logo piligrymka






Што шукае пілігрым?


Odnoklassniki VKontakte Facebook Twitter Mail.ru ← падзяліцеся ў сацыяльных сетках з сябрамі

Хто ён? Адкуль ён? Што ён тут? Пытаннi, нiбыта свiст пугi па розуму. Яны бясконцы i бязлiтасны, яны вяртаюць да нечага, вядомага i невядомага адначасова. Да нечага, якое – вораг розуму, але сябар душы, якое нябачна прысутнiчае ўсё адчуваемае жыццё, якое каардынуе ўнутранна, як стрэлка компасу.

  «Iдзем, – казала сумленне, – iдзем шукаць!» «Шукайце i знойдзеце..» – абяцалi мудрыя тысячагоддзi. I ён верыў..

    Ёсць такое слова «палiацiў» – гэта лякарства цi ў вогуле сродак, якi дае часовую палёгку, -паўмера.  Ён пайшоў за поўнаю мераю. Не за лекамi, а за жывою, як дрэва жыцця, дапамогай усёй сваёй iстоце…

      Не ведаю хто гэта, але iшоў адзiн чалавек. За яго плячыма вiсеў мех з грубай шэрай тканiны. Iшоў ён доўга, мабыць, усё жыццё iшоў, – нiхто гэтага не ведае. Быў час, калi ён спыняўся, – ён памятае кожны свой крок i прыпынак, кожную прычыну i вынiк… Ах, калi б гэтых прыпынкаў i не было б зусiм! Яны вабiлi i захаплялi, але ж яны i губiлi. Калi iдзеш да святла – немагчыма наталiцца мiгаценнем  вечару, але, падмануўшыся цi памылiўшыся, прыняць прамянi сапраўднага святла за гэткае мiгценне – вельмi нават магчыма. Нехта вёў яго, i нехта iншы яго затрымлiў. Так i было.

  Шэсць гарадоў сустрэлася яму на шляху… Шэсць гарадоў… I шмат разоў мех уразаўся з патроенай моццу у плячо вандроўнiка, галава прыкметна хiнулася да жоўтага гарачага пяску, а на спiну, нiбыта абапёрся асiлак, i давiў, i давiў да жудаснага болю. Боль гэты быў, менш фiзiчнай прыроды, а больш душэўнай. Але аба ўсiм па парадку…

   Аднойчы, яшчэ ў самым пачатку, ён праходзiў каля пячоры, дзе жыў жабрак, кудлаты i сiвы, у латанай сярмяге, якi лiчыўся дзiваком, але ж нязлым дзiваком. Ён цiха малiўся ў сваёй пячоры, зусiм не звяртаючы ўвагi на навакольны мiтуслiвы свет, i толькi трапяткiя подыхi ягоных свечак непакоiлi бясконцую цемру. 

  Вандроўнiк iшоў  i раптам  пачуў дотык чужога погляду, азiрнуўшыся, ён убачыў блакiтныя каменьчыкi з-пад капялюша: «Грэх – у мех, мех – спiне. Ад лёгкага – цяжар.» – прамовiў стары i кiнуў мяшок у рукi чалавеку. Той мех нiбыта стаў часткай далонi, неад’емным ад усяго арганiзму, галiнкай, раптоўна прывiтай да дзiкай грушы. «А ў чым жа тады палёгка?» – запытаў падарожнiк. «У чужыя не сып, i iншым сыпаць не дай. Прыпынак для ўсiх адзiны.» – жабрак пакрочыў да пячоры. Нiбы гранiтная, постаць яго павольна знiкала з поля зроку. З таго моманту вандроўнiк так i iшоў, захаваўшы ў памяцi дзiвацкiя словы.

  Першы горад з’яўляўся  вялiзарным вуллем. Гэткае месца прыпынку цi сустрэчы рознакаляровых вопратак, рознафарбовых лёсаў, неаднолькавых моў i пачуццяў. Вандроўнiк iшоў праз натоўп, мех так i заставаўся нiбыта прылiплым да далонi. Неабдымная плошча не ведала меж. Яна стракацела ўсялякiмi прадметамi продажу i незнаёмымi рэчамi. Раптам нехта пацягнуў яго за тканiну адзення, азiрнуўшыся, – ён убачыў смуглявы твар нейкага чалавека, мабыць жыхара. Пытанне ў вачах было спатолена прапановай: «Я бачу ў вас мех, якi, мабыць, вельмi перашкаджае, якi замiнае вам адчуваць сябе павольна i незалежна. Дык вось, – незнаёмец пранiзлiва паглядзеў у вочы  так, што зрабiлася нехораша, быццам бы нехта пагасiў трапяткi агеньчык у душы; – дык вось, я магу пазбавiць вас ад гэтага непатрэбнага цяжару. Я ведаю, хто дае такi мяшок  чалавеку. I ведаю, як аддзялiць яго ад далонi.»

