logo piligrymka





Што шукае пілігрым?


Odnoklassniki VKontakte Facebook Twitter Mail.ru ← падзяліцеся ў сацыяльных сетках з сябрамі

У сусьвеце, як ведама, існуе закон, які з самага пачатку існаваньня замацаваўся ў людзях, іхным ґрамадзтве – розныя людзі бачаць адныя й тыя самыя рэчы й зьявы зусім па-рознаму: калі йдзе дождж, нехта смуткуе, нехта думае аб тым, як гэта адлюструецца на ўраджаі, камусьці ўсё роўна, а нехта бачыць у дажджы прыгожыя кропелькі, якія, падаючы, зьліваюцца на лістох дрэваў, сьцяблінах траваў, даюць новы пачатак, новае жыцьцё… Не абыйшоў гэты лёс і піліґрымаў.

Піліґрым, вандраўнік… Для адных гэта – няведамы, неспазнаны чалавек; для другіх – дурань, што стварае сабе казачны сусьвет, у якім хаваецца ад рэчаіснасьці; для трэціх – чалавек, які, адрачыўшыся ад паўсядзённасьці й гультаяватага жыцьця, адправіўся па сьвятых месцах, каб спазнаць нешта большае… Але што ж узапраўды шукае піліґрым? Што яму трэба? Хто ён такі? У чым існасьць ягоных дзеяньняў?

Трохі з гісторыі й ня толькі. Паломніцтва ўзьнікла яшчэ ў глыбокай дрэўнасьці. Але, калі быць сумленным, трэба ўсё ж сказаць, што першыя піліґрымы – гэта не паломнікі, а падарожнікі, якія адпраўляліся ў далёкія краіны ня з мэтаю набыцьця скарбаў, ня з мэтаю правесьці час у прыгодах, а з мэтаю нейкага духоўнага разьвіцьця, з мэтаю азнаямленьня з дасягненьнямі іншых краінаў і людзей. Такога падарожніка можна сьмела прыраўнаць да піліґрыма. Але ці кожнага піліґрыма можна прыраўнаць да такога падарожніка?

Не. Не, таму што розныя піліґрымы, як і розныя падарожнікі, адпраўляюцца ў падарожжа-піліґрымку з рознымі мэтамі: адныя – празь бязьдзейнае цікавалюбства, другія – ад «няма чаго рабіць», а трэція, запраўдныя піліґрымы й падарожнікі,– шукаюць тое, што шукае запраўдны піліґрым.

Але піліґрымы, як і падарожнікі, бываюць рознымі ня толькі адносна мэты падарожжа, але й адносна кшталту падарожжа: адныя падарожнічаюць часам, другія – калі атрымаецца, а трэція – пастаянна знаходзяцца ў падарожжы. І, безумоўна, прадстаўнік кожнага кшталту падарожжа таксама спазнае й адчувае па-свойму сваю піліґрымку. Як больш чалавек падарожнічае, дык глыбей у ягоную сьведамасьць ўваходзіць гэтае падарожжа.

Для таго, каб зразумець, што шукае піліґрым, трэба зразумець, што ён бачыць, з чым сустракаецца ў піліґрымцы. Але перад гэтым скажу: для мяне піліґрым – гэта ня толькі вернік, які падарожнічае й наведвае сьвятыя месцы, але й чалавек, які адпраўляецца ў дальнія краі, каб больш спазнаць, больш зразумець.

1. Сьвятыя месцы

Асноўнаю мэтаю піліґрымкі зьяўляецца, безумоўна, наведваньне сьвятых месцаў.

