logo piligrymka





Што шукае пілігрым?


Odnoklassniki VKontakte Facebook Twitter Mail.ru ← падзяліцеся ў сацыяльных сетках з сябрамі

Нават апрасіўшы вялікае мноства людзей, наўрад ці можна пачуць аднолькавыя адказы. Кожны выкажа асабістае меркаванне і будзе мець на гэта рацыю. Мы ўсе дужа розныя, таму кожны з нас перажывае і адчувае адну і тую ж падзею па-свойму, як ніхто іншы. Менавіта з гэтай нагоды не буду разважаць аб пілігрымах увогуле, а напішу толькі, якія думкі і пачуцці авалодвалі падчас пілігрымак і падчас напісання гэтага артыкула мною.

Найвялікшую ісціну аб тым, што чалавечы лёс вяршыцца на Нябёсах, я спасцігла яшчэ ў дзяцінстве. Нягледзячы на тое, што мая матуля працавала настаўніцай, а тата ў бальніцы, у сям’і заўсёды адзначаліся рэлігійныя святы. У хаце віселі абразы, запальваліся свечкі, штодзённа чыталіся малітвы. Маіх бацькоў не хвалявала роля “белай вароны” і меркаванне суседзяў-камуністаў, не палохалі магчымыя праследванні з боку тагачасных уладаў.

Пазней, стварыўшы ўласную сям’ю, я прыклала ўсе намаганні, каб і мае дзеці не выраслі бязбожнікамі. Думаю, мне гэта ўдалося: на сённяшні дзень мой сын – міністрант, а дачка ўвогуле жыве ў кляштары.

“Будзь воля Твая” – прамаўляем мы ў малітве, якую пакінуў нам Сам Усявышні. Толькі далёка не кожны чалавек, які наведвае храмы, без нараканняў скараецца волі Госпада. Што ўжо казаць пра няверуючых, якія ўвогуле жывуць “без тармазоў” – у людзей не хапае смеласці, жадання і сілы прыняць свой крыж і годна несці яго праз усё жыцё. Мы забываемся, што Бог ніколі не пасылае чалавеку выпрабаванні звыш ягоных сіл. А наш Пастыр стаіць ля дзвярэй душы кожнага: не бойцеся, адчыніце Мне і буду “…Я з вамі ва ўсе дні да сканчэння веку”(Матф. 28-20). Але ці чуем мы гэты ціхі і неназойлівы зварот? Нам некалі, мы патанулі ў свецкай мітусні і дробных бытавых праблемах. Мы спрабуем час ад часу боўтацца, але мала хто кардынальна мяняе ўклад свайго жыцця. І толькі Езус цярпліва чакае. Аддаўшы сваё жыццё за людскія грахі, Ён і ад нас спадзяецца атрымаць дары. Толькі зусім не тыя, памеры і каштоўнасць якіх вымяраюцца таўшчынёй кашалька. Нашы адкрытыя Яму насустрач сэрцы, чыстая сапраўдная вера і поўны давер – вось тыя дары, якіх больш за ўсё прагне атрымаць ад нас Усявышні. А ці атрымлівае?.. Часцей за ўсё, мы не лічым патрэбным хаця б падзякаваць за спакойнае і размернае жыццё, успрымаючы гэта, як належнае. Калі ж нам кепска і цяжка, калі на жыццёвым небасхіле збіраюцца чорныя хмары, мы ў роспачы ўсклікаем: “Божа, памажы!” Тады мы знаходзім час для наведвання храма, кленчым у канфесіянале і раскайваемся ва ўчыненых грахах, пачынаем быццам бы шчыра і ўзмоцнена маліцца. Толькі зноў жа забываемся, што сапраўдная малітва – гэта не колькасць машынальна прамоўленых альбо прачытаных слоў, а пэўны стан душы, гэта штодзённыя адкрытыя і шчырыя размовы са Стварыцелем. Малітва павінна стаць найважнейшай часткай зямнога жыцця, якая падрыхтуе нас да жыцця вечнага. Чалавек атрымаў вольную волю самому вызначаць свой жыццёвы накірунак. Толькі кожны ўсё роўна – хто раней,  а хто пазней, прыйдзе да нашага Айца Нябеснага, сустрэнецца з Ім у Нябеснай Айчыне. Гасподзь жа ўжо сёння, у кожнае імгненне нашага жыцця ведае і бачыць абсалютна ўсё: нашыя ўчынкі, думкі і жаданні, нашу ўнутраную сутнасць, нашы грахі і падзенні, перамогі і ўзлёты. Любячы нас Айцец Нябесны ў любую хвіліну гатовы падтрымаць кожнага, прыйсці на дапамогу. І прагне пачуць у адказ шчырае і ўдзячнае: Езу, давяраю Табе…

