logo piligrymka





Што шукае пілігрым?


Odnoklassniki VKontakte Facebook Twitter Mail.ru ← падзяліцеся ў сацыяльных сетках з сябрамі

Багата з тых, хто пачуе пытанне дадзенага кшталту, можа здзіўлена павесці брывом. Маўляў, а чаго ён можа шукаць, пілігрым? І, насамрэч, чаго? Здаецца, што адказ на пытанне знаходзіцца на самае паверхні: прыгодаў, новых уражанняў, душэўнае раўнавагі ці проста магчымасці адпачынку ад усіх і ўсяго. Добра, але тады ці будзе чым-небудзь такі адказ адрознівацца ад таго, які б мог даць кожны турыст, падарожнік, аматар вандровак адным словам? Асабіста мне здаецца, што ў акрэсленым пытанні больш увагі варта надаваць менавіта назоўніку “пілігрым”, а не пытанню “чаго”. Чаму ж я так лічу?

Сваё першае дасвядчэнне пілігрымкі (экуменічнае спатканне моладзі Тэзэ, 2008 г.), бадай, пакіне адбітак ў памяці назаўсёды. Адчуванне гэтае атмасферы духоўнае еднасці, супакою і скіраванасці думак uno ratio яшчэ ніколі раней не адчуваў так моцна, як тады. Гэта нельга параўнаць з чымсьці новым пад час знаёмстваў проста з новымі людзьмі ці краінамі. Гэтае адчуванне прыходзіць да цябе пакрысе, часам, і часцяком так здараецца, ужо непасрэдна пасля самой пілігрымкі, калі, здаецца, час забаваў і адпачынку ўжо мінуў. Пілігрымка – гэта падарожжа не толькі ў прасторы геаграфічнага кантыніўму, перш за ўсё – гэта падарожжа да сябе самога. Таямніцы веры, якой абдораны кожны праз выпраменьванне Божае ласкі, дазваляе глыбей і напоўніцу гэта адчуць менавіта пасля таго, як пілігрымка скончылася. Нібы скончылася. Бо па вяртанні да месца нашага сталага побыту мы распачынаем (ці працягваем, як у каго выходзіць) пілігрымку да сябе самога, да нашае веры, яе месца ў нашым жыцці. Мы наноў, пераасэнсоўваючы мінулае, глядзім на сучаснасць і вырашаем, што мусіць быць зменена ў будучыні. Кожны з нас, і гэта відавочна, мае сваё ўсведамленне і бачнасць гэтае дэфініцыі – дэфініцыі экзістэнцыі, нашага існення ў камуніі з Богам.

Як багата шляхоў праходзяць і праязджаюць пілігрымы, каб асягнуць сваю мэту, так і чалавек – пілігрым праз усё сваё жыццё – мае шмат прапазіцый да выбару. Толькі ад нас залежыць, ці здолеем мы пайсці верным шляхам і дасягнуць мэты, ці збочым, заблукаем і будзьма расчараваныя. Ці зноў-такі навернемся, знойдзем у сабе моц і трываласць, каб павярнуцца на шлях, з якога збочылі, і працягнем сваю пілігрымку. Пілігрымка дапамагае заглянуць унутр сябе, адказаць на пытанне “чаму так цяжка ідзецца”, у той момант, калі рэшта крочыць напалёгку. Сустракаючыся з рознымі пілігрымамі, з розных куткоў свету, рознага ўзросту і статусу, пачынаеш разумець, што мы ідзем адной дарогаю і да аднае мэты, хаця і выдаецца, што шляхі нашыя розныя, ці нават увогуле адрозныя істотна адзін ад другога. Як распазнаць, што гэта насамрэч так, а не інакш? Усё вельмі проста: заглянуць у вочы пілігрыму, у глыбіні якіх адлюстравана душа вандроўніка. Але вандроўніка не бадзягі-турыста, які цешыцца тым, што залапіў Last-minute тур, дзе ўсё All inclusive. Гэтая глыбіня нам пакажа зусім іншыя рэчы. Гэта і гатоўнасць шматдзённага падарожжа пад пякельным сонцам (узгадваецца мая пілігрымка ў Будслаў 2010 г., калі амаль 300 км мы пераадолелі за 9 дзён пры тэмпературы больш 30о С), і падтрымка ў дарозе (малады пілігрым-недарэка, што забыўся на элементарны рыштунак і здаецца нелітасцівы фатум ужо непазбежны да яго, наўрышча бачыць працягнутую руку дапамогі ад людзей, якія яшчэ хвіліну таму былі яму невядомыя), і памяць пра духоўныя размовы і сведчаніі (асабліва застаюцца ў памяці, прынамсі ў мяне, такія размовы з экуменічных сустрэч), і запал да справы па змяненні гэтага свету (шматтысячныя тлумы ў Мадрыдзе ці на Святой Зямлі альбо малаколькасная групка немаладых ужо жанчын, якія штогод крочуць з Магілёва да Маці Божай Бялыніцкай) і багата чаго іншага. Так чаго ж яны усё гэта робяць? Няўжо нямашака чаго-небудзь больш прыемнага ці вартаснага ў іх жыцці? Чаго яны шукаюць?

