logo piligrymka






Што шукае пілігрым?


Odnoklassniki VKontakte Facebook Twitter Mail.ru ← падзяліцеся ў сацыяльных сетках з сябрамі

  Калі мужчыны насілі спадніцы, а жанчыны сядзелі ў хаце, калі вершнік мог пераадолець прыблізна сто кілямэтраў за дзень, а пешшу значна меньш, калі замест пошты выкарыстоўвалі галубоў, а інтэрнэту не было ў самых сьмелых марах, калі чалавек нікуды не сьпяшаўся, але шмат чаго пасьпяваў, ужо тады хадзілі пілігрымы.

  Яны ішлі на заклік Божы пакланіцца сьвятым мясьцінам і прайсьці шлях пакуты, ахвяравалі падарожжа сваім памерлым ці хворым, засяроджвалісь на малітве і посьце, малілісь за грэшнікаў і добрых людзей, за ўсіх нас. І ў той жа час трымалі вушы і вочы адкрытымі на хараство Божага сьвету. З запаленым вагнём у сэрцы яны ішлі насустрач невядомаму, радавалісь кожнаму новаму дню, кавалку хлеба і глытку крынічнай вады. І не бярыце з сабой “…ані дзьвюх тунік, ані пасталаў, ані кія. Бо працаўнік варты пракорму свайго” (Мц 10,10). Пілігрыма падтрымлівае моц Божага Слова і малітва. Велічнасьць храмаў, кляштараў, гістарычных мясьцінаў, зьвязаных з улюбёным сьвятым апекуном, мы ўспрымаем як ухвалу да Бога. А на зваротным шляху нясе любоў да роднага куточку, чаканая сустрэча з роднымі і сябрамі, прага падзяліцца з людзьмі каштоўным набыткам. Як часта нам не стае часу і мужнасьці, каб зазірнуць у сваё сэрца, перагледзець сваі праблемы і ўчынкі, наноў знайсьці вырашэньне складаных жыцьцёвых пытаньняў. Як страшна прызнавацца нават самому сабе, што неадкладныя штодзённыя справы турбуюць нас значна больш чым справы важнейшыя, духоўныя; мы так заклапочаны вырашэньнем надзённых тэрміновых пытаньняў, што няма часу падумаць, ці ў добрым кірунку рухаецца нашае жыцьцё, ці не пакрыўдзілі мы каго няўмысна, ці заўсёды зважалі на патрэбы іншых людзей. Пілігрымка дае нам надзвычайную магчымасьць зразумець і прыняць провід Божы, асабліва калі ўласны крыж здаецца нам невыносным. Чалавек пакліканы да паўнаты жыцьця ва ўсёй яго прыгажосьці і цяжкасьцях. Недапушчальна  вызнаваць вартасць жыцця ў такой меры, у якой яно ёсьць крыніцай прыемнасьці і дабрабыту, а цярпеньне зьяўляецца невыносным цяжарам, ад якога за любы кошт можна звольніцца. Выпрабаваньні дадзены нам, каб аказаць сваю веру і адбудаваць глыбокі давер Богу. Нават калі здаецца, што няма надзеі на паратунак, нават тады вернік поўны нязломнага даверу ў аздараўляючую моц Пана нашага. Справедлівы з пакорай прымае свой лёс. А пакора ёсьць папросту дарога да праўды. Пакорны чалавек – найперш чалавек праўдзівы перад сабой і прад людзьмі. Ён ня ставіць сябе вышэй ад іншых, не пагарджае бліжнім, лёгка разумее чужыя слабасьці і заганы, не закрывае вачей і на свае грахі, недасканаласьці і маласьць сваю, такім чынам прызнае свае вартасьці і праўдзівую цану. Самы кароткі шлях ад пыхі да пакоры вядзе праз практыку падзякі. Гэта вялікі дар: навучыцца шчыра дзякаваць Богу за гэты сьвет, за людзей вакол нас, за малыя і вялікія дабрадзействы ня толькі ў дачыненьні да нас, але і ў дачыненьні да іншых людзей. Любы малы дар становіцца вялікім, калі прыходзіць разуменьне, што яго дорыць Бог.  “Шукайце ж найперш Царства Божага і праведнасьці Ягонай, і гэта ўсё дасца вам” (Мц 6,33).  Так і наша св.Еўфрасіньня на схіле дзён вырашыла здейсьніць духоўны подзьвіг паломніцтва да Сьвятой зямлі. Ўсе палачане прасілі ігуменьню не пакідаць іх, але яна і тут выказала свой рашучы характар: ”Не пакінуць вас хачу, а памаліцца за сябе і за вас”. На той момант яна ўжо зрабіла столькі, што на некалькі жыцьцяў хапіла бы, каб пакінуць навекі несьмяротным свае імя ў гісторыі Беларусі. Але сэрца клікала яе ў дарогу да ерузалемскіх муроў. Там Еўфрасіньня прасіла патрыярха, каб ёй адчынілі браму, праз якую з боку Элеонскае гары калісьці ўвайшоў у горад у Вербную нядзелю Езус Хрыстус, і ёй дазволілі прайсьці Яго шляхам. На жаль мы ня ведаем словы яе малітвы і можам толькі здагадвацца аб чым прасіла Пана наша вялікая пакутніца і сьвятая Еўфрасіньня, нябесная наша заступніца.

  Шмат чаго зьмянілася з тых часінаў, але не зьмянілася душа чалавека. І гэтаксама прагне сьвятла, дабра і прыгажосьці. Імкнецца спасьцігаць Слова Божае, дадзенае нам праз хараство стварэньня. Сучасны пілігрым розьніцца ад сярэднявечнага хіба што вопраткай і сродкамі перасоўваньня. Мы гэтаксама верым у еднасьць сьвятых, прамаўляем да іх нашыя сьціплыя просьбы; яны глядзяць на нас і радуюцца, калі мы робім добрае, плачуць, калі грашым. Мы просім іх заступніцтва і дапамогі, як і дзьве тысячы год таму. І гэтаксама падымаем голаў і кіруем позірк у нябёсы, кленчым і дзякуем Пану нашаму за Яго дары. Складаем у сэрцы прыгажосьць Яго таямніцы.

  Чалавеку цяжка бывае ўбачыць праўду, ён можа памыляцца, пазнаньне чалавечае даволі слабая прылада, чалавек можа ня ведаць дзе праўда, можа не пазнаць ісьціну, але ён павінен яе шукаць зацята, нястомна, паўсюль і заўсёды і не складаючы рук.

   І што бы чалавек не рабіў, куды бы ні шоў, што бы ні шукаў, ён заўсёды шукае сябе, сваё месца ў гэтым сьвеце, сэнс свайго ўласнага жыцьця. І часам трэба хадзіць далёка і доўга, каб зразумець: усё што патрэбна чалавеку ёсьць побач з ім, там дзе нарадзіўся, ахрысьціўся і закахаўся.

 

Камбалава Анжэла

Напісаць каментар

Адправіць каментар


девять − = три

Апошнія артыкулы