Наведваючы розныя месцы, павязаныя зь нейкімі славутымі падзеямі, людзьмі, піліґрымы спазнаюць нешта новае, нешта тое, чаго няма на землях іхнае Радзімы: жыхар ЗША ня знойдзе ні ў водным з амерыканскіх гарадоў дамоў, у якіх жыў Максім Багдановіч – мір яму,– а ў Беларусі ніводны беларус ня знойдзе дома Абраама Лінкольна – мір яму. Тое ж самае можна сказаць і аб сьвятых месцах, бо яны ўнікальныя й знаходзяцца на ўсёй нашай Зямлі толькі ў адным-адзіным месцы. Але ці ёсьць сэнс наведваць сьвятыя месцы наагул, альбо можна абысьціся бяз гэтага й не марнаваць дарма часу?

Зразумела, часам чалавеку ня трэба наведваць аніякіх месцаў для таго, каб спазнаць нешта большае, але, безумоўна, калі паглядзець на пытаньне з чыста рэлігійнае кропкі зроку, можна сказаць наступнае: тое, што чалавек адпраўляецца ў далёкі шлях для таго, каб наблізіцца да тых зьяваў, якія суправоджваюць ягоную рэлігію, збліжае гэтага чалавека з рэлігіяю, паглыбляе ягоную веру, а значыць, робіць яго больш сьведамым, калі ён не рэлігійны фанатык. Ведама, што гэта толькі тады, калі чалавек узапраўды накіраваны не на задавальненьне нейкае свае пустое цікаўнасьці, а для спазнаньня свае рэлігіі й сусьвету наагул. А, калі казаць з агульнае, а не рэлігійнае кропкі зроку, трэба адзначыць, што, робячы такое падарожжа, чалавек ужо спазнае нешта новае. Ён ідзе да самаразьвіцьця, самараскрыцьця, самаўдасканальваньня, а не чакае, пакуль яно само ажыцьцявіцца. А гэтае ўжо значыць, што ён узапраўды гатовы й жадае гэтага. А сьвятыя месцы й нейкія месцы-помнікі людзкіх дасягненьняў – гэта ўжо здабыткі, якія, як і мастацтва, філязофія й жыцьцё наагул, здольныя прынесьці карысьць для асобы.

2. Людзі

Можа быць, нехта пачне спрачацца са мною: як можна суаднесьці піліґрымку зь людзьмі? Падарожжа яшчэ куды ні йшло, а піліґрымку? А я скажу: запраўдны піліґрым адпраўляецца ў сваё падарожжа ня толькі для таго, каб прасякнуцца энэргетыкаю сьвятога месца – а гэтая энэргетыка ўжо сама па сабе й ёсьць здабытак людзей, а значыць, і збліжэньне зь імі,– але й для таго, каб… сустрэцца зь людзьмі.

Так, запраўдны піліґрым ня ехацьме (будзе ехаць) моўчкі да свайго месца, а распачне гутарку зь людзьмі, зь якімі яго зьвёў лёс пад-час піліґрымкі; ён паспрабуе зразумець гэтых людзей, навучыцца ў іх чамусьці й чамусьці навучыць іх, бо запраўдны піліґрым ня можа й ня мае права абыякава ставіцца да іншых людзей, не цікавіцца іхным лёсам, іхным жыцьцём, іхным духоўным сусьветам. А цікаўнасьць да людзей – гэта ўжо прызнак таго, што чалавек спазнаў нешта большае, як свой паўсядзённы клопат.

3. Прырода

У нашай тэхнагеннай цывілізацыі зьявіліся такія сродкі перасоўваньня, як цягнікі, аўтамабілы й аўтобусы, розныя караблі й самалёты. Калі казаць аб тым, як гэтае адбілася на піліґрымах, дык, з аднаго боку, гэтае дапамагае сэканоміць час, моц і энэргію, а з другога боку гэтае заважае чалавеку самому адправіцца ў гэты шлях, самому прайсьці яго ад пачатку й да канца, а таксама, што, мусіць, усё ж важнейшае, дакрануцца да прыроды, ейнае прыгажосьці й мудрасьці.

