logo piligrymka





Тры адкрыцця сябе і свету, тры пілігрымкі.


Odnoklassniki VKontakte Facebook Twitter Mail.ru ← падзяліцеся ў сацыяльных сетках з сябрамі

Паняцце «пілігрымка» у маёй свядомасці з’явілася толькі падчас аднаўлення мінскіх касцёлаў Кафедральнага і Чырвонага. Калі выносілі будаўнічае смецце разам з іншымі добраахвотнікамі, кс. Уладыслаў расказваў пра пілігрымкі. Праўда, не ведаючы, што гэта такое, я іх здзяйсняла з 10 год. Два разы на год, мае бабулі і мама адпраўлялі мяне ў Вільню да Вострай Брамы, бабуля ужо ездзіць не магла, а мама, настаўніца, пабойвалася. Мне пісалі, за каго я павінна замовіць імшу, давалі што «пасвенціць», тлумачылі, як дайсці да Вострай Брамы ад вакзала, дзе і які ружанец купіць, як я павінна павітаць святара, як з ім размаўляць. Сёння калі, як і па якой рэдкай нагодзе я не прыязджаю да Вільні, першае куды іду – да Вострай Брамы. Вільня, Вострая Брама, дзе мяне хрысцілі ў годзік, праз пару год хрысцілі майго брата – наш пастаянны шлях, наша мара, наша пілігрымка да сябе.

На ў дзел у пілігрымцы да Чэнстахова да Яснай Гары ў 1991 г. мяне, майго мужа, сястру і яе мужа запісала Зоя Канстанцінаўна. Яна хросная мама маёй мамы, сяброўка маёй бабулі ад мінскіх, каталіцкіх дарэвалюцыйных, даваенных, пасляваенных часоў. Яе мужа рэпрэсіравалі і расстралялі за служэнне богу містрантам у Мінскай Катэдры, там жа яна спявала ў хоры. Яе жаданне, каб мы, унукі, працягвалі стогадовае сяброўства сем’яў, падмацоўвалася хрышчэннем дзяцей, запрашэннем на Вялікдзень толькі моладзі, вось гэтым запрашэннем да супольнай пілігрымкі. Пра Ясную Гору, Чорную мадонну я чула з дзяцінства, чытала па гісторыі мастацтва, бачыла фотаздымкі, а пілігрымка да Чэнстахова, Санктуарыя Святой Дзевы Марыі Яснагорскай, спатканне моладзі з Янам Паўлам ІІ – вось гэта была мара. У жніўні 1991 г. адзначаўся каталіцкі Дзень моладзі, таму асноўнымі пілігрымамі былі маладыя людзі з усяго свету. Для многіх гэта пілігрымка была першым глытком свабоды, руйнаваннем не толькі берлінскай сцяны. І гэта яднанне ўзначаліў Ян Павел ІІ.

Мая маці давала наказ: ружанец, на каленках да святыні, апрануць белае… У рэчаіснасці адбылося тое, пра што і ўявіць было немагчыма. З двух аўтобусаў, якія ехалі ад Чырвонага касцёла да Чэнстахова нас чатырох высадзілі з невялікімі заплечнікамі каля суседняга гарадка, бо аўтобус паехаў гандляваць.  Мы па вялікіх торбах як толькі селі ў аўтобус зразумелі, што людзі будуць гандляваць, зрэшты, тады спрабавалі выжыць пры дапамозе гандлю многія беларусы. А мы былі занадта маладымі, рамантыкамі, верылі ў нематэрыяльны свет, ехалі ў Польшчу ў свядомым узросце першы раз, многага не ведалі. Такім чынам, пасля таго як аўтобус нас выгрузіў, і мы дамовіліся дзе і калі нас зноў забяруць, мы ўчатырох шчаслівыя пайшлі да кляштару. Ужо пры падыходзе да Чэнстахова адчулі эйфарыю: чаканы кляштар удалечыні, мноства паломнікаў, людзі розных краін, народаў, культур. Чым бліжэй да Яснай Гары, тым больш дарога, пасля вуліцы пераўтвараюцца ў шчыльны паток людзей, падобны на грамадскі транспарт у гадзіну «пік». Найбольш уразілі групы паломнікаў з Італіі, бо яны ішлі з вялікімі заплечнікамі, што ўзвышаліся над галовамі, перакрывалі групай усю вуліцу, ні на каго не звярталі ўвагі, гучна гаварылі. Каб троху спыніць натоўп, як з-пад зямлі вырасталі маладзенькія хлопчыкі і дзяўчынкі ў скаутскай форме, трымаючыся за рукі перапынялі натоўп, утвараючы калідор для руху.

