logo piligrymka





Што шукае пілігрым?


Odnoklassniki VKontakte Facebook Twitter Mail.ru ← падзяліцеся ў сацыяльных сетках з сябрамі

А сапраўды, што можа шукаць гэты дзівакаваты хлопец, дзяўчына, ці ўжо сталыя людзі, што “толькі абіваюць ногі, замест таго, каб заняцца карыснай справай.” Гэтая думка – найбольш частая сярод людзей свецкіх, далёкіх ад жыцця касцёла, што не разумеюць, навошта ўвогуле хадзіць у пілігрымкі. Якія б там думкі ў іх не былі, вялікая колькасць людзей з года ў год ходзіць у пілігрымкі  і, чагосьці ўсё ж  шукае…

Пілігрымка ўяўляе сабой шлях, дарогу, што праходзяць вернікі, каб дайсці да святых мясцін. А што такое шлях?

 Шлях – гэтае слова адразу асацыіруецца ў многіх з рухам, падарожжам, пераадольваннем перашкодаў. Кожны з нас, па-сутнасці, праходзіць   нейкім сваім шляхам, жадаючы дасягнуць мэты. І не важна, якая гэта мэта, які вынік, важна тое, што, кожны з нас  не можа дасягнуць чагосьці, не прайшоўшы перад  гэтым пэўны шлях, не пераадолеўшы  на гэтым шляху розныя  перашкоды. Часам шлях зацягваецца, закручваецца, набываючы ўсё новыя і новыя павароты, і тады здаецца, што мэта недасягальная, але, маючы надзею і непахісную веру, самыя стойкія даходзяць да канца, знаходзяць тое, што шукалі, да чаго імкнуліся. У гэтым выпадку радасць ад дасягнення мэты становіцца яшчэ большай, таму што шлях, нягледзячы на ўсе цяжкасці і пакуты, пройдзены, а мэта дасягнута.

Але ёсць яшчэ адзін нюанс: якой бы прывабнай не выглядала канчатковая мэта, дзеля дасягнення яе ўсё ж не варта выкарыстоўваць УСЕ магчымыя сродкі. Тут галоўнае – застацца чалавекам, не адыйсці ад хрысціянскіх  прынцыпаў, бо менавіта ў гэтым і ёсць сэнс жыцця чалавека – застацца чалавекам, незалежна  ад абставінаў. На жаль, сёння паўсюдна прапагандуецца  іншае ўспрыманне шляху чалавека, яго жыццёвай дарогі. Рэкламуецца дасягнене мэты любымі сродкамі.

У такіх умовах сапраўднаму хрысціяніну складана ісці іншым шляхам, але гэта магчыма.

Шлях пілігрымкі – гэта не проста шлях да святых мясцін з мэтай пакланення, гэта, я лічу, свайго роду “рэканструкцыя жыццёвага шляху кожнага чалавека”. У кожнай пілігрымцы ёсць гэты сімвалічны сэнс, прытым сэнс правільнага шляху, шляху адзінага, які паказвае сапраўдныя вартасці чалавечага жыцця. Падобна да таго, як пілігрымы праходзяць гэты шлях, кожны чалавек павінен праходзіць свой жыццёвы шлях.

Мы праходзім сваю пілігрымку ў супольнасці, побач з намі заўсёды шмат людзей , якія таксама ідуць  і спрабуюць знайсці сябе ў гэтым свеце.

Таксама як пілігрымы ідуць да святога месца, мы павінны ісці да спаткання з Богам у нябёсах, пры гэтым, ісці ў пастаяннай малітве і праслаўленні Бога, у адчуванні Яго Прысутнасці ў кожнае імгненне свайго жыцця.

Калі я ўпершыню пайшла ў пілігрымку, то рабіла гэта, прызнаюся, з-за элементарнай цікавасці. Проста хацелася паглядзець, што гэта такое – хадзіць у пілігрымкі. Было крыху няёмка і не па сабе, таму што побач такая вялікая колькасць людзей, а я не вельмі люблю кампаніі.  Канешне ж,  яшчэ і сам шлях – з мазалямі, гулам у нагах і фірмовым загарам…  Здавалася б, пасля такога, ці могуць застацца пазітыўныя ўражанні ад пілігрымкі?

Канешне, могуць: ты знаходзіш новых сяброў, знаёмых, вывучваеш усе хрысціянскія песні, якія да гэтага часу не ведаў і  становішся нашмат бліжэй да Бога.

Я лічу, што, ў першую чаргу, пілігрым шукае духоўнай раўнавагі, хоча аддзяліцца ад свецкага жыцця, цалкам паглыбіцца ў жыццё духоўнае, чытаючы малітвы і спяваючы хрысціянскія песні. Гэта як узвышэнне над самім сабой, над фізічнай стомай і грамадскай адчуджанасцю.

Ёсць на нашай зямлі асаблівыя месцы – месцы аб’яўлення Маці Божай, у якія і ідуць вернікі. Гэтыя месцы надаюць незвычайную сілу тым, хто туды трапляе. Балючыя мазалі, спякота, смага і вялікая стомленасць забываюцца і ніякавеюць,  калі пілігрым дасягае жаданай мэты.

І сапраўды, калі мы прыйшлі ў Лагішын, а менавіта – ў Лагішынскі касцёл, да цудатворнага абраза Маці Божай, нам настолькі стала добра, весела і спакойна, што ўжо не адчувалася  і стома, і ўсе тыя недарэчнасці, што адбываліся на працягу ўсяго шляху. А вярнуўшыся дадому, я зразумела, што гляджу на свет па-новаму, не так, як раней. Ува мне з’явіўся незвычайны супакой і гармонія, якімі я магла падзяліцца з іншымі людзьмі.  Але шкада, што ў гэтым стане чалавек знаходзіцца не доўга: прайшоў некаторы час і гэтае адчуванне пачало знікаць. Але тая пілігрымка стала маім стартам у больш глыбокім пазнанні Бога, якое працягваецца і зараз.

Такім чынам, што шукае пілігрым? За кожнага чалавека я не магу адказваць, але, на аснове свайго ўласнага вопыту, магу сказаць, што ў пілігрымцы ёсць нейкі сімвалічны сэнс пакоры. Людзі тут у пастаянным руху, малітве, спевах і чаканні прыбыцця на месца. Гэта як духоўнае ўзвышэнне над самім сабой. У фізічным плане – гэта пераадоленне вялікай адлегласці, выпрабаванне сябе,  гэта ж, безумоўна, вялікая школа хрысціянскага жыцця ў супольнасці, школа ўзаемаразумення і ўзаемадапамогі.

                                 

Марына Валасар   

Напісаць каментар

Адправіць каментар


три + четыре =

Апошнія артыкулы