logo piligrymka





Што шукае пілігрым?


Odnoklassniki VKontakte Facebook Twitter Mail.ru ← падзяліцеся ў сацыяльных сетках з сябрамі

Ёсць у мяне Бацька. Бацька настаўнік мой і гаспадар думак маіх. Ён пілігрым. І я пілігрым.  Маем мы дом. На гары ён стаіць. Дом стаіць і ўноч і ўдзень. І ніякая стома не кранае яго. Нават калі мы ідзем – Дом як свечка, трывала трымае агонь у дзвярах і вокнах сваіх. Наш Дом стаіць не на сямі вятрах. На гары. Да якой далёкі і цяжкі Шлях. Шлях адзін. Яго можа прайсці хіба што пілігрым. Пад сілу яму пакручасты той Шлях да Дома таго. Завецца той Шлях верай. Верай у Бога. Айца, Сына і Святога Духа.  Мы верым у Бога. Я з Бацькам маім смела ідзем па зямлі.

-Ведаем мы, што пілігрым шукае. Але ж ці сказаць пра гэта ім, людзям тым, што да Нашага Дому маюць намер падступіцца?

-Сказаць, -выгукнуў бацька. –І паказаць. Няма чаго нам таіцца. Птушкай шчасця ў сэрцайку тваім, дачушка, зіхаціць насенне, што ўзрасло. У сэрцайку тваім, дачушка.

-Што ж за насенне то?

-Са жмені.

-Чыёй жмені, Бацька?

-Божай! Упала яно ды прарасло. Беражы яго. Палівай, каб свяціліся вочы твае нібыта Дзьверы ў Рай. Нібыта Дзьверы ў Чароўны Сад Гасподні.

-А калі хто сурочыць?

-Дачушка мая! Няма такога панятку ў нас. Мы не язычнікі – дзеці гасподнія мы. Хрысціяне! З верай як птушкі ляцім, хоць і ходзім мы па зямлі нагамі.

-Куды ж ідзем? Куды мы крочым? Скажы ўслых, каб пачулі людзі, што на гары, што ля Нашага Дому стаяць і просяць. Ведаеш ты! А “знаць” і “ведаць” – розныя два дзеяловы .

-Веды прыйшлі мне з Неба. Калі на шлях правільны стаў. Маліцца пачаў. Людзям пра веру сваю стаў расказваць. Хажу па свету. Па святыням мірскім. І ты са мною ходзіш, родная мая дачушка. Побач ты. Родныя па крыві! Моцныя па духу! Што шукае пілігрым – пачуць усе хочуць. А калі падумаць і прыслухацца да сэрца свайго, што яно табе гаворыць?

-Ціха там, унутры.

-Слухай! У цішы спакой і голас Бога.

-Я іду за табой, Бацька мой, бо шукаю адказ. Пытанняў многа. Але адказ адзін. У Бога ён. Крамя Усявышняга ніхто не скажа.

-У чым ты бачыш ісціну?

-У еднасці ела, Душы і Духа. Калі спазнае гэта кожны пілігрым, ён паляціць дадому на крылах. Яны могуць вырасці і ў людзей, не толькі ў анёлаў. Да Бога ішоў па зямлі. А ад Бацькі Нябеснага па небу ляціць – такая чалавеку будзе ўзнагарода.  Але толькі той, хто гатовы ісці. У далёкую-далёкую Дарогу. У няспынны шлях да сябе. У Шлях з верай у Бога. Толькі той зможа атрымаць высокую ўзнагароду.

-Бач ты,  расказала ўсё лепш за мяне, хоць не многа гаварыла. Праўда ёсць у словах тых тваіх. Яна жыве ў тваіх памкненнях і шчырых думках. Ці любіш ты мяне?

-Люблю! Моцна. Усім сэрцам.

-То любі так і народ. Народ краіны той, адкуль твой род. Любі, каб звацца міласэрнай. Сэрцам будзе літасць панаваць. Зямля адкрые свае шаты перад табою. Як Неба адкрывае засценкі свае. Замілаванне душу агорне. Падрасцеш тады! Хочаш бачыць тое ўсё, што бачыць свечка, калі агеньчык узрастае і ўверх паўзе да купалоў царкоўных?