Так, прырода не суадносіцца напрамую зь піліґрымкаю, але менавіта ў прыродзе людзі здольныя знайсьці адказы на шматлікія спрадвечныя пытаньні людзкога жыцьця й быцьця сусьвету, парады, што дапамагуць у складаных жыцьцёвых абставінах, супакой і асалоду ад тае дабрыні й таго абсалютнага ў сусьвеце, што ў ім ёсьць, і, што вельмі важна, надзею. Надзею на тое, што не дарма, што заўсёды трэба рухацца наперад, што трэба змагацца.

***

Як бачна з вышэй пералічанага, запраўдны піліґрым шукае большыя веды, жадае спазнаваць і разьвівацца, жадае знайсьці сэнс. Але, безумоўна, запраўдны піліґрым не эгаіст і адпраўляецца ў гэтае падарожжа ня проста для сябе, для таго, каб нешта спазнаць і ўнесьці спазнаныя таямніцы з сабою ў труну. Запраўдны піліґрым, адпраўляючыся ў гэты шлях, спазнае для таго, каб падзяліцца спазнанаю таямніцаю зь іншымі людзьмі, каб і яны зразумелі тое, што зразумеў ён. А падзяляецца ён гэтым, гутарачы зь людзьмі, якіх сустракае, са сваімі калегамі й, безумоўна, сям’ёю. А таксама запраўднага піліґрыма адрозьнівае актыўная дзейнасьць і праца на карысьць людзям. І для таго, каб абагульніць усё ў аднае, я скарыстаюся моваю паэзіі.

 

Пад сонцам сьпякотным

Ці моцным дажджом,

Туманам маркотным

Ці моцным ґрадом

 

Ідзе піліґрым сваім шляхам жыцьця,

Шукаючы праўду й душы чысьціню,

І кажа аб праўдзе таемнай быцьця,

Жадае ў сабе ён адкрыць дабрыню,

 

І сэрца сьвятло, і душы цеплыню,

Каб ёй падзяліцца з братамі сваімі,

Адкрыць каб прыродныя гук, цішыню,

Адкрыць новы сьвет прад вачамі тваімі.

 

 

 

Што шукае пілігрым? (варыянт на наркамаўцы)

Пілігрым (ад італьянскага Pellegrino, літаральна – чужаземец) – багамолец, які вандруе па святых месцах.

***

У сусвеце, як ведама, існуе закон, які з самага пачатку існавання замацаваўся ў людзях, іхнім грамадстве – розныя людзі бачаць адныя і тыя самыя рэчы і з’явы зусім па-рознаму: калі ідзе дождж, нехта смуткуе, нехта думае аб тым, як гэта адлюструецца на ўраджаі, камусьці ўсё роўна, а нехта бачыць у дажджы прыгожыя кропелькі, якія, падаючы, зліваюцца на лістах дрэваў, сцяблінах траваў, даюць новы пачатак, новае жыццё… Не абыйшоў гэты лёс і пілігрымаў.

Пілігрым, вандраўнік… Для адных гэта – невядомы, неспазнаны чалавек; для другіх – дурань, што стварае сабе казачны сусвет, у якім хаваецца ад рэчаіснасці; для трэціх – чалавек, які, адрачыўшыся ад паўсядзённасці і гультаяватага жыцця, адправіўся па святых месцах, каб спазнаць нешта большае… Але што ж узапраўды шукае пілігрым? Што яму трэба? Хто ён такі? У чым існасць ягоных дзеянняў?

Трохі з гісторыі і не толькі. Паломніцтва ўзнікла яшчэ ў глыбокай дрэўнасці. Але, калі быць сумленным, трэба ўсё ж сказаць, што першыя пілігрымы – гэта не паломнікі, а падарожнікі, якія адпраўляліся ў далёкія краіны не з мэтаю набыцця скарбаў, не з мэтаю правесці час у прыгодах, а з мэтаю нейкага духоўнага разьвіцця, з мэтаю азнаямлення з дасягненьнямі іншых краінаў і людзей. Такога падарожніка можна смела прыраўнаць да пілігрыма. Але ці кожнага пілігрыма можна прыраўнаць да такога падарожніка?

