра Ісуса Хрыста. Каб пазьбегнуць непрыемнасьцей у Ерусаліме, Павал вяртаецца дадому, у Тарс.

Два далейшых года жыцьця ў Тарсе не былі “салодкімі” для будучага апостала. Сям’я ніяк не зразумела ягоны адыход ад юдэйскіх традыцый. Ён, па меньшай меры тры разы адчуў на сабе тое цяжкае пакараньне – “сорак удараў без аднаго”, за невыкананьне закону Майсеева. Але гэтыя пакараньні ня толькі не зламалі яго, яны яшчэ больш замацавалі ягоную веру ў Ісуса Хрыста. Павал адчуў, што гатовы да таго, каб ісьці і прыводзіць народы да Госпада свайго Ісуса Хрыста.

Але да гэтага яму было адкрыцьцё Госпада, настолькі важнае і сьвятое для Паўла, што ён пранёс яго праз усё астатняе жыцьцё. Пазбаўлены дома і сям’і, згубіўшы грамадскае становішча, Павал схаваўся недзе ў пячоры Таўра. Гісторыкі кажуць, што гэта было ў 41 ці 42 годзе па Раству Хрыстову. Кажуць, што захавалася і сама пячора пад назваю “Пячора Сьвятога Паўла” Атрымаўшы ад Госпада дабраславеньне, Павал зразумеў, што гатовы аддаць усяго сябе на служэньне Ісусу Хрысту. І вось, гэта саракалетні, амаль што лысы, крываногі чалавек, слабы фізічна, але моцны духам, у адзіноцтве і невядомасьці выйшыў з пячоры, каб казаць пра Ісуса Хрыста.

 

 2.   Выбраны посуд Ісуса Хрыста.

 Антыёхія, Кіпр, Антыёхія Пісідская, Іконія, Лістра, Дэрбы – першы місіянэрскі шлях Паўла, які быў насычаны стварэньнем хрысьціянскіх цэркваў, настаўленьнем і вучэньнем іх. Гэты час вызначыўся таксама і змаганьнем зь юдэйствам, якое намагалася збочыць хрысьціянскую царкву з простага і яснага шляху вучэньня Ісуса Хрыста. І ўжо ў гэты час Павал называе сябе апосталам, – “меньшым з апосталаў”.

У ліпене 50 года Павал прымае рашэньне накіравацца ў Македонію і пачаць сваё эўрапейскае служэньне на зямлі Грэцыі. Рашэньне Паўла сфармавалася пад уплывам Лукі, які стаў вучням і памочнікам апостала. Урач, неабрэзаны празеліт, па імяні Лукан ці Лука паходзіў зь Неапаля, марскога порта горада Піліпы. Дарэчы, нядрэннае веданьне марской навукі мораплаваньня пацьверджвае месца ягонага паходжаньня. Дык вось, менавіта яму было суджана згуляць такую значную ролю у гісторыі хрысьціянства, бо менавіта ён стаў першым гісторыкам узьнікненьня хрысьціянства. Павал вельмі любіў Луку, бо быў ён мяккага складу, з душою пяшчотнаю, сціплым і верным свайму настаўніку. Дабраславеньне сышло на Луку ў Траадзе і ён упэўніў Паўла, што ў Македоніі ён знойдзе добрую глебу, каб пасеяць і ўзрасьціць зярняты веры ў Хрыста. Словы Лукі далі ўпэўненасьць сэрцу апостала і калі Павал убачыў ува сьне макіданяніна, які зваў яго, кажучы: “Прыйдзі ў Македонію і памажы нам”, Павал зразумеў, што Бог загадвае яму ісьці ў Македонію.

