logo piligrymka






Што шукае пілігрым?


Odnoklassniki VKontakte Facebook Twitter Mail.ru ← падзяліцеся ў сацыяльных сетках з сябрамі

Тут ясныя нябёсы

У праменнях, ззяюць росы,

Дапамагайце ўсім, хто ў Краю Сваёй зямлі шукае.

Гэтымі словамі сусветна вядомага паэта, лаўрэата Нобелеўскай прэміі Чэслава Мілаша хачу  пачаць разважанне у сваім допісе на тэму ‘’Што шукае пілігрым?”.  У літаратуры сказана, што пілігрым – гэта вандроўнік, багамолец, ці паломнік, а пілігрымка – наведванне святых месцаў з мэтай атрымаць звышнатуральную дапамогу. Чалавек пакуль жыве, заўсёды мае цікаўнасць і прагу да чагосьці нязведанага, незвычайнага. Асабіста я мяркую, што пілігрым, калі гэта глыбока веруючы чалавек , які шукае і прагне спаткання з Панам Езусам, з дзеяннямі Духа Святога, каб быць сведкам Яго бязмернай  любові, і  ласкі, і  з удзячнасцю спадзявацца на Бога.

 У кастрычніку 1956 года Пан Бог паклікаў мяне да пілігрымавання па гэтай зямлі і вось больш за пяцьдзесят пяць гадоў  вядзе мяне па дарозе жыцця і дазваляе цешыцца дабротамі гэтага свету. Мой Стварыцель не пакінуў мяне адну, Ён даў мне добрых і клапатлівых бацькоў, родных, сяброў. Я расла ў рэлігійнай сям’і. Помню, як у дзяцінстве любіла хадзіць у другую вёску да сваёй бабулі, бо да яе збіраліся аднавяскоўцы і ішлі пад крыж на “маёва”, а яшчэ падчас Вялікага Посту мая бабуля вадзіла мяне да касцёла ў Ліпнішкі на Крыжовы Шлях.  Але гэта  было не доўга, пакуль не скончыла школу. Пасля вучылася ў інстытуце, вывучала “розныя” філасофіі і дыялектычныя матэрыялізмы і шмат іншага не патрэбнага. На спатканне з Панам Богам заставалася ўсё менш і менш часу. Дасягнуўшы пэўных вышынь у  навуцы і жыцці, я думала, што гэта мая заслуга, мае веды. Я ганарылася. А яшчэ я стала служыць мамоне, хацелася пабыць на свяце свайго жыцця. На Бога заставалася ўсё менш часу.  На жыццёвых дарогах так легка заблудзіцца і я забілася ў цёмны вугал, а ў цемнаце так лёгка  рабіць цяжкі грэх, я нанова праводзіла Езуса на Кальварыю, а Ён,мой Пан так засмучана і цярпліва чакаў, калі я вытру Яму твар і ўпушчу ў сваё сэрца.  Але наш Збаўца  з любові прыйшоў да нас на зямлю, за нас Ён памёр і застаўся з намі ў Найсвяцейшым Сакрамэнце і Ён не жадае смерці свайго дзіцяці. Дзеля нашага выратавання  і збаўлення Пан Бог дае нам ўсялякія знакі, пасылае сваіх верных слугаў – душпастыраў, прамаўляе да нас праз святое Пісанне, ставіць над намі Анёла Ахоўніка. Пасля шматгадовага перапынку я нарэшце паспавядалася і споведзь дапамагла мне зразумець, якая вялікая Божая Міласэрнасць. Калі я малюся, то не закідваю Бога просьбамі, а толькі паўтараю: “Пане, ты вядзі мяне па жыцці, няхай будзе воля твая, Іісусе, я давяраю Табе”.

 На шчасце, Пан Бог дазволіў мне нарадзіцца і жыць непадалёк ад той мясцовасці, дзе знаходзіцца цудадзейны абраз Маці Божай Тракельскай. Геаграфічна мястэчка Тракелі размешчаны ў Воранаўскім раёне Гродзенскай вобласці, на адлегласці 15 км ад Воранава, 17 км ад Ліды, 131 км ад Гродна, 70 км ад Вільні і 13 км ад Ліпнішак. Калі была заснавана парафія ў Тракелях і пабудаваны першы касцёл, дакладна невядома. Можна меркаваць, што адбылося гэта прыблізна ў 1500 г. Па меркаванні кс.Міхала Шалкевіча, Тракельскага пробаршча ў пачатку ХХ ст., вядома, што акты заснавання парафіі загінулі падчас шведскай вайны, або нават раней, падчас польска-маскоўскай. Таксама як і ўся гісторыя існавання касцёла і парафіі на працягу многіх стагоддзяў была складанай і трагічнай. Асабліва цяжкія часы прыйшліся на гады вайны і праследаванняў з боку савецкай улады. Святыню на некаторы час зачынілі, але вернікі працягвалі маліцца на прыступках касцёла і арганізоўвалі дзяжурствы, каб не дапусціць  яго знішчэння і звярталіся ў розныя дзяржаўныя ўстановы, каб ім вярнулі Божы Дом. Парафіяне вырашылі  арганізаваць у калгасе забастоўку, каб як небудзь паўплываць на ўлады і свайго дабіліся. Бліжэй да нашага часу, у выніку “перабудовы” у Тракельскім касцеле была адноўлена  Божая служба і паступова стаў ажываць культ Маці Божай Тракельскай.

