logo piligrymka





Што шукае пілігрым?


Odnoklassniki VKontakte Facebook Twitter Mail.ru ← падзяліцеся ў сацыяльных сетках з сябрамі

Звычайная раніца… Звычайны дзень… Амаль для ўсіх…

Прачнуйшыся раней, чым заўсёды летам, адчуваю яго асаблівае значэнне асабіста для мяне. Устаю, збіраю рэчы, і чамусьці хочацца спяваць, калі не ўголас, то ў душы. Усё нейкае незвычайнае: пакой нечакана пасвятлеў, галасы птушак здаюцца яшчэ больш радаснымі, снеданне смачнейшым і нават сонца свеціць ярчэй. Так, сёння я ў сёмы раз прымаю ўдзел у пешай пілігрымцы Ліда-Тракелі.

Васямнаццаць кіламетраў да Маці Божай… Гэта зусім невялікі шлях, але за некалькі гадзін паспяваеш адчуць тысячы неапісальных пачуццяў, падумаць пра свае ўчынкі, прайсці тысячы крокаў разам з людзьмі і Богам, і з кожным крокам нешта ў табе мяняецца.

Я памятаю сваю першую пешую пілігрымку. Разам со мной ішлі мая маці, два браты (родны і стрыечны) і цётка. Напэўна, тое, што мы ішлі сям’ёю, усе разам, яшчэ больш дадавала ўрачыстасці гэтай падзеі і гэтаму дню. Я памятаю, што не адчувала фізічнай стомленасці (хоць мела яшчэ нямнога год, і шлях для мяне на той час быў немалы), толькі нейкую духоўную ўзнёсласць. Было вельмі весела і радасна, у перапынках паміж малітвай усе спявалі, танцавалі. Пасля той першай пілігрымкі я была ўпэўнена, як ніколі: гэта толькі пачатак. Так і здарылася. З той пары я кожны год, ня гледзячы на ўсе справы і абавязкі, стараюся прайсці гэты шлях. Не заўсёды ён даваўся легка, бывала, што надвор’е падкідала сюрпрызы. Аднойчы ўвесь дзень ішоў дождж. Але гэта не стала перашкодай ні для мяне, ні для яшчэ вялікай колькасці пілігрымаў, якія ішлі ў невялічкую вёсачку Тракелі да Маці Божай з самых розных мясцін: Гродна, Воранава, Ліды, Навагрудка, Ашмянаў, Іўя і многіх іншых.

Навошта? Гэта пытанне мне ўжо не раз задавалі некаторыя знаёмыя. Лічу, у кожнага пілігрыма адказ на яго свой. Для мяне пілігрымка – гэта магчымасць не толькі яшчэ раз звярнуцца да Бога, падзякаваць за ўсе тое, што Ён даў мне і маёй сям’і, сябрам, знаёмым, за тое, што Ён побач кожны дзень, але і магчымасць адкрыць для Яго сваё сэрца.

Сёння, у момант бесперапыннага і хуткага бегу наперад нам часта не хапае часу – на выхаванне дзяцей, на клопат пра бацькоў, часта нават на простае прывітанне. Мы заўсёды кудысьці бяжым, спяшаемся. І чамусьці больш за ўсё не хапае менавіта на зносіны з Богам. Чамусьці менавіта Яго мы адкладваем на заўтра. “Цяпер вучоба – на касцёл няма часу!”, “Цяпер праца, кар’ера – потым памалюся!”, “Дзяцей трэба даглядаць – ў касцёл пачну хадзіць пазней!”, “Я хачу адпачыць, а не ісці кудысьці!” – сёння часта можна пачуць такія выказванні. Ад іх становіцца жудасна, таму што атрымоўваецца так, што для Бога мы знаходзім час толькі калі ўжо выйшлі на пенсію, калі дзеці ўжо дарослыя, а ад адпачынку ўжо нудзіць. Гэта прыкра…

А ўдзельнічаючы ў пілігрымцы, я магу ўжо сёння стаць крыху бліжэй да Яго. І не толькі да Яго. Падчас шляху заўсёды імкнуся паглядзець і паназіраць за тымі, хто ідзе побач, з многімі знаёмлюся і стараюся падтрымліваць зносіны і пасля пілігрымкі. Гэта цудоўна, таму што я магу шмат чаму ў іх навучыцца, шмат пачуць, і ў адказ стараюся таксама навучыць чаму-небудзь і расказаць усё, што ведаю сама. І здаецца: мы такія розныя, у кожнага свае клопаты і турботы, у кожнага сваё жыцце, але ў пілігрымцы ўсе разам, адзін побач з адным мы крочым наперад. У такія хвіліны я адчуваю сябе часцінкай нечага вялікага, светлага, моцнага, таму што калі мы разам, то нішто не зможа нас пермагчы. Я адчуваю падтрымку людзей, якія побач. Я ведаю, што са мной Бог, сям’я, гэтыя знаёмыя і незнаемыя мне людзі, і гэта дае сілы. І гэтыя сілы застаюцца і пасля пілігрымкі, і менавіта з іх дапамогай я магу зрабіць ўсё.

Для мяне пілігрымка – гэта дар, які дае мне Бог. Кожны раз я як быццам пражываю невялічкае жыццё. І ў гэтым жыцці ёсць, канешне, выпрабаванні і цяжкасці, але намнога больш радасці, еднасці, ўзнёсласці, ачышчэння і малітвы. І калі гэта жыццё “заканчваецца” (я маю на ўвазе час, калі ўжо пілігрымкі), становіцца трохі сумна. Але застаюцца добрыя і светлыя ўспаміны.

Лічу, што ўжо дакладна расказала, што значыць пілігрымка асабіста для мяне. Для кожнага пілігрыма гэта нешта сваё, і каб зразумець яго, неабходна гэта адчуць, адчуць хоць раз і перажыць усё тое, што перажываюць пілігрымы. І я проста ўпэўнена, што пасля першай пілігрымкі, Вам не захочацца спыняцца, нейкая сіла будзе клікаць вас у гэтую дарогу зноў і зноў. А скончыць мне хацелася б адказам на самае першае і самае галоўнае пытанне, на назву апавядання: дык што шукае пілігрым? Адказваю толькі за сябе: падчас пілігрымкі я шукаю дарогу, шукаю той шлях, які прывядзе мяне да Бога. Я, як спяваецца ў адной з пілігрымных песень, “Стук-стук-стукам да неба брам!”.

Жэгздрынь Ганна Іосіфаўна,
Воранаўскі раён, вёска Адвернікі

Напісаць каментар

Адправіць каментар


семь × = пятьдесят шесть

Апошнія артыкулы