Павал у суправаджэньні Сілы Цімафея і Лукі паплылі караблём да Неапаля з прыпынкам у Самафракіі. Неапаль – горад-порт на маленькім мысе насупраць вострава Фазас. Порт Неапаля абслугоўваў вялікі горад Піліпы, які знаходзіўся ў трох мілях ад Неапаля. Росквіт Піліпаў вызначыўся тым, што ён знаходзіўся паміж гарамі і балотам, што давала яму стратэгічную абароненасьць. Рымляне ўбачылі гэта і разьмясьцілі там вялікую Рымскую калонію. Горад быў больш лацінскі чым грэцкі. Насельніцтва горада было працавітае, жыло ў міры і парадку і было да таго ж вельмі рэлігійным. Рэлігійны культ піліпянаў быў блізкі да монатэізму і ўлічваючы дзіцячую прастату людзей, можна было прадбачыць іхную схільнасьць да Эвангельля. Паэзія Вергілія – гэта пра Македонію. Вечна зялёны дол даваў людзям кветкі і гародніну. Цудоўныя крыніцы мармурнай гары прыносілі гораду цень і прахалоду. Розныя дрэвы, у тым ліку фруктовыя, а таксама і дзікі вінаград захоўвалі мноства ручаёў. На лугах, пакрытых вадою, пасьвіліся статкі валоў. Пчолы і розныя птушкі летаюць, кожны па сваіх патрэбах. Горад атчаюць цудоўныя горы з галоўнай сваёй высатой Пангей, які да чэрвеня месяца пакрыты сьнегам з уражаньнем таго, што ён, як быццам, хоча наблізіцца да гораду праз балота.

У горадзе не было сінагог і зборы нямногіх юдэяў праходзілі на адкрытым паветры на крыху агароджаных пляцоўках Апостал з памочнікамі пайшлі туды, дзе знайшлі толькі некалькі жанчын, якія прыйшлі памаліцца. Павал зьвярнуўся да іх з пропаведьдзю і ўзьвесьціў ім таемства Хрыстова. Іх слухалі з увагаю. І Гасподзь адкрыў сэрца адной зь іх. Лідзія, так звалі гэтую жанчыну, якая паходзіла з Фіатыраў. Гэта была жанчына дабрачынная і багабойная. Язычніца па нараджэньню, але з выкананьнем правілаў Ноя. Яна тэрмінова хрысьцілася ў Паўла. І не адна, а з усім сваім домам. Дарэчы, яна настойліва запрасіла Паўла з памочнікамі пасяліцца менавіта ў сваім доме.

Згуртавалася невялікая царква, якую складалі амаль што адны жанчыны. Царква з павагаю падпарадкоўвалася Паўлу. Дарэчы, гэта была тая адзіная цараква, ад якой Павал прымаў матэрыяльную дапамогу. Можа таму, што царква была забясьпечанай і і ня мела ў ліку сваім бедных габрэяў. Павал добра ведаў, што жанчына дае ад сэрца і ад яе ня будзе ніякіх папрокаў. Так паступова складаўся вобраз жанчыны-хрысьціянкі. На месца габрэйскай жанчыны, сільнай і самаадданай, на месці жанчыны Сірыі з выбухамі энтузіазму і любові, на месца Марыі Магдаліны, выходзіць наперад жанчына Грэцыі – Лідыя, Геба, Хлоя і іншыя. Жывыя, вясёлыя, дзейныя, мяккія, тонкія і адкрытыя, але ў той жа час гаваркія, якія прапануюць дзейнічаць свайму гаспадару і здольныя на ўсё самае вялікае. Жанчыны гэтыя, якія валодалі тайнамі царквы, былі ў вялікай небясьпекі і пераносілі пакуты хутчэй, чым у чым-небудзь прагаварыцца. Яны стварылі дастоінства свайго полу і не казалі пра свае правы. Фармальна яны служылі мужчынам, але, па сапраўднаму, рабілі болей за іх.

Сур’ёзнае прайшэсьце прымусіла Паўла і Сілу пакінуць горад і пайсьці ў бок Амфіполіса. Лука ж застаўся на радзіме і на дваццаць гадоў разлучыўся з Паўлам. Падарожжа Паўла па Эгнаційскім шляху было адным з найлепшых падарожжаў апостала. Гэты рымскі шлях быў зроблены з мармурных пліт. Пад кожным платанам быў калодзеж з талай горнаю вадой. Скалы зь белага мармуру даюць выхад маленькім празрыстым ручаям. Амфіполіс быў вялікім горадам, але апостал з памочнікамі прайшлі міма яго і накіраваліся ў бок Фесалонік. Путнікі пайшлі паміж морам і гарамі праз густыя лясы і праз палі. Яны прайшлі каля магілы Эўрыпіда па праходу вырубленым у скале. Прыгажосьць дрэваў, чысьціня паветра, хараство кустарнікаў і дзікіх кветак – усё гэта напаўняла сэрцы вандроўнікаў радасьцю і спакоем. Пры падыходзе да Фесалонік, яны ўбачылі велічны Алімп і Фесаланікійскі заліў. Перад імі быў вялікі горад і Павал грунтуючся на свой вопыт прадбачыў, што знойдзе там добрае поле на якім узрасце шмат парасткаў веры ў Госпада ягонага Ісуса Хрыста.