Так мы дабраліся да Яснагорскага кляштару. Нам пашэнціла, уваход у кляштар, Сабор Святога Крыжа і Раства Багародзіцы, Капэлу дзевы Марыі, да абраза Чэснтахоўскай Божай Маці ў гэты дзень быў вольны. Як і казала матуля, разам з людзьмі мы рухаліся да абраза на каленках, маліліся. Чытаючы легенды пра цуды з абразам Чорнай мадонны, трымаючы маленечкі абразок у бабулі, набыты за польскім часам, я ўяўляла яе невялікай, залаціста-вохрыстай, добрай жанчынай-абаронцай. Аблічча Мадонны, раны, цёмны фон адсылаў да змрочных часоў войнаў Рэчы Паспалітай, абароны кляштара падчас «Патопа»,  маці-апякункі абодвух народаў на штандарах паўстанцаў 1863 г., да пакут Маці Божай каля крыжа з распятым Хрыстом, вечнага апякунства маці над сваімі дзецьмі. Капэла Дзевы Марыі, у якой знаходзіцца абраз, здалася святочна-урачыстай, тысячы вот на сценах, тысячы падарункаў-ахвяр: крыжыкаў, залатых і срэбных сэрцаў, ножак, ручак, ружанцаў… Узгадалася капліца Маці Божай Вострабрамскай. Мне было троху сорамна за свой падарунак: я дастала падрыхтаваную да другой сусветнай вайны бабуліну кветку-брош. Такія пасля бачыла ў музеях – каркас выкананы з меднага дроціку і абцягнуты малочным паўпразрыстым шоўкам. Але такі падарунак яднаў тры пакаленні, родную бабулю, якой няма ў жывых, маю маму, якая з гэтай кветкай выходзіла за муж, і мяне, што першая сярод іх прыехала да Чорнай мадонны.

Ля сцен кляштара быў падрыхтаваны алтар, на якім заўтра будзе праводзіць імшу Ян Павел ІІ. Калі мы размясціліся на плошчы перад алтаром паабедаць, зразумелі, што сёння адбудзецца імша для беларусаў і ўкраінцаў. Наколькі памятаю, імшу меў Тадэуш Кандрусевіч, і мы імкнуліся гучна, адказваць па-беларуску, бо беларусаў на плошчы амаль не было. Увечары  Чэнстахова грала, спявала, танцавала на кожнай вуліцы, каля кожнага фантана, на кожнай плошчы, у кожнай кавярні. Мы ўпершыню чулі хрысціянскія песні пад гітару, барабан, лютню, саксафон, упершыню зразумелі, што хрысціянскія гімны, малітвы могуць выконвацца па-рознаму, пад рэлігійныя спевы можна танцаваць, усе музычныя плыні далучаюцца да праслаўлення хрысціянства. Але бліжэй да гадзіны ночы так захацелася спаць, што мой муж заснуў проста стоячы каля дрэва. Нягледзячы на ўспышкі фотаапаратаў, музыку каля яго, ён спакойна спаў. Вось тут мы зразумелі навошта італьянцам вялікія заплечнікі. Яны раскладалі спартыўныя дываночкі, спальнікі і клаліся спаць проста на газонах. Якія мы недарэкі. Як мы былі не падрыхтаваныя. Але паспаць вельмі хацелася, мы пахадзілі па вуліцах, зайшлі ў рэдкі адчынены пад’езд і ўчатырох прымасціліся проста на халодных прыступках. Ці ад холаду, ці ад лаю сабакі, ці ад скрыпу дзвярэй мы прачнуліся і выйшлі з самай раніцы. Вуліцы шчыльна засмечаныя ўчора пластыкавымі бутэлькамі, паперкамі, цыратамі чысцілі смеццяры. Мы падабралі некалькі кінутых цырат – хто ведае, што нас чакае. Так стомленыя, недаспаныя мы прыйшлі да алтару і прылеглі на цыраты. Падзялілі апошні кавалак хлеба і разамлелага сала. Побач сядзелі італьянцы, прапанавалі нам канапкі, мы ў адказ – сала. Як яны на яго смешна глядзелі і акуратна трошачку паспрабавалі. Ці сонейка нас прыгрэла, ці мы былі стомленыя – але мы заснулі. Нас пабудзілі людзі, якія ўжо шчыльна запоўнілі пляц. Ён быў разбіты на сектары, у кожнага з тых, хто знаходзіўся ў сектарах, блізкіх да алтара, быў пропуск. Нам пашэнціла – мы знаходзіліся амаль каля алтара! Мы будзім маліцца і бачыць Яна Паўла ІІ! Людзі сядалі ўсё шчыльней і шчыльней, пасля можна было сядзець толькі на кукішках, пасля толькі стаяць.

