logo piligrymka






Што шукае пілігрым?


Odnoklassniki VKontakte Facebook Twitter Mail.ru ← падзяліцеся ў сацыяльных сетках з сябрамі

“Падарожнік! Гэткім

Будзе для мяне імя.

Восеньскі працяглы дождж”.

~ Басё

Колькі людзей адначасова вандруюць па зямлі, па паветры, па мору! Адны маюць мэтай новыя ўражанні, прагнуць на свае вочы пабачыць сусветныя дзівосы: блукаць па вясноваму Парыжу, прайсціся ў перадусходняй імгле па містычным Карлавым мосце, пабыць у вычварнай Барселоне Гаўдзі ці пакаштаваць лепшыя у Старым Свеце прысмакі – партугальскія. Іншыя мараць аб цудадзейных крыніцах здароўя. Нехта блукае ў пошуках жытла, ці, наогул, “горада, якога няма” – як суцэльныя амазонскія плямёны здымаюцца з абжытых месцаў і шмат цяжкіх дзён ідуць па сельве да Зямлі, Дзе Няма Зла…

Нашы падарожжы – агульныя і адвечныя, але вынік у іх, здаецца, адзіны: чалавечая істота, узбагачаючыся новым вопытам, пазнае сябе, свае сувязі і знаходзіць, што самае патрэбнае паўсюль і заўсёды застаецца зусім побач. Так старажытны цар Ітакі, апеты Гамерам, звярнуўся, “прасторай і часам поўны”, у свой палац – і там яго, Адысея, ўрэшце, пазналі па яго асабістых здольнасцях, па валоданню магутным лукам. У вандраванні чалавек заўсёды нешта набывае і, разам з тым, лепей засвойвае, пазнае ў новай якасці сваю асноўную, існасную частку, якая заўжды яго суправаджае.

Калі мне даводзіцца вандраваць і вяртацца, заўсёды жадаю ўсім, усім, хто зараз на агромністай Зямлі ідзе, імкнецца да прыюта, або прасвятлення, да наталення несупакоенай патрэбы, альбо вызвалення ад немацы і хвароб: няхай яны дасягнуць таго, чаго шукаюць, дайдуць да сваёй мэты.

Гэтак давялося падарожнічаць пешшу ад Глыбокага, дзе ў касцёле – ікона Божай Маці Снежнай, да Мосара, дзе ў касцёле Святой Ганны – пробашч Юозас Булька. Пад яскравым і гарачым сонцам, уздоўж шашы, абапал якой –  самотнае ўрочышча Барок, доўгая-доўгая вёска Мярэцкія, касцёл і манастыр францысканцаў з самавітым манахам у карычневай расе… Урэшце – мосарскі Вярсаль і парады, што даваў святар настаўніцкай групе: калі сапраўдна выхоўваць дзяцей, трэба, каб яны прыводзілі у парадак месцы пахавання – і тым памяталі продкаў. Трэба засноўваць таварыствы цвярозасці – хоць з трох чалавек для пачатку, іншыя ж потым далучацца да іх. Неабходна яшчэ, каб кожны хоць нейкі час, хай нават пяць ці дзесяць хвілін, але штодзён звяртаўся да Бога, памятаў пра Яго –  не абавязкова ў царкве, ці касцёле, але сапраўды шчыра. А на пытанне, што галоўнае, на яго погляд, для чалавека, без чаго на свеце жыць нельга, Юозас Булька адказваў: “Быць шчаслівым!”; аб тым жа, ці шчаслівы ён сам, гаварыў: “І даўно ўжо!”.  Даўно, у дваццаць гадоў, будучы ксёндз Юозас пачуў Голас Бога – і пайшоў за Ім.

З той невялічкай пілігрымкі прынесена была, як заўсёды, каштоўная вада з “мосарскага Люрда”, засталіся фотаздымкі навакольнай прыгажосці, але ж глыбей за ўсё захаваныя словы таго духоўнага настаўлення.

Падарожжа – гэта змена асяроддзя, плынь новых уражанняў; але яны самі па сабе,  без вышэйшай мэты, хутчэй, адцягваюць ад існасных пытанняў, якія так і застаюцца невырашанымі. Вандраванне да святынь, насупраць, кожнага прыводзіць да сябе – адноўленага.

Таго, здаецца, і шукае кожны пілігрым: прыняць дар Мілаты і Міласэрнасці. Кажуць яшчэ, што Свет Нябёсаў спасылаецца звыш, але ж сам чалавек павінен быць гатовым да таго, каб гэты Дар прыняць – для пачатку, хаця б звярнуць дагары свой твар.

Так і ўсё жыццё – вечнае вандраванне, падчас якога кожны выбірае: размяняцца на дробязі і страціць сябе ці, наадварот, спазнаць сябе ў адзінстве з Вышэйшым.

Шчаслівай дарогі, пілігрымы!

Вольга Абрамава, г.Наваполацк

Напісаць каментар

Адправіць каментар


шесть × = двенадцать

Апошнія артыкулы