Фесалоніка часоў Рымскай імперыі стаў адным з самых гандлёвых партоў Міжземнага мора. Горад быў багаты і густа населены. Была тут і сінагога. Павал зрабіў тое ж, што і рабіў заўсёды. Ён накіраваўся ў сінагогу і казаў свае пропаведзі пра Ісуса Хрыста, даказваючы, што Ісус быў Месіяй і што Пісаньне знайшло ў Ім сваё зьдзяйсьненьне. Некалькі габрэяў паверылі, але больш за ўсіх навярталіся грэкі, якія мелі страх Божы. Жанчыны прыходзілі ў вялікай колькасьці, бо яны ўжо ведалі сэнс юдэйскіх абрадаў і таму з радасьцю імкнуліся да новых праведнікаў.Павал і Сіла жылі ў неякага Ісуса, які ў Грэцыі стаўся Язонам. Павал не забыў сваё сямейнае рамяство і старанна працаваў, каб ніяк не каштаваць створанай ім царкве. Павал паважаў працавіты дух фесаланікійцаў і прапаведаваў ім акуратнасьць, працу і добрыя адносіны зь язычнікамі. Фесаланікійская царква стала ўзорам, які Павал прыводзіў у прыклад. Але непрыемнасьці ўжо чакалі прапаведнікаў, бо незадаволеныя габрэі пачалі падбухторваць розных бязьдзельнікаў і валацуг, каб за грошы яны напалі на дом Язона. Грамадства ўзрушылася і царква вырашыла тайна адправіць Паўла і Сілу ў Верыю.

Верыйскія габрэі выслухалі Паўла і дазволілі яму прапаведаваць у сінагоге. І яны зацікавіліся довадамі апостала, правяраючы ягоныя словы ў Пісаньні. Многія зь іх згадзіліся з Паўлам і паверылі ў Ісуса Хрыста. Тут, як і ў іншых цэрквах Македоніі, жанчыны былі ў большасьці. Але зноў прыйшла небясьпека ад ад габрэяў Фесалонікаў і зноў Паўлу прыйшлося ўходзіць. Пакінуўшы Сілу і Цімафея ў Верыі, ён пайшоў да мора.

Павал накіраваўся морам у Афіны. Перад Паўлам адкрываліся цудоўнейшыя малюнкі прыроды. Алімп, Осы, Пеліён, маляўнічы Эўрыпскі праліў, як быццам бы казалі пра тое, што менавіта тут некалі адкрылася дасканаласьць, дзе наяўна існаваў ідэял зямлі, які бачыў, як гэты народ ствараў аснову мастацтвам, навуке, філасофіі і палітыцы. Але Павал не адчуваў вялікага шанаваньня, якое павінны былі адчуваць тагачасныя культурныя людзі, бо ён быў зь іншага сьвету і ягоная сьвятая зямля была ня тут.

Павал няўтульна адчуваў сябе ў Афінах. Ён адчуваў адзіноцтва і вельмі шкадаваў, што побач няма Цімафея і Сілы і ён вельмі прасіў, каб памочнікі Паўла прыехалі да яго як можна хутчэй. Будучы ў адзіноцтве, ён знаёміўся з горадам, разглядаў Акропаль, з бясконцай колькасьцю статуй, дзякуючы якім ён выглядаў, як незвычайны музей, які павінен наводзіць чалавека на розныя разважаньні.

Афіны меньш за ўсю астатнюю Грэцыю пацярпелі ад Рымскай залежнасьці. Помнікі Акропаля, як і многія іншыя засталіся некранутымі. Гэты дзіўны горад меў вузкія вуліцы, якія захоўвалі старажытныя помнікі. Павал бачыў Прапілеі, гэты цуд высакароднасьці, Парфенон, які веліччу сваёй зацямняў усё, храм Перамогі бяз крылаў, прыгожых маладых дзяўчат з грацыёзным крокам. Апостал бачыў усю гэтую прыгажосьць, але вера ягоная не пахіснулася і ён, як кажа Лука: “узрушыўся духам, убачыўшы гэты горад поўны ідалаў”.

