logo piligrymka






Што шукае пілігрым?


Odnoklassniki VKontakte Facebook Twitter Mail.ru ← падзяліцеся ў сацыяльных сетках з сябрамі

Хвала Пану Богу за Яго вялікую міласць, за тыя святыя мясціны, якія Ён захаваў на нашай планеце. Гэта і Святая зямля, якая бачыла Пана Езуса ў чалавечым абліччы, адчувала на сабе поступ Яго ног, і блаславёныя  месцы з’яўлення Маці Езуса, і катэдры, дзе цэлебравалі Святую Імшу слынныя святары, і месцы вечнага спачыну людзей, якія ўсе жыццё прысвяцілі Богу. Гэтыя асвячоныя мясціны на працягу гадоў наведвае  шмат людзей, у кожнага з іх свая мэта. Але мне хацелася  б звярнуць ўвагу на тых, хто з’яўляецца вернікам, а яшчэ дакладней пілігрымам. Якая мэта ў іх? Што натхняе іх на паломніцтва? Што шукае піліігрым?

Разважаючы над гэтым пытаннем, мне прыйшлі на думку словы Боскага Настауніка: «Шукайце толькі Царства Божага» (Лк. 12:31). Гэта так. Вялікая любоў Пана Бога да нас зрабіла магчымым знаходзіць сляды чыстага і беззаганнага Царства Божага ўжо тут, на зямлі: знаходзіць у Святой Камуніі, у Святой Імшы, у малітвах, у посце, на старонках Бібліі, у паломніцтвах да святых мясцін. Асабліва гэта неабходна ў цяперашні час суцэльнага зруйнавання, абыякавасці, упадку духу, распушчанасці і анархіі. Кожнаму верніку як ніколі патрэбна ўнутранае духоўнае развіцце, штодзеннае практыкаванне ў хрысціянскіх цнотах. І гэта вымагае не абыякавай працы, і недастаткова проста плыць па цячэнні штодзеннасці.

Для дасягнення гэтай мэты вернікі павінны прыкладаць сапраўды вялікія высілкі. Вялікую дапамогу ў гэтым, на мой погляд, аказвае наведванне святых мясцін. Нездарма Пан Бог захаваў іх на нашай грэшнай зямлі. Бо так неабходна сярод штодзенных спраў, турбот і пакутаў мець тое, што нагадвае пра беззаганнае, вечнае, чыстае, што дапамагае трымаць у душы Божае слова, запаветы і парады, што накіроўвае позірк душы да Нябесаў, ачышчае розум, што набліжае нас да Царства Божага, што садзейнічае верніку дасягаць святасці.

І калі турыст альбо вандроўнік наведвае святыя мясціны з мэтай убачыць штосьці новае альбо цікавае, то пілігрым надае духоўны сэнс свайму падарожжу. Ён шукае магчымасці дакрануцца  да святыні не толькі душой але і целам, шукае таго, каб пазбавіцца ад бескарыснасці і бяспленнасці свайго існавання, шукае з’яднання ў супольнай малітве з іншымі вернікамі, шукае магчымасці аб’яднаць сваё сэрца і свае рукі з братамі і сёстрамі Хрыстовай сям’і для  адказу на Божае пакліканне, шукае бачыць у кожнай чалавечай  асобе вобраз і  падабенства Божыя, жадае аддаць даніну памяці святым боскім людзям, якія ўсе сваё жыццё прысвяцілі таму, каб Валадарства Божае ўсталявалася тут, на зямлі, якія нават сваёй смерцю праславілі Бога. Яны знайшлі Царства Божае і далі наступным пакаленням  яскравы прыклад таго, як патрэбна з пакорлівасцю і  адданасцю жыць дзеля гэтай мэты.

Дзякуй Табе, мой Божа, за Тваіх святых, якія ўсю сваю душу паклалі на ахвярнік Твой, хто і самаго жыцця не пашкадаваў, каб толькі стаць выканауцам Тваёй волі. Яны не забытыя ні Табой, бо ужо ў Цябе, ні людзьмі, бо і праз стагодзі ідуць і ідуць да іх могілак пілігрымы.

Я разумею, што наш Нябесны Ойца знаходзіцца ўсюды, што няма такога кутка на зямлі, якога б не бачылі Яго вочы. Але святыя мясціны дапамагаюць адчуваць Ягоную прысутнасць па-асабістаму моцна. І цягнецца душа верніка да гэтых мясцін, бо ёй так патрэбна адчуванне з’яднанасці з Нябёсамі. Мне здаецца, што Сам Пан Бог асвячае Сваім подыхам гэту сустрэчу. Хвалюючы момант! Нібыта напіўуся з крыніцы халадной і празрыстай вады і набыў новыя сілы, каб жыць далей! Хочацца не толькі самаму атрымаць гэтае духоўнае адраджэнне, але данесці хоць кроплю гэтай Божай мілаты да тых, у каго не атрымалася здейсніць паломніцтва, хто знаходзіцца ў пакутах або хварэе.

О,мой Божа, даруй мне, самай найменьшай сярод авечак паствы Тваей, быць у еднасці з Табой і з ўсімі Тваімі святымі! Даруй мне магчымасць, атрымаўшы падмацаванне  ад дакранання да  святынь, адарыць тых, хто побач са мной хоць кропляй цеплыні, любові, святла, якія атрымала душа, здзейсніўшы паломніцтва.

«Шукайце толькі Царства Божага»…Велічныя словы!

Шукайце яго! Яно сярод нас. Яго знайшлі тыя, хто шукаў ад усяго сэрца, яго знойдуць тыя, хто толькі пачаў пошук, але паставіў сваей мэтай прысвяціць гэтаму ўсе жыццё, хто толькі дзеля гэтага становіцца пілігрымам і імкнецца дакрануцца да святых мясцін. Няхай жа мы малітвамі  ўсіх святых атрымаем ласку шукаць і асягнуць Валадарства нябеснага, дзякуючы бясконцай міласэрнасці і чалавекалюбству Пана нашага Езуса Хрыста.

 

Галько Ирина Адамовна
г.Логойск.

 

Напісаць каментар

Адправіць каментар


два + пять =

Апошнія артыкулы