logo piligrymka





Што шукае пілігрым?


Odnoklassniki VKontakte Facebook Twitter Mail.ru ← падзяліцеся ў сацыяльных сетках з сябрамі

…І калі хто цябе прымусіць ісці з ім адно попрышча*, ідзі з ім два.

Ісус Хрыстос, Біблія, Мацея 5:41

 
 

            Ужо сярэдзіна лета, самы разгар, спёка навокал страшэнная. Дома выседзець не магчыма зусім, таму мы выходзім на дарогу. Зараз гэта па-моднаму называецца «аўтаспын», а па-савецку «на папутках». Нашая пуцявіна — ў Партугалію.

            Мы на дарозе  М1 — вельмі шмат машынаў. Становімся на ўзбоччы, дастаем шыльду «Брэст» і пачынаем, кажучы савецкай мовай, «галасаваць», што па-сучаснаму мянуецца «спыняць»: я выцягваю руку са сціснутым кулаком і вялікім пальцам, які паказвае знак «Во!». Лічыцца, што гэты палец адказвае за  сілу волі, логіку, харызму, актыўнасць і жвавасць. Звычайна мы паказваем менавіта гэты палец у знак таго, што мы валодаем усім пералічаным.

            Аднак ніхто не спяшаецца нас падвозіць. Некаторыя, зірнуўшы на выстаўлены пелец, рагочуць; другія — ставяцца кпліва; трэція, абыякавыя да нашага лёсу, праязджаюць з выглядам, нібыта нас не заўважылі, хаця самім проста страшна паглядзець у наш бок — баяцца пусціць слязу спачування: «не дай бажэ паляджу, дапамагчы захочацца»; некаторыя людзі баяцца дапамагчы, бо ўжо памятаюць са свайго жыцця такія здарэнні, калі зрабіўшы дабро, «атрымалі западло», як кажа народная мудрасць. Розныя можна прыдумляць прычыны, чаму не дапамагчы падарожніку, ды й увогуле, проста дапамагчы асабліва не хочацца нікому. Прычына — не важн?, важна тое, што яны не падвозяць**.

            Аднак мінула дзве гадзіны і мы ўжо едзем з вясёлым добранькім дзядзькам — свет не бяз добрых людзей усё ж такі, пераўпэўніваемся чарговы раз. Папутка — добры сродак для падарожніка, дапамагае пазбегнуць не пажаданых — злых, сквапных, нікчэмных — спадарожнікаў. Дарога — месца, дзе дапамагаюць звычайна добрыя, шчырыя і клапатлівыя людзі, хаця бывае ўсялякае.

            Найбольш радуе душу тое, што просячы падвезці, некаторыя — часта людзі, якія ніколі не чулі  пра правіла «другога попрышча», — падвозяць нас два, а хто і ўсе дзесяць «попрышчаў»: расказваюць цікавыя гісторыі, кормяць і пояць, прытуляюць пад сваім дахам у час дажджу, холаду і іншых свавольстваў надвор’я. Ніхто ад іх гэтага не патрабуе, але яны ахвочыя, і робяць звыш таго, што ад іх патрабуецца. Калі вы ўбачыце такіх людзей, можаце быць пэўныя — просячы падвезці «адно попрышча», яны не падвязуць вас толькі палову дарогі, кінуўшы не вядома дзе. Прыемна на душы, калі сустракаеш такога чалавека, для якога правіла другога попрышча — жыццёвая пазіцыя. Лёгка б жылося на свеце, каб усе людзі жылі гэтым законам.

            Чытач ужо пазнаёміўся з правілам «другога попрышча» на самым пачатку апавядання ў эпіграфе. Створаны Ісусам з Назарэту маральны механізм абапіраецца на балках гэтага правіла .

            Некаторыя думаюць, што Ісус прапаведаваў рэвалюцыйныя, немагчымыя да ажыццяўлення рэчы, быццам бы стаць такім чалавекам, як вучыў Ісус, — немагчыма, бо гэта ўтопія: грэшная прырода ніколі не адпусціць чалавека. Таксама і аўтарства гэтага вучэння прыпісваецца Ісусу, а раней ніхто пра гэта і падумаць быццам бы не змог. Але, калі нават адным вокам чытаеш Біблію, заўважаецца, што Ісус нічога новага не прапаведаваў, а паўтараў старыя, даўно ўсім вядомыя ісціны. Напэўна, не адзін раз паўтарыў ён фарысеям-самаправеднікам: «Даследуйце Пісанні..: яны кажуць тое самае, што я прапаведую!»***

            На біблейскім прыкладзе мы можам прасачыць дзеянне закона-правіла, што коратка названы, «другога попрышча». Гісторыя пра тое, як слуга Божы Абрагам загадаў знайсці жонку для свайго адзінага, найдаражэйшага сына Ісаака знаходзіцца ў самым пачатку Бібліі — 24 раздзел кнігі Быццё. У гэтай гісторыі Гасподзь загадаў выбраць жонкай тую дзяўчыну, якая авалодала спратнасцю ў выкананні дадзенага правіла — Рэбэку папрасілі напіцца, а яна ў дадатак напаіла яшчэ і вярблюдаў. 

            Кожны з вандроўнікаў па гэтай зямлі можа зрабіць свет трошкі лепей. А мы — усе толькі часова вандруем. Хто вандруе ў Партугалію, хто ў Крым, а каму дастаткова паездак на сваю ўлюбёную працу. Што мы шукаем у нашым вандраванні, шчасця? – Кожны свайго.

            Дык вось, калі хто-небудзь з чытачоў выпадкам стане вадзіцелем, не забавайцеся звяртаць увагу на людзей, якія галасуюць на ўзбочыне, і канешне ж іх падвязіце. Не прапусціце Божага дабраславення, якое чакае кожнага, хто жыве паводле правіла «другога попрышча».

 

* – тысячу крокаў; старажытная мера адлегласці.

** – Пасланне Якава 4:17 : «хто ўмее рабіць дабро і ня робіць, на тым грэх».

*** – Дабравесце паводле Яна 5:39 : «Даследуйце Пісанні, бо вы думаеце праз іх мець жыццё вучнае: а яны ж сведчаць пра Мяне».

 

 

Вадзім Скарабагаты
Мінск

Напісаць каментар

Адправіць каментар


+ четыре = одиннадцать

Апошнія артыкулы