Але дзьве рэчы вельмі ўразілі Паўла: па-першае, надзвычайная рэлігійнасьць Афінянаў, што вылівалася ў вялікую колькасьць розных храмаў, ахвярнікаў і сьвяцілішчаў; па-другое тое, што некаторыя ахвярнікі былі бяз назваў ці пасьвячоныя “невядомым багам”. Такіх ахвярнікаў было ў Афінах даволі многа і яны як бы казалі пра тое, што афіняне вельмі неабыякавыя ў справе рэлігіі і маюць звычкі бачыць ва ўсім праявы таямнічай і асобай улады. Баючыся зьняважыць якога-небудзь бога ня ведаючы ягонага імя, яны будавалі ахвярнікі без імяні ці з надпісам “невядомым багам”. Павал дзівіўся гэтаму і нават разважыў, што гаворка ідзе пра “Бога Невядомага”, бо ў гэтым ён убачыў Бога габрэяў. Гэтая думка здавалася слушнай, бо ў вачах язычнікаў Бог габрэяў ня меў імяні. Павал разважаў пра ўсё ўбачанае і разумеў, што тут прыдзецца кардынальна зьмяніць сістэму пропаведзі.

Для Паўла ўсё было новым. Ён уважліва аглядаўся і ня мог не заўважыць, што рэлігія Афінаў уяўляла сабою рэлігійнае асьвячэньне патрыятызму і дзяржаўных установаў. Гэта быў культ Акропаля і прысяга, якую прыносілі на ягоным ахвярніке маладыя Афіняне. Афіны мелі ўплыў на астатні сьвет як горад школаў, не ў малой ступені дзякуючы клопатам Адрыяна і Марка Аўрэлія. Гэта быў універсітэцкі горад, дзе сустракалася элітная моладзь, каб раскідаваць жменямі золата. Настаўнікі, філосафы, рытары, вучыцелі танцаў, гімнастыкі, фехтаваньня і шмат яшчэ чаго панавалі ў горадзе, маючы пашану і грамадскае прызнаньне. Старажытная грэцкая адукацыя, мэта якой адукаваць свабоднага грамадзяніна, становіцца педагагічным законам для ўсяго чалавецтва. Насельніцтва Афінаў заўсёды было жывое і зацікаўленае. Кожны грамадзянін праводзіў сваё жыцьцё на вуліцах, у размовах з астатнім сьветам, у лёгкай гаворке і пад ветлівым небам. Горад ня быў гандлёвым і таму ва ўсіх быў аднолькавы клопат, які складаўся ў асноўным з таго, каб даведацца пра тое, што новага ў сьвеце. Але Афіны былі і самым рэлігійным, і самым філасофскім горадам у сьвеце. Афіны мелі глыбока-языцкі характар, які быў зьвязаны з усімі інтарэсамі, з усімі задавальненьнямі і з усёй славаю дзяржавы. Павал адчуваў вялікі сумнёў, але па прыбыцьці з Македоніі Цімафея, ён вырашыў дзейнічаць.

Павал выступіў перад габрэямі і тымі, хто “мае страх Божы”, але посьпех быў зусім нязначны. Словы Паўла пра Ісуса і Ягонае ўваскрэсеньне, паказаліся дзіўнымі і пазбаўленымі сэнсу. Недасканалая грэцкая мова Паўла, адсутнасьць рытарычных навыкаў, не маглі па вызначэньню мець нейкі посьпех у філасофскіх Афінах. Філосафы не прымалі сур’ёзна словы апостала, бо с пагардай ставіліся да рэлігіі натоўпу. Побач з прымхамі, яны бачылі сябе вышэй за ўсіх, але калі філасофія абвяшчае, што яна не займаецца рэлігіяй, дык рэлігія ў адказ душыць яе самую, бо філасофія мае сэнс толькі тады, калі яна падказвае чалавецтву правільны шлях і сур’ёзна ставіцца да той вялікай задачы, якая аднолькава стаіць перад усімі. Філосафы адвярнуліся ад Паўла кажучы: “што хоча сказаць гэты марнаслоў?”, але ня ведалі яны, што настане дзень, калі гэты “марнаслоў” зойме іхнае месца, менавіта дзякуючы пропаведзі Паўла. Урок гісторыі.