 Асаблівым знакам пакланення абразу Маці Божай Тракельскай была падзея 1656 падчас руска-польскай вайны, калі касцёл быў спалены, а абраз уцалеў і знайшоў яго сляпы чалавек, які пасля гэтага стаў бачыць, аб чым сведчаць парафіяльныя хронікі. У 1738 г. пажар зноў знішчыў святыню, аднак цудоўным чынам абраз і на гэты раз не быў пашкоджаны агнём. Пазней касцёл аднавілі і аднавілі абраз, намаляваўшы на абразе постаць святога Казіміра Ягелончыка, заступніка Літвы. Ва ўсіх даступных сёння запісах тракельскага касцёла, пачынаючы з 1720 г., ёсць запіс пра тое, што ў касцёле знаходзіцца цудадзейны абраз Божай Маці. Да нашых дзён дайшло паданне пра аздараўленне дванаццацігадовай дзяўчынкі, якая мела паралізаваныя ногі. Яе прывез бацька на возе, каб яна магла прыняць удзел у адпустовай святой імшы. Па дарозе дзяўчынка горача малілася да Божаў Маці, просячы ў яе цуду. Калі воз пад’ехаў да галоўнага ўваходу ў касцёл, дзяўчынка ўстала і саматойна пайшла да цудадзейнага абраза, каб падзякаваць Божай Маці за ласку аздараўлення.

 Культ Божай Маці ў тракельскім абразе набраў моц ад паловы 90-х гадоў ХХ ст. Ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч, кіруючыся клопатам пра пашырэнне ў дыяцэзіі Марыйнага культу, у 1995 годзе надаў касцёлу ў Тракелях статус Марыйнага санктуарыя Гродзенскай дыяцэзіі. Гэта паспрыяла ажыўленню і пашырэнню пілігрымскага руху ў Тракелі. Штогод, згодна з распараджэннем ксяндзоў біскупаў Беларусі, у першую суботу ліпеня, у Тракелях адбываецца адпустовая  ўрачыстасць. На свята Наведзін Найсвяцейшай Панны Марыі прыбываюць пілігрымы не толькі з Гродзенскай дыяцэзіі, але і з іншых абласцей Беларусі, пераадольваючы на працягу 5-7 дзён немалыя адлегласці. Колькасць удзельнікаў пілігрымак з кожным годам узрастае, аб чым сведчаць такія лічбы: у 2006 г. на галоўнай святой Імшы да свяой Камуніі прыступілі больш за 13 тысяч вернікаў. Пілігрымы наведваюць санктуарый не толькі падчас галоўнага адпусту. У вясенне-летні перыяд 3-4 разы на тыдзень сюды як арганізаванымі групамі, так і паасобку прыбываюць пілігрымы з розных куткоў Беларусі, Латвіі, Літвы,Расіі,Украіны, Польшчы.

 Пасля адпустовых урачыстасцей каля абраза Божай Маці застаюцца тысячы картак, на якіх запісаны просьбы і падзякі за атрыманыя ласкі. Найчасцей там бываюць запісаны падзякі за аздараўленне ад фізічнай хваробы, за вяртанне да цвярозасці і ўратаванне ад п’янства, за паяднанне ў сакрамэнце Пакаяння і за навяртанне блізкіх асоб.

 Вялікім знакам падзякі і ўдзячнасці для Марыі  стала атрыманне ў 2009 годзе з Рыма  ад імя Святога Айца Бэнэдыкта ХУІ прывілей на ўскладанне кароны на славуты ласкамі абраз Божай Маці. Дарогу да Святыні  я знайшла ўжо ў немаладым узросце, хоць ведала, што ў гэтым месцы адбываецца так званы ў народзе фэст “тракялянка”.  Мае продкі калісьці хадзілі сюды  пяшком. А мая бабуля, бацькава маці, хадзіла неаднойчы ў Вільню, да Вострай Брамы. Расказвалі, што некаторыя  назначалі для сябе кару, нават неслі з сабой на плячах камень, як знак сваіх грахоў, каб потым іх скінуць  ля мура і гэтым самым вызваліцца ад сваіх грахоўных учынкаў.  Для вернікаў гэта было сапраўднае свята, яны мелі магчымасць сустрэцца з роднымі, знаёмымі. Казалі, што заўсёды на “тракялянку” ішоў дождж, але ён быў незацяжны, а толькі асвяжаў паветра. Здавалася сама прырода рыхтавалася да ўслаўлення Маці Божай, у паветры стаяў прыемны водар ад кветак і траў, а птушкі на ўсе галасы спявалі пад нябёсы.