Каля нас размясціўся жыхар Афрыканскага кантыненту. Пры знаёмстве (мы з сястрой скончылі спецыялізаваную школу з паглыбленым вывучэннем французскай мовы, сёння гімназія № 8 г. Мінска) сярод іншага ён спытаў, якая сталіца яго радзімы Буркіна-Фасо. Сястра ўпэўнена адказала – Уагадугу. Наш знаёмы (імя не памятаю) прыйшоў у захапленне, сказаў, што мы рэдкія з сустрэтых ім, якія ведаюць сталіцу яго радзімы. Наша блізкасць мела працяг. Калі Ян Павел ІІ пачаў вітаць розныя народы на іх роднай мове. Пры вітанні вернікаў з Беларусі, у блізкіх да алтара сектарах ускочылі, пачалі махаць рукамі (што патрэбны сцяг мы, на жаль, не маглі нават падумаць) толькі нас чацвёра і наш цёмна-скуры знаёмы. Калі віталі народы Афрыкі зноў ускочылі прадстаўнік Буркіна-Фасо і мы. Плошча, мне так здалося, нас вітала з падвойнай сілаю воклікаў і ўсмешак.

Найбольш запамінальны момант свята – прыезд Яна Паўла ІІ да кляштарнага алтару. Колькі дабрыні, ласкі, усмешак дараваў ён сабраным. Было ўражанне, што ён глядзіць, ўсміхаецца і бласлаўляе менавіта цябе. Слёзы самі каціліся з вачэй. Каб лепш бачыць Яна Паўла, алтар, вітаць сцягамі сваіх краін, людзі сядалі адно аднаму на плечы, нават я села на плечы мужу, каб узмахамі рук прывітаць вялікага святара, чалавека. Плошча не сціхала доўга. Але варта было пачуць яго голас і запанавала поўная ціша. Кожнае слова Святара гучала як голас з Нябёсаў. Супольна малілася на розных мовах тысячы маладых людзей.

Я ўпершыню і пакуль апошні раз была далучана да сусветнай цывілізацыі, сусветнага яднання вакол вечных каштоўнасцяў, хрысціянства, вялікай асобы Яна Паўла ІІ. Гэта было і застаецца самым яскравым момантам майго жыцця.

Увечары ўсе пелі, вадзілі карагоды, танцавалі, абдымаліся… Бліжэй да паўночы ў нас ужо не было сіл. Нехта з украінцаў, ці беларусаў з Гародні (яны махалі бел-чырвона-белымі сцягамі пры вітанні Яна Паўла ІІ у адным з канцоў плошчы) сказаў, што каля горада арганізаваны лагер, дзе нам дадуць паесці (мы сапраўды былі галоднымі, што такое валюта тады не ведалі) і там можна пераначаваць у вайсковых палатках. Каша, мат на зямлі, мат замест коўдры. Мы шчаслівы. На заўтра нас забраў аўтобус, толькі селі на крэслы адразу заснулі як самыя задаволеныя і ашчасліўленыя на ўсім свеце. Пасля было вітанне палякамі ў сем’ях, расказы пра жыццё ў краінах, пра жыццё моладзі, зайздрасць, што мы блізка бачылі Папежа, маліліся ў дзесятку крокаў ад яго… Я ўдзячна бабуле Зоі Канстанцінаўне, што яна нас ўвяла ў свет пілігрымак, касцёлу, святарам, арганізатарам за пілігрымку да Чанстахова, за магчымасць маліцца разам з Янам Паўлам ІІ.

Вільня, Вострая брама – мая вечная мара, выхаваная з дзяцінства. Я даўно марыла пайсці пілігрымам да Вострай Брамы. Але удзел у пілігрымцы быў ініцыіраваны не мной. Мой сын, Костка Кастусь, сябруе з рэлігійнай школы касцёла Святой Троіцы (Святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску з Дзянісам Бурко. Яны разам ездзілі ў летнія рэлігійныя школкі. Дык вось, тата Дзяніса слёзна папрасіў суправаджаць дзяцей (ім было па 12 гадоў) у пілігрымцы да Вострай брамы, бо іх без дарослага апекуна не пусцяць. Адмовіць я не магла. Праўда я баялася, што 300 км. ад Гародні (пачатак пілігрымкі) да Вільні яны не дойдуць. Не дайшла я. Дзеці перабягалі з гукаузмацняльнікамі ад адной спеўнай групы да другой, прыносілі ваду, выконвалі ўсе даручэнні. А ў мяне ад гарачыні і вільготнасці распухлі ногі, я вымушана была замест свайго 35 апрануць іх абутак 39.