Афінская пропаведзь Паўла знаходзіла як расчараваных, так і зацікаўленых людзей. І вось, аднойчы, слухачы Паўла, жадаючы афіцыйнага выкладаньня ягонага вучэньня, павялі яго ў Арэапаг, які быў у тыя часы сапраўдным афінскім сенатам, што назіраў за законамі маралі, медыцыны, раскошы, дзяржаўных культаў і таму няма нічога неверагоднага ў тым, што пры зьяўленьні Новага вучэньня прапаведнік запрашаўся зрабіць заяву пра яго сенатарам Арэапага і ўсім заахвочаным слухачам. Павал зьвярнуўся да іх: “Афіняне! з усяго бачу я, што вы неяк адмыслова набожныя. Бо, прыходзячы і аглядаючы вашыя сьвятыні, я знайшоў і ахвярнік, на якім напісана: “невядомаму Богу”. Вось Яго, Якога вы ня ведаючы, шукаеце, я прапаведую вам: Бог, Які стварыў сьвет і ўсё, што ў ім, Ён, будучы Госпадам неба і зямлі, не ў рукатворных храмах жыве і не вымагае служэньня рук чалавечых, быццам маючы ў нечым патрэбу, а Сам дае ўсяму жыцьцё і дыханьне і ўсё. З адной крыві Ён вывеў увесь род чалавечы, каб жыў ён на ўсім улоньні зямлі, назначыўшы наперад вызначаныя часіны і межы іхнія пражываньню, каб яны шукалі Бога, ці не адчуюць Яго, і ці ня знойдуць, хоць Ён і недалёка ад кожнага з нас: мо мы Ім жывем і рухаемся і існуем, як і некаторыя з вашых паэтаў казалі: “мы Ягоныя і род”. І вось мы, будучы родам Божым, не павінны думаць, што Боства падобнае да золата, альбо срэбра, альбо каменя, увасобленага ў твор мастацтва і выдумкі чалавечай. І вось, пакідаючы часіны няведаньня, Бог сёньня наказвае людзям усім усюды пакаяцца; бо Ён вызначыў дзень, у які будзе справядліва судзіць сьвет праз загадзя вызначанага Ім Мужа, даўшы доказ усім, уваскрэсіўшы Яго зь мёртвх”

На гэтых словах Паўла перапынілі, бо пачуўшы пра ўваскрэсеньне зь мёртвых, адны насьміхаліся, а другія казалі: “пра гэта паслухаем цябе іншым часам”. Трэба сказаць, што Павал не адчуваў ніякай небясьпекі, бо афінскі лібералізм гарантаваў яму гэта. Выступ Паўла, ня што іншае як першая спроба прымірыць хрысьціянства з філасофіяй. Павал прызнаваў ва ўсіх народах унутранае пачуцьцё боскага і захаваны монатэізм, які павінен прывесьці язычнікаў да пазнаньня ісьцінага Бога. Гэта першы прыклад тактыкі некаторых апосталаў хрысьціянства пасябраваць з філасофіяй шляхам спробы казаць на навуковай мове ці пры дапамозе нейкіх вершаў Пісаньня і іншых выразаў, прымусіць паверыць, што людзі заўсёды могуць прыйсьці да згоды. Але час яшчэ не настаў і ў Афінах гэта ня здарыцца. І Павал адчуваў сябе чужынцам у горадзе рытараў і вучыцеляў фехтаваньня.

Павал рабіў новыя спробы працаваць на ніве пропаведзі, але глеба была вельмі няўдзячнаю. Дух афінянаў быў поўнай процілегласьцю таго пяшчотнага рэлігійнага пачуцьця, якое давала навяртаньне і прызначала людзей да хрысьціянства. Сапраўдныя грэкі не падыходзілі да вучэньня Ісуса Хрыста, бо напрыклад Плутарх, ня меў пра яго ніякага ўяўленьня нават ў першай палове другога стагодьдзя. Патрыятызм, прывязанасьць да ўсяго старога перашкаджалі грэкам зьвяртаць увагу да іншаземных рэлігійных культаў. “Элінізм” ператварыўся ў рэлігію, амаль што разумную і філасофскую. Богі Грэцыі як быццам бы імкнуліся стаць багамі ўсяго чалавецтва.