Не. Не, таму што розныя пілігрымы, як і розныя падарожнікі, адпраўляюцца ў падарожжа-пілігрымку з рознымі мэтамі: адныя – праз бяздзейнае цікавалюбства, другія – ад «няма чаго рабіць», а трэція, сапраўдныя пілігрымы і падарожнікі,– шукаюць тое, што шукае сапраўдны пілігрым.

Але пілігрымы, як і падарожнікі, бываюць рознымі не толькі адносна мэты падарожжа, але і адносна кшталту падарожжа: адныя падарожнічаюць часам, другія – калі атрымаецца, а трэція – пастаянна знаходзяцца ў падарожжы. І, безумоўна, прадстаўнік кожнага кшталту падарожжа таксама спазнае і адчувае па-свойму сваю пілігрымку. Як больш чалавек падарожнічае, дык глыбей у ягоную свядомасць ўваходзіць гэтае падарожжа.

Для таго, каб зразумець, што шукае пілігрым, трэба зразумець, што ён бачыць, з чым сустракаецца ў пілігрымцы. Але перад гэтым скажу: для мяне пілігрым – гэта не толькі вернік, які падарожнічае і наведвае святыя месцы, але і чалавек, які адпраўляецца ў дальнія краі, каб больш спазнаць, больш зразумець.

1. Святыя месцы

Асноўнаю мэтаю пілігрымкі з’яўляецца, безумоўна, наведванне святых месцаў.

Наведваючы розныя месцы, павязаныя з нейкімі славутымі падзеямі, людзьмі, пілігрымы спазнаюць нешта новае, нешта тое, чаго няма на землях іхняе Радзімы: жыхар ЗША не знойдзе ні ў водным з амерыканскіх гарадоў дамоў, у якіх жыў Максім Багдановіч – мір яму,– а ў Беларусі ніводны беларус не знойдзе дома Аўраама Лінкольна – мір яму. Тое ж самае можна сказаць і аб святых месцах, бо яны ўнікальныя і знаходзяцца на ўсёй нашай Зямлі толькі ў адным-адзіным месцы. Але ці ёсць сэнс наведваць святыя месцы наогул, альбо можна абысціся без гэтага і не марнаваць дарма часу?

Зразумела, часам чалавеку не трэба наведваць аніякіх месцаў для таго, каб спазнаць нешта большае, але, безумоўна, калі паглядзець на пытанне з чыста рэлігійнае кропкі зроку, можна сказаць наступнае: тое, што чалавек адпраўляецца ў далёкі шлях для таго, каб наблізіцца да тых з’яваў, якія суправоджваюць ягоную рэлігію, збліжае гэтага чалавека з рэлігіяю, паглыбляе ягоную веру, а значыць, робіць яго больш свядомым, калі ён не рэлігійны фанатык. Вядома, што гэта толькі тады, калі чалавек узапраўды накіраваны не на задавальненне нейкае свае пустое цікаўнасці, а для спазнання свае рэлігіі і сусвету наогул. А, калі казаць з агульнае, а не рэлігійнае кропкі зроку, трэба адзначыць, што, робячы такое падарожжа, чалавек ужо спазнае нешта новае. Ён ідзе да самаразвіцця, самараскрыцця, самаўдасканальвання, а не чакае, пакуль яно само ажыццявіцца. А гэтае ўжо значыць, што ён узапраўды гатовы і жадае гэтага. А святыя месцы і нейкія месцы-помнікі людскіх дасягненняў – гэта ўжо здабыткі, якія, як і мастацтва, філасофія і жыцьцё наогул, здольныя прынесці карысць для асобы.