З кожным днём радасць пілігрыма нарастала, малітвы станавіліся больш густымі, засяроджанымі думкі. Пераасэнсавала свае паводзіны, жыццё, паводзіны дзяцей, узаемаадносіны. Шукала адказ на балючыя пытанні падчас споведзі. Пазнаёмілася з цікавымі людзьмі, іх лёсам. Падчас апошняга начлегу на тэрыторыі Беларусі нам пашэнціла спыніцца ў прыгожай, сталай, зграбненькай жанчыны, што жыла адразу за касцёлам. Я трапіла ў гісторыю, у мінулае стагоддзе з яго пакутамі і радасцямі. Вялікі агарод, вялікія моцныя гаспадарчыя пабудовы – адразу відаць быў выдатны гаспадар, моцная буйная гаспадарка. Нас, пілігрымаў гаспадыня чакала – засланы бялюткім абрусам стол, стравы, відэльцы і ножыкі, пасцеленыя ложкі з вялікай колькасцбю падушак. Якая акуратная «старасвецкая», «панская» сядзіба: вышываныя белым па беламу сурвэты, абрусы, вышываныя карціны, фотаздымкі шчасліва- няшчасных гадоў (бачна ў сям’і нямала рэпрэсіраваных), паўсюдна квітнеюць кветкі ў вазонах… Як гаспадыня можа столькі выканаць? Ёй было далёка за 80 год, а яна з радасцю, аддаючы усё, што ў яе ёсць, з унутранымі слёзкамі прымала гасцей. Нам, а нас набілася ў хату каля 15 чалавек, аддала ўсе ложкі, а сама спала на кушэтцы. Як мы яе не ўгаворвалі, яна адказвала: «пілігрым – роўня Хрысту». Дзякуючы гаспадыні мы размаўлялі за сталом да позняй ночы, была нейкая духоўная еднасць, еднасць вернікаў розных пакаленняў, розных жыццёвых лёсаў, розных краін.

Дзеці лічылі колькасць дзён, кіламетраў, малітваў да Вострай Брамы. Пілігрымы-палякі, менавіта яны асноўныя арганізатары, якіх было больш за 300, былі з амаль усіх ваяводстваў Польшчы. Розныя па ўзросту, па фізічных магчымасцях, некаторыя ў пілігрымцы да Вільні не першы раз. Значна меншую колькасць далучаных беларусаў, з Мінску было 9 чалавек, сярод іх нас трое, прынялі як сваіх.

Пры падыходзе да Вострай Брамы, мне ўжо былі знаёмыя каменні, кусцікі, дамы. Пагоня на Вострай Браме як маяк для многіх пакаленняў. На ходніку пад Вострай Брамай, гледзячы на абраз маёй Маці Вострабрамскай у адчыненым акне, я зразумела, што такое эйфарыя. Стоячы на каленках на камянях я малілася найбольш шчыра ў сваім жыцці. Да свайго касцёла, сваёй апякункі я ішла тры гады! Столькі часу я не магла выехаць у родную Вільню, да роднага мне касцёла, да роднага абраза найперш па прычыне адсутнасці візы. Я столькі хацела расказаць ёй. Я сядзела на камянях і нікуды не хацела ісці. Дзеці пабеглі, і хапае ж у іх сіл, на гару Гедэміна. Дзяніс быў ў Вільні першы раз, мы з Кастусём, пакуль было магчыма, прыязджалі ня раз. Адпаведна, яму хацелася паказаць сябру ўсё, што ён ведае.

Вільня, Маці Божая Вострабрамская для мяне, маёй сям’і апякунка, родная з нараджэння. Сустрэча з Янам Паўлам ІІ, Чорная Мадонна, Чэнстахова засталіся для мяне самым светлым успамінам, навукай веры, свабоды, дабрыні, жыццесцвярджэння, яднання, нават навукай жыцця. У гэтым годзе ўпершыню мой другі сын – Костка Станіслаў дзякуючы Касцёлу быў на Калядных спатканнях моладзі ў Берліне. Я ўдзячна касцёлу, святарам, пілігрымам за здзейсненыя мной і маёй сям’ёй пілігрымкі.

Што шукае пілігрым – сябе і сваё месца ў свеце. Беларускі пілігрым відавочна адрозніваецца. Ён яшчэ набіраецца інфармацыяй, параўноўвае, даказвае сабе, што яго Беларусь, яго Радзіма, яго суайчыннікі, яго сям’я маюць уласную годную гісторыю шчыльна спалучаную з агульнаеўрапейскай. Пілігрым становіцца патрыётам, адданым хрысціянінам.

 

Барвенава Ганна

г. Мінск

Напісаць каментар

Адправіць каментар


два − = ноль

Апошнія артыкулы