Пэўна, не менш за 20 гадоў вынашвала ў сваім сэрцы мару: пабачыць уласнымі вачыма Святую Зямлю і Ватыкан. Ступіць там, дзе некалі хадзіў Збаўца і пабываць у храме, пабудаваным у гонар Яго першага намесніка апостала Пятра. І – о цуда! –мае мары пачалі збывацца. З 23 красавіка па 1 мая я была ўдзельніцай пілігрымкі, якую ўзначаліў ксёндз-вікарый парафіі святога Язафата Кунцэвіча ў Расонах Юрый Барок. Радаснымі прадчуваннямі маючай адбыцца паездкі я жыла некалькі месяцаў – з таго самага дня, калі ўпершыню патэлефанавала арганізатарам пілігрымкі, і яны запісалі маё прозвішча. Надзвычай цяжка знайсці словы, якія б у поўнай меры змаглі адлюстраваць усю глыбіню перажытых пачуццяў. За 9 дзён, праехаўшы амаль усю Еўропу, камфартабельны аўтобус з пілігрымамі пераадолеў звыш 5 тыс. км: Беларусь, Польшча, Чэхія, Славакія, Аўстрыя, Італія. Удзельнікамі пілігрымкі з’яўляліся прадстаўнікі розных канфесій, толькі гэты нязначны факт не першкаджаў нам чыніць сумесныя малітвы, умацоўваць суладдзе розых накірункаў хрысціянства. Нездарма ж у Святым Пісанні гаворыцца: ”адзін Бог і Айцец усіх, Каторы над усімі, і праз усіх, і ва ўсіх нас” (Ефес. 4-6). Большасць людзей, зусім да гэтага незнаёмых, на здзіўленне хутка пранікліся сімпатыяй адно да аднаго і нібыта ператварыліся ў адну дружную сям’ю. А духоўнымі стрыжнямі  нашай “кампаніі” былі ксёндз Юрый Барок і гід-экскурсавод Алена Паддубская. Вельмі жыццярадасныя, заўсёды выключна стрыманыя і тактоўныя, шчырыя і адкрытыя – здавалася, што я ведаю іх не адзін год. Без перабольшвання можна сказаць, што ў поўнай меры яны валодаюць тымі якасцямі, якія так неабходны пры арганізацыі падобных пілігрымак. Уразіў велізарны аб’ём інфармацыі, якую мы атрымалі падчас паездкі, а таксама яе глыбокі змест. Ксёндз Юрый і пані Алена надзвычай падрабязна распавядалі аб тых мясцінах, дзе мы бывалі, іх культурна-гістарычнай і духоўна-рэлігійнай спадчыне. Асабіста мяне дужа цешыла іх прыгожая і граматная беларуская мова, выклікаючы сапраўдную асалоду.

Пілігрымку да месца пахавання святога Язафата Кунцэвіча я не расцэньвала як экскурсію, забаву, ці як спосаб прыемна і весела адпачыць. У гэтыя дні я мела цудоўную магчымасць яшчэ раз паразважаць аб хрысціянскіх і агульначалавечых каштоўнасцях і адчуць, што Бог – гэта сапраўды Любоў, Якой хапае на ўсіх і на кожнага. Гэта быў яшчэ адзін крок да Бога, крок да ўсведамлення самой сябе і сэнсу свайго жыцця. Я разумела: вельмі важна навучыцца глядзець на ўсе жыццёвыя моманты вачыма Айца Нябеснага, распазнаваць Яго волю і ёй кіравацца. Розум падказваў мне: у першую чаргу трэба змяніць свае адносіны да жыцця, да бліжняга. Разумець разумела, толькі ці знайду сілы жыць менавіта так?.. Ці змагу прыслухацца да голаса сваёй душы, адчуць сапраўды пастаянную, а не час ад часу патрэбнасць у зносінах з Госпадам і ацаніць усю велізарнасць Яго ахвяры і Яго дароў?.. Дай, Божа, мне сілы і развагі…