  Падарожнiк стаў разважаць у сябе: цi патрэбен мне гэты мех? Сапраўды, калi гэты смуглявы ўмее пазбаўляць ад непрыемнага  цяжару – чаму ж не выкарыстаць момант… Раптам мех нiбыта пачуў ягоныя думкi, нiбы напоўнiўся нечым, пачаў рэзаць далонi – такiм непад’емным зрабiўся, – гэта вельмi здзiвiла вандроўнiка, i тым самым павялiчыла яго жаданне збавiцца ад такой бяды. Але неспадзявана погляд яго ўпаў на божую кароўку, якая лётала каля iх увесь час, а пасля прызямлiлася на руку незнаёмца, у тое ж iмгненне смуглявы падзьмуў на яе – i iстота, нiбыта крышталiзавалася, упала з вопратцы нежывым каменьчыкам. Гэтае здарэнне вельмi ўразiла падарожнiка, а чорныя вочы субяседнiка так i чакалi адказу. «Не! Дзякую… Пакуль не трэба…» – сказаў хутка, адчуўшы тут жа палёгку. Як бы нешта зберагло яго ад згоды…

  Нядобрая ўсмешка ледзь не маланкаю мiльганула на твары незнаёмца, але ж iмгненна i знiкла: «Не, дык, не. Прыходзьце, калi пажадаеце – тут толькi я магу выратаваць ад гэтага непатрэбства.» – незнаёмец  знiк, не развiтаўшыся. Аднойчы яшчэ сустрэўся ён: на той жа самай плошчы некалькi дзён апасля – смуглявы з нейкiм чалавекам iшлi да гарадскiх варот. Дзiўна, але чалавек меў мяшок, падобны на дадзены пустэльнiкам…

  Сапраўды цiкавая рэч быў гэты мех. Ён пры пэўных умовах рабiўся непад’емным, быццам  хтосьцi ўвесь час нябачна падкладаў у яго гранiтныя кавалкi; але ўсё ж такi прырода  яго пакуль заставалася таемнай i незразумелай…

  Бег час… Вандроўнiк пакiнуў той гандлёвы кут. I зноў шукаў, i зноў рухаўся. Там недзе павiнен быць iншы горад…

  Сухая бязлiтасная спёка была на дзiва дакучлiвым спадарожнiкам. Нават не дрэвы, а шкiлеты нейкiх былых дрэў сустракалi яго i нiбы малiлi аб нечым. Аднойчы, наблiжаючыся да такiх раслiн, ён натрапiў на чалавека, якi ляжаў, прытулiўшыся да шэрага каменю. Чалавек гэты быў апрануты на манер качэўнiкаў з усходу. Ён быў без прытомнасцi.  I зноў жа, дзiва якое! – у яго мех таксама… «Мусiць усё смага! Мусiць яна i запынiла гэтага небараку. Патрэбна ратаваць, тою вадою са скураной бутэлькi, якая заўжды вагалася на поясе. Але колькi?  Калi ўсё – то самому не хопiць, колькi  яшчэ да таго горада. Але ж iнакш – смерць… – так разважаў падарожнiк i ў вынiку вырашыў улiць пару глыткоў, што i зрабiў, пашкадаваўшы астатняе. – Трэба iсцi! Трэба жыць!»

  Адыйшоўшы сотнi са дзве крокаў, ён адчуў, як налiваецца, нiбыта вадкаю меддзю, ягоны мех. Ох, як хiснула яго дапякучага пяску! Кожны крок быццам бы гукамi маршу аддаваўся ў патылiцу. Ён зразумеў… Нешта  дакранулася да сэрца, ласкава i пранiзлiва-балюча адначасова. Развярнуўшыся – ён пабег, бег так, як нiколi ў жыццi. Наблiзiўшыся да памiраючага, улiў астатнюю ваду яму ў вусны: «Пажывеш яшчэ, так трэба…» Потым узняўся i пакрочыў далей.

