logo piligrymka





Што шукае пілігрым?


Odnoklassniki VKontakte Facebook Twitter Mail.ru ← падзяліцеся ў сацыяльных сетках з сябрамі

Што шукае пілігрым? Здаецца, такое простае пытанне, але няпроста даць адказ…

Што. Калі мы сапраўды нешта згубілі, мы прыкладаем намаганні, каб гэта знайсці. Парой вельмі цярпліва, парой са слязамі і ў роспачы, але мы стараемся, каб знайсці нешта каштоўнае, маленькі ці вялікі, але сапраўдны скарб. Ці будзем шукаць штосьці непатрэбнае? Зразумела, што не. І гэта так натуральна, калі мы бачым чалавека ў пошуку, мы адразу пытаемся: “Што ты згубіў? Табе дапамагчы?”

Шукаць. Гэты дзеяслоў сапраўды азначае дзеянне, бо немагчыма шукаць стоячы на месцы альбо ў бяздзеянні. Пошук мае пачатак і мае пэўнае заканчэнне. Пошук займае час. Ці трэба адкладаць свае справы, пакідаць кола свайго камфорта? Quod satis est, cui contingit, nil amplius optet.  У кожнага ёсць дастаткова, не трэба шукаць, жадаць большага. Але ж мы шукаем.

Пілігрым. Розныя мовы свету даюць розныя тлумачэнні і дэфініцыі гэтага слова – чужаземец, невядомы, прышэлец, незнаёмец, вандроўнік. Навошта быць пілігрымам, калі можна быць сучасным падарожнікам, з камфортам вандраваць па свеце – па-сапраўднаму ці на канапе з пультам у руках?..

І наша галоўнае пытанне можа мець зусім другі сэнс, калі толькі мы дададзім два словы – ДУША і ВЕРА. Што з верай шукае душа пілігрыма? Толькі вера напраўляе нашу душу ў пілігрымку, а душа павінна захапіць з сабой і цела, бо тут на зямлі яны жывуць разам. Гэта падарожжа проста неабходна для душы, гэта яе адпачынак і праца адначасова. І ў пошуку Пана Бога, і Найсвяцейшай Маці Марыі, і ў новым пошуку сябе – тут, на гэтай зямлі, на асабістым шляху кожнага да святасці. Магчыма, што хтосьці толькі ў святых месцах перажывае навяртанне, але я асабіста знайшла зусім іншы сэнс у пілігрымаванні.

Амаль тры гады я з дзецьмі жыву ў Гародні. Наш пераезд з Мінска нікому не быў зразумелы, але цяпер я адчуваю, што гэта і было сапраўднае пакліканне, за якое я вельмі ўдзячна Пану Богу.

Мінуў  год з часу майго навяртання. Шмат цудоўных падзей мы з дзецьмі перажылі за гэты час, зразумела, пілігрымкі – гэта нешта асабліва запамінальнае, час новых адкрыццяў. Я пілігрымавала да санктуарыя Езуса Журботнага ў Росі, разам з дзецьмі былі ў Капцёўцы і Гудагаі, каб дзякаваць і шанаваць Маці Божую ў цудоўных абразах. Памятаю, што я вельмі рыхтавалася да першай аўтобуснай пілігрымкі да Чэнстаховы, мой дзед вярнуўся са службы ў Войску Польскім з цудоўным абразам Маці Божай Чэнстахоўскай, усе маё дзяцінства прайшло, як цяпер зразумела, пад апекай Найсвяцейшай Маці, вельмі хацелася  падзякаваць за гэта. Але… Гэта пілігрымка для мяне не адбылася, я была вельмі засмучана, але ж дзякавала за тое, што пашпарт знайшоўся (хоць і без візы). У той час, як група паехала, я была на суботняй св. Імшы, падчас якой мы ўсе дзякуем і асаблівым чынам ушаноўваем Маці Божую Кангрэгацкую, цудатворны абраз якой знаходзіцца ў Катэдральнай Базіліцы Гродна. І пачуўшы аповяд для першакамунійных дзетак, у якім ксендз пробашч Ян Кучынскі распавёў дзецям пра гісторыю гэтага абраза і цуды Маці Божай, я зразумела, што цуды адбываюцца і тут, побач з намі, не трэба шукаць цудаў далека. Толькі пазнаўшы шчасце там, дзе мы жывем, мы адкрыем яго нанова ў новых пілігрымках.

Такі мой асабісты адказ на тое, што шукае пілігрым. Таксама не магу не падзяліцца і самым прыгожым вершам Іосіфа Бродскага пра пілігрымаў – гэта ўжо твор мастацтва і як добра, што зразумеем яго без перакладу. Няхай кожны пілігрым знойдзе свае адказы ў галоўнай пілігрымцы – нашым зямным жыцці  – да дома Айца Нябеснага.

                                                                           Пилигримы

 
 
 

          “Мои мечты и чувства в сотый раз

           Идут к тебе дорогой пилигримов”

           В. Шекспир

 

     Мимо ристалищ, капищ,

     мимо храмов и баров,

     мимо шикарных кладбищ,

     мимо больших базаров,

     мира и горя мимо,

     мимо Мекки и Рима,

     синим солнцем палимы,

     идут по земле пилигримы.

     Увечны они, горбаты,

     голодны, полуодеты,

     глаза их полны заката,

     сердца их полны рассвета.

     За ними поют пустыни,

     вспыхивают зарницы,

     звезды горят над ними,

     и хрипло кричат им птицы:

     что мир останется прежним,

     да, останется прежним,

     ослепительно снежным,

     и сомнительно нежным,

     мир останется лживым,

     мир останется вечным,

     может быть, постижимым,

     но все-таки бесконечным.

     И, значит, не будет толка

     от веры в себя да в Бога.

     …И, значит, остались только

     иллюзия и дорога.

     И быть над землей закатам,

     и быть над землей рассветам.

     Удобрить ее солдатам.

     Одобрить ее поэтам.

 

 

З Богам,
Алена Якута,
г.Гродна

Напісаць каментар

Адправіць каментар


девять − = четыре

Апошнія артыкулы