logo piligrymka





Што шукае пілігрым?


Odnoklassniki VKontakte Facebook Twitter Mail.ru ← падзяліцеся ў сацыяльных сетках з сябрамі

Утульны дом пакінуты далека,

Нялегкі  шлях наперадзе ляжыць.

Свядомы выбар – прыйдзецца нялегка,

Але такое варта перажыць.

 

Вандроўка гэта – праца над сабою,

Духоўны вопыт, прага перамен

І пошук праўды, сэнсу, супакою,

Людской жыццевай мудрасцю абмен.

 

Камусьці – шанц прасіць аб дапамозе,

Апецы, ласцы, мужнасці душы,

Упасці ніц і шэптам у знямозе

Маліць аб чымсьці ў велічнай цішы.

 

Для іншых – спосаб выказаць удзячнасць,

Са шчырым сэрцам Бога ўсхваліць,

Прызнаць Яго выключнейшую значнасць

І прагу да размовы наталіць.

 

Святое месца поўніцца спакоем,

Людскія сэрцы ззяюць чысціней.

Адтуль выходзяць з правільным настроем,

А розум дзівіць думкаў глыбіней.

 

Калі вандроўкі скончыцца дарога,

Дамоў вярнецца іншы чалавек,

Які наноў адкрыў для сябе Бога

І зробіць усе, каб з Ім пражыць свой век.

 

 

У зямным жыцці кожны з нас з’яўляецца пілігрымам, які выбірае сваю ўласную дарогу. Хтосьці – роўную, без ямаў і рытвінаў, па якой можна хутка крочыць з асалодай, а хтосьці – сцежачку, вузкую і нязручную, якая пятляе па прыгожых, але небяспечных мясцінах, што прымушае запавольваць крок.

Пілігрымка да святых мясцін – гэта нашае жыцце ў паменшаным маштабе і паскораным часе. Безумоўна, падчас гэтай маленькай вандроўкі мы не можам перажыць усе, што магло б трапіцца на нашым жыццевым шляху, але менавіта гэты маленькі адцінак часу, які мы праводзім у дарозе, можа расcтавіць усе па сваіх месцах і стаць вырашальным і лесавызначальным.

Кожны хрысціянін добра ведае, што Бог суправаджае нас, дзе б мы ні былі, і бачыць усе, што б мы ні рабілі. Але есць такія месцы, дзе прысутнасць Бога адчуваецца асабліва моцна – у кожным сонечным праменьчыку, у кожнай аблачынцы, у кожным подыху ветрыка, у кожнай травінцы і пясчынцы, у кожным каменьчыку… Ты робіш удых – і на душы становіцца незвычайна легка; ты кідаеш свой позірк навокал – і ўсе становіцца каляровым; ты ўсміхаешся і бачыш, што вакол цябе ўсе таксама ўсміхаюцца; ты пачынаеш маліцца і адчуваеш, што на цябе сыходзіць Божая ласка, што цябе любяць, табе прабачаюць і дапамагаюць, што ты можаш атрымаць усе, чаго б ты ні пажадаў… За спіною нібыта вырастаюць крылы, а ўвесь цяжар і нягоды застаюцца ў мінулым.

Менавіта такія месцы ўжо колькі стагоддзяў вабяць людзей, якія выпраўляюцца ў пілігрымку. Бясспрэчна, кожны чалавек адпраўляецца ў дарогу да Святога месца са сваімі мэтамі.

Хтосьці ідзе папрасіць заступніцтва і дапамогі, бо лічыць, што малітва ў намоленым сотнямі тысяч людзей месцы перад цудадзейнымі абразамі з’яўляецца больш дзейснай. Для кагосьці пілігрымка з’яўляецца, бадай што, апошняй надзеяй, і такія людзі гатовыя на ўсе, каб выкарыстаць такую магчымасць і звярнуцца да Бога са сваей просьбай.

Хтосьці, наадварот, ідзе да Бога, каб падзяліцца з Ім сваей радасцю і падзякаваць за дапамогу і ўсе добрае, што есць у жыцці. Такія людзі хочуць паказаць, што яны давяраюць нябеснаму Айцу, прынімаюць яго, слухаюцца і хочуць, каб Ен застаўся ў іх жыцці і дапамагаў ім у будучым.

Некаторыя пілігрымы збіраюцца ў падарожжа, каб, перасіліўшы страх, пакаяцца ў сваіх грахах, адкрыць сэрца, папрасіць прабачэння, ачысціцца, вызваліцца ад нячыстай сілы, і далей жыць па Божых законах і ў Божай ласцы. У выніку, чалавек, які аддаліўся ад Айца праз грэх, навяртаецца і становіцца бліжэй да Бога.

Хтосьці лічыць, што пераадоленне вялікай адлегласці дапаможа яму загартавацца духоўна, а наведванне асвечанага малітвай месца ўзмоцніць і паглыбіць яго веру, а таксама дасць магчымасць паразмаўляць з Богам аб набалелым. Для такой катэгорыі людзей пілігрымка – гэта ўнікальны шанц адарвацца ад зямной мітусні і штодзенных клопатаў, якія часамі замінаюць рашэнню больш важкіх духоўных пытанняў.

Хтосьці ездзіць у пілігрымкі дзеля наведвання новых месцаў, якія маюць не толькі рэлігійнае значэнне, але яшчэ і мастацкую каштоўнасць. Эстэтычны бок вандроўкі досыць істотны, бо прыгажосць і дасканаласць архітэктуры і ўнутранага убранства святыняў станоўча ўздзейнічаюць на псіхіку: у людзей з’яўляюцца пазітыўныя эмоцыі, яны супакойваюцца і расслабляюцца, а таксама пазбаўляюцца ад дрэнных думак.

Якія б мэты ні пераследвалі пілігрымы, яны вяртаюцца духоўна пасталелымі і напоўненымі спакоем, таму што рэлігійная вандроўка – гэта час для разважанняў і станаўлення, калі чалавек пакідае камфортныя ўмовы і можа прысвяціць увесь час пошуку свайго прызначэння. Больш таго, пілігрымка прадастаўляе ўнікальную магчымасць пазнаеміцца з новымі людзьмі, якія могуць стаць прыкладам веры і хрысціянскага жыцця. Унутраны свет людзей, якія пабывалі ў пілігрымцы, мяняецца, яны становяцца мацнейшымі і пачынаюць разумець сябе і навакольны свет крыху больш.

 

Людмiла Капачэль,
г. Мiнск

Напісаць каментар

Адправіць каментар


− четыре = один

Апошнія артыкулы