  Хутка i другi горад… Нават застаушыся без вады – змог, амль падыйшоў. Але ж як лёгка было б прайсцi мiма таго, трапiўшага ў бяду. «Ад лёгкага – цяжар…» – успомнiў ён словы дзiвака i незнарок зiрнуў на мех…

  Вось гэта быў горад! Подых вяселля i бясконцага свята адчуваўся ва ўсёй каменнай постацi. Зразумела чаму за увесь час, якi ён назiраў, нiхто не спрабаваў выйсцi праз галоўныя вароты! Хто ж адмовiцца ад прыемнага прытулку? Вакол залатых i драўляных статуй сядзелi людзi з кубкамi, поўнымi вiна. Шматлiкiя  стравы ляжалi на сподках I прыемна вабiлi. Лiлася мiлагучная музыка, мабыць на лютнях гралi. Нейкiя жанчыны, са смуглявымi, ўсходняга тыпу, тварамi, прымагнiчвалi cваёю прыгажосцю i какетлiвымi ўcмешкамi, – яны танцавалi.

  Ён не памятае адкуль з’явiлася пiяла, упрыгожанная рубiнамi, у ягонай руцэ, як апынулася ежа каля яго i постаць танцуючай кабеты… Усё гэта прыемна вабiла, нiбы нейкi казачны мiраж. I ён мiмаволi аддаўся гэтай асалодзе. Iшлi хвiлiны.. Усё так лёгка i па ап’янеламу бестурботна, нiчога не трэба болей, нiчога лепшага i не можа быць. Нейкiя людзi запалiлi люлькi  - пайшоў дым, такi белаваты i з’едлiвы… Праз усё гэта мяшок зрабiўся, нiбы прыбiтым цвiкамi да зямлi, i ён ужо не змог падняцца са свайго месца – але i не шкадаваў аб гэтым… Час страцiў cвае значэнне, пошукi галоўнага развеялiся i забылiся, быццам дым з люлек незнёмцаў, – засталася бясконцая млосная асалода…

   «Вада! Як холадна! Як холадна…» Сцюдзёная крышталёвая вада абдала ягоны твар. Ён убачыў сябе, потым чалавека, якi стаяў на супраць. Навокал – агiдныя твары, бруд i непрыемны пах вулiцы. Кабета знiкла… Кубак валяўся на зямлi, але ўжо без рубiнаў… Паспрабаваў устаць – i не зварухнуўся ад цяжару – гэта быў мех… «Колькi я тут? Мабыць дзень, цэлы?»  -«Год.» – адказаў чалавек. Падарожнiк прыгледзеўся i пазнаў у iм выратаванага небараку, які паміраў ад смагі. «Як год?! – ён здзіўлена азiрнуўся вакол. – Але ж… я не магу падняцца, цяжар гэтага меху ўсё… Вiдаць усё па маёй жа вiне!» «Усё так, -прамовiў чалавек. – Гэта жывы вобраз сумлення. Дзiвак-пустэльнiк падаў магчымасць гаварыць з сумленнем  сам-на сам, адчуваць ягоную сiлу фiзiчна.» «Пажывеш яшчэ… Так трэба.» – i з гэтымi cловамi выратаваны пляснуў яму ў твар яшчэ той вады, i, дабразычлiва ўсмiхнуўшыся, дадаў: «Мы ў разлiку.» Затым  чалавек пакрочыў ад яго, пакуль не знiк зусiм за пабудовамi cвiнцовага колеру…

  Iзноў нарадзiўшымся, вандроўнiк змог лёгка ўскочыць на ногi, але ўражанне i процьмы думак некаторы час трымалi яго на адным месцы. Схамянуўшыся, ён хутка пабег да варот. Амаль ля брамы, адкуль ужо вiднеўся выхад, ён сутыкнуўся з чалавекам, якога цьмяна, але памятае. Дзе ж ён мог напаткацца? Чалавек гэты быў нецвярозы, ледзьве ступаў, няясныя гукi лаянкi cкрозь зубы высвабаджалicя на паветра… Але вочы! – у iх быў такi жудасны боль i адчай, якога нiколi: нi дагэтуль, нi апасля – не давялося сустрэць… Успомнiў! Гэта той самы! Сапраўды, гэта той самы, якогда вёў кудысьцi па плошчы ў першым горадзе «збавiцель ад мяхоў», гэта ён… Хiстаючыся, той падыйшоў да воза з саломаю, упаў на яго i заснуў…

  Куды далей? Гавораць, там, далей,  яшчэ гарады, але што ў iх? Дзе знайсцi галоўнае? «Патрэбна iсцi, патрэбна!» – сам сабе гаварыў так.

