logo piligrymka






Што шукае пілігрым?


Odnoklassniki VKontakte Facebook Twitter Mail.ru ← падзяліцеся ў сацыяльных сетках з сябрамі

У вандроўку на Млечны шлях!

На спатканне лячу да зорак!

Сорак думак і мараў сорак

Палымнела ў маіх вачах…

Дваццаць першае стагоддзе моцнай інтэрнэт-хваляй уварвалася ў адчыненыя вокны свету. Усё змянілася, усё стала іншым: зносіны – мабільнымі, кнігі – электроннымі, а сяброўства – віртуальным. Жыццё ў рэжыме on-line, абавязкова на безлімітным тарыфе. І я, адзінокі пілігрым, няспешна выціраю пыл з падлогі планеты – Італія, Польшча, Ізраіль, Германія, Аўстрыя…Што далей? Сусвет. А можа стацца, што і за межы Сусвета.

Крок за крокам, упэўнена і натхнёна. Сёння тут, а заўтра чакайце ад мяне лістоў за тысячу кіламетраў. Стук сэрца зліваецца з грукатам колаў цягніка, цяжка рабіць уздых, нібы на вышыні некалькіх соцен метраў вышэй за неба, параходны гудок выводзіць свядомасць з прытомнасці. Я адчуваю гэта, бо я рухаюся і жыву.

Шукаю. Цікава, а што шукае пілігрым? Пытанне, якое з чыстым сумленнем можна пакінуць без адказу.  Але думкі далёка не заўсёды жывуць у згодзе з сумленнем – на жаль! Што шукае пілігрым? Шукае ў спадарожнікі ветра, у сябры ўдачу, у дарадчыкі любоў. Шукае чыстае неба, якое не зацягнута страшэннымі хмарамі вайны і неспакою. Шукае ўрадлівую зямлю, якая не забруджана лішкамі выгод цывілізацыі. Шукае цёплае сонца, якое нясе толькі жыццё і свет усяму жывому. Шукае некранутую прыроду, якая стаіць ў сваёй непаўторнай прыгажосці.

І добрае слова шукае. Сапраўднае, ад душы. Слова, якое сагрэе ў любую непагоду, дапаможа ў нялёгкай сітуацыі, супакоіць. І зусім няма розніцы, на якой мове яно гучыць: на рускай, беларускай, нямецкай, ангельскай, польскай…Для чалавечых сардэц няма асобных моў, усе яны зліваюцца ў адну, простую і зразумелую.  Шукае і ўсмешку, падораную проста так, ні за што. І лагодны позірк ледзь прышчураных вачэй суседа-спадарожніка. І ціхую песню вясёлымі вечарамі ў вялікай цікавай кампаніі.

Пілігрым шукае мястэчкі адмысловай затоенай культуры, якімі ганарыцца кожная краіна свету. Гэта і тэмпераментная Іспанія чырвона-чорнага колеру, і свабодалюбівая Італія са шматлікімі венецыянскімі каналамі, і манерная Англія са шматвяковай каралеўскай дынастыяй, і гасцінная Расія са сваёй вядомай усяму свету “загадкавай рускай душой”…Калі ў мяне пытаюць, якую з краін лічу самай любімай, я заўсёды не ведаю, што адказаць. Гэта ўсё адно як спытацца, які палец на руцэ мне больш падабаецца.

Душа імкнецца да пошукаў шчырых пачуццяў. Калі радасць, то да гучнага смеха, да шчаслівых ускрыкаў і дзіцячага пляскання ў далоні. Калі жах, то да дрыжыкаў у целе, да бяссонных начэй і доўгай памяці. Калі захапленне, то да бляску ў вачах, да слёз, да складання вершаў. Калі сум, то да шчымлення ў сэрцы, да цяжкіх уздыхаў і згубленага спакою. Толькі так, бо па-іншаму, здаецца, і не павінна быць. І не бывае. Гэта я дакладна ведаю.

Але ёсць тое адно галоўнае, што з’яўляецца асноўнай мэтай вандровак пілігрыма, якім, па сутнасці, з’яўляецца кожны чалавек. І гэтая мэта – вера. Вера ў Бога, у Вышэйшыя Сілы, у перамогу добрага над дрэнным, у чалавечнасць, у добразычлівасць, у светлую будучыню… Вера – асноўная жыццёвая сіла, рухавік, які штурхае наперад Сусвет. І ў той жа час вера – своеасаблівы стан душы, веданне сэнса чалавечага жыцця, праз што адбываюцца ўсе якасныя змяненні ў лёсе, свядомасці і думках. Тут я гавару не аб легкавер’і і не аб веры “для парадку”, а аб сапраўднай якасці чалавечай прыроды і частцы міраздання. “Вера ў веру, шчасце ў шчасці, рух за рухам, дыхаць – рай,” – любіла паўтараць мая бабуля радкі, напісаныя мною колісь даўно. Я склала простую рыфмоўку, але бабуля, пражыўшы шмат гадоў на свеце, ведала ўвесь патаемны сэнс тых дзіцячых слоў. І вось цяпер, па прашэсцю многіх гадоў, я зразумела нарэшце, што толькі шчырая вера дае чалавеку сілы перажыць усе выпрабаванні лёсу, не зламацца пад цяжарам праблем і знайсці агеньчык святла нават у самых цёмных калідорах нашага жыцця. Мабільнага, электроннага, віртуальнага. Жыцця ў рэжыме on-line, абавязкова на безлімітным тарыфе. І я, адзінокі пілігрым, няспешна выціраю пыл з падлогі планеты – Італія, Польшча, Ізраіль, Германія, Аўстрыя…Што далей? Сусвет. А можа стацца, што і за межы Сусвета…

 

Кацярына Майсяёнак

г. Мінск

Напісаць каментар

Адправіць каментар


× семь = шестьдесят три

Апошнія артыкулы