2. Людзі

Можа быць, нехта пачне спрачацца са мною: як можна суаднесці пілігрымку з людзьмі? Падарожжа яшчэ куды ні ішло, а пілігрымку? А я скажу: сапраўдны пілігрым адпраўляецца ў сваё падарожжа не толькі для таго, каб прасякнуцца энергетыкаю святога месца – а гэтая энергетыка ўжо сама па сабе і ёсць здабытак людзей, а значыць, і збліжэнне з імі,– але і для таго, каб… сустрэцца з людзьмі.

Так, сапраўдны пілігрым не будзе ехаць моўчкі да свайго месца, а распачне гутарку з людзьмі, з якімі яго звёў лёс пад-час пілігрымкі; ён паспрабуе зразумець гэтых людзей, навучыцца ў іх чамусьці і чамусьці навучыць іх, бо сапраўдны пілігрым не можа і не мае права абыякава ставіцца да іншых людзей, не цікавіцца іхнім лёсам, іхнім жыццём, іхнім духоўным сусветам. А цікаўнасць да людзей – гэта ўжо прызнак таго, што чалавек спазнаў нешта большае, як свой паўсядзённы клопат.

3. Прырода

У нашай тэхнагеннай цывілізацыі з’явіліся такія сродкі перасоўвання, як цягнікі, аўтамабілі і аўтобусы, розныя караблі і самалёты. Калі казаць аб тым, як гэтае адбілася на пілігрымах, дык, з аднаго боку, гэтае дапамагае сэканоміць час, моц і энергію, а з другога боку гэтае заважае чалавеку самому адправіцца ў гэты шлях, самому прайсці яго ад пачатку і да канца, а таксама, што, мусіць, усё ж важнейшае, дакрануцца да прыроды, яе прыгажосці і мудрасці.

Так, прырода не суадносіцца напрамую з пілігрымкаю, але менавіта ў прыродзе людзі здольныя знайсці адказы на шматлікія спрадвечныя пытанні людскога жыцця й быцця сусвету, парады, што дапамагуць у складаных жыццёвых абставінах, супакой і асалоду ад тае дабрыні і таго абсалютнага ў сусвеце, што ў ім ёсць, і, што вельмі важна, надзею. Надзею на тое, што не дарма, што заўсёды трэба рухацца наперад, што трэба змагацца.

***

Як бачна з вышэй пералічанага, сапраўдны пілігрым шукае большыя веды, жадае спазнаваць і развівацца, жадае знайсці сэнс. Але, безумоўна, сапраўдны пілігрым не эгаіст і адпраўляецца ў гэтае падарожжа не проста для сябе, для таго, каб нешта спазнаць і ўнесці спазнаныя таямніцы з сабою ў труну. Сапраўдны пілігрым, адпраўляючыся ў гэты шлях, спазнае для таго, каб падзяліцца спазнанаю таямніцаю з іншымі людзьмі, каб і яны зразумелі тое, што зразумеў ён. А падзяляецца ён гэтым, гутарачы з людзьмі, якіх сустракае, са сваімі калегамі і, безумоўна, сям’ёю. А таксама сапраўднага пілігрыма адрознівае актыўная дзейнасць і праца на карысць людзям. І для таго, каб абагульніць усё ў аднае, я скарыстаюся моваю паэзіі.

 

Пад сонцам спякотным

Ці моцным дажджом,

Туманам маркотным

Ці моцным градом

 

Ідзе пілігрым сваім шляхам жыцця,

Шукаючы праўду й душы чысціню,

І кажа аб праўдзе таемнай быцця,

Жадае ў сабе ён адкрыць дабрыню,

 

І сэрца святло, і душы цеплыню,

Каб ёй падзяліцца з братамі сваімі,

Адкрыць каб прыродныя гук, цішыню,

Адкрыць новы свет прад вачамі тваімі.

 

 

Крыцук Мікіта, горад Жодзіна

Напісаць каментар

Адправіць каментар


× пять = двадцать пять

Апошнія артыкулы