  Iшоў. На шляху яму сустракалiся шматлiкiя птушыныя гнёзды, жыхары якiх спявалi на ўсе лады. «Навошта яны пяюць? – злаваўся вандроўнiк, – хiба такое вяселле навокал? Цiшыню крадуць толькi … Спявакi!» Так i iшоў. Праз некалькi дзён ён запынiўcя каля квiтнеючага хмызняку. Быццам бы нехта руплiвы насадзiў яго тут, каб прапанаваць цень i cпакой падарожнiкам. Не паспеў ён прылегчы, як пачуў трывожны клёкат, якi даносiўся з-пад вялiзнай груды смецця з розных cухiх раслiн i калючага, падобнага на ласiныя рогi, галля. Наблiзiўшыся, ён пабачыў змардаваную птушку, якая бiлася крыламi, спрабавала ўзляцець, але ж моцна засела ў церне. I так жаласна клiкала, што хапала за струны сэрца. Трэба дапамагчы! Ён стаў раскідваць гэты завал, i толькі цяпер убачыў нешта бліскучае чорнае доўгае, што цягнулася халоднаю стужкаю сярод зялёнага колеру раслiннасцi. Змяя! Наском чаравіка падарожнік падбіў яе ў іншы ад птушкі бок і, ачысьціўшы кучу, схапіў маленькую карычневую з шэрымі плямкамі на крылах птушачку пакiнуў тое месца… На спадабаўшыйся паляне ён адпусціў яе. Там жа адпачыў.

   Вось i трэцi горад хутка.

  Высачэзнымі шпілямі сустрэў гэты горад. Пустынны. Як-быццам усімі забыты. Прыгажосць архітэктуры заварожвала, але нешта было дзіўным ва ўсёй гэтай прыгажосці. Шмат граніту і мармуру, шмат пурпурнага і чорнага. Падарожнік спыніўся, сеў на драўляную лаўку і агледзеўся. Яго ўразіла, як шмат было выяваў вакол: у розных позах і ракурсах, гэта былі ўсе нібыта людзі, жыццё якіх спынілі і звярнулі ў камень. Стала змяркацца, сумныя думкі як-быццам кольцам сцягваліся вакол яго і ўшчыльнялiся. Успаміналася ўсё самае сумнае, тужлівае, сэрца здушвала нешта, сэрца выціскала самыя вострыя па гучанні клавішы душы. Ён так і сядзеў нерухомы, у застылай паставе, – адчай студзiў кроў, падобна замярзае вада ў вадасцёку ў лютым. Усё страціла сэнс, засталося паралізуючае засмучэнне. Ён нешта ўспамінаў, мяшок даўно ўрэзаўся да крыві ў далонь – але болю не было, ён не адчуваўся. Гарэлі паходні. Падарожнік сядзеў згорбіўшыся ў адной паставе. Ён камянеў. Цела цвярдзела і пакрывалася інеем, як і сэрца … Беспрасветнае пачуццё авалодала ім, ён забыўся, ён забыўся аб галоўным, куды ён ішоў, што ён шукаў … 

  Але раптам нешта жывое хутка пранеслася ў паветры – гэта была птушка. Яна імкліва падляцела, села на мяшок і заціўкала, весела заціўкала.  Згорбленай статуя рэзка пахіснулася, зрушылася. Адкрыліся замерзлыя вочы, іней пачаў раставаць і капаць на камяні дарогі, – ён ажываў!  А птушачка спявала і спявала ў адзінокім горадзе статуй…

   Горад ззаду. Горад  забыты, як кашмар. Вандроўнік пачынаў разумець, што хтосьці выручае і засцерагае яго, што сумленне-мяшок, – гэта і ёсць нейкі компас.  Слаўная птушка паляцела, – дзякуй ёй! Колькі ўжо дапамаглі яму “не сыпаць” у мех… Так лёгка было стаць маркотным каменем, і як цяжка ўзрадавацца і ажывiцца ў сэрцы. Больш ніколі ён не папракнуў каго-небудзь за радасць цi вясёлыя спевы.