У рэлігіі грэкаў адсутнічала і адсутнічае элемент жаночага ўміленьня і мяккасьці, бо ў сапраўднай элінскай расы няма глыбіні рэлігійнага пачуцьця. Набожнасьць праваслаўнага грэка складаецца з абрадаў і вонкавых дзеяньняў. Прыгожыя праваслаўныя цэрквы не даюць напаміну таго пачуцьця жаху, якое ёсьць у паўночных народаў. У гэтым усходнім хрысьціянстве няма енку, мальбы і унутраннага сардэчнага скрышаньня. Пахаваньні сярод людзей амаль што вясёлыя, праходзячы ўвечары зь нягромкімі сьпевамі, яны стракацяцца рознымі калярамі. Хворы грэк ня смуткуе, бо бачачы ціхае набліжэньне сьмерці, ён бачыць і тое, штоўсё вакол яго пяе і ўсьміхаецца. Жыцьцё складаецца з таго, каб квітнець і потым даць плод. Гэта павярхоўны народ, бо прымае жыцьцё, як нешта натуральнае. Можа на гэта ўплывае клімат, чыстата паветра, а можа імкненьне грэкаў да цудоўнага ідэалізму? Каб атрымаць задавальненьне ад прыгажосьці трэба зусім няшмат: дрэва, кветкі нават самай маленькай, ручая, маленькага сасновага гаю і гэтак далей. Добры настрой і радасьць жыцьця – гэта пра чалавека Грэцыі, бо гэтаму народу заўсёды дваццаць гадоў. Прырода для грэка – прыклад вытанчанасьці і настаўнік у дабрачыннасьці, бо думка пра тое, што прырода можа нас падпіхваць да дурнога, для грэка непрымальная і неверагодная.

Зразумела, што гэты народ сустрэў бы Ісуса з усьмешкай, бо гэтыя цудоўныя дзеці ня могуць навучыць нас глубокай сур’ёзнасьці, бясслаўнаму самаахвяраваньню і дабрыні без урачыстасьці. Філосаф Сакрат – вядомы мараліст, але зь гісторыяй рэлігіі ў яго няма нічога агульнага. І трэба прызнаць, што Грэцыя ніколі не была па сапраўднаму хрысьціянскай, як дарэчы і ў сучаснасьці, бо праваслаўная царква заўсёды несла ў сабе вялікі ўплыў арыянства і міфалагічнасьці. Калі прыгледзецца сёньня да адукаванага грэка, дык выразна бачна, што хрысьціянства ў ім вельмі мала і ў душы ён – “элініст”. Ягоная рэлігія ёсьць пакланеньне старажытнаму грэцкаму генію, а хрысьціянін ён толькі па форме.

Павал не стварыў у Афінах значнай царквы, бо толькі некалькі чалавек адгукнуліся на пропаведзь Паўла. Лука кажа толькі пра нейкага Дыянісія і жанчыну па імяні Дамар. Пра астатніх ён кажа “і іншыя”. Не дачакаўшыся Цімафея, Павал выйшаў з Афінаў. Наперадзе ў яго быў Карынф.

ак скончылася частка другога місіянерскага падарожжа апостала Паўла. Працяг гэтага падарожжа будзе ў Карынфе і Эфесе, дзе Вестка пра Ісуса Хрыста знойдзе добрую глебу, каб пашыралася Царства Нябеснае і Ісус Хрыстос атрымаў тых, каго Ён хоча бачыць у Валадарстве Сваім.

Зацікаўлены пілігрым, які пабачыў тыя кліматычныя і агульнаграмадскія ўмовы той краіны, дзе адбываліся гэтыя падзеі, справядліва жадае глыбіні веданьня таго, як разгортвалася разьвіцьцё хрысьціянскай царквы. Апостал Павал – галоўны герой нашага апавяданьня, дае нам цудоўную магчымасьць зьвярнуцца да таго, да чаго ён імкнуўся – да разуменьня ідэялу. Ідэялу служаць, робячы добрае, адкрываючы ісьціну і зьдзяйсьняючы найлепшае. Але хто гэта робіць? Безумоўна першым ідзе чалавек дабра, другое месца займае чалавек ісьціны, вучоны ці філосаф і толькі потым ідзе чалавек мастацтва. І над усім гэтым стаіць Ісус Хрыстос, які і зьяўляецца ідэялам дабра і прыгажосьці.

 

Сакалоў Валеры.

Напісаць каментар

Адправіць каментар


пять − = четыре

Апошнія артыкулы