-Я ведаю!.. Ты скажаш мне ісці. Ісці з табою. У няпросты шлях. У цяжкую Дарогу. Ты пілігрым. Я пілігрым. Разам ідзем. Калі стомішся ты – далонь мая табе. Стамлюся я – рука твая ўратуе. Вочы мае хочуць бачыць. Прыгажосць сапраўдную, якая ёсць на зямлі і ў небе. Вушы мае хочуць чуць. Гукі чароўныя, якія існуюць у зямлі і ў небе.

- Вось табе і адказ, чаго шукае пілігрым.

-Але ж пілігрым не адзін. Многа нас, такіх недасканалых. Звычайна чалавек шукае мноства ісцін у адну хвіліну. У пілігрымаў ісціна адна. Адна на ўсіх. Ісціна як заклік: вер ў Бога! Богу вер! Тады і знойдзеш тое, што за золата і срэбра даражэй. Знойдзеш ты Дарогу. Дарогу да сябе.

-З верай лёгка нам ісці Дарогай роўнай, доўгай. Няма пакручастасцей. Няма камянёў. Няма прычын вяртацца зноўку ў тую кропку, адкуль мы выйшлі.

-А людзі, што стаяць ля Нашага Дома, што з імі рабіць? Бацька, скажы!

-Праганяць нельга іх. Расказалі мы. Яны паслухалі. Вухам сваім. Яны ўбачылі. Вокам сваім.

-Просяць, каб піць даў. Каб накарміў. Вады і корачку хлебную просяць.

-Што з іх возьмеш?! Нахлебнікі! Зла людзям не рабі, дачушка.

-Не раблю ніколі, Бацька.

-Памятай. Дабро таксама стане злом, калі супраць волі будзе давацца таму, хто яго не просіць. Вады хочуць…  Знай – вада жывая ім патрэбна. З крыніцы Гасподняй.  Хлеба дай ім… Яго на прычасці хай возьмуць.

-Але ж мы не ў Храме Божым, Бацька!  І Дом Наш  не святое месца, каб збіраць паломнікаў. Людзі паблыталі штосьці.

-Дачушка мая, у людзей блытаніны многа. Што ў думках, што ў дзеяннях. Прыйшлі  яны па дапамогу да мяне. Да цябе. На нас абоіх. Бо адчулі моцны Дух мой. Дух твой. Свецімся мы як ліхтары, як тыя вокны, што ў Нашым Доме. А чалавек такі: да мацнейшага горнецца ён за парадай. За дапамогай.

-Але ж, Бацька, чаму ў Храм Гасподзень не ідуць тыя людзі? Каб адразу да Бога?

-Адразу так нічога не прыходзіць. Чалавек праходзіць пакручасты шлях, з  перашкодамі і паразамі. Не заўсёды ногі, што вядуць да моцнага духам,  завядуць і ў Храм Гасподні. Чалавек які? Ганарлівы. З задраным увышыню носам. Думае, ідзе ўгару. А насам рэч  – углыб уласных пакутаў.

-Бацька, то ім руку дай! Няхай будзе ім твая дапамога.

-І адкусяць руку! Няхай самі, з Божай дапамогай, са словам моцным крочаць у Дарогу. Хай ідуць як мы. Пілігрым пілігрыму брат. Няхай сабе і не кроўны. Перад Богам усе роўныя. У пілігрыма што ні крок, усё спазнанне ісцін. Пайшлі спарчэй, мая дачушка! Дух наш можа захварэць, калі не будзем ісці ды маліцца.

-Так, Бацька, хадзем. Праўда, шкада мне людзей, што стаяць засталіся.

-Хай турбота твая ператворыцца ў крыж. І на шыю ім. Каб верылі. І з верай жылі. А спросяць, чые гэта словы былі, скажаш, пілігрым іх даў. Ім даў. Амінь.

 

Марына Яўсейчык

г.Мінск

Напісаць каментар

Адправіць каментар


девять × = восемьдесят один

Апошнія артыкулы