   Але мех… Там быў яшчэ чацвёрты горад, горад адрэзаных і прададзеных мяшкоў. Падарожнік бачыў пустэчу вачэй “нежывых” жывых людзей. Яны пакутавалі, яны пазбаўлялі сябе жыццяў або аддаваліся забыццю ў піцейных і іншых гіблых месцах. Чалавека, які прадаў свой мяшок,  каторы iшоў да брамы  у першым горадзе праз  плошчу, -  ён знайшоў  яго мёртвым на дрэве, недалёка ад чацвёртага горада. Гэта было страшнае вiдовiшча… А той смуглявы, што аддзяляе мяхi ад людзей, вызваляе ад сумлення – той i да гэтага часу ходзіць па гарадах і шукае жадаючых.

  Пяты горад. Горад сяброў, горад каханай, горад жыцця і горад працы. Менавіта тут правёў час у спакоі наш скiталец. Тут ён забыў многае мінулае, тут ён знайшоў прытулак і спакой. Тут ён апрацоўваў глебу і гадаваў жывёлiну, тут ён жыў сярод міралюбных людзей. Пошукі галоўнага заснулі, яны, схаваныя недзе ў далёкіх калідорах душы, куды ўжо цяжка ўвайсці. Мех – і той стаў звыклым яму…

  Але аднойчы, па сканчэнні шматлікіх гадоў, ён праходзіў каля дома аднаго з самых старых жыхароў паселішча. Дзверы дома раптам адчынiлiся і на парозе з’явіўся сівы стары, напэўна аднагодак стагоддзя. Ён пільна паглядзеў на вандроўніка і раптам, нахіліўшы сваю, абсыпаную снегам часу, галаву, заплакаў. Падарожнік падышоў да яго, і спытаў: “Што здарылася з вамі?” Той адразу, як-быццам і чакаў гэтай гутаркі, схамянуўшыся, паглядзеў яму ў вочы і адказаў:”Я плачу аб сябе, бачачы цябе… Я быў такім жа, я шукаў галоўнае, я ішоў праз многія гарады ў надзеі адшукаць,- але дарэмна. І, вось, амаль дайшоўшы, я прыляпіўся да гэтага месца, да самай сівізны, да самай драхласці сваёй. Я выпусціў час! Не выпусці ж, ты, яго! Гэтая ўтульнасць расслабляе косткі і сэрца, яна супакойвае цела, але душа неспакойная, хоць і маўчыць. Не ашукайся, як я ашукаўся! Мой мяшок не цяжкі, не цягне мяне да зямлі, але ён і не кіруе мною, ён астывае, як іржавее зброя без бітваў. Не падманiся!”- і стары адвярнуўся туды, дзе заходзіла сонца.

  Падарожнік маўчаў, уражаны пачутым. Яго скалынула ад успамінаў пра мэты, аб пошуку. Ён успомніў усё!

  Сябры і каханая плакалі, умаўляючы, угаворваючы застацца, але ён быў непахісны, хоць сэрца і гуляла сімфонію, сумную і пранізлівую, сімфонію растання з любiмымi. Усе плакалі… І толькі стары, мудры сівавалосы стары, па-дзіцячы радасна ўсміхаўся, стоячы на ??ганку сваёй хаты. Ён та ведаў, дзе сапраўднае месца плачу…

Падарожжа , зноў падарожжа. Шляхi. Выпрабаванні. Мех. І нарэшце шосты горад. Праз час, толькі праз доўгі час вандроўнік дойдзе да сцен гэтага горада. – Манастыр у гарах, поўны пустэльнікаў і дзівакоў, падобных на старца, які даў яму мяшок-сумленне або яе жывое ўвасабленне. Гэта і быў шосты горад, дзе толькі і пачынаўся пошук галоўнага  - Бога,  здабыццё Яго.     

“Прыпынак для ўсiх адзiны…” Але вялікая справа трапіць у сёмы горад, Горад над усімі гарадамі. Нябесны Горад…

 

Гонсецкий Максим,
Брестская обл., г. Берёза

Напісаць каментар

Адправіць каментар


+ семь = десять

Апошнія артыкулы