logo piligrymka





Што шукае пілігрым?


Odnoklassniki VKontakte Facebook Twitter Mail.ru ← падзяліцеся ў сацыяльных сетках з сябрамі

У чалавечым жыцці лёгка заблукаць… Лёгка згубіць сябе і сваю асобу… Лёгка згубіць мэту і арыенціры… Лёгка пачаць менавіта існаваць, а не жыць…

Чалавечае жыццё – гэта дарога выклікаў і выпрабаванняў, якія не толькі нясуць з сабой бясконцую праблему выбару, але і фарміруюць чалавечую асобу. Аднак, бадай, кожнае новае стагоддзе чалавечай гісторыі па-своему трансфармуе тыя выпрабаванні, з якімі людзі сутыкаюцца у сваім жыцці.

Мы жывем у незвычайны час чалавечай гісторыі, час, калі фантастыка ператвараецца ў рэальнасць. Здаецца, быццам лепшыя часы прыходзяць на планету: адменены рабства і смяротнае пакаранне, якія квітнелі на пачатку хрысціянскіх часоў, правы і свабоды чалавека абвешчаны цывілізацыйнай каштоўнасцю, да якой павінны імкнуцца ўсе дзяржавы, краіны свету адчыніліся адна да адной, а якасць жыцця несумненна расце і падводзіцца пад адзіны сусветны стандарт сярэдняга класа. Тым не менш, чалавек XXI-га стагоддзя часцяком адчувае сябе не на шмат больш камфортна і ўпэўнена ў жыцці, чым яго антычны ці сярэднявековы продак. Так, перад ім не стаіць рэальная пагроза трапіць у рабства, у ваенны палон, пад меч палача, ці пад інфекцыю бубоннай чумы. Але яму кожны дзень ладзяць трансцяцыю па ўсіх каналах усіх шасці органаў пачуццяў наконт таго, як жыць, што рабіць, што есці, што піць, як паводзіць сябе ў ложку, як зрабіць кар’еру, што модна і прэстыжна…хто самы багаты, хто самы прыгожы, хто самы хуткі, хто самы паспяховы…што робіць сусед за сценкай у рэжыме рэальнага часу, куды паехаў прэзідэнт, як згулялі футбольны матч Расея і Аргенціна…

Мы жывем у глабальным медыйным таталітарызме, салодкім і бяспечным, бо ўсё, што ад чалавека патрабуецца – гэта спажываць, спажываць і яшчэ раз спажываць. Людзі глядзяць адзін на аднаго праз прызму наяўнасці ці адсутнасці разрэкламаваных тавараў спажывання – аўтамабіляў, кватэр, сумак Шанель… Параўноўваюць сябе і адзін аднаго з “ідэальнымі” героямі віртуальнай рэальнасці ці адфоташопленымі макетамі. Асуджаюць адзін аднаго з-за неадпаведнасці чыімсьці ідэалам ці “неправільна” пражытага жыцця, якое не ўвасобіла амерыканскую/расейскую/беларускую мару… Агромністая людская энергія, а таксама бясцэнныя гады жыцця кідаюцца менавіта на набыццё тых самых запаветных атрыбутаў спажывання, якія змогуць узвысіць іх сацыяльны статус. У XXI-м стагоддзі не будуюцца алтары залатому цяльцу – яны знаходзяцца ў часопісе “Форбс”, у друкаванай і электроннай версіях.

Што ж застаецца чалавечай душы, стомленай і разгубленай ад параўнанняў, крытыкі і спаборніцтваў? Як ўсведоміць сваю ўласную чалавечую годнасць, сваю прыгажосць непаўторнага Божага стварэння? Як знайсці сваё месца на планеце, свой шлях у жыцці, які б прыносіў гармонію і супакой?

Супакой… Калі глядзіш на храмы і манастыры, то першая асацыяцыя, якая ўзнікае з Божымі дамамі, – гэта супакой. І сапраўды, што ў першую чаргу храм можа даць стомленым і знерваваным людзям, як не супакой? Калі чалавек адчувае супакой, ён можа спыніць час і зазірнуць у сваю душу, па-іншаму паглядзець на сваё жыццё і свае ўчынкі. Штосьці дараваць сабе і іншым. Прыйсці дамоў і не думаць хоць гадзіну пра праблемы заўтрашняга дня.

Пасля атрыманага супакаення думак і пачуццяў хочацца атрымаць адказы на самыя балючыя, самыя патаемныя пытанні. Што шукае пілігрым, чалавек, які адправіўся ў іншыя краіны наведаць святыя месцы? Супакою душы, адказаў на свае трывожныя пытанні, парадаў на далейшае жыццё. Неасуджэння і прабачэння. Адчування Божай любові да чалавека.

Пілігрым заходзіць у храм, магчыма купляе свечку, магчыма разглядае фрэскі. Магчыма чытае малітву, магчыма скардзіцца Богу на жыццё, магчыма ўспамінае пра цяжкасці ў сям’і ці на працы, магчыма задае Богу пытанне “Што мне рабіць?”.

Пілігрым выходзіць з храма, сцішаны, супакоены, і раптам прыходзіць разуменне. Тое самае чыстае разуменне рэчаў, не прапушчанае праз рознакаляровыя прызмы чалавечай псіхікі і грамадскага меркавання. Самыя простыя і самыя трапныя адказы на самыя складаныя пытанні. А затым – шчаслівае адчуванне ўласнай свабоды. Свабоды быць сабой, сваёй уласнай асобай, унікальнай і непаўторнай, якая валодала і валодае правам на памылку, але, нягледзячы на гэта, любімая Богам. Свабоды ад глыбока схаваных у падсвядомасці навязаных стэрэатыпаў, ад ацэнак і чаканняў іншых людзей, ад чужых мікрасусветаў. Свабоды, якая даруе магчымасць усміхацца і быць сапраўды ўдзячным Богу за кожны пражыты дзень. Бо ў век абвешчаных свабод і дэмакратый  мы дасюль з’яўляемся рабамі, скаванымі нябачнымі ланцугамі сусветнага падману…

Вольга Грынюк

 г.Мінск

Напісаць каментар

Адправіць каментар


два × = шесть

Апошнія артыкулы