Філасофія Бога, дысцыпліна, што даследуе натуру і існенне Абсалюта, кажа пра тое, што любая аргументацыя, як бы добра ні была пацверджана фактамі і доказамі, нямае аніякага значэння для няверуючага. Наадварот, толькі чалавек веры, каб яшчэ глыбей спазнаць сваю веру праз малітву, пост і пілігрымку, дакранаецца да таго, што рэшта, а калі-небудзь і большасць, проста не бачаць, ці наўмысна не жадаюць тое бачыць. Здаецца, што можа быць прасцей: адклаў грошы, замовіў тур і паехаў (ці пайшоў, паплыў, паляцеў etc.). Здаецца, і так. А насамрэч?.. Ці зможа звычайны турыст за покрывам архітэктуры, экзатычных звычаяў, паліфаніяй моў і традыцый разпазнаць сутнасць свайго падарожжа? Без авалодання трансцэндэнтальнае рэчаіснасці пілігрымка стане звыклай турпаездкай, адной з шэрагу, якіх зараз багата прапаноўваюць агенцыі. Так тады што ж? Такім чынам, набліжаемся паціху да адказу на пастаўленае напачатку пытання.

Што шукае пілігрым? Ён шукае, перш за ўсё, сябе. Шукае таго, што, можа, заўсёды было побач, шукае таго, што выдавалася беззваротна згубленым ці забытым, шукае таго, што ніхто іншы на свеце не можа яму даць, аддаць, падарыць… Пошук сябе – гэта і ёсць пілігрымка кожнага з нас, пілігрымка даўжынёю ў жыццё, пілігрымка, у каторую нас кліча Бог. І, калі мы адказваем на Ягоны покліч, тады і дарога лёгкая, і сонца не такое пякельнае, і нават трошку грошаў аднекуль бярэцца J. Шукаючы сябе саміх, мы знаходзім сваё адлюстраванне ў іншых, мы разумеем нашае падабенства і пачынаем задумвацца над пытаннем: “а чаму ж так”? Хіба, як сцвярджае фенаменалогія, мы не ёсць адзіныя і непаўторныя? Безумоўна, мы такімі з’яўляемся. Але варта не забывацца і на тое, чаму мы такімі ёсць, і чаму такіх “адзіных і непаўторных” штосьці цягне ў дарогу, кліча праз увесь час. Гэта той пункт выйсця, дзе бярэ пачатак нашая дарога, нашая пілігрымка. Пачатак гэты схаваны яшчэ больш глыбей, чым мы самі таго можам чакаць. Бо пачатак той – нашая вера, Бог, які і ёсць той мэтай, да якой крочыць пілігрым, хай сабе і рознымі, непаўторнымі, а часам і цярністымі шляхамі. Але, скіраваныя да адной мэты, мы скіраваныя адзін да аднаго, мы знаходзімся ў еднасці. І гэты, нечутны для іншых, голас кліча нас у нашую пілігрымку. Пілігрымка тая будзе розная па працягласці, розная па варунках і нават магчымасцях кожнага. Але адзінае, што з’яднае нас у такой пілігрымцы – гэта яе сяганне да вечнасці, дзе мы знойдзем тое, што шукаем, тое, да чаго ідзем, тое, што будзе фіналам нашае пілігрымкі на зямлі, але пачаткам вечнае пілігрымкі дзесьці там, далёка… Там, дзе знаходзіцца тое, чаго шукае кожны пілігрым.

 

Сяргей Аношка,  Магілёў

Напісаць каментар

Адправіць каментар


пять × шесть =

Апошнія артыкулы