 Першы раз ад наведвання санктуарыя і ўдзелу ў святой імшы і супольнай малітве я была ўзрушана ,і плакала, і радавалася адначасова. Вельмі шкадавала, што многае страціла з уласнай волі, абдзяляючы сваё духоўнае жыццё.  Я некалькі разоў абыходзіла на каленях вакол абраза Найсвяцейшай Панны Марыі, прасіла прабачэння і дзякавала за ўсе ласкі, атрыманыя ад Пана Бога праз Яе заступніцтва. Свае чуванне каля Маці Божай я ахвяравала за маіх памерлых родных, якія калісьці перад абразом  тут пакланяліся, за маю маму, брата, якія сэрцам разам з Марыяй, але фізічна не могуць быць у гэтым святым месцы. Малітоўнае чуванне перад  палявым алтаром каля касцёла адбываецца ўсю ноч. Спеў у гонар Маці Божай разносіцца да нябёс. Некалькі дзесяткаў святароў гадзінамі без перапынку на працягу ўсяго чування і ўрачыстасці служаць вернікам у сакрамэнце Пакаяння. А якое незабыўнае ўражанне адбываецца, калі недзе ў 12 гадзін ночы працэсія вернікаў  з свечкамі, факеламі праходзіць вакол Святыні вуліцамі мястэка.  Мне здавалася, што я пабывала ў небе, блізка Пана Бога. Гэта трэба бачыць. А калі  урачыстасць кончыцца, то доўга не хочацца разыходзіцца, нават не заўважаеш на стомленасць, ды яе проста няма. За час супольнай малітвы вернікі аб’ядноўваюцца і ўжо пры развітанні становяцца як родныя.

  Падчас каранацыйнай урачыстасці Ў Тракелях мне пашчасціла пабачыць і пачуць кардынала Казіміра Свёнтка, Арцыбіскупа Мінска-Магілёўскага, які меў казанне перад вернікамі. Сапраўды, Яго Эмінэнцыя кардынал Свёнтэк з’яўляецца сапраўдным сведкам веры, які перажыў вельмі драматычныя падзеі ў часы камуністычнага рэжыму. За веру ў Хрыста ён быў падвергнуты цяжкаму пераследу, у выніку якога два месяцы правёў у камеры для асуджаных на смерць, а таксама доўгія гады пакутаваў ад цяжкага зняволення і прымусовых працаў у лагерах.   Гэта Пан Бог дае нам  такія сустрэчы ў жыцці. Такім жа сапраўдным  сведкам веры для мяне быў Святы Айцец Ян Павел ІІ, наш сучаснік. Асабіста для мяне прыкладам  моцнай  веры ў Бога, любові да бліжняга была мая хрышчоная маці Гэнэфа, якая таксама несла крыж зняволення і несправядлівага абвінавачвання, спазнаўшая катаржную працу. Гэта яна, ў кожным лісце, звяртаючыся да нас родных,  благаслаўляла і наказвала “верце Пану Богу, бо сама выжыла дзякуючы веры”. І сёння я, аглядваючыся на сваю жыццёвую дарогу поўную небяспечнасцей і розных ухабаў хачу падзякаваць Пану Богу за тое, што нёс мяне на сваіх рамёнах. І пакуль  Ён дае час, сродкі  і мой фільм яшчэ ідзе, хачу выкарыстаць гэты шанец  дзеля прабачэння і ўзрастання ў мудрай любові. Аднаго хачу, каб і мае дзеці былі вызнаўцамі і паслядоўнікамі  веры Хрыстовай. Я хачу быць любімым дзіцем Хрыста. Сваім жыццём, паводзінамі і ўчынкамі я хачу сведчыць аб яго міласэрнасці. Я вучуся гэтаму кожны дзень. Кожную раніцу я прашу Пана Бога, каб ён навучыў мяне разумець якая Яго воля ў адносінах да мяне. Кожны вечар я дзякую Яму за атрыманыя ласкі, а калі раблю рахунак сумлення перад споведдзю я прашу прабачэння за правіны і ўчынкі. Пан Бог падтрымлівае мяне і дае мне новыя сілы. Дзякую Пану Богу за ўсё.

 Тэрэса Чайко, г.Ліда

Напісаць каментар

Адправіць каментар


два × = четыре

Апошнія артыкулы