І вось – першы прыпынак у польскім горадзе Чэнстахове. Тут, на Яснай Гуры, у кляштары Паўлінаў, знаходзіцца цудатворны абраз Маці Божай Чэнстахоўскай, які   ўшаноўваюць не толькі католікі, але і праваслаўны люд. Для палякаў – гэта адзін з найбольш вядомых і дарагіх сэрцу абразоў Багародзіцы. Менавіта сюды едуць памаліцца тысячы школьнікаў і студэнтаў перад экзаменамі, сюды імкнуцца тыя, хто сутыкнуўся з сур’ёзнымі жыццёвымі выпрабаваннямі. “ Па веры вашай будзе вам” (Матф. 9-29) – яскравае падцверджанне гэтых слоў Святога Пісання змагла я назіраць у Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Чэнстахоўскай. На сценах храма знаходзяцца тысячы вотаў  (вылітыя з каштоўных металаў выявы сэрцаў, анёлаў і інш.), ружанцаў, пацерак, ахвяраваных вернікамі ў знак удзячнасці Нябеснай Заступніцы. Ёсць тут нават мыліцы і палкі, без якіх людзі раней не маглі хадзіць, а зараз пакінулі за непатрэбнасцю. Санктуарый Багародзіцы на Яснай Гуры – тое месца,  якое смела можна ахарактарызаваць словамі Евангелля: ”…сляпыя бачаць  і кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца і глухія чуюць…”(Матф. 11-5).

Аб уражаннях, атрыманых ад наведвання Ватыкана, немагчыма расказаць словамі – проста не хапае слоўнікавага запасу. Гэтае святое месца, пярліну для ўсяго каталіцкага свету, трэба ўбачыць самому і толькі самому перажыць усю глыбіню ахінаючых пачуццяў. Ужо на плошчы Святога Пятра ўсё маё цела нібы пранізаў электрычны ток. Не верылася, што мая мара збылася, і я знаходжуся ў Ватыкане, які раней бачыла толькі на фотаздымках, альбо па тэлевізару. Як умела, стала ўзносіць Усявышняму словы падзякі. Калі ж увайшла ў базіліку Св. Пятра, то нібыта страціла адчуванне рэальнасці. З вачэй самі сабой пацяклі слёзы, і я быццам бы патанула ва ўсеабдымнай і ўсепаглынальнай Любові. Я адчувала дзіўнае ўнутранае супакаенне, лёгкасць і прасвятленне. Гэта былі імгненні чароўнай найвышэйшай асалоды, якія, відаць, узнікаюць толькі ў час зносін з Усявышнім (ва ўсякім разе, такое адбывалася са мной і з некаторымі маімі шчыра веруючымі знаёмымі). Святая Імша, адпраўленая кс. Юрыем ля гроба Язафата Кунцэвіча, стала кульмінацыйным момантам пілігрымкі. Кожны з нас прынёс Госпаду свае інтэнцыі-просьбы з надзеяй, што Ён пачуе іх. Шкада, канешне, што часта мы толькі просім, зусім забываючы прамовіць словы падзякі…

Не пераказаць уражанняў, атрыманых у час гэтай паездкі і наведвання Чэнстахова, Вены, Рыма, Венецыі. Трапяткімі ўспамінамі яны да канца дзён застануцца ў маім сэрцы. І ўсё ж, мне надта хочацца ўзгадаць пра яшчэ адну незвычайную мясціну – Святую Лесвіцу, што зараз знаходзіцца ў Рыме. Лічыцца, што пасля бічавання па ёй падымаўся да Пілата, каб пачуць смяротны прыгавор, Сам Збаўца. Нягледзячы на тое, што гэтую трагічную падзею аддзяляе сівая даўніна стагоддзяў, з году ў год сюды накіроўваюцца мільёны пілігрымаў. Па даўнім звычаі і падказцы сваіх сэрцаў вернікі апускаюцца на калені і менавіта так пераадольваюць 28 прыступак  лесвіцы. А пад каленьмі – невялікія акенцы, праз якія бачны месцы, куды падала збаўляючая ўвесь чалавечы род Святая Кроў Хрыста. Тое, што я перажыла за некалькі хвілін, пакуль падымалася на каленях па Святой Лесвіцы, ніяк не ўпісваецца ў словазлучэнне “зямныя перажыванні”. З вачэй зноў цяклі слёзы, і  адчувалася быццам бы нейкае лёгкае дрыжанне. Я чытала Каронку да Божай Міласэрнасці і не пераставала прасіць у Бога прабачэння за ўчыненыя грахі, непаразуменне(а, можа, непрыняцце?) Яго Волі, дзякавала за ўсё светлае і радаснае ў сваім жыцці. І раптам, бы бліскавіца, прыйшло адчуванне, што я – сапраўды Божае дзіця, і менавіта цяпер на мяне сыходзіць бясконцая міласць Айца Нябеснага. Упэўнена, што ў такія моманты чалавек абуджаецца ад духоўнага сну і спрабуе вярнуць згубленую сувязь з Богам, дасягнуць адзінства сваёй душы са Стварыцелем. Вось яно – сапраўднае цуда! Любоў Госпада літаральна пранізвае кожную клетачку цела, і так хочацца, каб гэтыя адчуванні доўжыліся вечна! У такія хвалюючыя і ўзнёслыя імгненні Езус занава нараджаецца ў чалавечай душы, а разам з Ім узмацняюцца вера і надзея на адкупленне і вечнае жыццё.

Я ўзняла вочы і ўбачыла над Святой Лесвіцай распяцце. У пранізлівай цішыні бязмоўная постаць Хрыста прымусіла у каторы раз усвядоміць горкую і рэальную праўду: і за мяне таксама прыняў такую пакутніцкую смерць Збаўца. Але ж на адваротным баку крыжа яшчэ ёсць месца і для мяне таксама. На памяць прышлі словы адзінаццатай стацыі Крыжовай Дарогі, якія я кожны дзень прамаўляю ў ранішніх малітвах на працягу ўжо некалькіх гадоў:”Ты павінен дазволіць прыбіць сябе да крыжа, хоць не адразу, а памалу, на працягу ўсяго жыцця, у штодзённым цярпенні. Павінен адчуць цярпенне ўкрыжаванага Езуса і зразумець Волю Божую. Шкадуй і прасі ў добрага Пастыра: Езу, успомні пра мяне ў валадарстве Тваім”. Сумбурныя думкі, што авалодвалі мною, пакуль падымалася па Святой Лесвіцы,  я паспрабавала зараз аб’яднаць у адзіную малітву. “ Дай, Божа, мне сілы і вытрымкі, каб з годнасцю прыняць свой крыж і дастойна пранесці яго за Табой. Умацуй у пакоры і жаданні выканаць усё тое, што Ты падрыхтаваў мне на маім жыццёвым шляху. Навучы радавацца таму, што маю, бачыць хараство вакол сябе і не імкнуцца да недасягальнага. Змілуйся нада мною, прабач мне грахі і дапамажы ў імкненні да дасканаласці і святасці. Захавай мне, Божа, здаровы розум да апошніх дзён майго жыцця, навучы быць удзячнай за кожны пражыты дзень і выконваць Тваю волю, якой бы яна не была.”

…Здаецца, пісала б і пісала… Напрыклад, пра паломніцтва да апякункі Беларусі Маці Божай Будслаўскай. Хіба зразумее далёкі ад веры чалавек радасць тых, хто пешшу пераадольвае па 20-30 км у дзень, часта пад дажджом ці санцапёкам? Што атрымліваюць пілігрымы ўзамен моцнай знясіленасці, салёнаму поту на вуснах ды шматлікім балючым мазалям? Што(дакладней – Хто?) кіруе дзесяткамі тысяч чалавек, штогод бываючых у Будславе? Неаднойчы, размаўляючы пра Будслаў з людзьмі, чула:”Гэта можна параўнаць толькі з раем…” Поўнасцю згодна з такімі меркаваннямі -   у пілігрымках Усявышні дорыць нам імгненні райскага жыцця ўжо тут, у нашым зямным жыцці. І, пэўна, менавіта гэтым фактам можна растлумачыць нашыя ўзнёсла-незямныя адчуванні і перажыванні ў час пілігрымак, калі мы насцеж адчыняем дзверы сваіх душаў Госпаду: Божа, ідзі да мяне і застанься са мной назаўсёды…

На жаль, многія прыходзяць да веры ў дні бед і няшчасцяў. Мне здаецца, што час паломніцтва – прыдатная альтэрнатыва “чорным дням”, якіх зусім не варта чакаць. Хіба ж нельга ўжо ў пілігрымцы, сёння, зараз, альбо хаця б заўтра кардынальна змяніць светапогляд і ўручыць свой лёс Госпаду? Поўнасцю пераканана, што пілігрымка – гэта асаблівая магчымасць для свайго духоўнага ўзрастання і чарговая прыступка лесвіцы, што вядзе да брамы Неба, гэта адзін з найбольш любых Госпаду шляхоў у Яго абіцель і, хоць часам зусім не цяжкая, а ўсё ж ахвяра ў Яго Імя…

Марыя Мяжэвіч, г. Мінск

Напісаць каментар

Адправіць каментар


один + = три

Апошнія артыкулы